Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Даклад а. Паўла Федаровіча MIC пра заснавальніка супольнасці марыянаў святога Станіслава Папчынскага

Душпастырская сустрэча святароў у Мінску

13.10.2016

Святы айцец Станіслаў Папчынскі, плануючы заснаваць Кангрэгацыю айцоў марыянаў, хацеў, каб дзейнасць супольнасці была падпарадкавана тром мэтам, якія з’яўляюцца харызмай канкрэтнай кангрэгацыі.

У свамі творы «Норма вітэ» («Правілы жыцця») наш заснавальнік так акрэслівае напрамкі дзейнасці айцоў і братоў марыянаў: 1) распаўсюджваць культ Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі 2) маліцца за памерлых, якія знаходзяцца ў чыстцы 3) дапамагаць пробашчам у душпастырскай дзейнасці.

Беззаганнае Зачацце

Святы а. Станіслаў прыняў ласку заснавання новай манаскай супольнасці як дар Духа Святога для дабра Касцёла. Тое, як ён прымаў таямніцу Хрыста і Касцёла, прывяло яго да марыйнага шляху ў хрысціянскім жыцці, на якім ён абраў асаблівае святло — таямніцу Беззаганнага Зачацця Маці Божай.

На чым грунтуецца гэтая таямніца жыцця Марыі? Касцёл бачыць у Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі Яе свабоду ад першароднага граху і яго наступстваў ужо з моманту Яе зачацця. Так адбылося дзякуючы моцы асаблівай ласкі і прывілею Усемагутнага Бога. Гэты дар з’яўляецца выразам любові Бога і Яго міласэрнасці. Марыя была захавана ад першароднага граху дзякуючы будучым заслугам смерці Хрыста. Змест гэтай таямніцы паказвае не толькі дагматычную праўду веры, але таксама жывы ўзор хрысціянскай дасканаласці тут, на зямлі.

Наш заснавальнік жыў у XVII стагоддзі. Як вядома, дагмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі быў абвешчаны 8 снежня 1854 года Святым Айцом Піем ІХ. У часы айца Станіслава сярод тэологаў існавалі дзве тэндэнцыі: адны пярэчылі гэтай праўдзе, іншыя яе прымалі. У такім кантэксце а. Станіслаў прымае паставу абаронцы таямніцы Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Наш заснавальнік выразна адзначаў, што асноўнай харызмай закладзенай Кангрэгацыі з’яўляецца распаўсюджванне культу Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Якім чынам, на яго думку, гэта павінна адбывацца? Найперш адданасць харызме бачная ў назве заснаванай ім манаскай супольнасці — Кангрэгацыя Айцоў і Братоў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Далей — малітва. Штодзённым абавязкам з’яўлялася малітва Гадзінкамі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі і цэлым Ружанцам.

Знешнім выразам культу гэтай таямніцы стаў белы габіт. У якасці ўзору для яго быў абраны габіт айцоў піяраў. Чаму? Спачатку а. Станіслаў належаў да Ордэна Пабожных Школ, але праз пэўны час яе пакінуў. Падчас аднаўлення нашай супольнасці бл. Юрый Матулевіч у 1909 г., зыходзячы з гістарычнага кантэксту, атрымаў дазвол Апостальскай Сталіцы і замяніў белы габіт на чорную сутану. І так ёсць да сёння.

Іншым элементам распаўсюджвання культу Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, паводле нашага Заснавальніка, з’яўляецца наследаванне цнотаў Марыі ў штодзённым жыцці. Айцец Станіслаў казаў, што ніхто не ўбачыць Марыю ў небе, калі не будзе наследаваць Яе на зямлі. Ён пісаў, што жыццё Марыі павінна быць школай жыцця для ўсіх.   

Малітва за памерлых

Святы Станіслаў ў Канстытуцыі Кангрэгацыі кажа аб тым, што марыяне па меры сваіх сіл старанна і пабожна павінны дапамагаць малітвай памерлым, якія знаходзяцца ў чыстцы, асабліва салдатам і тым, хто памёр ад чумы.

Можна вылучыць некалькі фактараў, якія паўплывалі на з’яўленне ў сэрцы нашага Заснавальніка ідэі дапамагаць церпячым у чыстцы.

У часы а. Станіслава існавала цесная сувязь паміж марыйнай пабожнасцю і малітвай за памерлых. Гэтая сувязь выразна бачная ў Гадзінках аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі: кожная гадзіна заканчваецца малітвай за памерлых.

Грамадска-палітычная сітуацыя Польшчы ў XVII стагоддзі — гэта шматлікія войны, прыродныя катаклізмы, розныя эпідэміі і хваробы, голад.

Містычны досвед — заснавальнік некалькі разоў меў бачанне чыстца. Мелі месца і дыскусіі з пратэстантамі, якія адмаўлялі існаванне чыстца. Падаючы гэтыя гістарычныя факты, хацеў паказаць крыніцы эсхаталагічнай харызмы ў духоўнасці нашай Кангрэгацыі.

Святога а. Станіслава можна назваць заступнікам памерлых і слугою канаючых. Чаму? Ён асабістым прыкладам паказвае важнасць малітвы за памерлых. Свае хваробы, працы, цярпенні, пост, розныя цялесныя ўстрыманні ён ахвяроўваў за памерлых.

У гэтым яго яшчэ больш пераконвалі містычныя бачанні чыстца, калі ён, дзякуючы Божай ласцы, трапляў туды і бачыў цярпенні памерлых. Ён заахвочваў дапамагаць не толькі памерлым, але і людзям, якія ў выніку пэўных акалічнасцяў знаходзяцца ў небяспецы смерці.

Наш заснавальнік называў дапамогу памерлым выключнай міласэрнасцю і найвышэйшым праяўленнем любові да бліжняга.

Дапамога пробашчам

Святы Станіслаў так напісаў у сваім творы «Норма вітэ»: «Не будзе забаронена тым, хто мае розныя здольнасці, пакорна дапамагаць пробашчам у касцёльных працах, калі з дазволу настаяцеляў будуць імі пакліканы».

Наш Заснавальнік бачыў асабістую жыццёвую місію, як і сваіх духоўных сыноў, у душпастырскай дапамозе пробашчам. Чаму? Адной з асноўных рыс XVII стагоддзя была занядбанасць у рэлігійнай сферы. Гэта датычыла не толькі вернікаў, але і духавенства. Звычайна не хапала святароў на парафіях. Па гэтай прычыне а. Станіслаў вырашае ўсялякім чынам дапамагаць пробашчам.

Айца Станіслава называлі апосталам Мазоўша — сёння гэта цэнтральная частка Польшчы. Менавіта на Мазоўшы сфарміраваліся першыя парафіяльныя пляцоўкі душпастырскай дзейнасці марыянаў. Айцец Папчынскі хадзіў па парафіях, дапамагаў пробашчам у абвяшчэнні Божага слова, катэхізацыі, спавядаў і адпраўляў набажэнствы.

Яго называлі айцом бедных. Пастырскай дзейнасцю ён атуляў найперш убогіх і сацыяльна пакрыўджаных. Дапамагаў хворым, сіротам, канаючым, тым, хто меў розныя дрэнныя залежнасці. Яго турбаваў лёс людзей бедных не толькі матэрыяльна, але і духоўна.

Ён ведаў, што сапраўднай трагедыяй для чалавека з’яўляецца адсутнасць веры, а найбольшай небяспекай — жыццё без Бога і прабыванне пасля смерці ў пекле. Таму ён заахвочваў сваіх паслядоўнікаў у «Норма вітэ», каб не былі пасіўнымі і не стаялі без працы на жніве Пана.

 

Адноўлена 14.10.2016 12:10
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску
13.10 17:25Даклад а. Паўла Федаровіча MIC пра заснавальніка супольнасці марыянаў святога Станіслава Папчынскага
10.10 15:00Прывітальнае слова Мітрапаліта Кандрусевіча на адкрыццё III Міжнароднай сустрэчы партнёраў «Карытас» Беларусі
08.10 21:12Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас пленарнага пасяджэння Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы ў Манака пасля зацвярджэння г. Мінска месцам правядзення Пленарнага пасяджэння ў 2017 г.
29.09 14:32Выступленне Мітрапаліта Кандрусевіча на адкрыцці выстаўкі «Свет нябесны на зямлі. Сакральнае мастацтва Беларусі XVII-XXI стагоддзяў» у Мінску
26.08 14:54Прывітальнае слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на адкрыцці навукова-практычнай канферэнцыі «Беларусь, Нясвіжскі край і Эдвард Вайніловіч»
29.07 21:33Катэхеза Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас XXXI Сусветных дзён моладзі
23.06 17:49Прамова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на V Усебеларускім народным сходзе