Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Падрыхтоўчы катэхізіс да Сусветнай сустрэчы сем'яў. I. Створаныя для радасці

Мы — больш, чым выпадковае звяно эвалюцыі. Мы — больш, чым сума нашых біялагічных уласцівасцяў. Бог існуе. Ён добры. Ён любіць нас. Ён стварыў нас па сваім вобразе, каб мы маглі раздзяліць Яго радасць. Ён актыўна ўдзельнічае ў нашым жыцці. Ён паслаў свайго Адзінароднага Сына, каб аднавіць нашую годнасць і прывесці нас у сваё Валадарства.

Жыццёвы план і любоў, якая падтрымлівае нас

1. Каталіцкае вучэнне пра сужэнства і сям’ю вынікае з самага сэрца нашай веры.Таму можна пачаць, узгадаўшы пра асноўныя моманты гісторыі Касцёла. Наш Бог не з’яўляецца недаступным і далёкім; мы верым, што Ён адкрывае сябе ў Езусе Хрысце. Езус — крыніца надзеі, веры, любові і радасці, якія павінны падтрымліваць жыццё каталіцкай сям’і. Ён — прычына, дзякуючы якой мы можам давяраць мудрасці каталіцкай веры. Усё, што мы прапануем у гэтым катэхізісе,заснаванае на вучэнні Езуса1.

2. Папа Францішак нядаўна сказаў пра сужэнскае жыццё: «Абяцаць вечную любоў можна, калі мы пазнаем, што існуе план, большы за нашыя ўяўленні і дзеянні, які нас падтрымлівае i дазваляе нам ахвяраваць умілаванай асобе ўсю будучыню».2 Але мы жывём у час, калі ў свеце пануе глыбокі скепсіс адносна любога «вялікага плану» або вышэйшага сэнсу чалавечага жыцця. Чалавек для многіх — не больш, чым выпадковая з’ява эвалюцыі; жменька атамаў вугляроду. Іншымі словамі, многія людзі лічаць, што ў нас няма большага прызначэння за тое, што мы самі сабе прыдумалі.

3. У эпоху сучасных складаных тэхналогій і матэрыяльнага дабрабыту такія далёкія ад Бога меркаванні могуць гучаць праўдападобна. Але ў рэшце рэшт, гэта занадта вузкае бачанне таго, кім з’яўляемся мы — людзі, жанчыны і мужчыны. Гэта разбурае чалавечую годнасць і пакідае прагнучыя душы галоднымі. Гэта няпраўда.

4. На самой справе мы прагнем знайсці сэнс жыцця. Прагненне знайсці яго спрадвеку ўласцівае людзям. Таму людзі заўсёды задавалі сабе такія фундаментальныя пытанні: «Хто я?», «Чаму я тут знаходжуся?», «Як мне жыць?» Хрысціянская вера ўзнікла ў старажытным Міжземнамор’і, там, дзе спалучаліся грэчаская, рымская, габрэйская і іншыя культуры. Гэта быў свет, дзе прэтэндавалі на праўдзівасць шмат розных адказаў на асноўныя жыццёвыя пытанні.

5. Сёння мы знаходзімся ў аналагічнай сітуацыі. Які ў старажытнасці, у сучасным свеце культуры ўзаемадзейнічаюць і пранікаюць адна ў адну. Цяпер, як і тады, розныя філасофіі жыцця змагаюцца між сабою, прапаноўваючы рознае бачанне таго, як палепшыць сваё жыццё. У той жа час у свеце ёсць шмат пакутаў і беднасці, а ў некаторых культурах пануе цынічнае стаўленне да любой рэлігіі або філасофіі, якія прэтэндуюць на веданне абсалютнай праўды і прапануюць духоўныя арыенціры.

6. Мы жывем у супярэчлівы час, які прапануе нам мноства супрацьлеглых адказаў на жыццёва важныя пытанні. Многія людзі сумленна шукаюць сэнс жыцця, але не ведаюць, каму давяраць і чаму варта яго прысвяціць.

