Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
ІІ канферэнцыя а. Пятра Фраштэнгі OCD, прысвечаная св. Яну ад Крыжа

Жыццё св. Яна ад Крыжа (1542–1591)

Мінулым разам маёй задачай было прадставіць св. Яна ад Крыжа ў якасці чалавека, цалкам адданага Богу, радыкальнага на шляху да святасці. Гэта не перашкаджала яму адначасова быць сябрам іншых, падбадзёрваць іх і паказваць шлях да з’яднання з Богам. Такая пастава св. Яна ад Крыжа заахвочвала і ўсцяж заахвочвае тых, хто пазнае яго перад уступленнем на шлях, які вядзе на вяршыню гары Кармэль.

Спынімся сёння ў разважаннях над ягоным жыццём, даведаемся пра падзеі, якія, можа, неаднойчы будуць нас шакіраваць, падзеі, звязаныя з яго крочаннем да Бога, часта ў абсалютнай пакінутасці. Кім жа быў св. Ян ад Крыжа? Што абазначае сцверджанне, што ён містык, вялікі настаўнік духоўнага жыцця, а таксама доктар паўсюднага Касцёла? Ці можа быць св. Ян ад Крыжа духоўным правадыром для хрысціянаў?

Каб даць правільны і зразумелы адказ на пастаўленыя пытанні, трэба выкарыстаць ключ, якім з’яўляецца пазнанне ягонага жыцця, дзейнасці і яго асабістага ўдзелу на шляху да святасці, а таксама змагання з усім, што перашкаджала яму ў з’яднанні з Богам. Такім чынам, пакажам, што св. Ян ад Крыжа можа быць правадыром на гару Кармэль. Гэта праўда, што надта мала людзей карыстаюцца ягонымі парадамі ў шляху на вяршыню. Аднак маю надзею, што праз нашы канферэнцыі, спатканні са св. Янам ад Крыжа, група ягоных вучняў павялічыцца. Яшчэ адна важная справа, важная парада для адпаведнага разумення яго містычнай дарогі. Вялікія настаўнікі духоўнага жыцця навучаюць таму, чым самі жывуць. Няма падзелу паміж іх жыццём і навучаннем. Нельга разумець ягонай дактрыны без ведання яго асобы.

Дазволю сабе за прафесарам а. Ежы Гаголем OCD падзяліць жыццё св. Яна ад Крыжа на тры этапы, якія адпавядаюць тром формам ягонага паклікання: свецкі чалавек, кармэліт, кармэліт босы.

1. Будучы свецкім чалавекам, ён пражыў 21 год (1542–1563)

Нарадзіўся ў сям’і ўбогіх ткачоў Ганзалеса дэ Эпэс і Каталіны Альварэз. Быў трэцім дзіцём па чарзе і апошнім сынам пасля Францішка і Людвіка. Адразу пасля яго нараджэння паміраюць бацька і брат Людвік. З гэтага часу варта прыгадаць пэўныя факты, якія мелі вырашальны ўплыў на яго чалавечую і хрысціянскую асабовасць.

Бацька Ганзалес дзеля любові адмовіўся ад выгоднага жыцця і ўзяў за жонку ўбогую Каталіну, за што, як запісаў адзін з біёграфаў, «сям’я з пагардай адпіхнула яго ад сябе». Цяжка сказаць, наколькі такая пастава бацькі мела ўплыў на пазнейшыя радыкальныя выбары сына, аднак нельга гэтага факту абмінаць. Можна, аднак, сказаць, што рашэнне бацькі мела непасрэдны ўплыў на сітуацыю ягонай сям’і, асабліва пасля ягонай смерці. Інакш выхоўваюцца дзеці ў доме, дзе ёсць дастатак, а інакш у вельмі яскравым убостве, якое змушае да ашчаднасці, да працы… Вельмі цяжкае дзяцінства, напэўна, мае істотны ўплыў на развіццё маладога чалавека.

Аддаецца служэнню ў касцёле, апецы над хворымі ў шпіталі, навучанню. Гэтыя тры накірункі развіцця знаходзяць працяг ва ўсім далейшым ягоным жыцці. Уражлівасць на гэтыя каштоўнасці св. Ян ад Крыжа ў значнай меры выносіць з дому. Разам з сям’ёй перажывае трагедыю свайго брата. Гэты, ажаніўшыся з Ганнай Ізкуэрда, вельмі пабожнай жанчынай, губляе васьмярых дзяцей (адзіная дзяўчынка, якая засталася жыць, абярэ манаскае жыццё). Нягледзячы на асабістую трагедыю, узімку прымаюць у доме нейкага бяздомнага і апякуюцца ім. Паводле Веласка, Францішак свайго малодшага брата змясціў у шпіталі з мэтай стварэння яму доступу да так жаданых гуманітарных навук.

2. У якасці кармэліта даўнейшага статуту пражыў 5 гадоў (1563–1568). У гэты час маюць месца далейшыя важныя жыццёвыя падзеі.

