Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Ян Павел ІІ — Бэнэдыкт XVI» — ліст кардынала Казіміра Свёнтка
Ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой,
і брамы пякельныя не перамогуць яго (Мц 16, 18).


Сэнс прыведзеных на пачатку гэтага пастырскага паслання словаў Пана Езуса, з якімі Ён звярнуўся да апостала Пятра непадалёк ад Цэзарэі Філіпавай, — набыў асаблівую актуальнасць, выразнасць і значнасць у дні, калі адбывалася развітанне з Янам Паўлам ІІ і выбары новага Папы. Я перажыў іх у Рыме, у Ватыкане. Перажыванне падзеяў, сведкам і ўдзельнікам якіх мне давялося стаць у жалобныя дні смерці і пахавання Папы Яна Паўла ІІ і радасныя дні канклава і абрання Бэнэдыкта XVI, я не магу захаваць толькі для сябе, але павінен падзяліцца ім з усім Касцёлам на Беларусі, а таксама з усімі людзьмі добрай волі.

2 красавіка 2005 г. у 21.37 перастала біцца сэрца Святога Айца Яна Паўла ІІ. Адышоў у вечнасць той, хто амаль 27 гадоў спаўняў місію Намесніка Хрыста і Наступніка святога апостала Пятра.

Не толькі Касцёл, якім ён так доўга кіраваў, але ўвесь свет схіліў галаву і ўкленчыў, каб ушанаваць памерлага Папу Яна Паўла ІІ, выказаць яму самыя шчырыя прызнанне і падзяку за яго цудоўны і плённы пантыфікат. Пасля яго смерці ўсе адчулі велізарны боль і пустату. Мільёны людзей, якія ў гэтыя дні жалобы сабраліся ў Рыме, і больш за два мільярды асобаў ва ўсім свеце, хто дзякуючы тэлебачанню таксама прымаў удзел у пахаванні Папы Яна Паўла ІІ, сталі жывым сведчаннем яго велічы і яго святасці. Калі ў базыліцы святога Пятра я ўкленчыў пры катафалку, што быў змешчаны перад канфесіяй Князя апосталаў і на якім спачывала цела памерлага Пантыфіка, я ўбачыў яго твар са слядамі вялікіх цярпенняў, разумення велічы смерці, а таксама благаслаўлёнага супакою вечнага жыцця і адначасова ўзнёсласці Папства.

Доўга і шчыра я маліўся не столькі за яго, колькі да яго, дзякуючы за ўсё, што ён даў мне асабіста, чым адарыў Касцёл у Беларусі, і даручаў усіх нас яго далейшаму кіраўніцтву і заступніцтву ў Валадарстве Нябесным каля трону Хрыста, Намеснікам якога Ян Павел ІІ быў на зямлі. Я зразумеў таксама, што яго смерць не разлучыла нас, але яшчэ больш зблізіла і з’яднала повязямі вечнага жыцця.

8 красавіка адбыліся пахавальныя абрады на плошчы Святога Пятра, дзе сабраліся сотні тысяч людзей, сярод якіх было 200 кіраўнікоў дзяржаў, рэлігійных лідэраў і прадстаўнікоў розных веравызнанняў. Перад алтаром на плошчы стаяла труна з разгорнутай кнігай Евангелля, старонкі якой пад парывамі ветру пераварочваліся нібы пад павевам Духа Святога, ажно пакуль яна не закрылася, напэўна, на знак заканчэння зямнога жыцця Пантыфіка. Святую Імшу канцэлебравалі кардыналы пад кіраўніцтвам дэкана Калегіі кардыналаў Ёзафа Ратцынгера, які ў гаміліі, між іншым, сказаў: «Мы можам быць упэўненыя, што наш любы Папа глядзіць з акна дому Айца Нябеснага, бачыць нас і нас благаслаўляе».

На заканчэнне святой Імшы натоўп людзей, сабраных на плошчы, своеасаблівым чынам развітваўся з адышоўшым у вечнасць Папам Янам Паўлам ІІ — некалькі хвілін не змаўкалі апладысменты.

12 мужчын паднялі труну, і ў велічным шэсці яна была перанесена ў базыліку, дзе кардыналы развіталіся з Папам Янам Паўлам ІІ, зняўшы свае пурпурныя шапачкі і схіліўшы галовы. Труну з целам Папы Яна Паўла ІІ паставілі ў гротах пад базылікай святога Пятра ў выкапанай магіле, якую накрылі белай мармуровай плітой з надпісам:

 

IOANNES PAULUS PP II
16.X.1978 – 2.IV.2005
 
Ніякіх кветак, ніякіх свечак — толькі адзін запалены зніч перад плітой.
 
Шматлікі натоўп штодзённа наведваў магілу Папы Яна Паўла ІІ, каб у маўчанні і засяроджанасці выказаць яму пашану і падзяку, а таксама засведчыць памяць. Некалькі разоў я наведаў магілу Святога Айца Яна Паўла ІІ, каб падзякаваць за яго цудоўны пантыфікат, за яго сведчанне веры, дабрыні, любові, за яго выключную добразычлівасць і дапамогу Касцёлу ў Беларусі, а таксама за яго цеплыню і сардэчнасць у адносінах да мяне. Я абяцаў Папу Яну Паўлу ІІ пры яго магіле, што каталікі Беларусі будуць памятаць пра яго, маліцца за яго, што будуць вернымі і паслухмянымі Касцёлу і Апостальскай Сталіцы.
 
З 8 да 16 красавіка ў базыліцы святога Пятра адбыліся «Novendiales» — на працягу дзевяці дзён штодзённа адбываліся ўрачыстыя святыя Імшы за памерлага Папу Яна Паўла ІІ з удзелам кардыналаў. Гэта быў час жалобы. На працягу яго ў Сінадальнай зале штодзённа праходзілі агульныя сходы кардыналаў, на якіх абмяркоўваліся бягучыя справы, а таксама сітуацыя ў Касцёле і ў свеце.

18 красавіка, у дзень пачатку канклава, у базыліцы святога Пятра адбылася святога Імша, якую цэлебравалі кардыналы-выбаршчыкі пад кіраўніцтвам дэкана Калегіі кардыналаў Ёзафа Ратцынгера. У гэтай святой Імшы бралі ўдзел таксама і кардыналы, старэйшыя за 80 гадоў, якія не ўдзельнічаюць у выбары Папы. У гэты ж дзень у 16.00 кардыналы-выбаршчыкі ў працэсіі прайшлі ў Сікстынскую капэлу, дзе адбылося першае галасаване, пасля якога пайшоў чорны дым з коміну на даху капэлы.

19 красавіка ў першай палове дня кардыналы галасавалі два разы, але таксама безвынікова: з коміна двойчы ішоў чорны дым. Увечары адбылося чацвёртае галасаванне. Плошча Святога Пятра поўнасцю запоўнілася вернікамі. У 17.50 з коміна над Сікстынскай капэлай з’явіўся белы дым. Рэакцыю сабраных на плошчы Святога Пятра людзей цяжка апісаць: апладысменты, воклічы, танцы... Праз некалькі хвілін забіў звон на вежы базылікі святога Пятра. Энтузіязм узрастаў. Я быў там, углядаўся ў белы дым над дахам Сікстынскай капэлы, а пасля ўслухоўваўся ў гучанне звону на вежы базылікі. Радасць, хваляванне ахапілі мяне. Праз некаторы час адчыніліся дзверы балкону, што на фасадзе базылікі, і быў вывешаны папскі дыван. Паказаўся кардынал протадэкан Хорхэ Медына Эстэвэс, які роўна ў 18.50 абвясціў: «Annuntio vobis gaudium magnum: habemus papam» («Абвяшчаю вялікую радасць: у нас ёсць Папа»).

Пачуліся радасныя апладысменты, людзі пачалі абдымацца. Далей кардынал працягваў: «Eminentissimum ac Reverendissimum Dominum, Dominum Iosephum Cardinalem Sanctae Catholicae Romanae Ecclesiae Ratzinger quis imposuit sibi nomen Benedictus XVI» («Найдастойнейшы і найвялебнейшы кардынал Святога Рыма-Каталіцкага Касцёла Ёзаф Ратцынгер, які прымае імя Бэнэдыкт XVI»).