7. Сярод гэтай няпэўнасці хрысціяне — гэта людзі, якія давяраюць сябе Езусу Хрысту.3 Нягледзячы на супярэчнасці чалавечай гісторыі, каталіцкі шлях надзеі і радасці, любові і служэння грунтуецца на асабістай сустрэчы з Езусам. Як абвясціў святы Ян Павел II у сваёй першай энцыкліцы: «У гісторыі чалавецтва аб’яўленне любові і міласэрнасці набыло форму і імя: Езус Хрыстус».4 Усё вынікае з гэтага. Езус Хрыстус — аснова хрысціянскай веры.5

Езус аб’яўляе Бога, і план пачынае раскрывацца

8. У Бібліі мы чытаем, як Езус пытаецца ў сваіх вучняў: «А вы кім лічыце Мяне?» (гл. Мц 16, 13–20). Гісторыя чалавецтва на працягу апошніх 2000 гадоў з’яўляецца адказам на гэтае пытанне. Хрысціяне — гэта людзі, якія, сустрэўшыся з Езусам рознымі шляхамі — праз сведчанне святых і апосталаў, праз Пісанне і сакрамэнты, у малітве і служэнні бедным, у адарацыі, праз сяброў і сям’ю — здольныя даверыцца Езусу, і разам з Пятром яны кажуць: «Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога» (Мц 16, 16).

9. Ва ўсім, што Езус чыніў на зямлі, Ён не пераставаў любіць, нават калі пакутаваў. Езус быў укрыжаваны рукамі чалавека і ўсё ж атрымаў перамогу над смерцю. Паколькі Бог сам выцерпеў гэтыя пакуты, хрысціяне вераць, што Бог застаецца блізкім чалавеку. Мы верым не ў зменлівае, капрызлівае боства, не ў бажка, які спаборнічае з людзьмі. Бог, у якога мы верым, хоча, каб мы ўзрасталі і квітнелі. Дзякуючы Езусу Хрысту, католікі ўпэўнена вераць, што Бог нас любіць. Як патлумачыў Папа Францішак у сваёй першай энцыкліцы:

«Чалавеку, які церпіць, Бог не дае аргументацыі, якая ўсё раз’ясняе, але свой адказ дае ў форме прысутнасці, якая спадарожнічае гісторыі дабра, што лучыцца з кожнай гісторыяй цярпення, каб асвятліў яе прамень святла. У Хрысце Бог пажадаў дзяліць з намі тую дарогу і ахвяраваць нам свой позірк, каб мы ўбачылі на гэтай дарозе святло. Хрыстус з’яўляецца тым, хто цярпеў боль, i таму Ён пачынальнік і завяршальнік веры».6

10. У нейкім сэнсе ўся хрысціянская тэалогія — гэта каментар, каб растлумачыць, што азначаюць словы: Бог стаў чалавекам, памёр і ўваскрос. Прысутнасць Бога ў чалавечым целе Езуса азначае, што трансцэндэнтны Стварыцель свету таксама з’яўляецца іманентным — заўжды прысутным, нашым уласным і вельмі пяшчотным Айцом. Трыадзіны Бог заўсёды будзе бясконцай таямніцай, і ўсё ж гэта той жа самы Бог стаў канкрэтным чалавекам у канкрэтным часе і ў канкрэтным месцы. Бог стаў гэткім жа безабаронным, як дзіця ў яслях або як чалавек на крыжы. Езус вучыў і прамаўляў, смяяўся і плакаў; Яго жыццё, смерць і ўваскрасенне значаць, што Бог, застаючыся бясконца таямнічым, не застаецца далёкім і незразумелым. Менавіта Езус дазваляе нам упэўнена гаварыць пра Бога і Божую Праўду.

11. Езус называе сябе Сынам Айца і разам з Айцом пасылае свайго Духа, каб Той прабываў з Яго народам. Так мы даведваемся ад Яго, што Божая прырода — гэта вечная лучнасць трох Боскіх Асобаў: Айца, Сына і Святога Духа. Праз хрост у сваім Касцёле Езус запрашае ўсіх стаць часткай Божага запавету і паяднацца з Тройцай. Гісторыя Ізраэля, а пазней і Касцёла — гэта гісторыя сусветнага значэння, гэта заклік жыць як народ Божы ў лучнасці з Ім.

Езус раскрывае нашу чалавечую тоеснасць і прызначэнне

12. Езус паказвае, кім ёсць Бог, у тым ліку, што Бог любіць нас і працягвае нам руку. Але Езус таксама паказвае, што значыць быць чалавекам. Другі Ватыканскі Сабор, гаворачы пра Езуса як пра «Слова» Бога, вучыць: «Таямніца чалавека па-сапраўднаму высвятляецца толькі ў таямніцы ўцелаўлёнага Слова».7 У Езусе Хрысце мы пазнаем праўду пра сябе, якую мы не маглі б прыдумаць самі і не маглі б спазнаць іншым спосабам. Як сказана ў Бібліі, «жыццё вашае схавана з Хрыстом у Богу» (Клс 3, 3). Католікі вераць, што Бог так палюбіў свет (гл. Ян 3, 16), што замест таго, каб пакінуць нас у разгубленасці, прыняў чалавечую натуру, каб раскрыць, кім ёсць Бог і кім ёсць мы. Другі Ватыканскі Сабор гаворыць:

«Асабліва ўзвышае чалавечую годнасць яго пакліканне да супольнасці з Богам. Чалавек ужо ад самага пачатку запрошаны да размовы з Богам: ён існуе толькі таму, што Бог з любові стварыў яго і заўсёды захоўвае; а жыве цалкам паводле праўды, калі добраахвотна прызнае гэту любоў і давяраецца свайму Стварыцелю».8

Як падкрэсліў Папа Бэнэдыкт XVI на апошняй Сусветнай сустрэчы сем’яў у 2012 годзе ў Мілане, «толькі любоў робіць чалавека сапраўдным вобразам Найсвяцейшай Тройцы, вобразам Бога».9

13. Выраз «вобраз Божы» паходзіць з кнігі Быцця (гл. Быц 1, 26–27; 5, 1; 9, 6). Ён азначае, што кожны чалавек мае вартасць і сваю ўнікальную і нязменную годнасць. Мы можам зневажаць або выкарыстоўваць іншых людзей ці саміх сябе, але немагчыма сцерці праўду пра тое, якімі Бог стварыў нас. Уласцівая чалавеку годнасць не залежыць ад нашых няўдач і дасягненняў. Дабрыня Бога і Яго любоў да нас важнейшыя і нашмат больш значныя за любы чалавечы грэх. Вобраз Божы застаецца ў нас, што б мы ні рабілі, каб яго зацьміць. Быць створанымі па вобразе Божым азначае, што нашая сапраўдная радасць і самарэалізацыя заключаюцца ў тым, каб пазнаваць, любіць і служыць адзін аднаму так, як гэта робіць Бог.

14. Разважаць пра мужчын і жанчын як пра «вобраз Божы» азначае, што немагчыма гаварыць пра чалавецтва, не кажучы пра Бога. Калі Бог па прыродзе Трыадзіны — Айцец, Сын і Святы Дух — а мы створаныя па Яго вобразе, то і мы па сваёй прыродзе ўзаемазалежныя. Каб быць людзьмі, мы мусім жыць у лучнасці.10 «Быць чалавекам па вобразе і падабенстве Бога таксама значыць жыць у лучнасці, у адносінах з іншымі «я».11 Каб быць самімі сабою, мы маем патрэбу адзін у аднымі ў Богу. Нам трэба кагосьці любіць і трэба, каб хтосьці любіў нас. Каб быць тымі, кім мы створаныя, мы павінны аддаваць сябе сваім бліжнім. «Быць чалавекам <...> можна толькі шчыра ахвяруючы сябе. Узор такога разумення тоеснасці чалавека — сам Бог у Тройцы як лучнасці Асобаў. Калі мы гаворым, што чалавек створаны па вобразе і падабенстве Бога, гэта азначае, што чалавек пакліканы існаваць “для” іншых, стаць дарам для іх».12 Каб зберагчы сваё жыццё, трэба страціць яго дзеля Бога (гл. Мц 10, 39; 16, 25). Гэтае тэалагічнае разуменне тоеснасці чалавечай асобы стане праграмаю ўсяго маральнага багаслоўя, у тым ліку каталіцкага вучэння пра сям’ю.

15. Можна радавацца фантазіям пра ўласную самадастатковасць. Але мы створаныя па вобразе Божым, — і калі мы хочам жыць як сыны і дочкі Божыя, кім мы сапраўды і з’яўляемся, то павінны прыняць Божы заклік любіць Яго і бліжняга. Як Езус выявіў Божую натуру праз сваю любоў і ахвяру, так і мы глыбей прымаем нашую сапраўдную чалавечнасць, калі ўступаем у адносіны любові і служэння з нашымі бліжнімі і пакланяемся Богу.

16. Як было адзначана на Другім Ватыканскім Саборы падчас дыскусіі на тэму чалавечай годнасці, многія атэісты вераць, што «толькі навуковае пазнанне» можа адкрыць нам усё, што мы павінны ведаць пра сябе, не кажучы ні пра што іншае, акрамя прыроднага свету.13 Аднак з пункту гледжання католікаў тэалогія мае важнае значэнне для антрапалогіі; іншымі словамі, мы верым, што, каб меркаваць пра чалавека, жыццёва неабходна пазнаваць Бога і Яго план для стварэння. Католікі вераць, што, калі Бог аб’яўляе сябе ў Езусе, гэта вяртае чалавеку яго тоеснасць, адкрываючы праўду пра тое, кім мы з’яўляемся на самой справе, і — самае важнае — паказвае, што мы належым Богу. Божая любоў неабходная чалавеку, яна важней за ўсе прагненні, амбіцыі або пытанні, якія могуць у нас узнікнуць. Як вучыў святы Ян Павел II на пачатку свайго пантыфікату, «чалавек, які хоча добра зразумець сябе, абапіраючыся не толькі на знешнія, часткова правільныя, часта павярхоўныя і нават ілюзорныя нормы і крытэрыі ўласнай сутнасці, павінен з усім сваім неспакоем, няўпэўненасцю, нават са сваімі слабасцямі і грахамі, з усім сваім жыццём і смерцю звярнуцца да Хрыста».14

17. Кажучы пра сужэнства, Езус сам спасылаецца на Божы план і прызначэнне стварэння. Калі фарысеі выпрабоўваюць Езуса пытаннем пра развод, у адказ Ён нагадвае, што Бог стварыў людзей мужчынамі і жанчынамі і што муж і жонка становяцца адным целам (гл. Мц 19, 3–12; Мк 10, 2–12).15 Гэтак жа ў сваім Пасланні да Карынцянаў святы апостал Павел кажа пра палавую этыку,нагадваючы, што мужчына і жанчына злучаюцца ў сваім саюзе ў адно цела (гл. 1 Кар 6, 16). У Пасланні да Эфесцаў, кажучы пра сужэнства, ён зноў нагадвае пра гэтую лучнасць і называе яе «вялікай таямніцай», якая скіроўвае нас да Хрыста і Касцёла (гл. Эф 5, 32). У Пасланні да Рымлянаў ён гаворыць пра прыроду і волю Бога, якія аб’яўляюцца ў стварэнні, і кажа пра многія грахі — у тым ліку сексуальныя, якія ўзнікаюць, калі мы перастаем пазнаваць Стварыцеля (гл. Рым 1, 18–32).

Любоў — пакліканне сям’і

18. Цяпер павінна быць зразумела, чаму словы «Любоў — нашае пакліканне» сталі тэмаю Сусветнай сустрэчы сем’яў у 2015 годзе. Адзін з найбольш значных папскіх дакументаў ХХ стагоддзя пра сямейнае жыццё — энцыкліка Familiaris Consortio святога Яна Паўла II — гэта падсумаванне таго, як вучэнне Каталіцкага Касцёла пра Бога і прыроду чалавека фармуе каталіцкае веравучэнне пра тое, як мы павінны жыць:

«Бог стварыў чалавека па сваім вобразе і падабенстве, з любові паклікаўшы яго да існавання, і ў той жа самы час паклікаў яго да любові. Бог ёсць любоў, і ў самім сабе Ён перажывае таямніцу блізкай лучнасці ў любові. Ствараючы чалавека па сваім вобразе і ўвесь час захоўваючы ў ім свой вобраз, Бог упісаў у чалавечую сутнасць мужчыны і жанчыны пакліканне любіць і ствараць лучнасць, і гэта значыць здольнасць да гэтага і адказнасць за гэтыя адносіны. Таму любоў з’яўляецца фундаментальным пакліканнем кожнага чалавека ад самага нараджэння».16

Божая любоў заўсёды нас кліча. Мы не можам страціць гэтага запрашэння. Мы створаныя па вобразе Бога, і, нягледзячы на грахоўную прыроду чалавека, пакліканне да любові тоеснае яму і ніколі не можа быць знішчанае.

19. Каталіцкія погляды на сужэнства, сям’ю і сексуальнасць— гэта частка большага паклікання — жыць так, каб Божая любоў стала бачная і заззяла ў свеце; ажыццяўляць гэтае пакліканне — значыць напаўняць сваю штодзённасць Божай радасцю. Уся чалавечая істота — цела і душа, нашыя мужчынскасць і жаноцкасць і ўсё, што з іх вынікае, пераплеценае з Божым заклікам любіць. Гэтая Сусветная сустрэча сем’яў пройдзе пад дэвізам «Сям’я, якая жыве ў паўнаце», і не беспадстаўна. Сям’я жыве ў найбольшай паўнаце, калі мы прымаем Божае запрашэнне быць Яго сынамі і дочкамі, якімі Ён нас стварыў.

20. Мы жывём у зменлівы і няпэўны час. Езус Хрыстус з’яўляецца нашым надзейным якарам. Годнасць чалавека цвёрда абапіраецца на Езуса, Бога, які стаўся чалавекам. Езус адкрывае нам, хто такі Бог і хто такія мы самі. У Езусе мы сустракаемся з Богам, які выходзіць нам насустрач, які стварае лучнасць з намі і запрашае нас да ўдзелу ў Яго радасці. Мы створаныя па вобразе Божым і пакліканыя жыць у лучнасці з Ім і адзін з адным. Гэтая любоў надае сэнс і форму ўсім аспектам чалавечага жыцця, у тым ліку і сям’і.

Пытанні для абмеркавання

a) Чаму мы можам давяраць Хрысту?
б) Што ў вашым жыцці аддаляе вас ад Езуса? Што можа дапамагчы вам лепш пазнаць Яго і стаць да Яго бліжэй?
в) Што значыць быць створанымі па вобразе Божым? Ці магчыма зразумець чалавечую тоеснасць без Бога? Чаму так або не?
г) «Любоў — нашае пакліканне» — тэма катэхезы. Што значыць слова «любоў» у вашым жыцці? Як пакліканне да любові ўплывае на ваш выбар, прыярытэты і імкненні?

Спасылкі

1. пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (ККК), 425-427.
2. Энцыкліка Папы Францішка Lumen Fidei (LF), 2013, 52.
3. Пар. LF, 57.
4. Энцыкліка Папы Яна Паўла ІІ Redemptor Hominis (RH), 1979, 9.
5. ККК, 426.
6. LF, 57. Пар. Гбр 12, 2.
7. Дакументы Другога Ватыканскага Сабору, пастырская канстытуцыя Gaudium et Spes (GS), 1965, 22.
8. GS, 19.
9. Гамілія Папы Бэнэдыкта XVI, «Eucharistic Celebration: Homily» («Цэлебрацыя Эўхарыстыі») для VII Сусветнай сустрэчы сем’яў у Мілане, 2 чэрвеня 2012 г.
10. ККК, 2331.
11. Апостальскі ліст Папы Яна Паўла ІІ Mulieris Dignitatem (MD), 1988, 7.
12. MD, 7.
13. GS, 19.
14. RH, 10.
15. Пар. Быц 1:26-27, 2:24.
16. Апостальская адгартацыя Папы Яна Паўла ІІ Familiaris Consortio (FC), 1981, 11. Пар. Быц 1, 26-27, 1 Ян 4, 8, іGS, 12.
 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску