Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Даклад кардынала Зянона Грахалеўскага на Нацыянальным эўхарыстычным кангрэсе

Божая міласэрнасць – выклік для сучаснага свету

Уступ

a. Немагчыма сабе ўявіць больш красамоўнага і больш глыбокага кантэксту для святкаванняў 25-годдзя ўтварэння каталіцкіх дыяцэзій у Беларусі і звязанага з гэтым Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэсу, чым Год Міласэрнасці, які мы зараз перажываем. Утварэнне дыяцэзій прывяло да рэгулярнага і паўсюднага здзяйснення Эўхарыстыі ў вашых касцёлах. А ў Эўхарыстыі рэалізуецца найвялікшы акт Божай міласэрнасці адносна нас, а менавіта ажыццяўляецца мука і смерць Хрыста на крыжы для нашага збаўлення.

Гэты Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці быў абвешчаны Папам Францішкам булай Misericordiae vultus (адгэтуль MV) у вігілію свята Божай Міласэрнасці мінулага года (2015). Ён пачаўся ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, 8 снежня мінулага года, і будзе працягвацца да ўрачыстасці Хрыста Валадара Сусвету, 20 лістапада бягучага года (2016). Папа Францішак вельмі часта з вялікай перакананасцю і клопатам кажа аб Божай Міласэрнасці і яе наступствах для нашага жыцця.

b. Хацеў бы звярнуць увагу, што распаўсюджванню культу Божай Міласэрнасці паспрыяў у вялікай меры св. Ян Павел ІІ, якога назвалі між іншым Папам міласэрнасці. Яго асабісты клопат аб гэтым меў рашаючае значэнне для сусветнага развіцця гэтага культу. Ужо будучы арцыбіскупам Кракава, ён праявіў сябе як руплівы распарадчык, шанавальнік і прапагандыст культу Божай Міласэрнасці, захоплены аб’яўленнямі сястры Фаўстыны.
      
У 1959 годзе Святы Пасад выдаў дакумент, які забараняў пашырэнне культу Божай Міласэрнасці ў формах, перададзеных сястрой Фаўстынай, што цягнула за сабой таксама забарону публікавання яе Дзённіка. Тым не менш, калі Караль Вайтыла быў арцыбіскупам Кракаўскім, ужо ў 1965 годзе, г.зн. у перыяд выканання ўзгаданай забароны, у гэтай архідыяцэзіі быў распачаты беатыфікацыйны працэс сястры Фаўстыны, чыё абвяшчэнне культу Божай Міласэрнасці стала галоўным сэнсам яе жыцця.

Праз 13 гадоў пасля пачатку працэсу, па пільнай просьбе кард. Караля Вайтылы, 5 красавіка 1978 г., ці за паўгады да яго абрання Папам, быў адкліканы ўзгаданы дакумент, які забараняў пашырэнне культу Божай Міласэрнасці ў формах, перададзеных сястрой Фаўстынай.

У сувязі з гэтым у час пантыфікату св. Яна Паўла ІІ, у 1981 годзе, у Рыме выйшла першае выданне Дзённіка сястры Фаўстыны на польскай мове. Гэтае выданне стала падставай перакладу Дзённіка на вельмі шмат моваў, нават на такія, як руская, кітайская, японская, арабская, таі, інданезійская, мальтыйская, малайская, ток-пісін і інш. Дзённік – польская кніга, перакладзеная на найбольшую колькасць моваў.

18 красавіка 1993 г. менавіта св. Ян Павел ІІ беатыфікаваў сястру Фаўстыну, а затым, у Год Вялікага Юбілею, 30 красавіка 2000 г., кананізаваў яе.

Таксама падчас кананізацыі ён устанавіў свята Божай Міласэрнасці, якое адзначаецца ў другую нядзелю пасля Вялікадня, згодна з пажаданнем Пана Езуса, выказаным сястры Фаўстыне.

А 17 жніўня 2002 г., кансэкруючы базыліку Божай Міласэрнасці ў кракаўскіх Лагеўніках, св. Ян Павел ІІ здзейсніў урачысты акт даручэння свету Божай Міласэрнасці. Тады ён адзначыў: „Раблю гэта з гарачым жаданнем, каб пасланне аб міласэрнай любові Бога, якое тут было абвешчана праз пасрэдніцтва сястры Фаўстыны, дасягнула ўсіх жыхароў зямлі і напаўняла іх сэрцы надзеяй”. Таксама ён хацеў, каб гэтая святыня стала “сусветным цэнтрам культу Хрыста Міласэрнага”1.

Усё гэта выклікала вельмі жывую зацікаўленасць у сусветным маштабе культам Божай Міласэрнасці, Дзённікам сястры Фаўстыны і практыкамі (набажэнствамі), пакінутымі ёю, асабліва Вяночкам да Божай Міласэрнасці, і паспрыяла распаўсюджванню і шанаванню ва ўсім свеце абраза Пана Езуса Міласэрнага з надпісам “Езу, давяраю Табе”, напісанага паводле ўказанняў сястры Фаўстыны, якой Хрыстус аб’явіўся ў гэтым выглядзе2.

У дадзенай тэме асабліва належыць падкрэсліць той факт, што св. Ян Павел ІІ ужо на пачатку свайго пантыфікату другую са сваіх энцыклік прысвяціў менавіта Божай Міласэрнасці, Dives in misericordia („[Бог] багаты міласэрнасцю”, адгэтуль DM) ад 30 лістапада 1980 года. Гэта энцыкліка вельмі багатая па змесце. Папа Францішак падкрэсліў  „вялікае навучанне” („excelsum magisterium”), укрытае ў гэтай энцыкліцы  (MV, 11).

Акрамя таго, з Божай Міласэрнасцю звязаны два іншыя дакументы св. Яна Паўла ІІ, якія датычаць пакаяння і паяднання. Першы з іх – гэта Апостальская адгартацыя Reconciliatio et paenitentia („Паяднанне і пакаянне”) ад 2 снежня 1984 года, якая стала плёнам VI Генеральнага пасяджэння Сінода Біскупаў (29 верасня – 29 кастрычніка 1983 г.), скліканага тым жа Наступнікам Пятра. Другі дакумент – гэта выдадзены ў свята Божай Міласэрнасці, 7 сакавіка 2002 г., Апостальскі ліст у форме „motu proprio” Misericordia Dei аб некаторых аспектах здзяйснення сакрамэнту пакаяння.

Таксама годна ўвагі тое, што св. Ян Павел ІІ памёр менавіта ў вігілію свята Божай Міласэрнасці, 2 красавіка 2005 г. У свята Божай Міласэрнасці, 1 мая 2011 г., ён быў беатыфікаваны, і ў свята Божай Міласэрнасці, 27 красавіка 2014 г., абвешчаны святым.

Я ўспамінаю пра ўсё гэта з той мэтай, каб звярнуць увагу, што ў гэты Год Міласэрнасці варта скарыстацца гэтай багатай і адначасова захапляльнай спадчынай св. Яна Паўла ІІ у гэтым сэнсе. Гэта спадчына, якая знайшла вельмі жывы водгук у навучанні Папы Бэнэдыкта XVI. Яна мае таксама несумненны ўплыў на Папу Францішка3.

c. Падчас дадзенай сустрэчы хацеў бы коратка паразважаць над трыма аспектамі міласэрнасці, якія ў гэты Юбілейны Год належыць заўсёды мець перад вачыма: 1. Бог міласэрны; 2. Мы пастаянна патрабуем Божай міласэрнасці; 3. Будучы адоранымі Божай міласэрнасцю, мы таксама павінны быць міласэрнымі да іншых.

1. Бог міласэрны

a. Міласэрнасць належыць да прыроды Бога. Бог, будучы Любоўю (пар. 1Ян 4, 8.16), „багаты на міласэрнасць” (Эф 2, 4). Міласэрнасць – тая праява любові, якая датычыць прабачэння, чуласці на патрэбы іншых. Любоў Бога не з'яўляецца любоўю міласэрнай толькі ў Святой Тройцы. У адносінах жа да людзей яна з'яўляецца любоўю міласэрнай, якая выходзіць насустрач нашым слабасцям і патрэбам. У гэтым сэнсе св. Ян Павел ІІ заўважыў „Міласэрнасць з’яўляецца […] незаменным вымярэннем любові, як бы другім яе вымярэннем, а разам з тым сапраўдным спосабам яе аб’яўлення і рэалізацыі ў адносінах да рэчаіснасці зла, якое ёсць у свеце, якое дасягае і ахоплівае чалавека, якое ўрываецца таксама ў яго сэрца і можа яго «згубіць у пекле»” (DM 7f); гэтая любоў здольная “да схілення над кожным марнатраўным сынам, над кожнай чалавечай немаччу, перадусім жа над немаччу маральнай, над грахом” (DM 6, 3)4.

‒ Міласэрнасць часта, на жаль, разумеецца як выраз слабасці чалавека. Таму ёю пагарджаюць у сучасным свеце. На самой жа справе часта пэўную паблажлівасць, літасць памылкова асацыююць з міласэрнасцю, ці міласэрную памяркоўнасць – са знакам слабасці з боку бацькоў, настаяцеляў, кіраўнікоў: яны не ў стане забяспечыць захаванне ўласнай ролі, уласнага аўтарытэту для сапраўднага дабра людзей, якім павінны служыць. Ва ўзгаданай буле Папа Францішак, спасылаючыся на словы св. Тамаша Аквінскага, адзначае: „Божая міласэрнасць – гэта не праяўленне слабасці, але рыса ўсемагутнасці Бога. Менавіта таму літургія ў адной са сваіх самых старажытных калект змяшчае наступныя словы малітвы: «Божа, Ты праз прабачэнне і літасць найпаўней выяўляеш сваю ўсемагутнасць»” (MV, 6a). Больш за тое, Папа Бэнэдыкт XVI сказаў, што міласэрнасць, якая праяўляецца ў прабачэнні, - гэта “вяршыня Божай сілы”5. Міласэрнасць – гэта не звычайная паблажлівасць, якая часта з’яўляецца адмаўленнем міласэрнасці, і не сентыментальнае спачуванне, а знак братэрства і любові ў Хрысце да кожнага, хто мае патрэбу ў служэнні. Каб нам, грэшным, адпусціць грахі, патрэбна ўсемагутнасць Бога.

‒ Божая міласэрнасць з’яўляецца таксама “не абстрактнай ідэяй, а канкрэтным фактам, праз які Ён аб’яўляе сваю любоў, падобную да любові бацькі і маці, якіх да глыбіні сэрца хвалюе лёс уласнага дзіцяці” (MV, 6b)6. Ва ўзгаданай буле Папа не толькі прыводзіць сцвярджэнні Святога Пісання на тэму Божай міласэрнасці, якіх ёсць вельмі шмат, але і апісвае, як Бог аказваў гэтую міласэрнасць ва ўсёй гісторыі збаўлення.

У гэтай перспектыве Папа Францішак паказвае багацце Божай міласэрнасці наступным чынам: „З сэрца Найсвяцейшай Тройцы, з глыбіні таямніцы Бога б’е і няспынна выплывае вялікая рака міласэрнасці. Гэтая крыніца ніколі не можа высахнуць, хоць многія будуць чэрпаць з яе. Кожны раз, калі хтосьці будзе патрабаваць яе, зможа мець доступ да яе, бо міласэрнасць Бога не мае канца” (MV, 25a). Знамянальная ў гэтым сэнсе часта цытаваная думка св. Бэрнарда: “Уся мая заслуга – гэта міласэрнасць Пана. У мяне не будзе недахопу ў заслугах, пакуль не знікае Яго міласэрнасць. А калі Пан багаты на міласэрнасць, то і я не менш на заслугі”. Гэтую думку мы штогод чытаем у Літургіі гадзінаў7.

‒ Акрамя таго, прыгадваючы рэфрэн кожнага верша псальма 136, “Бо навекі Яго міласэрнасць”, Святы Айцец заўважае: „Здаецца, што гэтым пастаянны паўтарэннем: “Бо навекі Яго міласэрнасць”, псальм намагаецца пераадолець кола прасторы і часу, каб усё ўключыць у вечную таямніцу любові. Так, быццам хацелася сказаць, што не толькі ў гісторыі, але і навекі чалавек будзе заўсёды пад вокам міласэрнага Айца” (MV, 7a).

b. Гэтая Божая міласэрнасць аб’явілася ў паўнаце ў Езусе Хрысце (пар. MV,  8a8). Больш за тое, „Езус Хрыстус з’яўляецца абліччам міласэрнасці Айца” (MV, 1). Безумоўна, гэтая міласэрнасць найбольшым чынам выявілася ў збаўчай муцы, смерці на крыжы і ўваскрасенні. Святы Ян Евангеліст напісаў, поўны захаплення: „Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16). Так палюбіў Бог свет!

Любоў Айца, як заўважае Папа Францішак, стала “бачнай і рэальнай ва ўсім жыцці Езуса” (MV, 8a). „Адносіны Езуса з тымі, хто Яго акружаў, адзначаюцца чымсьці адметным і непаўторным. Знакі, якія здзяйсняе, перадусім у адносінах да грэшнікаў, убогіх, адкінутых, хворых і церпячых, выяўляюць міласэрнасць. Усё ў Ім кажа пра міласэрнасць. Нішто ў Ім не пазбаўлена спагады” (Tам жа). Святы Айцец тлумачыць гэта, спасылаючыся на дзеі (учынкі) Пана Езуса і Яго прыпавесці (MV, 8b-99).

Святы Аўгустын у наступных прыгожых словах выказвае здзіўленне выразнай канкрэтнасцю гэтай міласэрнасці, якая аб’явілася ў Езусе Хрысце: „Ці магла быць большая міласэрнасць да нас, няшчасных, за тую, якая ўчыніла, што Створца неба сышоў з неба і Створца зямлі прыняў смяротнае цела? Гэтая ж міласэрнасць учыніла, што Пан свету прыняў постаць слугі, да такой ступені, што, будучы хлебам, цярпеў голад, будучы поўным насычэннем, цярпеў смагу, будучы моцай, стаў слабым, будучы збаўленнем, стаў паранены, будучы жыццём, мог памерці. А ўсё гэта для заспакаення нашага голаду, для наталення нас у гарачыню, для ўмацавання нашай слабасці, сцірання нашага беззаконня і распалення нашай любові”10.

c. Прымаючы вышэй сказанае да ўвагі, той жа Папа ва ўзгаданай буле заклікае да абвяшчэння з усёй моцай Божай міласэрнасці. Ён піша: „Місія Касцёла – абвяшчэнне міласэрнасці Бога, жывога сэрца Евангелля, каб такім чынам дастукацца да сэрца і розуму кожнага чалавека. […] У наш час, калі Касцёл удзельнічае ў новай евангелізацыі, тэма міласэрнасці павінна быць прадстаўлена нанова з новым запалам і праз адноўленую пастырскую дзейнасць. […] там, дзе прысутнічае Касцёл, павінна быць бачна таксама міласэрнасць Айца. У нашых парафіях, у нашых супольнасцях, таварыствах, рухах, дзе толькі ёсць хрысціяне, кожны павінен знайсці аазіс міласэрнасці” (MV, 12). Таксама пад канец гэтага дакумента чытаем: „Касцёл вельмі моцна адчувае пільную патрэбу абвяшчаць міласэрнасць Бога. Яго жыццё з’яўляецца сапраўдным і праўдзівым, калі ён чыніць міласэрнасць сваім пераканаўчым пасланнем”, і гэта асабліва патрэбна ў сённяшняй сітуацыі (MV, 25).

