Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Прывітальнае слова Мітрапаліта Кандрусевіча на адкрыццё III Міжнароднай сустрэчы партнёраў «Карытас» Беларусі

«Міласэрнасць на дарогах трагедыі»
Мінск 10-11 кастрычніка 2016 г.

Глыбокапаважаны Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь Яго Эксцэленцыя Арцыбіскуп Габар Пінтар, Вашы Эксцэленцыі, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, супрацоўнікі нацыянальнага ідыяцэзіяльных дабрачынных арганізацый і партнёры Карытас.

1. Сардэчна вітаю ўсіх вас у гасцінным цэнтры Карытас Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Ляскоўцы, дзе сёння распачынаецца III Міжнародная сустрэча партнёраў «Карытас» Беларусі: «Міласэрнасць на дарогах трагедыі».

Ужо стала добрай традыцыяй, што час ад часу мы збіраемся на такім высокім узроўні, каб абмеркаваць бягучыя справы, паглядзець, што добра, а што трэба паправіць, падзяліцца вопытам, заглянуць у заўтрашні дзень з мэтай як мага больш эфектыўна адказваць на выклікі і праблемы нашага часу і г.д.

2. Вітаючы ўсіх вас, асабліва цёпла вітаю новага Апостальскага Нунцыя Арцыбіскупа Габара Пінтара. Эксцэленцыя, за мінулыя амаль што два месяцы пасля Вашага прыбыцця ў Беларусь Вы ўжо сустракаліся з біскупамі, святарамі, кансэкраванымі асобамі, прадстаўнікамі дзяржаўнай улады, у тым ліку з Міністрам замежных спраў, якому перадалі копіі вярыцельных грамат, што стала пачаткам Вашага афіцыйнага служэння як Апостальскага Нунцыя ў нашай Бацькаўшчыне.

4 верасня Вы цэлебравалі першую св. Імшу ў мінскай катэдры Імя Марыі. Гэты літургічны акт можна назваць інаўгурацыяй Вашага служэння Касцёлу ў Беларусі. Адметна, што такім другім актам з’яўляецца сённяшняя падзея — удзел у III Міжнароднай сустрэчы партнёраў «Карытас» Беларусі.

Трэба адзначыць, што гэта сустрэча адбываецца ў Год Надзвычайнага Юбілею Божай Міласэрнаці, абвешчанага папам Францішкам, якога па праву можна назваць уцелаўленнем міласэрнасці. Галоўнай думкай сучаснага Пантыфікату з’яўляецца ідэя міласэрнасці як галоўнай прыкметы Бога, якой таксама і мы павінны кіравацца ў нашым жыцці.  

Ваш удзел у сённяшняй канферэнцыі — гэта знак таго, што Вы, як прадстаўнік Папы ў Беларусі, імкнецеся падкрэсліць значэнне практычнай рэалізацыі спраў міласэрнасці і тое, што Касцёл у сваёй дзейнасці, акрамя абвяшчэння Божага слова і цэлебрацыі сакрамэнтаў, павінен звяртаць вялікую ўвагу на справы міласэрнасці.

Дзякую Вам за гэта і ад імя ўсіх супрацоўнікаў «Карытас» жадаю шчодрага Божага благаслаўлення ў Вашым служэнні на карысць Касцёла ў нашай краіне і развіцця яе адносін з Апостальскім Пасадам і іншымі краінамі. Няхай Маці Божая Будслаўская, апякунка Беларусі, і Маці Міласэрнасці, ахінае Вас мацярынскім плашчом, а св. Стэфан, апякун Вашай радзімы — Венгрыі, дапамагае Вам у Вашым высокародным служэнні Касцёлу і нашаму грамадству.

3. У афіцыйным вучэнні Касцёла ў апошнія дзесяцігоддзі дамінуе вектар міласэрнасці. Напэўна, вялікі ўплыў на гэта аказалі аб’яўленні Езуса Міласэрнага св. Фаўстыне Кавальскай. У выніку чаго, і з актыўным удзелам св. Яна Паўла II, з касмічнай хуткасцю пачаў развівацца культ Божай міласэрнасці. Аб гэтым сведчыць яго вучэнне, асабліва энцыкліка пра Божую міласэрнасць «Dives in misericiordiae», у якой ён прадставіў тэалагічныя абгрунтаванні Божай міласэрнасці. Ён таксама часта падкрэсліваў, што Божая міласэрнасць — гэта адзіная надзея сучаснага свету.

Вялікі ўплыў на справу распаўсюджвання ідэі Божай міласэрнасці аказаў бл. Міхал Сапоцька, які быў спаведнікам візіянеркі Езуса Міласэрнага св. Фаўсціны Кавальскай. Ён наш зямляк — нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў вёсцы Юшаўшчына (сёння гэта вёска Навасады) пад Валожынам.

Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй першай і праграмнай энцыкліцы «Deus caritas est» («Бог ёсць любоў») далей развіў вучэнне Яна Паўла II аб Божай міласэрнасці і прадставіў яго значэнне ў жыцці сучаснага свету і вырашэнні яго праблем.

Святы Айцец Францішак перайшоў да далейшага дасканалення вучэння сваіх папярэднікаў і больш канкрэтнага і практычнага яго выкарыстоўвання.

Булу «Мisericordiae vultus» («Аблічча міласэрнасці»), якой ён абвясціў Надзвычайны Юбілейны Год Божай Міласэрнасці, з поўным правам можна назваць Мagna Carta міласэрнасці ў сучасным свеце. Паводле яе, быць знакам і сведкам міласэрнасці ва ўсіх аспектах душпастырскага жыцця — прыярытэтная місія Касцёла. Касцёл першым пакліканы да таго, каб стаць верным сведкам міласэрнасці, вызнаючы яе і жывучы ёю як сутнасцю аб’яўлення Езуса Хрыста.

Вымоўным у гэтым сэнсе з’яўляецца лагатып Юбілейнага Года. На ім мы бачым Езуса, які на сваіх плячах нясе чалавека, патрабуючага дапамогі. Мы бачым два твары, але толькі тры вокі. Чаму? Сярэдняе вока з’яўляецца вокам Бога і чалавека. Мастак, які намаляваў гэты лагатып, айцец Марк Рупнік SJ, хацеў гэтым самым паказаць галоўную ідэю Юбілейнага Года, што чалавек павінен быць міласэрным як міласэрны ёсць Бог.

Пра гэта таксама вельмі выдатна нагадвае і дэвіз Юбілейнага Года: «Міласэрныя, як Айцец». Калі патрабуючы духоўнай ці матэрыяльнай дапамогі чалавек убачыць у нашых вачах канкрэтны знак любові, то потым сам будзе дзейнічаць падобным чынам. Зведаўшы міласэрнасць, ён стане яе дзейсным сведкам.

У гэтай перспектыве Була «Мisericordiae vultus» заклікае нас выйсці на экзістэнцыяльныя «перыферыі» сучаснасці з мэтай даць асабістае сведчанне блізкасці і ўвагі да бедных і патрабуючых, якія апынуліся на абочыне жыцця. Для гэтага неабходна выказаць нашу міласэрнасць праз канкрэтную дапамогу патрабуючым.

4. Тэма міласэрнасці, як галоўная тэма Юбілейнага года, дзякуючы служэнню Карытас, павінна ўспрымацца як час ласкі для ўсіх хрысціян, а таксама момант пастырскага прабуджэння і навяртання. Яна таксама павінна заклікаць да больш актыўнай дзейнасці з мэтай дапамогі патрабуючым.

Дзякуючы дзейнасці Карытас і асабліва місіі на экзістэнцыяльных «перыферыях» Касцёл павінен яшчэ мацней станавіцца сапраўдным рэхам Божага слова, якое моцна і пераканаўча гучыць як знак прабачэння, падтрымкі, дапамогі і любові.

5. Сёлетняя сустрэча супрацоўнікаў і партнёраў «Карытас» адбываецца ў годзе Сярэбранага Юбілею адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Калі б не было гэтай падзеі, то не было б і дабрачыннай арганізацыі «Карытас». «Карытас» — гэта дзіця адроджанага, як фенікс з попелу, Касцёла ў нашай краіне. Яно ўжо стала дарослым і мужным. Яму па плячу складаныя і адказныя заданні ў галіне дабрачыннасці, а праз яе і развіццё адносін з грамадствам і іншымі веравызнаннямі, найперш з Праваслаўнай Царквой.

У сваёй дзейнасці «Карытас» імкнуўся не толькі да матэрыяльнай дапамогі, але і духоўнай, і праз гэта прымаў актыўны ўдзел у працэсе новай евангелізацыі, які з’яўляецца галоўным заданнем Касцёла на сучасным этапе яго развіцця. Перад выклікамі сучаснасці нам неабходна і далей памятаць пра гэта. Сінод Біскупаў 2012 года, прысвечаны новай евангелізацыі, заклікаў да больш актыўнага выкарыстання дабрачыннасці ў галіне евангелізацыі.

6. Карыстаючыся нагодай, хачу падзякаваць нашым партнёрам з-за мяжы і айчынным за дапамогу ў рэалізацыі розных праграм «Карытас». Таксама выказваю падзяку дзяржаўным службам сацыяльнай дапамогі і іншым веравызнанням, асабліва Праваслаўнай Царкве, з якімі мы цесна супрацоўнічаем. Без гэтай дапамогі і супрацоўніцтва дабрачыннае служэнне Касцёла ў нашай краіне не магло б быць такім эфектыўным, якім яно ёсць.

Тэма сёлетняй сустрэчы аб неабходнасці міласэрнасці на дарогах трагедыі з’яўляецца вельмі актуальнай для Беларусі. Тут дарэчы ўспомніць Чарнобыльскую катастрофу, 30-годдзе якой мы адзначаем у гэтым годзе. З гэтай нагоды, дзякуючы падтрымцы «Рэнавабіс», дэлегацыя беларускіх і украінскіх ліквідатараў наведала Ватыкан і спаткалася з папам Францішкам. Трэба адзначыць, што Карытас прымае актыўны ўдзел у дапамозе ахвярам гэтай тэхнагеннай катастрофы.

Новай праблемай з’яўляецца міграцыя. Калі Беларусь яшчэ не сутыкнулася з праблемай бежанцаў з Сірыі, Блізкага Усходу ці Азіі, то гэта не азначае, што заўтра такая праблема не ўзнікне. Таму неабходна быць гатовым для яе вырашэння.

Мы ўжо сёння спаткаліся з праблемай бежанцаў з Украіны, колькасць якіх перавысіла 100 тысяч. У меру нашых магчысмасцяў Касцёл праз «Карытас» стараецца ім дапамагчы, аднак тут яшчэ не пачаты край працы. Гэта людзі, якія апынуліся ў крытычнай сітуацыі. Яны нашы суседзі і патрабуюць асаблівай увагі.

Дапамагаючы патрабуючым, мы не павінны звяртаць увагі на веравызнанне і нацыянальнасць. У кожным патрабуючым неабходна бачыць Божае стварэнне, якое апынулася ў цяжкай сітуацыі, можа, нават у жыццёвай трагедыі, і старацца яму дапамагчы.

7. Жадаю арганізатарам і ўдзельнікам III Міжнароднай сустрэчы партнёраў «Карытас» Беларусі Божага благаслаўлення, непрадузятага падсумавання вынікаў сваёй дзейнасці і апрацавання рэальных планаў на будучыню, заўсёды памятаючы словы св. апостала Паўла: «Caritas Сhristi urget nos» — «Любоў Хрыста абдымае нас», каб міласэрнасць рэальна прысутнічала на дарогах жыццёвых трагедый людзей і грамадства.

Дзякую за ўвагу.

Адноўлена 10.10.2016 16:11
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску
13.10 17:25Даклад а. Паўла Федаровіча MIC пра заснавальніка супольнасці марыянаў святога Станіслава Папчынскага
10.10 15:00Прывітальнае слова Мітрапаліта Кандрусевіча на адкрыццё III Міжнароднай сустрэчы партнёраў «Карытас» Беларусі
08.10 21:12Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас пленарнага пасяджэння Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы ў Манака пасля зацвярджэння г. Мінска месцам правядзення Пленарнага пасяджэння ў 2017 г.
29.09 14:32Выступленне Мітрапаліта Кандрусевіча на адкрыцці выстаўкі «Свет нябесны на зямлі. Сакральнае мастацтва Беларусі XVII-XXI стагоддзяў» у Мінску
26.08 14:54Прывітальнае слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на адкрыцці навукова-практычнай канферэнцыі «Беларусь, Нясвіжскі край і Эдвард Вайніловіч»
29.07 21:33Катэхеза Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас XXXI Сусветных дзён моладзі
23.06 17:49Прамова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на V Усебеларускім народным сходзе