Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Выступленне Мітрапаліта Кандрусевіча на адкрыцці выстаўкі «Свет нябесны на зямлі. Сакральнае мастацтва Беларусі XVII-XXI стагоддзяў» у Мінску

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
29 верасня 2016 г.

Глыбокапаважаныя спадары і спадарыні, браты і сёстры ў Хрысце!

Сёння, у Год культуры, які адзначаецца ў нашай краіне, беларуская грамадскасць перажывае значную падзею — адкрыццё выстаўкі «Свет нябесны на зямлі. Сакральнае мастацтва Беларусі XVII-XXI стагоддзяў» у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Гэта падзея з’яўляецца працягам першай у гісторыі беларускіх праваслаўных і каталіцкіх абразоў выстаўкі «Іканапіс Беларусі XVII-XXI стагоддзяў», якая ў гэтым годзе экспанавалася ў музеях Ватыкана.

Добра памятаю яе адкрыццё 18 мая гэтага года ў адным з самых прэстыжных музеяў свету, які кожны дзень наведвае каля 20 тысяч чалавек. Як многа людзей тады сабрала адмысловая канферэнцыя. У музеі, дзе кожны дзень адбываюцца знакавыя падзеі, беларуская выстаўка выклікала вельмі вялікі інтарэс і водгук.

Так сталася, што праз тры дні пасля адкрыцця выстаўкі Святы Айцец Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку, які непасрэдна пасля сустрэчы з Пантыфікам пабываў на экспазіцыі.

Сам факт адкрыцця міжканфесійнай выстаўкі ў Ватыканскіх музеях сведчыць пра наяўнасць добрых і канструктыўных адносін як паміж нашай краінай і Апостальскай Сталіцай, так і паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, што сведчыць аб тым, што ў Беларусі Еўропа дыхае дзвюмя духоўнымі лёгкімі — усходняга і заходняга хрысціянства. Гэта наша традыцыя і багацце, якое дарагога каштуе.

Гістарычна суіснаванне на нашай зямлі заходняга і ўсходняга хрысціянства вызначала асаблівасці нашага народа і развіцця яго культуры, што таксама адбілася і ў беларускім іканапісе, дзе дзве хрысціянскія традыцыі ўзаемадапаўнялі адна адну і такім чынам узаемна ўзбагачаліся.

У беларускім грамадстве існуе вялікая пашана да абраза, найперш да абраза Божай Маці, што аб’ядноўвае нацыю. Прыкладам можа служыць будслаўскі фэст, у якім прымаюць удзел не толькі католікі, але і  праваслаўныя вернікі.

Сёння мы з’яўляемся сведкамі і ўдзельнікамі адкрыцця пашыранай, больш поўнай выстаўкі беларускіх ікон Усходняй і Заходняй традыцый, якія знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Выстаўка з’яўляецца адлюстраваннем таго, што музей — гэта не статычная гісторыя, але само жыццё. Найперш таму, што ікона з’яўляецца акном у веру. Яна дапамагае нам перажываць і паглыбляць веру, робячы яе такім чынам жывой. Музей у сваю чаргу імкнецца паказаць сваё багацце і падзяліцца ім з іншымі. І праз гэта ён прымае актыўны ўдзел у новай евангелізацыі, якая з’яўляецца галоўным заданнем Касцёла ў наш час паслаблення веры і нават адыходу ад яе.

Ад усяго сэрца дзякую арганізатарам выстаўкі. Выказваю надзею, што яна адыграе сваю як мастацкую, так і евангелізацыйную ролю ў жыцці беларускага грамадства, каб яно жыло ў заўсёдным святле Евангелля.

Адначасова спадзяюся, што гэта выстаўка будзе спрыяць далейшаму развіццю адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, а таксама кансалідацыі беларускага народа. А як пашыранае прадаўжэнне выстаўкі ў Ватыканскіх музеях, стане таксама новым крокам да больш цесных адносін Беларусі і Апостальскай Сталіцы і паслужыць далейшаму  развіццю адносін паміж нашай краінай і міжнароднай супольнасцю.

Дзякуй за ўвагу.

Арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі,
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску
13.10 17:25Даклад а. Паўла Федаровіча MIC пра заснавальніка супольнасці марыянаў святога Станіслава Папчынскага
10.10 15:00Прывітальнае слова Мітрапаліта Кандрусевіча на адкрыццё III Міжнароднай сустрэчы партнёраў «Карытас» Беларусі
08.10 21:12Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас пленарнага пасяджэння Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы ў Манака пасля зацвярджэння г. Мінска месцам правядзення Пленарнага пасяджэння ў 2017 г.
29.09 14:32Выступленне Мітрапаліта Кандрусевіча на адкрыцці выстаўкі «Свет нябесны на зямлі. Сакральнае мастацтва Беларусі XVII-XXI стагоддзяў» у Мінску
26.08 14:54Прывітальнае слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на адкрыцці навукова-практычнай канферэнцыі «Беларусь, Нясвіжскі край і Эдвард Вайніловіч»