Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас пленарнага пасяджэння Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы ў Манака пасля зацвярджэння г. Мінска месцам правядзення Пленарнага пасяджэння ў 2017 г. | Друк |
Манака, 8 кастрычніка 2016 г.
    
Вашы Эмінэнцыі, Эксцэленцыі, браты і сёстры!

Найперш дазвольце ад усяго сэрца падзякаваць за выбар Мінска — сталіцы Беларусі — месцам правядзення наступнага пленарнага пасяджэння РБКЕ у наступным годзе.

Беларусь — краіна розных веравызнанняў і культур. Дзве  канфесіі —праваслаў’е і каталіцтва — з’яўляюцца галоўнымі па колькасці сваіх вызнаўцаў і па гісторыі іх прысутнасці ў Беларусі. У нашай краіне таксама ёсць пратэстанты, габрэі і мусульмане. Паміж усімі веравызнаннямі склаліся добрыя адносіны. Беларускі народ талерантны адносна розных нацыянальнасцяў і рэлігій. Гэта вялікае багацце нашай краіны, якое мы павінны захаваць для будучых пакаленняў.

Свецкая ўлада таксама садзейнічае мірнаму суіснаванню і супрацоўніцтву паміж рознымі канфесіямі і рэлігіямі.

Разам з Праваслаўнай Царквой і прадстаўнікамі іншых пратэстанцкіх канфесій мы кожны год праводзім экуменічную сустрэчу падчас Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян. Розные веравызнанні сумесна праводзяць розныя канферэнцыі і сустрэчы на тэмы міжканфесійнага і міжрэлігійнага дыялогу і таксама па выкліках сучаснасці, асабліва па праблемах наркаманіі, алкагалізму, абароны жыцця, дабрачыннасці, выхавання моладзі і г.д.

Католікі, праваслаўныя і лютэране з’яўляюцца членамі Міжнароднай групы паяднання паміж Беларуссю, Украінай, Польшчай і Германіяй.

Вельмі важнай падзеяй як для Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы, так і ўсёй краіны стаў IV Каталіцка-Праваслаўны Форум, які меў месца ў Мінску ў чэрвені 2014 г. Ён стаў пацвярджэннем таго, што Беларусь мае магчымасці арганізоўваць вялікія міжнародныя канферэнцыі, засведчыўшы добрыя адносіны паміж рэлігійнымі арганізацыямі і дзяржавай.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі зробіць усё магчымае, каб наступнае Пленарнае пасяджанне РБКЕ было арганізавана на найлепшым узроўні і прынесла добры плён ў справе развіцця Касцёла ў Еўропе і адказе на выклікі нашага часу.

Выказваю надзею, што прабыванне старшынь Біскупскіх Канферэнцый Еўропы ў Мінску дапаможа ім лепей пазнаць жыццё і рэальнасць Касцёла, экуменічныя адносіны і адносіны з дзяржавай, а таксама традыцыі беларускага народа.

Яшчэ раз дзякую і ўжо сёння загадзя кажу: «Вітайце ў Мінску».     
 

Адноўлена 08.10.2016 21:14
 
© 2003-2024 Catholic.by