Ва ўзросце 21 года ён паступае ў навіцыят кармэлітаў у Медына дэль Кампо. Быў перакананы, што знойдзе адпаведнае асяроддзе і сродкі для рэалізацыі кантэмпляцыйнага і марыйнага паклікання, якое ў сабе адкрыў. Праз год, па задавальненні абодвух бакоў, складае манаскія абяцанні і ідзе на навучанне ў Саламанку, дзе знаходзіцца 4 гады.

У 1567 г. прыбывае ў Медыну з мэтай цэлебраваць сваю прыміцыйную св. Імшу для сям’і. Менавіта тады адбываецца сустрэча са св. Тэрэзай ад Езуса. Давярае ёй свой крызіс і намер пераходу да картузаў. Дазваляе Тэрэзе пераканаць сябе застацца яшчэ на год у Саламанцы, пакуль яна паспее знайсці адпаведны дом і распачаць рэформу таксама мужчынскай галіны ордэну.

3. У якасці кармэліта босага пражыў 23 гады (1568–1591). Вось важнейшыя факты з гэтага перыяду.

Рэформа ў Дуруэло. Вядзе разам з двума іншымі братамі суровае малітоўнае жыццё, апостальства ў ваколіцы, жыццё ў суровым пакаянні, адрачэнні.

З 1572 г. спаведнік кармэлітак кляштара Уцелаўлення ў Авілі. Тут набывае вопыт духоўнага кіраўніка.

Дзевяцімесячнае прабыванне ў законным карцэры ў Таледа (да жніўня 1578 г.). Яго лічылі невыпраўляльным бунтаром і трактавалі вельмі сурова. Пакутуе фізічна, псіхічна, маральна, а таксама ў выніку інтэнсіўных містычных аб’яўленняў. У вязніцы піша паэмы «Духоўная песня», «Добра ведаю крыніцу», рамансы.

Можна спыняцца над гэтымі сумнымі падзеямі і нейкім чынам спачуваць св. Яну ад Крыжа альбо дзівіцца пэўнай звышруплівасці кармэлітаў. А можна ўбачыць гэтыя падзеі ў святле Божай задумы. Без цяжкіх перажыванняў у таледскім карцэры, хутчэй за ўсё, св. Ян ад Крыжа не быў бы тым, кім ёсць.

Гэта таксама для нас навука, як трэба глядзець на ўсё тое, што спатыкае чалавека ў жыцці. Усё было прадугледжана і ўлічана ў Божых планах. Павінна быць перажыта ў такім духу.

Пасля ўдалага ўцёку атрымлівае намінацыю на настаяцеля кляштара ў Эль Кальварыё, а ў наступным годзе (1579) становіцца заснавальнікам і рэктарам калегіума ў Баэзе. Амаль да канца жыцця выконвае функцыі настаяцеля.

Пісьменніцкая дзейнасць. У 1582 г. выбіраецца на фундацыю сясцёр у Гранаду, становіцца настаяцелем у кляштары Лос Марцірэс. Гэты кляштар становіцца свайго роду пісьменніцкім кабінетам св. Яна ад Крыжа. Тут піша або заканчвае ўсе свае вялікія творы.

Цяжкія дасведчанні напрыканцы жыцця. Упакораны і пазбаўлены пасадаў, стаіць перад перспектывай выезду ў кляштар у Мексіцы. Айцец Рэформы ўспрыняты амаль як бунтар, а прынамсі як нехта невыгодны для тых, хто мае вырашальны голас. Захоўваецца незвычайна годна на працягу некалькіх апошніх месяцаў жыцця, падчас якіх да маральных цярпенняў далучаюцца яшчэ і вялікія фізічныя пакуты.

Памірае 14 снежня 1591 г. ва Убэда.

Фактам смерці св. Яна ад Крыжа я хацеў бы скончыць сённяшнюю канферэнцыю. Яна з’яўляецца ўступам да разумення і атрымання адказу на пастаўленыя вышэй пытанні: што азначае сцверджанне, што ён містык, вялікі настаўнік духоўнага жыцця, а таксама доктар паўсюднага Касцёла? Ці можа быць св. Ян ад Крыжа духоўным правадыром для хрысціянаў? Маю надзею, што канферэнцыя з’яўляецца таксама заахвочаннем, каб увайсці на дарогу святасці, якую прапануе св. Ян ад Крыжа. Гэта цяжкі і камяністы шлях. Але з іншага боку гэта шлях з правадыром, са знакамі на шляху. Дазволім запрасіць сябе на дарогу вялікага Містыка, доктара паўсюднага Касцёла, які сам прайшоў гэты шлях, што сёння нам прапануе. Як я ўжо сказаў напачатку, вялікія настаўнікі духоўнага жыцця навучаюць таму, чым самі жывуць. Няма раздзялення паміж іхнім жыццём і навучаннем.

Адноўлена 16.03.2012 12:21
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску