Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Канферэнцыя а. Пятра Фраштэнгі OCD «„Маленькі шлях духоўнага сыноўства” св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус»

Мае дарагія! Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус прыходзіць да нас, каб прынесці нам нешта найкаштоўнейшае ў жыцці чалавека, а менавіта радасць быцця дзіцём Пана Бога. Сёння я хацеў бы больш засяродзіцца на дарах, якія нам пакідае, каб кожны з нас адчуў блізкасць прабывання разам з Тэрэзай пры сэрцы добрага Айца, каб кожны з нас адчуў, што добры Айцец трымае яго ў сваіх абдымках. Гэта маё прагненне.

Прагненні — гэта штосьці, што спадарожнічае кожнаму з нас. Прагнем свайго шчасця і нашых блізкіх, прагнем, каб нас атачалі зычлівасцю і любоўю, і шмат можна было б пералічваць нашыя асабістыя прагненні, якія носім у сэрцах. Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус таксама не была пазбаўлена прагненняў, якія сам Бог уклаў у яе сэрца, але і адчування ўласнага бяссілля адносна іх. Таму наша святая верыць, што, калі сам Бог дае ёй такія прагненні, то таксама сам Бог можа іх задаволіць.

Калі прыгледзімся да часоў, у якіх жыве св. Тэрэза, то заўважым, што іх характарызуюць велізарныя адкрыцці, а менавіта электрычнасць, радыё, тэлефон, кінематограф. З’яўляюцца першыя даследчыкі хмараў, распачынаецца вытворчасць аўтамабіляў. Можна сказаць, што Тэрэза жыве ў часы вялікіх вынаходніцтваў чалавецтва. Але і яна сама шмат адкрывае. А што ж такога яна адкрыла?

Адкрыла свет вялікіх прагненняў, гэта значыць быць тым, чым ёсць Касцёл. Яе прагненні — гэта практычна ўсё, што яна мае. І, што найважнейшае, яна не баіцца прысвойваць сабе гэтых вялікіх прагненняў. Хоча быць Абранніцай Хрыста, хоча быць маці для ўсяго Касцёла, місіянеркай, мучаніцай, доктарам, святаром, апосталам. Хоча быць усім у Касцёле. Шчыра кажучы, немагчыма пералічыць усіх яе прагненняў, якія нараджаюцца з любові да Езуса. Яна сама так скардзіцца свайму ўмілаванаму Езусу: «Чаму Ты не затрымліваеш гэтых бязмежных прагненняў для вялікіх душаў, для арлоў, якія лётаюць на вышынях. Я… не з’яўляюся арлом». Натуральна, заўважае ва ўсім гэтым бяссілле. Але ўсё роўна не паддаецца, выслухоўваючы канферэнцыі, казанні, шукаючы такім чынам сваё месца ў Касцёле. Шмат праблем стварыў для яе фрагмент паслання св. Паўла, у якім чуем пра падзел функцый і заданняў у Касцёле, — а яна ж хацела быць усім адразу. І ўрэшце ў гэтым жа фрагменце св. Паўла, у словах любові, знаходзіць спакой і сваё пакліканне: быць любоўю ў сэрцы Касцёла. У сэрцы Касцёла крычыць: «Я павінна Тваю любоў учыніць сваёй», — і піша шпількай на сцяне сваёй келлі любоўнае вызнанне: «Дай мне Тваё сэрца, каб я любіла».

У гэтых вялікіх адносна яе прагненнях яна адчувае сваю мізэрнасць. Таму, каб рэалізаваць свае прагненні, якія яе перавышаюць, пад канец жыцця фарміруе сваю так званую Малую дарогу.

А чым, мае дарагія, ёсць гэтая Малая дарога, пра якую вы напэўна ўжо неаднойчы чулі, і чаму яе называюць Малой? Наша святая адкрывае спачатку малога Езуса, у ноч Божага Нараджэння, маючы 13 гадоў. Ужо тады яна заўважае, як Бог, які ўсё можа, усемагутны, які ўсё ведае, гэты Бог укрываецца ў безабаронным малым дзіцяці. Хоча быць малой, каб быць з малым Богам. Тут і пазней Тэрэза адкрывае сваю малеч, гэта значыць, што сама не ўзнімецца да Пана, што сама нічога не асягне. «Я такая шчаслівая ад таго, што я слабая і малая», — так пісала пра сябе.

Мае дарагія, аж дзіўна! Такія словы сёння ў свеце амбіцый, дамінавання над іншымі, незалежнасці або поспеху, здаюцца не да месца і незразумелымі. Спытаемся каго-небудзь, ці хоча быць малым, нічога не значыць, быць маргіналам гісторыі, адстаўленым у кут. Натуральна, кожны адкажа, што такое жыццё яго не задаволіць. А Тэрэза вельмі добра разумее, што найцяжэй згадзіцца быць малым і ўбогім, і сама дадае: «малым і ўбогім ажно да смерці». Здаецца, што ў быцці малой знайшла сваю найвялікшую праўду: Бог у тым, каб быць малым і нічога не значыць, укрыў велізарную моц.

Быць малым і нічога не значыць, так, як блудны сын з Евангелля. Сын, які, маючы вялікія амбіцыі і ілюзіі, вырушае з маёнткам у далёкія краіны, і толькі пазней адкрывае сваю слабасць, бяду і бяссілле, але не застаецца ў гэтым. Ідзе да свайго Айца, каб у яго абдымках нанава знайсці сваю годнасць, сваё сыноўства і сэнс свайго жыцця. Падобна і Тэрэза, ведаючы, што мае пустыя рукі, хоча знайсці свой сэнс у абдымках Айца. Яна не лічыць добрых учынкаў, не хоча мець ніякіх заслугаў, ведае, што на самой справе яна нічога не мае, а хоча мець толькі Бога і Ім узбагачацца.

І яшчэ адна справа, пра якую хацеў бы сказаць, гэта надзея, альбо, як каму лепш, давер. Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус называецца доктарам надзеі, бо дарога, якую яна прапануе, для слабых людзей, якія не маюць надзеі, якія ўжо знеахвоціліся на дарозе да Бога або могуць гэта ўчыніць. Усіх іх запрашае на сваю дарогу, каб вызваліцца з роспачы, якая, як ведаем, ёсць грахом супраць цноты надзеі.

Ключом да гэтай тэмы будзе французкае слова «abandon», што азначае з аднаго боку пакінутасць, а з іншага — адданне пад апеку кагосьці. І тут Тэрэза, прыглядаючыся да надзеі Айца, што збаўчая справа Сына будзе паспяховай, сама такім жа чынам паступае — знаходзіць сваю цвярдыню ў Богу. А такая надзея не можа быць абгрунтаванай, а можа быць толькі надзеяй дзіцяці, якое яшчэ не разумее суровых правілаў жыцця і можа супрацьпаставіць гэтаму толькі нявінны давер, што Айцец ёсць Айцом і што заўсёды можна кінуцца Яму ў абдымкі. Здаецца, што менавіта гэтым даверам яна заваявала неба.

Дазвольце яшчэ раз паставіць тое ж пытанне, а менавіта: чаму Малая дарога названа дарогай надзеі? І ўжо даю адказ, які крыху адрозны ад папярэдняга. З’яўляецца дарогай надзеі, бо чалавек, які ідзе па ёй, чакае Бога і адначасова чакае нечага ад Бога з умовай, што нічога не збірае. Чалавек, які ідзе шляхам, прапанаваным св. Тэрэзай ад Дзіцятка Езус, можа спадзявацца толькі на ласку. Так піша наша святая: «Калі раблю нейкае глупства або здзяйсняю грэх, то не вяртаюся ў мінулае, але ўсё гэта цалкам давяраю Богу». Можа, нас дзівіць такое сцверджанне, а асабліва словы пра грэх. Бо ці нішчыць нашу сувязь з Богам тое, што аддзяляе нас ад Бога? А як жа магло быць інакш? Такое сцверджанне выклікала ў Тэрэзы велізарнае пазітыўнае здзіўленне, калі пачула ад свайго спаведніка, што яе памылкі не засмучаюць Бога. Зрэшты, самі паслухаем, што яна сказала: «Дагэтуль я ніколі не чула, каб памылкі не засмучалі Пана Бога; гэтае перакананне напоўніла мяне радасцю і дазволіла мне цярпліва зносіць выгнанне гэтага жыцця. У глыбіні сэрца я раздзяляла гэтае перакананне…»

Гэты давер, пра які ідзе гаворка, мае яшчэ адзін твар, вельмі важны: дзіцячая непасрэднасць. Здаецца, што Тэрэза не разумее, якім чынам яна магла б быць асуджанай. Не разумее, як малое дзіця, іншай сітуацыі: «Нават, калі ў маім сэрцы шалее бура, узношу да Цябе, Езу, свой позірк, а ў Тваім любячым позірку чытаю: дзіця, для цябе Я ўчыніў неба». І менавіта гэтым даверам, што Бог не можа не быць добрым, Бог не можа караць сваё дзіця, Бог не можа быць без літасці — гэтым даверам перамагае кожную сітуацыю.

Таму нам трэба з усёй настойлівасцю і моцай паўтараць, што сёння, калі свет загублены, калі дабро і зло так размыты, няма іншага шляху, як толькі шлях даверу. Насуперак усяму злу, якое закранае чалавека, насуперак бядзе, якая прыгінае не аднаго ажно да зямлі, не маем нічога іншага для супрацьпастаўлення, апрача даверу. Гэты давер, паказаны св. Тэрэзай, павінен дапамагчы тым, хто спіхнуты на бераг роспачы, адшукаць ацаленне. І менавіта таму, што ўсё так дрэнна, застаецца толькі Пан. Бо толькі такі чалавек, які ўжо ўсё прайграў, чалавек, які апынуўся з пустымі рукамі, можа нанава, чыстым спосабам даверыцца, але даверыцца Божай міласэрнасці: «Давер адносна Бога, такога міласэрнага, ніколі не ёсць занадта вялікім. Атрымліваецца столькі, наколькі хто спадзяецца». І ў іншым месцы: «Здараецца ў мяне шмат слабасцей, але ніколі гэтаму не дзіўлюся… уздымаюся… па-над дробязямі гэтай зямлі». Гэта значыць, што Езус не чакае ад нас вялікіх чынаў, але толькі даверу Яму і ўдзячнасці. Аднак з уласнага вопыту ведаем, што, калі ў абліччы безнадзейнасці з’яўляецца ўдзячнасць, то мы схільныя лічыць гэта абсурдным і нават немагчымым. Але Тэрэза скажа нам, што гэта магчыма, больш за тое, гэта неабходна. У безнадзейнасці магчыма атрыманне міласэрнасці. Прыгадаем сабе падзеі з жыцця нашай малой святой, якая малілася за аднаго забойцу, каб у хвіліну смерці ўкленчыў перад абліччам Хрыста. І што сталася? Якой вялікай была радасць Тэрэзы, калі даведалася, што яе малітвы былі выслуханы, што той злачынца ў хвіліну смерці навярнуўся і прыняў сакрамэнты! І таму піша: «Каб любоў магла дасягнуць паўнаты, трэба было прынізіцца ажно да мізэрнасці і перамяніць гэтую мізэрнасць у агонь». Разам з Хрыстом асягнуць перамогу. «Я, прынізіўшыся ажно да глыбіні маёй мізэрнасці, так высока ўзнялася, што сталася здольнай асягнуць сваю мэту». Тэрэза вучыцца ад такіх, якія бязвінныя, Добрага злодзея ці Марыі Магдалены, як бы мы сказалі — украсці права на неба. Проста кажучы, Тэрэза ўчыніла з неба больш міласэрнасць, чым узнагароду за зямную працу.

І яшчэ, на заканчэнне сённяшніх разважанняў, адна рэч. Каб крочыць Малой дарогай св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, трэба знайсці ў сабе адвагу і сказаць, што я слабы. «Адзінай падрыхтоўкай, якую чакае Бог, з’яўляецца пакорна прызнаць сваю нягоднасць і тады без трывогі Яму даверыцца… Менавіта мае слабасці даюць мне смеласць аддавацца. Паколькі я бедная, Ён можа даць мне ўсё». А хто ж з нас не бедны? Хто ж з нас не бяссільны і бязрадны?

Святая Тэрэза, вучы нас, як нашае бяссілле і бязраднасць складаць у абдымкі Айца. Вучы нас набліжацца да Ягонай любові. А калі становімся блуднымі сынамі, паказвай нам, як знайсці годнасць і сэнс нашага жыцця ў абдымках Айца.

Адноўлена 06.10.2011 16:41
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску