Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Відэазварот прэс-сакратара Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыка Ламбардзі SI да ўдзельнікаў І Кангрэса каталіцкіх СМІ ў Беларусі

Дарагія ўдзельнікі І Кангрэса каталіцкіх СМІ ў Беларусі! Вітаю ўсіх вас. Ваша сустрэча вельмі важная, бо прысутнасць у свеце камунікацыі стала ўсё больш неабходнай, з улікам узрастаючай ролі, якую СМІ адыгрываюць у нашых грамадствах і ў фарміраванні мыслення людзей, асабліва маладога пакалення.

Навучанне Папаў на працягу апошняга стагоддзя ўсё часцей звярталася да гэтай тэмы, а Другі Ватыканскі Сабор, 50-годдзе якога мы адзначаем сёлета, прысвяціў другі з прынятых на ім дакументаў, дэкрэт «Inter mirifica», менавіта масавай камунікацыі.

Касцёл усведамляе, што прысутнасць і дзейнасць у галіне камунікацыі з’яўляецца складанай, а часам нават вельмі цяжкай. Але адначасова ён заахвочвае нас быць мужнымі і ўпэўненымі, памятаючы, што зерне, кінутае са шчырасцю, можа ўпасці паміж камянямі і не прынесці плёнаў, але можа ўпасці і на добрую глебу і прынесці плёны, нават вельмі вялікія.

Гэта важна, бо іншыя віды дзейнасці прыносяць вынікі, якія здаюцца больш эканамічна прыбытковымі і лёгка вымернымі, але камунікацыя мае іншую прыроду. Яна патрабуе здольнасці інвеставання часу, сіл, грошай, а таксама цярплівай і пастаяннай веры ў яе чалавечую, духоўную і культурную каштоўнасць, нават калі няма хуткай аддачы.

Акрамя таго, сёння эвалюцыя масавай камунікацыі прапануе новыя магчымасці і шляхі, якія мы павінны заўсёды вывучаць і выпрабоўваць. Перш за ўсё яна дазваляе даволі проста і эканамічна развіваць новыя формы камунікацыі, з дапамогай якіх можна быць прысутнымі ў лічбавым свеце, што наведвае маладое пакаленне. Гэта важна для захавання жывога кантакту паміж касцёльнай супольнасцю і светам моладзі, а таксама гарантавання будучыні веры дзякуючы «новай евангелізацыі», да якой нас заклікае Папа.

Прысутнасць католікаў у сферы масавай камунікацыі, калі магчыма, павінна развівацца ў дзвюх формах, якія з’яўляюцца важнымі і не канкурыруюць адна з адной.

Першая — гэта прысутнасць католікаў у СМІ, якія не належаць Касцёлу, але дазваляюць ім дзейнічаць у сваіх рамках, як добрым людзям пасярод камунікацыі, што даюць сведчанне сваім жыццём і прафесійнымі здольнасцямі і ў адпаведнасці з хрысціянскім вучэннем прадстаўляюць аргументы, аб якіх пішуць у артыкулах ці перадаюць падчас трансляцый. Нават калі аргументы не адносяцца да рэлігійных, іх заўсёды можна прадставіць пазітыўным чынам, як тыя, якія спрыяюць каштоўнасцям годнасці асобы, справядлівасці, дабрыні, любові, праўды і міру. А калі, наадварот, тэмы і падзеі з’яўлюцца рэлігійнымі, неабходна праяўляць кампетэнцыю і асабліва клапаціцца аб прастаце, канкрэтнасці і лёгкасці мовы, што дазволіць чытачам, слухачам і гледачам зразумець важнасць і прыгажосць веры і заахвоціць тых, хто ведае аб гэтых рэчах няшмат, пазнаёміцца з імі глыбей.

Другі шлях тычыцца СМІ, якія належаць Касцёлу і каталіцкім рэлігійным інстытутам. Гэтыя СМІ неабходны, бо нават калі дасягаюць перш за ўсё вернікаў і нешматлікіх іншых людзей, дазваляюць казаць больш падрабязна і глыбока аб навінах і тэмах, звязаных з нашай верай і жыццём Касцёла, якія ў некаталіцкіх СМІ закранаюцца ўсё больш павярхоўна і рэдка. Яны дапамагаюць насычаць жыццё каталіцкай супольнасці інфармацыяй і нясуць дапамогу ў выхаванні сваіх членаў праз знаёмства з жыццём Касцёла ў яго больш шырокай і паўсюднай перспектыве і такім чынам дазваляюць католікам адчуваць сябе членамі вялікай супольнасці, якой кіруе Папа ў гісторыі і сучасным свеце.

На заканчэнне дазвольце мне расказаць вам, якім «дэвізам» я, як чалавек камунікацыі на службе Касцёлу і супольнасці, люблю акрэсліваць маё жыццё і служэнне: «Камунікацыя для дыялога, камунікацыя для адзінства!» Місія людзей камунікацыі прыгожая і блізка злучаная з місіяй Касцёла на службе чалавецтву і Евангеллю: камунікаваць — азначае даваць людзям магчымасць сустракацца паміж імі самімі і Богам, узаемна разумець, пазнаваць і любіць адзін аднаго. Камунікацыя — гэта не нешта адрознае ад нашай місіі як хрысціян, але спосаб рэалізацыі гэтай місіі для таго, каб яна дасягнула сваёй самай высокай мэты: адзінства чалавецтва ў міры, адзінства вернікаў у веры і любові.

«Камунікацыя для адзінства!» Адвагі і ўсяго найлепшага! Добрай сустрэчы!        

Адноўлена 27.08.2012 14:36
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску