Уступнае слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на адкрыцці I Кангрэса каталіцкіх сродкаў масавай інфармацыі «Каталікі — мы тут ёсць» | Друк |


Гродна, 24–26 жніўня 2012 г.

Вашы Эксцэленцыі, паважныя святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, дарагія журналісты і ўсе прысутныя!

Ад усяго сэрца вітаю вас і дзякую за тое, што прынялі нашае запрашэнне прыняць удзел у I Кангрэсе каталіцкіх сродкаў масавай інфармацыі. Пасля 20 гадоў адраджэння Касцёла гэта першы шырокамаштабны вопыт паглядзець на саміх сябе ў святле праўды аб значэнні медыя ў жыцці і місіі Касцёла. Ужо даўно наспела неабходнасць арганізацыі і правядзення падобнага форуму. Штуршком стаў навукова-практычны семінар на тэму «Евангелізацыя i сучасныя сродкі камунікацый», які прайшоў 25–26 лютага 2012 г. у Баранавіцкім катэхетычным каледжы імя Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага і падчас якога было аб’яўлена аб планах правядзення кангрэса. У сувязі з гэтым дзякую кс. Паўлу Салабудзе за сваечасовую прапанову і праяўленую ініцыяціву. Яму і ўсім яго супрацоўнікам таксама выказваю шчырую падзяку за падрыхтоўку гэтага медыйнага форуму.

Ні для каго не сакрэт, што сродкі масавай камунікацыі даюць вялікія, яшчэ далёка не цалкам выкарыстаныя магчымасці і з’яўляюцца новым выклікам для Касцёла. Сёння ўжо няма такога месца на свеце, да якога не магла б дасягнуць і не мець уплыву медыйная ці лічбавая культура, якая ўсё больш і больш становіцца месцам публічнага жыцця і грамадскага досведу.

Развіццё мас-медыя дало пачатак новай сацыяльнай прасторы, якая аказвае вялікі ўплыў на грамадства і культуру і нават здольная змяніць рэчаіснасць. Ад уплыву СМІ залежыць тое, як мы ўспрымаем саміх сябе, іншых людзей і свет. Таму іх неабходна прымаць пазітыўна і без прадузятасці, як вялікае багацце, нават калі і неабходна адносіцца да іх крытычна і ўжываць разумна і адказна.

Касцёл усё больш уваходзіць у медыйную прастору і выкарыстоўвае сродкі масавай камунікацыі як вельмі карысны, эфектыўны і сучасны інструмент абвяшчэння Евангелля. Ён адчувае патрэбу ўважлівага і супольнага іх распазнання, каб лепей зразумець, які патэнцыял у справе абвяшчэння Добрай Навіны яны ствараюць, але адначасова і для таго, каб заўважаць рызыку і пагрозы, якія яны нясуць.

Распаўсюджванне медыйнай культуры, несумненна, дае многа карысці. Яна прадстаўляе большы доступ да інфармацыі, новыя магчымасці пазнання, абмену і формаў салідарнасці, фарміравання такой культуры, у якой дасягненні чалавечай думкі і дзейнасці становяцца спадчынай усіх людзей.

Аднак гэтыя магчымасці не могуць хаваць пагроз, якія нясе з сабой неэтычнае выкарыстоўванне медыя. Неабходна памятаць аб тым, што некалькі разоў паўтораная няпраўда, на жаль, у свядомасці многіх людзей становіцца праўдай.

У выніку безадказнага і нязгоднага з маральнымі норамамі выкарыстоўвання СМІ ў нашым жыцці ўсё больш праяўляецца эгацэнтрызм і індывідуалізм, эскалацыя эмоцый у фарміраванні адносін паміж людзьмі і ў грамадстве, аслабленне і нават знікненне аб’ектыўнай вартасці такіх чалавечых досведаў, як асабістая рэфлексія або цішыня, пераацэньваецца значэнне асабістых поглядаў, этыка і палітыка становяцца відовішчам і г.д. Такія тэндэнцыі вядуць да пагрозы паўстання так званай эфемернай культуры, а гэта значыць недаўгавечнай, да неадкладнасці і прытворнасці, да грамадства, няздольнага захаваць памяць і будаваць будучыню.

Таму Касцёл павінен быць прысутным у гэтых новых арэапагах сучаснасці, якім ёсць мас-медыя, каб у іх прысутнічала хрысціянскае вучэнне і мудрасць.

Калі гэтае заданне стаіць перад паўсюдным Касцёлам, як нагадвае аб гэтым Працоўны дакумент чарговага XIII звычайнага Сіноду Біскупаў «Новая евангелізацыя для перадачы хрысціянскай веры», які адбудзецца ў Ватыкане 7–28 кастрычніка 2012 г. , то яно не ў меншай ступені стаіць і перад Касцёлам у Беларусі, які ўсё больш выкарыстоўвае сродкі масавай камунікацыі ў сваёй дзейнасці.

I Кангрэс каталіцкіх мас-медыя, які сёння распачынаецца, акрамя фармацыйнага і інфармацыйнага заданняў павінен правесці аналіз іх дзейнасці, выявіць іх моцныя і слабыя бакі, вызначыць планы на будучыню, каб яны сапраўды сталі вельмі важнай і дзейснай прыладай евангелізацыі, адказу на выклікі часу і ўмацавання хрысціянскай веры.

Давяраючы працу I Кангрэса каталіцкіх сродкаў масавай інфармацыі апецы св. Максімільяна Кольбэ, які праз выданне «Рыцара Беззаганнай» распачаў развіццё каталіцкіх медый у горадзе над Нёманам, жадаю поспехаў у яго працы і выказваю надзею, што гэты кангрэс прынясе добры плён, паспрыяе развіццю каталіцкіх СМІ ў нашай краіне і іх адносін з медыя як іншых веравызнанняў, так і свецкімі. Аб’яўляю гэты медыйны форум адкрытым.

Дзякую за ўвагу.

Адноўлена 24.08.2012 18:15
 
© 2003-2024 Catholic.by