Варта прыгадаць, што таксама св. Ян Павел ІІ шматразова і з не меншай выразнасцю ўказваў на неабходнасць абвяшчэння свету паслання аб Божай міласэрнасці. Напрыклад, на кракаўскіх Блонях у 2002 годзе ён казаў: Касцёл „сёння асабліва пакліканы, каб абвяшчаць свету гэтае пасланне. Нельга адмаўляць гэтую місію, паколькі яго заклікае да гэтага сам Бог праз сведчанне св. Фаўстыны […] Трэба, каб Яго пасланне аб міласэрнай любові загучала з новай моцай. Свет патрабуе гэтай любові. Надышоў час, каб Хрыстовае пасланне дасягнула ўсіх, асабліва тых, чые чалавечнасць і годнасць здаюцца страчанымі ў mysterium iniquitatis. Надышоў час, каб пасланне аб Божай міласэрнасці ўліла ў чалавечыя сэрцы надзею і стала заранкай новай цывілізацыі – цывілізацыі любові”11. Яшчэ дванаццаць гадоў раней у энцыкліцы Dives in misericordia ён пісаў, што „Касцёл жыве сваім сапраўдным жыццём, калі вызнае і абвяшчае міласэрнасць – найцудоўнейшую прыкмету Створцы і Адкупіцеля – і калі людзі набліжаюцца да крыніц міласэрнасці Збаўцы, захавальнікам і распарадчыкам якіх ён з’яўляецца” (DM, 13c12).

2. Мы патрабуем Божай міласэрнасці

Чаму абвяшчэнне Божай міласэрнасці з’яўляецца такой важнай рэччу? Адказ просты: наму што мы пастаянна патрабуем гэтай міласэрнасці.

a. Нас турбуюць спакусы. Кожны дзень у Ойча наш мы молімся: “Адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым”. Кожны дзень тая ж просьба, бо кожны дзень мы з’яўляемся грэшнікамі і патрабуем прабачэння. У перспектыве будучых небяспек мы дадаем: „I не ўводзь нас у спакусу”. Будучы не ўпэўненымі ў саміх сабе, мы кожны дзень просім таксама ў той жа фундаментальнай малітве: “збаў нас ад злога”13.

Кожная святая Імша прасякнута просьбай аб прабачэнні. Калі гаварыць пра пастаянныя абрады, хацеў бы звярнуць увагу, што кожная святая Імша пачынаецца актам пакаяння: “Спавядаюся Богу ўсемагутнаму…” Затым святар просіць: “Няхай змілуецца над намі Бог усемагутны і, адпусціўшы нам грахі…”, і яшчэ потым тры разы мы просім Бога: “змілуйся над намі”. Гэтая просьба ўкрыта таксама ў гімне “Хвала на вышынях Богу”: тройчы ў ім мы просім, каб Сын Божы змілаваўся над намі. Да святой Імшы далучаецца таксама ўзгаданае Ойча наш, у якім просім аб прабачэнні. І гэтага недастаткова: потым перад самай святой Камуніяй мы молімся: “Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, змілуйся над намі…” Таксама святар двойчы ў ціхай маліте выражае сваю скруху: пры абмыванні рук кажа: “Абмый мяне, Пане, з маёй правіны і ачысці мяне ад граху майго”; а перад спажываннем святой Камуніі ў цішыні яшчэ просіць аб міласэрнасці да сябе, каб прыняцце Цела і Крыві Хрыста паспяхова лячыла яго душу і цела. Таксама пасля прачытання Евангелля дыякан ці святар, цалуючы кнігу, ціха кажа: “Няхай словы Евангелля знішчаць нашы грахі”. Акрамя таго, вельмі часта зменлівыя часткі – калекта, малітва над дарамі і пасля Камуніі – утрымліваюць просьбу змілавацца над намі, грэшнымі. 

Таксама св. апостал Ян выразна напісаў: “Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды. […] Калі кажам, што мы не зграшылі, то робім [Бога] ілгуном, і няма ў нас слова Ягонага” (1Ян 1, 8-10).

Мы пастаянна прыбягаем да гэтай міласэрнасці ў сакрамэнце пакаяння, што надзвычай важна. Калі казаць пра гэты сакрамэнт, мяне ўражваюць дзве праўды, якія, здавалася б, супярэчаць адна адной. Адна з іх датычыць патрабаванняў Евангелля, якія выглядаюць вельмі высокімі і, здаецца, перавышаюць нашы чалавечыя сілы; тут можна было б прывесці вельмі шмат цытат са Святога Пісання. Другой праўдай з’яўляецца факт, што чалавеку, які шкадуе, Хрыстус прабачае ў сакрамэнце пакаяння нават найцяжэйшыя грахі. Паміж гэтымі дзвюма праўдамі – якія ў выніку сыходзяцца ў сакрамэнце пакаяння – здзяйсняецца ўвесь дынамізм духоўнага росту, калі, з аднаго боку, мы ясна бачым радыкальнасць патрабаванняў Евангелля, а з другога ўсведамляем нашу слабасць, нашу нявернасць і таму ў сакрамэнце пакаяння кожны раз нанова адракаемся ад граху і стараемся адпавядаць евангельскім патрабаванням.

І гэты працэс пастаяннага навяртання ў сакрамэнце пакаяння з’яўляецца рухавіком духоўнага росту. У ім бачна канфрантацыя нашага жыцця, нашых грахоў і слабасцяў з патрабаваннямі Евангелля. Калі не будзе гэтай канфрантацыі ў сакрамэнце пакаяння, то, з аднаго боку, мы перастанем бачыць патрабаванні жыцця сапраўды хрысціянскага, а з іншага – перастанем усведамляць прысутнасць граху ў нашым жыцці. У выніку слабее або нават знікае адчуванне патрэбы ў Божай міласэрнасці і патрэбы ў намаганні нястомнага навяртання. А гэта вядзе да пасрэднасці, да духоўнай марнасці. Задавальненне гэтай духоўнай марнасцю знішчае наша духоўнае жыццё і святы Касцёл. У рэчаіснасці жа адбываецца так: з аднаго боку, кожны з нас патрабуе Божай міласэрнасці, з іншага ж, як вельмі часта нагадвае Папа Францішак, мы павінны ўсведамляць тое, што Пан Бог “не мучыцца аказваннем міласэрнасці”.

Так, мы патрабуем Божай міласэрнасці. Праблема ў тым, што ў рэчаіснасці мы заўважаем сёння аслабленне або нават знікненне пачуцця граху. Людзі, у тым ліку і католікі, не бачаць уласнага граху, уласных слабасцяў, і не прыбягаюць да сакрамэнту пакаяння. Яны не адчуваюць патрэбы ў міласэрнасці. Папа Францішак працытаваў у сувязі з гэтым словы св. Яна Паўла ІІ з DM 2c: „Сучасны менталітэт […] імкнецца спіхнуць саму ідэю міласэрнасці на перыферыю жыцця і выкінуць яе з чалавечага сэрца. Само слова і паняцце «міласэрнасць» быццам бы перашкаджала чалавеку, які праз нязнанае да гэтага часу развіццё навукі і тэхнікі больш, чым калі-небудзь у гісторыі, стаў гаспадаром і падпарадкаваў сабе зямлю (пар. Быц 1, 28). Гэтае «панаванне над зямлёй», якое часам разумеецца аднабакова і павярхоўна, быццам не пакінула месца для міласэрнасці” (MV, 11).

Таму абвяшчэнне Божай міласэрнасці стала сёння найбольш актуальным.

b. Я казаў аб патрэбе ў Божай міласэрнасці для кожнага з нас індывідуальна. Але Папы нашых часоў кажуць таксама аб патрэбе Божай міласэрнасці ў шырокім значэнні, г.зн. у перспектыве ўсяго чалавецтва, маючы на ўвазе сітуацыю сучаснага свету. Святы Ян Павел ІІ, цытуючы словы з Дзённіка св. сястры Фаўстыны (476), якія мы выкарыстоўваем у Вяночку да Божай Міласэрнасці: „Ойча Спрадвечны, ахвярую Табе Цела і Кроў, Душу і Боскасць Наймілейшага Сына Твайго і Пана нашага Езуса Хрыста, каб перапрасіць за грахі нашы і ўсяго свету; [...] дзеля Яго балеснай Мукі змілуйся над намі і над усім светам”, - працягваў: “Над намі і над усім светам… Як моцна сённяшні свет патрабуе Божай міласэрнасці! На ўсіх кантынентах з глыбінь чалавечага цярпення, здаецца, гучыць просьба аб міласэрнасці. Там, дзе пануе нянавісць, жаданне помсты, дзе вайна прыносіць боль і смерць нявінных, існуе патрэба ў ласцы міласэрнасці, якая суцішае чалавечы розум і сэрцы і нараджае супакой. Дзе няма пашаны да жыцця і годнасці чалавека, існуе патрэба ў міласэрнай любові Бога, у святле якой адкрываецца невымоўная каштоўнасць кожнага чалавечага існавання. Патрэба міласэрнасці, каб усялякая несправядлівасць у свеце была спынена ў ззянні праўды”14. Менавіта гэтую патрэбу св. Ян Павел ІІ падкрэсліў у сваёй энцыкліцы DM  (пар. 2e) і пісаў: „асабліва ў перыяд такі пераломны, як наш – Касцёл не можа забыць аб малітве, якая з’яўляецца просьбай аб міласэрнасці Бога ў дачыненні да разнастайнага зла, якое абцяжарвае чалавецтва і якое яму пагражае. Менавіта гэта з’яўляецца фундаментальным правам і разам з тым абавязкам Касцёла ў Езусе Хрысце.  […] Чым больш чалавечая свядомасць, паддаючыся секулярызацыі, страчвае пачуццё сэнсу самога слова «міласэрнасць» ‒ чым больш, аддаляючыся ад Бога, аддаляецца ад таямніцы міласэрнасці, ‒ тым больш Касцёл мае права і абавязак маліцца да Бога міласэрнасці  «вялікай просьбай»”(DM 15a).

c. Калі ідзе гаворка аб прабачэнні нашых грахоў, належыць, аднак, адзначыць, што яно мае на ўвазе жаль за іх і просьбу аб прабачэнні, жаданне змены, навяртанне. У энцыкліцы Dominum et vivificantem, аб Духу Святым у жыцці Касцёла і свету, ад 18 мая 1986 г., св. Ян Павел ІІ падкрэсліў, што “навяртанне чалавечага сэрца”, якое здзяйсняецца пад уплывам Духа Святога, „з’яўляецца неад’емнай умовай прабачэння грахоў. Без сапраўднага навяртання, якое ўключае ўнутраны жаль, і без шчырай і моцнай пастановы выпраўлення, грахі становяцца «затрыманымі», як кажа Езус, а з Ім Традыцыя Старога і Новага Запавету” (42c). Таксама Папа Францішак шматразова адзначае, што “прызнанне ўласных абмежаванняў, уласных слабасцяў з’яўляецца брамамі, якія адкрываюць на прабачэнне Езуса, на Яго любоў, якая нас можа да глыбіні аднавіць, яая можа нас стварыць нанова. Збаўленне можа ўвайсці ў сэрца, калі мы адкрываемся на праўду і прызнаём нашы памылкі, нашы грахі”15.

Пан Езус прабачаў тым, якія шкадавалі. Тут прыходзяць на думку такія постаці, як апостал Пётр, Магдалена, Закхей, добры злодзей і г.д. Толькі злодзею, які прызнаў свае грахі і прасіў: „паглядзі на мяне…”, Пан Езус сказаў: „сёння будзеш са Мною ў раі”, і не сказаў гэтага другому злодзею, які з ім быў на крыжы і аб гэтым не прасіў. Акрамя таго, вельмі красамоўна гэтую залежнасць прабачэння ад жалю Ён вытлумачыў у прыпавесці пра блуднага сына (Лк 15, 11-32). Айцец чакаў яго, жадаў яго вяртання, каб з радасцю ўсё прабачыць.

Кажучы пра міласэрнасць Бога, мы, аднак, не хочам сказаць, быццам Бог – нейкі дабрадушны дзядуля, які на ўсё закрывае вочы, і таму няма чаго непакоіцца аб граху. Колькі разоў Пан Езус востра  выкрываў крывадушнасць, ужываючы вострыя словы: „Гора вам […] крывадушнікі”16. Святы Павел вучыць: “Хіба не ведаеце, што несправядлівыя не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божае? Не ўводзьце сябе ў зман: ні распуснікі, ні ідалапаклоннікі, ні чужаложнікі, ні блуднікі, ні мужаложнікі, ні злодзеі, ні хціўцы, ні п’яніцы, ні паклёпнікі, ні рабаўнікі не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божае” (1Кар 6, 6-10). Падобныя вострыя словы асуджэння мы знаходзім у апісанні Апошняга суду, адносна тых, якія не робяць учынкаў міласэрнасці (пар. Мц 25, 41-46).

Відавочна, часта парыванне з грахом вельмі цяжкае, патрабуе ахвяры, але Пан Езус выразна вучыць: “Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною” (Mц 16, 24; Mк 8, 34; Лк 9, 23); “Хто не нясе крыжа свайго і не ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем” (Лк 14, 27), больш за тое, як чытаем у Евангеллі паводле Мацвея, “І хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе за Мною, той не варты Мяне” (Mц 10, 38). Няма жыцця сапраўды хрысціянскага без крыжа.

Божая міласэрнасць не ведае межаў, але было б вялікім непаразуменнем, калі б гэта магло быць нагодай да ігнаравання граху, да сну нашага сумлення: магу мець сексуальныя зносіны па-за сужэнствам, магу здзейсніць перарыванне цяжарнасці, магу не мець пашаны і г.д., бо Бог міласэрны і таму мне гэта адпусціць. Такая пазіцыя была б свайго роду здзекам з Пана Бога і з Яго міласэрнасці, а св. Павел перасцерагае: „Не падманвайце сябе: Бог не дазволіць насміхацца з сябе” (Гал 6, 8).

Зусім наадварот, Божая міласэрнасць павінна нас схіляць да нястомнага навяртання, адрачэння ад граху, каб рэалізаваць Божую волю. Красамоўная ў гэтым сэнсе прыпавесць пра слугу вернага і нявернага (Mц 24, 45-51), у якой Пан Езус сказаў: „Калі ж такі благі слуга скажа ў сэрцы сваім: “Не спяшаецца гаспадар мой”, i пачне біць сяброў сваіх, есці і піць з п’яніцамі, то гаспадар слугі гэтага прыйдзе ў дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае. І адлучыць яго, і вызначыць яму долю разам з крывадушнікамі. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў” (пар. таксама Лк 12, 42-46). Падобна ў Пасланні да Габрэяў: „Як гаворыць Дух Святы: Сёння, калі пачуеце Ягоны голас, не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя, як у час смуты, у дзень выпрабавання ў пустыні, дзе, спакушаючы, выпрабоўвалі Мяне бацькі вашыя […] Таму Я і разгневаўся на пакаленне тое […] Я прысягнуў у гневе Маім, што яны не ўвойдуць у Мой адпачынак” (Гбр  3, 7-11). „Сёння, калі пачуеце Ягоны голас, не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя”!

d. У канцы гэтага пункту хацеў бы звярнуць увагу на словы Пана Езуса: „Усякі грэх і блюзнерства будуць адпушчаны людзям, але блюзнерства супраць Духа адпушчана не будзе17. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць: „Божая Міласэрнасць не ведае межаў, але той, хто свядома адкідвае прыняцце са скрухай Божай міласэрнасці, адкідвае прабачэнне сваіх грахоў і збаўленне, падоранае Духам Святым. Такая зацвярдзеласць можа весці да канчатковай адсутнасці пакаяння і да вечнага асуджэння” (1864).