Плошчу ахапіла вялікая хваля апладысментаў. У тую ж хвіліну на балконе паказаўся 264 наступнік святога Пятра, Папа Бэнэдыкт XVI. Бурная радасць, апладысменты: «Viva il Papa!» («Няхай жыве Папа!»). Узрадаваны Папа дзякаваў з высока ўзнятымі і распасцёртымі рукамі. Калі крыкі і апладысменты сціхлі, Бэнэдыкт XVI сказаў: «Пасля вялікага Папы Яна Паўла ІІ кардыналы абралі мяне — простага і сціплага працаўніка Вінаградніку Пана. Суцяшае мяне тое, што Пан можа дзейнічаць таксама карыстаючыся недасканалымі прыладамі. Перадусім я даручаю сябе вашым малітвам. У радасці Уваскрослага Пана, з верай у Яго нястомную дапамогу, будзем ісці наперад. Пан нас падтрымае, а Маці Божая будзе з намі. Дзякуй».

Зноў вялікая хваля апладысментаў. Большасць сабраных на плошчы Святога Пятра ўкленчылі, і Бэнэдыкт XVI удзяліў сваё першае апостальскае благаслаўленне «Urbi et Orbi» («Гораду і свету»). Бурныя воклічы «Брава!» суправаджалі Папу, калі ён адыходзіў з балкона ўглыб базылікі святога Пятра.

Шмат часу прайшло, пакуль не апусцела плошча Святога Пятра, дзе сабраліся каля 20 тысяч чалавек, якія жадалі прысутнічаць пры абвяшчэнні новага Папы.

Папа Бэнэдыкт XVI (да гэтага часу кардынал Ёзаф Ратцынгер) — немец па паходжанні – нарадзіўся 16 красавіка 1927 г., святарскае пасвячэнне атрымаў 29 чэрвеня 1951 г. 24 сакавіка 1977 г. Папа Павел VI прызначыў яго арцыбіскупам мітрапалітам Мюнхена і Фрайзінга, а 27 чэрвеня гэтага ж года ўвёў у склад Калегіі кардыналаў. 25 лістапада 1981 г. Папа Ян Павел ІІ даручыў яму кіраванне Кангрэгацыяй Веравучэння. Кардынал Ёзаф Ратцынгер адзначыўся прынцыповасцю і паслядоўнасцю ў справах веры. Ён быў адным з самых блізкіх супрацоўнікаў Папы Яна Паўла ІІ.

20 красавіка ў 9.00 Папа Бэнэдыкт XVI канцэлебраваў з кардыналамі-выбаршчыкамі святую Імшу ў Сікстынскай капэле, на заканчэнне якой па-лацінску прачытаў гамілію. У ёй Бэнэдыкт XVI неаднаразова ўзгадваў Папу Яна Паўла ІІ. Між іншым ён сказаў: «Мне здаецца, што я адчуваю моцную далонь Святога Айца Яна Паўла ІІ, якая сціскае маю далонь; здаецца, я бачу яго вочы, якія ўсміхаюцца, і чую яго словы, скіраваныя ў гэты момант асабліва да мяне: „Не бойся!“». І яшчэ: «Так, як Пётр, я таксама аднаўляю безумоўную прысягу вернасці Хрысту. Толькі Яму буду служыць, цалкам аддаючыся служэнню Яго Касцёлу».

22 красавіка ў Клементыйскай зале Апостальскага палаца адбылася сустрэча Папы Бэнэдыкта XVI з кардыналамі. Падчас сваёй прамовы Папа Бэнэдыкт XVI падзякаваў кардыналам за давер, які яны аказалі яму, калі абралі на пасад біскупа Рыма і Пастыра Паўсюднага Касцёла. Між іншым новаабраны Папа сказаў: «Ваша духоўная блізкасць, вашыя светлыя парады і вашае дзейснае супрацоўніцтва стануць для мяне дарам, за які я заўсёды буду вам удзячны. Гэта таксама будзе для мяне стымулам да таго, каб з непадзельнай вернасцю і адданасцю выканаць да канца даверанае мне заданне». Просьбу Папы Бэнэдыкта XVI аб парадзе і супрацоўніцтве многія кардыналы ўспрынялі як абяцанне большай калегіяльнасці ў кіраванні Касцёлам.

