Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко | Друк |

Мінск, 22 снежня 2016 г.

Міністру аховы здароўя
Рэспублікі Беларусь
Жарко В.І.

Адкрыты ліст

Глыбокапаважаны Васіль Іванавіч!

Апублікаваны не так даўно Праект нормаў медыцынскай этыкі і дэанталогіі выклікаў вострую дыскусію ў беларускім грамадстве. Несумненна, у медыцыне, як і ў іншых сферах дзейнасці чалавека, неабходныя этычныя нормы, якія павінны адпавядаць як натуральнаму закону, так і агульнапрынятым маральным прынцыпам.

Класічнае азначэнне этыкі — гэта філасофская дысцыпліна, прадметам даследавання якой з'яўляецца мараль і маральнасць. Каталіцкі Касцёл пад этыкай разумее навуку пра маральнасць, якая ўстанаўлівае і ацэньвае нормы паводзінаў чалавека з пункту гледжання іх маральнасці.

Медыцынская этыка, асноўныя прынцыпы якой сфармуляваў Гіпакрат у яго славутай урачэбнай клятве, займаецца маральнымі аспектамі адносінаў урача з пацыентам і з калегамі.

Медыцынская дапамога паклікана ахоўваць здароўе і жыццё чалавека. Пры яе аказанні недапушчальна зводзіць чалавека выключна да матэрыяльнай, біялагічнай і фізіялагічнай структуры, бо заўсёды перад вачыма неабходна мець чалавечую асобу ў аспекце яе існавання і прадвызначэння. Таму мэтай любога ўрачэбнага ўмяшальніцтва павінна быць не толькі аднаўленне здароўя чалавечай асобы, але таксама захаванне яе годнасці і пацвярджэнне святасці жыцця.

Імклівае развіццё генетыкі і выкарыстанне яе дасягненняў, якія, на жаль, часта не адпавядаюць маральным нормам, становіцца новым выклікам у галіне медыцынскай этыкі.

Усё гэта вядзе да праблем пашаны годнасці асобы і сумлення як урача, так і пацыента. Сумленне ўрача не з'яўляецца незалежным у свабодзе выбару формы і мэты дзеяння. Зыходным пунктам заўсёды павінна быць годнасць чалавечай асобы, у прыватнасці — пацыента, а таксама зыходзячыя з гэтай годнасці этычныя нормы. Мэтай жа — умацаванне здароўя чалавека і прафілактыка, якія садзейнічаюць больш глыбокаму ўсведамленню ім свайго паклікання, неад'емнай часткай якога з'яўляецца прызначэнне да вечнага жыцця. На сумленні пацыента ляжыць клопат пра сваё здароўе і выкананне справядлівых, маральна апраўданых прадпісанняў урача.

Аналагічныя прынцыпы павінны прымяняцца ў навуковых медыцынскіх даследаваннях, у якіх чалавек не можа быць зведзены да безасабовага аб'екту даследаванняў і эксперыментаў.

Асаблівы непакой выклікае прадстаўленае ў Праекце нормаў медыцынскай этыкі і дэанталогіі палажэнне пра недапушчальнасць адкрытага нашэння рэлігійных знакаў і сімвалаў. Калі можна насіць знакі прыналежнасці да партый або грамадскіх арганізацый, то чаму нельга рэлігійнай? Такі падыход выглядае не інакш як новая закамуфляваная дыскрымінацыя веруючых, якім забараняецца адкрыта сведчыць пра сваю рэлігійную прыналежнаць. Мы прыходзім да парадоксу, што ва ўмовах свабоды веравызнання, якое гарантуе Канстытуцыя, у тым ліку і медыкам, прапануюцца нормы, якія супярэчаць асноўнаму заканадаўству, шматвекавой традыцыі верацярпімасці і талерантнасці нашага народа.

Беларусь вядомая сваімі традыцыйнымі духоўнымі каштоўнасцямі, ад якіх сёння адмаўляюцца многія краіны Заходняй Еўропы. І мы бачым, да чаго гэта прывяло. Праект нормаў медыцынскай этыкі і дэанталогіі, які прапануецца, у пункце пра недапушчальнасць адкрытага нашэння рэлігійных знакаў і сімвалаў практычна капіруе заганны і небяспечны заходні досвед.

Такім чынам, Праект нормаў медыцынскай этыкі і дэанталогіі можа прывесці да напружанасці на рэлігійным фоне, распачаць прыгнёт асобаў, якія вызнаюць шматвекавыя духоўныя каштоўнасці, закладзеныя ў аснову нашай культуры і ідэнтычнасці, і паўсюдна выражаюцца ў рэлігійных сімвалах.

У сувязі са сказаным вышэй, лічу, што Праект нормаў медыцынскай этыкі і дэанталогіі з'яўляецца далёка не дасканалым. У ім недастаткова адлюстраваны маральныя прынцыпы, якімі павінны кіравацца медыцынскія работнікі, а таксама парушаны правы веруючых і таму ён патрабуе грунтоўнай перапрацоўкі.

З павагай

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі
Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Адноўлена 23.12.2016 11:51
 
© 2003-2024 Catholic.by