Больш шырока на гэтую тэму пісаў св. Ян Павел ІІ у энцыкліцы аб Духу Святым у жыцці Касцёла і свету, Dominum et vivificantem, ад 18 мая 1986 года, 46-47. Там мы між іншым чытаем: “Калі Хрыстус кажа, што блюзнерства супраць Духа Святога не можа быць адпушчана нам ні ў гэтым, ні ў будучым жыцці, то гэтае «неадпушчэнне» прычынна звязана з «непакаяннем» – гэта значыць з радыкальным адмаўленнем навяртання […] Перш за ўсё, аднак, Касцёл не перастае з найвялікшай палкасцю прасіць аб тым, каб у свеце не нарастаў гэты грэх, які Евангелле называе блюзнерствам супраць Духа Святога; каб, наадварот, гэты грэх адступіў у чалавечых душах – а праз гэта ў асяроддзях і ў розных грамадствах – саступіўшы месца адкрытасці сумлення, неабходнай для дзейнасці Духа Святога. Касцёл моліць, каб гэты небяспечны грэх супраць Духа Святога саступіў месца святой гатоўнасці прыняцця місіі Суцяшыцеля, калі Ён прыходзіць, каб «пераконваць свет у граху, у справядлівасці і ў судзе»”.

Адказваючы на пытанні дзяцей і моладзі ў рымскай парафіі Марыі Маці Збаўцы 8 сакавіка 2015 г., Папа Францішак прадставіў гэта сваім спосабам, вельмі вобразным, пра што можна распавесці наступным чынам: “Быў вельмі ганарысты анёл, які зайздросціў Богу. Ён жадаў заняць Яго месца. Бог хацеў прабачыць яму, але ён сказаў: «Мне не патрэбна ніякае прабачэнне, я паклапачуся пра сябе сам». Пеклам з’яўляецца сказаць Богу: «Ты мне не патрэбны, я сам з усім спраўлюся». Ідзе ў пекла толькі той, хто кажа Богу: «Ты мне не патрэбны, я сам з усім спраўлюся», як гэта зрабіў д’ябал”.

3. Tаксама і мы павінны быць міласэрнымі

Будучы адоранымі Божай міласэрнасцю, таксама і мы павінны быць міласэрнымі да іншых. Бо Пан Езус заклікае нас: „Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны” (Лк 6, 36). Таму ў гэты Юбілейны Год мы асаблівым чынам пакліканы „спыніць свой позірк на міласэрнасці, каб мы самі сталі плённым знакам дзейнасці Айца” (MV, 3a).

Божая міласэрнасць схіляе нас да міласэрнасці адносна іншых, з іншага ж боку міласэрнасць, якая здзяйсняецца намі, дапамагае нам дасягнуць Божай міласэрнасці. Гэта падкрэсліў св. Ян Павел ІІ у Dives in misericordia: „Чалавек дасягае міласэрнай любові Бога, Яго міласэрнасці настолькі, наколькі сам перамяняецца ўнутрана ў духу падобнай любові ў дачыненні да бліжніх” (MV, 14a).

Міласэрнасць, якая здзяйсняецца намі, з’яўляецца таксама, з нашага боку, сведчаннем і абвяшчэннем Божай міласэрнасці. Святы Ян Павел ІІ выразна адзначыў, што “Касцёл жадае нястомна абвяшчаць [пасланне аб Божай міласэрнасці] не толькі гарачым словам, але таксама руплівай практыкай міласэрнасці” і робіць гэта, асабліва ўказваючы на прыклады святых”18. Так, “Бог, аказваючы нам міласэрнасць, чакае, што мы будзем сведкамі міласэрнасці ў сённяшнім свеце”19.

Акрамя таго, варта падкрэсліць, што ад нашых учынкаў міласэрнасці адносна іншых будзе ў аснове рэчаў залежаць міласэрнасць Бога адносна нас, як гэта выразна сказаў Пан Езус: „Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць” (Mц 5, 7).

У Літургіі гадзінаў мы штогод чытаем прыгожы тэкст св. Цэзарыя, біскупа з Арля (470-543), на гэтую тэму: „Усе жадаюць міласэрнасці, але, на жаль, не ўсе так паступаюць, каб яе заслужыць. Усе жадаюць спазнаваць міласэрнасць, нямногія ж – аказваць міласэрнасць. Як можаш прасіць аб чымсьці, чаго сам не хочаш ахвяраваць? Хто ж жадае атрымаць міласэрнасць у небе, павінен аказваць яе на зямлі. […] Бо існуе міласэрнасць у небе, а даходзяць да яе праз міласэрнасць на зямлі. […] Усё, што чалавечая міласэрнасць аддасць падчас шляху, Божая міласэрнасць верне ў айчыне. […] Пытаюся ў вас, браты: Чаго жадаеце і чаго шукаеце, калі прыходзіце ў касцёл? Напэўна, нічога іншага, як міласэрнасці. Аказвайце тады міласэрнасць зямную, а атрымаеце нябесную. Бедны звяртаецца з просьбай да цябе: ты таксама просіш Бога: ён аб кавалку хлеба, ты аб жыцці вечным”20.

Святы Якуб у сваім Пасланні красамоўна ўказвае на міласэрнасць як на адзін з асноўных сімптомаў мудрасці: „Мудрасць, [якая прыходзіць] звыш, найперш – чыстая, потым – міралюбная, ласкавая, пакорлівая, поўная міласэрнасці [!] і добрых пладоў, бесстаронняя, некрывадушная” (Як 3, 17).  

a. Галоўным актам Божай міласэрнасці з’яўляецца прабачэнне. Таму таксама і наша хрысціянскае жыццё павінна адзначацца гатоўнасцю да прабачэння21. На пытанне Пятра, колькі разоў мы павінны прабачаць, калі хтосьці зграшыць супраць мяне – ці аж сем разоў, – Пан Езус адказаў: „Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў” (Мц 18, 22), гэта значыць заўсёды.

Папа Францішак адзначыў: „Мы з сумам заўважаем, што досвед прабачэння ў нашай культуры становіцца ўсё больш рэдкім. Часам нам здаецца, што знікае ўжо само слова “прабачэнне”. Аднак без сведчання прабачэння застаецца нам жыццё бясплённае і незмястоўнае, быццам бы мы жылі ў спустошаным і сумным месцы. Таму зноў прыйшоў для Касцёла час, каб з радасцю абвяшчаць прабачэнне. Гэта час вяртання да таго, што істотнае, каб адчуць адказнасць за слабасці і цяжкасці нашых братоў. Прабачэнне – гэта моц, што абуджае да новага жыцця і памнажае адвагу, каб з надзеяй глядзець у будучыню” (MV, 10).

Мы атрымліваем прабачэнне, каб несці прабачэнне іншым.

Пан Езус шматразова ўказваў на сувязь паміж нашым прабачэннем і Божым прабачэннем. Так, у прыпавесці аб неміласэрным даўжніку (Mц 18, 23-35), якому кароль дараваў доўг у дзесяць тысяч талантаў, у той час як той, у сваю чаргу, не захацеў дараваць свайму сабрату малую суму ў сто дынараў, кароль сказаў: “Нягодны слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне; ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою?” – “І, разгневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго катам, пакуль не верне яму ўсяго доўгу”. Пан Езус завяршыў гэтую прыпавесць словамі: “Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца не даруе брату свайму”.

У сувязі з гэтым св. Ян Павел ІІ заўважае: “Прабачэнне з’яўляецца падставовай умовай паяднання – не толькі ў адносінах Бога да чалавека, але і ва ўзаемных адносінах паміж людзьмі. Свет, з якога мы выключаем прабачэнне, можа быць толькі светам халоднай, безумоўнай справядлівасці, у імя якой кожны будзе пераследаваць свае інтарэсы ў дачыненні да іншага, а эгаізм рознага роду, які дрэмле ў чалавеку, можа або ператварыць жыццё і суіснаванне людзей у сістэму ўціску слабейшых мацнейшымі, або таксама ў арэну нястомнай барацьбы адных супраць іншых” (DM 14h).

На мяне вялікае ўражанне аказвае той факт, што Хрыстус кажа нам маліцца ў Oйча наш (Mц 6, 9-13): „Адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым”. “Як і мы адпускаем”! Гэта значыць, што калі мы не адпускаем нашым вінаватым, то ў аснове рэчаў молімся аб тым, каб і нам Пан Бог не адпусціў! “Адпусці, як і мы адпускаем”! Пан Езус потым тлумачыць: “Калі вы будзеце адпускаць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны адпусціць і вам. А калі не будзеце адпускаць людзям, то і Айцец ваш не адпусціць вам правінаў вашых” (Mц 6, 14-15).

Мы не можам таксама забыць словаў Пана Езуса: “Таму, калі прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, а тады прыйдзі і прынясі дар свой” (Mц 5, 23-24)

Прабачэнне – рэч нялёгкая. Часта яно бывае павярхоўным, калі з ім злучаюцца рэшткі абразаў, абгаворванне крыўдзіцеля, абвінавачванне яго, адносіны нядобразычлівасці, варожасць. Прабачэнне мае характар унутраны, асабісты. Для таго, каб прыйсці да прабачэння, часта патрэбны доўгі перыяд часу. З ім павінна злучацца любоў да крыўдзіцеля. Пан Езус у сувязі з гэтым радыкальны: “Любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас. […] Калі ж вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі?” (Mц 5, 44-47; пар. Лк 6, 36). Так, “любіце ворагаў вашых”! А адмовы ад помсты, адплаты яшчэ не дастаткова. Любоў да ворагаў павінна дайсці да прыязнага позірку. Гэтага можна дасягнуць толькі праз любоў. Знакам сапраўднага прабачэння з’яўляецца, несумненна, шчырая малітва за тых, хто нам робіць зло (“маліцеся за тых, хто пераследуе вас”!). Прыцягвае той факт, што ў жыццярысах мучанікаў мы часта чытаем, што яны маліліся за сваіх забойцаў, каб Пан ім прабачыў.

b. Міласэрнасць да бліжніх не абмяжоўваецца, аднак, прабачэннем, а ахоплівае ўсе ўчынкі, якімі мы выходзім насустрач патрэбам, як цялесным, так і духоўным, іншых людзей. І падобна як міласэрнасць Бога, так і наша міласэрнасць не можа быць толькі „абстрактным словам. Па сваёй сутнасці яна з’яўляецца канкрэтным жыццём: інтэнцыямі, паводзінамі, паставамі, якія выяўляюцца ў штодзённым жыцці” (MV, 9d).

У Апостальскім лісце Novo millennio ineunte (6 студзеня 2001 г.) св. Ян Павел ІІ, маючы на ўвазе сітуацыю сённяшняга свету і новыя формы беднасці, існуючыя ў ім, адзначыў: „Сёння патрэбна новае “ўяўленне міласэрнасці”, праявай якой будзе не столькі і не толькі паспяховасць дапамогі, але здольнасць быць бліжнім для церпячага чалавека, салідарнасці з ім” (50b). У іншым месцы ён значна дадаў: “Патрэбны позірк любові, каб убачыць каля сябе брата, які разам са згубай працы, даху над галавой, магчымасці годнага ўтрымання сям’і, выхавання дзяцей спазнае пачуцці пакінутасці, згубленасці і безнадзейнасці. Патрэбны “ўяўленні міласэрнасці”, каб прыйсці з дапамогай да дзіцяці, занядбанага духоўна і матэрыяльна; каб не адвярнуцца ад хлопца ці дзяўчыны, якія згубіліся ў свеце разнастайных залежнасцяў або злачынства; каб несці параду, суцяшэнне, духоўную і маральную падтрымку тым, якія вядуць унутраную барацьбу са злом. Гэтае ўяўленне міласэрнасці патрэбна паўсюль, дзе людзі ў патрэбе заклікаюць Айца міласэрнасці: «Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння»”22

Калі казаць пра душпастырства, Папа Францішак звяртае ўвагу: „Архітравам, на які абапіраецца жыццё Касцёла, з’яўляецца міласэрнасць. Усё ў пастырскай дзейнасці Касцёла павінна быць прасякнута чуласцю, скіраванай да вернікаў; у тым, што ён абвяшчае і пра што сведчыць перад светам, не павінна неставаць міласэрнасці. Праўдзівасць Касцёла пацвярджаецца шляхам міласэрнай і спагадлівай любові” (MV, 10).

Таксама ў гэтай агульнай перспектыве Пан Езус указвае на сувязь паміж міласэрнасцю Бога і нашай. У апісанні Апошняга суду (Mц 25, 31-46) Ён вучыць нас, што нас будуць судзіць на падставе нашых учынкаў міласэрнасці. Адпаведна, тым, якія далі есці галодным, піць сасмяглым, прынялі падарожных, апранулі голых, адведалі хворых і вязняў, Боскі Суддзя скажа: „Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету”. Тым жа, хто не спаўняў гэтых учынкаў міласэрнасці, Ён скажа: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам Ягоным”.
      
Таксама св. Павел заклікае нас: “Калі міласэрнасць – то [павінен чыніць гэта] з радасцю” (Рым 12, 8).

Нічога дзіўнага, што Папа Францішак піша: „Вельмі жадаю, каб надыходзячыя гады былі напоўнены міласэрнасцю і каб мы выходзілі насустрач кожнай асобе, несучы дабрыню і пяшчоту Бога!” (MV, 5).

c. У Пасланні на Сусветны дзень міру, які меў месца ў бягучым Годзе Міласэрнасці, 1 студзеня 2016 г., Святы Айцец пісаў пра драматычныя праявы рознага роду зла і несправядлівасці ў сучасным свеце і пра патрэбу чыніць міласэрнасць з боку людзей у сусветным маштабе. З заклікам аб пераадоленні ўкаранёнай у сэрцах і грамадствах абыякавасці ён звярнуўся да палітыкаў, выхавацеляў, медыя, сем’яў, не забываючы пра патрэбу ўдзелу кожнага з нас. Ён падпісаў гэты дакумент красамоўна ў дзень распачацця дадзенага Юбілею Міласэрнасці, 8 снежня 2015 г. Варта прачытаць гэтае Пасланне, якое абуджае сумленне.

d. У працытаванай буле Папа Францішак шырока апісвае, як мы павінны рэалізоўваць гэтую міласэрнасць да іншых у нашым жыцці і ў душпастырстве (MV, 13-23). Адпаведна яго ўказанням, ён жадае звярнуць увагу на тры рэчы.

– Першая – гэта найбольш рэалістычнае сцвярджэнне: „Каб быць здольнымі да міласэрнасці, мы павінны спачатку ўслухацца ў Божае слова [слова Міласэрнага Бога]. Гэта значыць, мы павінны адкрыць нанова каштоўнасць цішыні, каб мець магчымасць разважаць над скіраванымі да нас словамі. Дзякуючы гэтаму стане магчымым сузіранне міласэрнасці Бога і прыняцце яе як уласнага стылю жыцця” (MV, 13).

– Па-другое, Папа піша: „Я горача жадаю, каб хрысціяне задумаліся падчас Юбілею над учынкамі міласэрнасці адносна цела і адносна душы. […] Адкрыем нанова ўчынкі міласэрнасці адносна цела: накарміць галодных, напаіць сасмаглых, адзець нагіх, прыняць у дом падарожных, адведаць хворых, суцешыць вязняў, пахаваць памерлых. Не будзем забываць таксама пра ўчынкі міласэрнасці адносна душы: раіць тым, хто сумняваецца, вучыць тых, хто не ведае, настаўляць грэшнікаў, суцяшаць засмучаных, дараваць ахвотна крыўду, зносіць цярпліва знявагу, маліцца за жывых і памерлых” (MV, 15b). Мы не можам браць пад увагу толькі ўчынкі міласэрнасці адносна цела, але нязмерна важна мець на ўвазе асабліва духоўныя патрэбы іншых. Таксама паводле гэтых учынкаў ці занядбанняў у іх мы будзем асуджаны (пар. MV, 15b) . У гэтым сэнсе жадаю нагадаць, што найбольшае дабро, якім мы можам узбагаціць іншых, - гэта ўмацаваць іх веру, іх асабісты кантакт з Хрыстом, наблізіць іх да найвялікшага дабра, якім з’яўляецца Бог. Красамоўная ў сувязі з гэтым сцэна з Евангелля паводле Марка. Пан Езус запрасіў апосталаў: „Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце”. Многія, аднак, убачылі іх і “пешкі збегліся туды з усіх гарадоў і апярэдзілі іх”. Святы Марк піша, што калі Езус убачыў гэты вялікі натоўп, “змілаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра. І пачаў іх многаму вучыць” (Mк 6, 30-34). Змілаваўся і пачаў вучыць. Таксама ў Апостальскім лісце Novo millennio ineunte (6 студзеня 2001 г.) св. Ян Павел ІІ падкрэсліў, што абвяшчэнне Евангелля з’яўляецца “першым наказам міласэрнасці” (50c).

– У якасці трэцяй рэчы ў дыяпазоне розных спосабаў рэалізацыі міласэрнасці Святы Айцец падкрэслівае: „З перакананнем зноў паставім у цэнтры сакрамэнт паядання, бо ён дапамагае нам рэальна пераканацца ў велічы міласэрнасці” (MV, 17c), і дае душпастырам розныя ўказанні ў сувязі з гэтым (MV, 17 d-19). Між іншым ён піша: „Ніхто з нас не з’яўляецца гаспадаром сакрамэнту, але верным слугою Божага прабачэння. Кожны спаведнік павінен прымаць вернікаў, як айцец з прыпавесці пра блуднага сына: айцец, які выбягае насустрач сыну, хоць той растраціў яго ўласнасць. Спаведнікі павінны абняць сына, які раскаяўся, які вяртаецца дадому, і выказаць радасць з прычыны таго, што ён знайшоўся” (MV, 17d). Я ўжо ўзгадваў пра вялікае значэнне сакрамэнту пакаяння для нашага духоўнага росту. Мне прыходзіць на думку, як у гады маёй вучобы ў семінарыі кс. інфулат Аляксей Ветрыкоўскі, выкладчык пастаральнай тэалогіі і рэктар духоўнай семінарыі ў Познані, часта паўтараў словы св. Папы Пія V: Dentur idonei confessarii – ecce omnium christianorum plena reformatio (Належыць падрыхтаваць сапраўдных спаведнікаў – вось поўнае адраджэнне ўсіх хрысціян). Гэта, несумненна, вельмі патрэбнае сцвярджэнне.

d. Неаднаразова мы маем справу з фальшывай міласэрнасцю, псеўдаміласэрнасцю. Гэта адбываецца тады, калі спрыянне камусьці адарвана ад сапраўднага дабра ці ад праўды.

Міласэрнасць павінна быць накіравана на адорванне сапраўдным дабром. Калі, напрыклад, бацька, каб не прычыніць дзіцяці болю, устрымліваецца ад таго, каб даць яму ўкол, неабходны для яго здароўя, або не дае яму лекаў, бо яны для дзіцяці нясмачныя, цяжка гэта назваць міласэрнасцю. Падобна ў сферы маральнай, калі, напрыклад, бацькі не кажуць сваім дзецям, якія жывуць разам да шлюбу, што гэта грэх, каб “ім не было непрымна”, або хтосьці ўстрымліваецца ад напаміну сябру, які стаў на дрэнны шлях, каб не страціць яго, або дае алкаголь залежнаму сужэнцу, бо ён вельмі хоча, мы маем справу з псеўдаміласэрнасцю, нават з адмаўленнем міласэрнасці. На жаль, такая псеўдаміласэрнасць сёння рэалізуецца ў шырокім маштабе ў пытаннях вельмі істотных. Тут я маю на ўвазе аборты, апладненне in vitro, эўтаназію, з чым злучаецца забойства. Міласэрнасць – гэта паклапаціцца аб здароўі дзіцяці, хаця б гэта і цянула за сабой боль і прыкрасць; гэта зрабіць напамін таму, хто грашыць, і старацца дапамагчы бліжняму вызваліцца з залежнасці і граху.
    
Ва ўсіх узгаданых негатыўных прыкладах становіцца абражанай таксама праўда: датычна сапраўднага дабра канкрэтнага чалавека, адносна яго жыцця і таго, што яму пагражае, адносна мяжы выкарыстання свабоды. Бо праўда і дабро цесна злучаны паміж сабой. Праўда з’яўляецца крытэрыем дабра. Уся чалавечая дзейнасць, у тым ліку рэалізацыя намі міласэрнасці, павінна быць укаранёна ў праўдзе. Таму што любоў, як адзначае св. Павел, “радуецца разам з праўдай” (1Кар 13, 6).

Сувязь любові з праўдай вельмі моцна падкрэсліў Папа Бэнэдыкт XVI, асабліва ў энцыкліцы Caritas in veritate (29 чэрвеня 2009 г.). Між іншым там мы чытаем: „Без праўды любоў заканчваецца сентыментальнасцю, становіцца пустой абалонкай, якую можна адвольна напоўніць. […] Яна становіцца ахвярай эмоцый і выпадковых меркаванняў адзінак, словам злоўжываным і перакручаным да таго, што набывае супрацьлеглае значэнне” (3). Больш за тое, гэты ж Папа падкрэсліў, што “любоў у праўдзе […] з’яўляецца асноўнай вядучай сілай сапраўднага развіцця кожнай асобы і ўсяго чалавецтва” (Там жа, 1). Таксама Папа Францішак заклікаў, каб “ніколі” не раздзяляць праўды і міласэрнасці, бо любоў без праўды вядзе да “пустой скрыні, якую кожны напаўняе паводле свайго меркавання”23.

Заключэнне

На заканчэнне хачу зрабіць яшчэ дзве заўвагі:

a. Няцяжка заўважыць, што гэты Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці, які заклікае нас да сузірання бясконцай Божай міласэрнасці, павінен быць для нас, грэшнікаў, крыніцай радасці і энтузіязму; павінен дапамагчы нам цешыцца тым, што Бог такі добры, і карыстацца Яго міласэрнасцю. На пачатку сваёй пілігрымкі на радзіму ў 2002 годзе св. Ян Павел ІІ так вызначыў яе мэту: “Гэта пасланне Божай міласэрнасці, якую прыношу сёння маёй Айчыне і маім землякам: «Перастаньце баяцца!» Даверся Богу, багатаму на міласэрнасць. З табой Хрыстус, вечны Даўца надзеі”24. На наступны дзень ён дадаў: „Падобна [св. Фаўстыне] мы хочам вызнаць, што няма для чалавека іншай крыніцы надзеі, чым міласэрнасць Бога. Мы жадаем з верай паўтараць: Езу, давяраю Табе!”25.

З другога боку, гэты Юбілей павінен схіляць нас да таго, каб і мы былі міласэрныя да іншых людзей, як наш Нябесны Айцец міласэрны да нас; ён павінен быць перыядам “духоўнага аднаўлення” (MV, 3c), „новым заданнем”, каб быць “жывым знакам любові Айца ў свеце” (MV, 4a).

b. Хто з нас не ведае “старажытнай і адначасова ўсцяж новай” (MV, 24c) малітвы Salve Regina, Mater misericordiae: „Вітай, Каралева, Маці міласэрнасці”. Кажучы аб Божай міласэрнасці, мы не можам забыць пра Марыю, “Маці міласэрнасці”. Адметна, што па просьбе Святога Айца Францішка з Польшчы ў Ватыкан быў прывезены абраз “Маці Божай Брамы Міласэрнасці”, які пастаянна знаходзіцца ў грэка-каталіцкім санктуарыі ў Ярославе (Падкарпацкае ваяводства), каб выставіць яго каля алтара падчас літургіі, адкрываючай гэты Надзвычайны Юбілейны Год.

Паколькі сам Хрыстус з’яўляецца Міласэрнасцю Бога, Марыя, будучы Маці Хрыста, з’яўляецца тым самым Маці Міласэрнасці. Асаблівым жа чынам Марыя з’яўляецца Маці Міласэрнасці, таму што:

– Нарадзіўшы Езуса ў бэтлеемскім гроце, Яна стала своеасаблівай прыладай, праз якую Бог аб’явіў у паўнаце сваю міласэрнасць чалавецтву; інакш кажучы, праз Яе ў асобе Езуса міласэрнасць прыйшла ў свет.

– Яна „асаблівым і выключным чынам, як ніхто іншы, спазнала міласэрнасць” (DM, 9b); „усё ў Яе жыцці было прасякнута прысутнасцю міласэрнасці, якая сталася целам” (MV, 24a).

– Праз ахвяру сэрца Яна ўзяла ўдзел, ці ўдзельнічала, у аб’яўленні Божай міласэрнасці: „гэтая Яе ахвяра сэрца цесна звязана з крыжам Яе Сына, ля падножжа якога Ёй давялося стагнаць на Кальварыі” (DM, 9b, пар. MV, 24a); „там ля падножжа крыжа Яна перажывала з’яднанне ў цярпенні” Сына Божага26, звязана з тым найвялікшым актам любові і міласэрнасці, таксама кажам аб таямніцы “той сувязі, якая злучала церпячага Збаўцу і Яго церпячую разам з Ім Маці”27.

– „Марыя – гэта адначасова Тая, якая найпаўней ведае таямніцу Божай міласэрнасці” (DM, 9c, пар. MV, 24a.c). Захапленне ёю Яна спявала ўжо ў доме Альжбеты ў цудоўным Magnificat: „Міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне над тымі, хто Яго баіцца” (Лк 1, 50).

– Узятая на неба, побач з Сынам Яна радуецца плёнам Божай міласэрнасці і просіць яе для тых, хто да Яе прыбягае28. Святы Ян Павел ІІ у гаміліі ў Кальварыі Зэбжыдоўскай з нагоды 400-годдзя гэтага санктуарыя казаў: „Колькі разоў мы пераконваемся, што Маці Божага Сына звяртае свае міласэрныя вочы на клопаты чалавека прыгнечанага і выпрошвае ласку такога вырашэння цяжкіх справаў, што ён у сваёй немачы здзіўляецца моцы і мудрасці Божага Провіду […] Маці не пакідае свайго дзіцяці ў нядолі, але вядзе яго да Сына і даручае Яго міласэрнасці”29. Гэта Яна „асаблівым чынам была паклікана да таго, каб набліжаць людзям тую любоў, якую Ён прыйшоў ім аб’явіць” (DM 9d).

Няхай гэтая “Маці міласэрнасці” („Mater misericordiae”) будзе для нас натхненнем, апорай і нястомнай дапамогай у перажыванні Божай міласэрнасці.

  1. Пар. Прамова падчас цырымоніі прывітання ў аэрапорце ў Кракаве, 16 жіўня 2002 г., 2.
  2. Наконт веры св. Яна Паўла ІІ адносна аб’яўленняў сястры Фаўстыны і яго дзейнасці на карысць Божай Міласэрнасці ўжо з семінарыйных гадоў, пар. E. CZACZKOWSKA, Papież, który uwierzył. Jak Karol Wojtyła przekonał Kościół do kultu Bożego Miłosierdzia, Выдавецтва Znak, Кракаў 2015.
  3. Пар. J. L. ALLEN, 7 ways that St. Faustina is influencing Pope Francis on mercy. The Holy Year of Mercy has at its core a figure straight out of the St. Jahn Paul II playbook, in http://www.cruxnow.com/church/2016/01/04/7-ways-that-st-faustina-is-influencing-pope-francis-on-mercy/ (7 студзеня 2015 г.)
  4. Св. Ян Павел ІІ паспрабаваў вельмі глыбока прааналізаваць адносіны паміж любоўю і міласэрнасцю, беручы пад увагу ўсю гісторыю збаўлення: пар. DM 3c-e, 4-7.
  5. Гамілія ў Аосце, 24 ліпеня 2009 г.
  6. Гэтыя словы прыводжу ў маім перакладзе, маючы на ўвазе тэкст лацінскі і італьянскі. Польскі ж пераклад, як і ў выданні Ватыканскага выдавецтва (Libreria Editrice Vaticana, 2015), здаецца, не перадае думкі дакумента.
  7. СВ. БЭРНАРД, Гамілія 61, 3-5; У Гадзіне чытанняў серады трэцяга тыдня Звычайнага перыяду  (Літургія гадзінаў, том III, Pallottinum 1987, с. 101).
  8. Пар. таксама DM, асабліва першае выказванне, і 2b, 3f.
  9. Пар. таксама DM 3d, 5-8.
  10. Пар. Serm. 207, 1. Гэтыя словы былі працытаваны ў прамове Папы Францішка да Рымскай курыі з нагоды калядных віншаванняў, 21 снежня 2015 г.
  11. Гамілія на Кракаўскіх Блонях, 18 жніўня 2002 г.
  12. Пар. там жа ўвесь 13-ы і 14-ы.
  13. Пар. СВ. АЎГУСТЫН, Гамілія 256, 1. 2. 3; у Гадзіне чытанняў серады  34° тыдня Звычайнага перыяду (Літургія гадзінаў, том IV, Pallottinum 1988, 482-483). 
  14. Гамілія падчас святой Імшы з нагоды кансэкрацыі святыні Божай Міласэрнасці, Кракаў-Лагеўнікі, 17 жніўня 2002 г., 5. Пар. таксама СВ. ЯН ПАВЕЛ II, Гамілія на Кракаўскіх Блонях, 18 жніўня 2002 г., 3.
  15. Гэтая цытата ўзята з гаміліі, прамоўленай у Турыне 21 чэрвеня 2015 г., аднак можна было б прывесці і шмат іншых заўваг гэтага роду з навучання сённяшняга Наступніка Пятра.
  16. Пар. Mц 6, 2.5.16; 22, 28; 23, 13-34; 24, 51; Mк 7, 6
  17. Mц 12, 31. Пар. таксама Mк 3, 20; Лк 12, 10. 
  18. Гамілія на Кракаўскіх Блонях, 18 жніўня 2002 г., 4-7.
  19. СВ. ЯН ПАВЕЛ ІІ, Гамілія на Кракаўскіх Блонях, 18 жніўня 2002 г., 1b.
  20. СВ. ЦЭЗАРЫЙ З АРЛЯ, ГАМІЛІЯ 25, 1; пар. Гадзіна чытанняў панядзелка 17° тыдня Звычайнага перыяду (Літургія гадзінаў, том III, Pallottinum 1987, сс. 456-457).
  21. У Misericordiae vultus чытаем: “Прабачэнне знявагаў становіцца найбольш бачным праяўленнем міласэрнай любові, а для нас, хрысціянаў, з’яўляецца наказам, ад якога мы не можам ухіліцца” (9c).
  22. СВ. ЯН ПАВЕЛ ІІ, Гамілія на Кракаўскіх Блонях, 18 жніўня 2002 г., 8c.
  23. Прамова да італьянскіх біскупаў, 19 мая 2014 г., 3.
  24. Прамова падчас прывітальнай цырымоніі ў аэрапорце, 16 жніўня 2002 г.
  25. Гамілія падчас святой Імшы з нагоды кансэкрацыі святыні Божай Міласэрнасці, Кракаў-Лагеўнікі, 17 жніўня 2002 г., 1a.
  26. ЯН ПАВЕЛ II, Гамілія падчас святой Імшы з нагоды 400-годдзя санктуарыя, Кальварыя Зэбжыдоўская, 19 жніўня 2002 г., 2a.
  27. ЯН ПАВЕЛ II, Гамілія падчас святой Імшы з нагоды 400-годдзя санктуарыя, Кальварыя Зэбжыдоўская, 19 жніўня 2002 г., 1b, пар. таксама 3.
  28. ЯН ПАВЕЛ II, Гамілія падчас святой Імшы з нагоды 400-годдзя санктуарыя, Кальварыя Зэбжыдоўская, 19 жніўня 2002 г., 2b. Пар. DM, 9d-f.
  29. ЯН ПАВЕЛ II, Гамілія падчас святой Імшы з нагоды 400-годдзя санктуарыя, Кальварыя Зэбжыдоўская, 19 жніўня 2002 г., 1b.


Адноўлена 31.05.2016 14:10
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску
13.10 17:25Даклад а. Паўла Федаровіча MIC пра заснавальніка супольнасці марыянаў святога Станіслава Папчынскага