На заканчэнне гэтых гістарычных дзён 24 красавіка 2005 г. у 10.00 на плошчы Святога Пятра адбылася ўрачыстая інаўгурацыя Пантыфікату Папы Бэнэдыкта XVI. У канцэлебрацыі святой Імшы пад кіраўніцтвам Папы ўдзельнічалі амаль усе кардыналы, шмат біскупаў і святароў. Плошча Святога Пятра і бліжэйшыя вуліцы запоўнілі каля поўмільёна вернікаў. Сярод 140 афіцыйных дэлегацый прысутнічалі 36 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, прадстаўнікі 24 рэлігійных канфесій. Святую Камунію ўдзялялі больш за 320 святароў. Цэлебрацыя святой Імшы і інаўгурацыя працягвалася амаль 3 гадзіны. Пасля чытання Евангелля Папа Бэнэдыкт XVI прыняў сімвалы папскай улады: палій (2, 6 м даўжыні), які з’яўляецца знакам Пастыра, біскупа Рыма, і пярсцёнак Рыбака — знак служэння Пятра.

У сваёй гаміліі Папа Бэнэдыкт XVI ужо ў першых словах аддаў пашану святой памяці Папу Яну Паўлу ІІ. Ён узгадаў, «якімі пакінутымі мы адчувалі сябе пасля смерці Папы, які больш за 26 гадоў быў нашым Пастырам і Правадыром па шляхах часу». Вяртаючыся памяццю да 22 кастрычніка 1978 г. — дня інаўгурацыі пантыфікату Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкт XVI узгадаў: «У маіх вушах увесь час гучаць словы, якія ён тады сказаў: „Не бойцеся, адкрыйце і нават расчыніце насцеж дзверы Хрысту!“». Акрамя гэтага Бэнэдыкт XVI казаў: «Мая сапраўдная праграма кіравання ў тым, каб не чыніць маю волю, не ісці за маімі ідэямі, але разам з усім Касцёлам прыслухоўвацца да слова і волі Пана і дазволіць Яму весці мяне такім чынам, каб Ён сам вёў Касцёл у гэты перыяд нашай гісторыі».

Іншую форму мела ўшанаванне, якое выяўляюць Пантыфіку ўсе кардыналы. Замест яго адбыўся абрад, падчас якога абяцалі паслухмянасць Папу 12 асобаў: 3 кардыналы, біскуп, святар, дыякан, законнік і законніца, сужэнская пара і двое падлеткаў перад прыняццем сакрамэнту канфірмацыі.

Пасля ўдзеленага благаслаўлення Папа Бэнэдыкт XVI у адкрытым папамабіле спусціўся з прэзбітэрыя. З прамяністай усмешкай ён праехаў сярод вернікаў, што сабраліся на плошчы Святога Пятра, удзяляючы ім благаслаўленне, а навокал гучалі воклічы: «Benedetto, viva il Papa!» («Няхай жыве Папа Бэнэдыкт!»).

Так завяршыліся дні майго прабывання ў Рыме і Ватыкане. Дні, поўныя смутку і жалобы. Дні, поўныя радасці і надзеі. Вяртаючыся на Беларусь, я вязу з сабою веліч і святасць светлай постаці памерлага Папы Яна Паўла ІІ, а таксама мудрасць і лагоднасць пакорнай постаці новага Папы Бэнэдыкта XVI.

Праявім жа ў сваім жыцці і паводзінах нашу моцную, нязломную веру ў Бога, нашу сталую вернасць Каталіцкаму Касцёлу, нашу пакорную паслухмянасць Апостальскай Сталіцы, нашу малітоўную памяць пра памерлага Папу Яна Паўла ІІ і пра цяперашняга Папу Бэнэдыкта XVI.

Кардынал Казімір Свёнтэк
Рым — Ватыкан, 2–24 красавіка
Адноўлена 13.07.2009 14:51
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску