Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Даклад А. Храмога пра гісторыю касцёла і парафіі ў Нясвіжы

Гісторыя Каталіцкага Касцёла багатая на разнастайныя падзеі на працягу ўсяго перыяду свайго існавання. Ёсць сведчанне, што першая рыма-каталіцкая парафія ў Нясвіжы ўзнікла ў 1471 годзе, але дакладна вядома, што ў 1510 годзе па фундацыі Пятра Кішкі (які ў той час валодаў Нясвіжам) быў пабудаваны драўляны касцёл Святога Духа. З 1555 і да 1584 года ў будынку касцёла размяшчаўся кальвінскі збор. Аднак, новы ўладар Нясвіжа — князь Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка, пазнаёміўшыся з вядомым езуітам айцом Пятром Скаргам, хутка прыняў каталіцтва, а існаваўшы ў будынку касцёла кальвінскі збор зачыніў і саму святыню перадаў Таварыству Езуса.

У 1589 годзе акт фундацыі быў зацвержданы сеймам Рэчы Паспалітай, згодна якому браты езуіты павінны былі адкрыць у горадзе пачатковую школу граматыкі. Для забеспячэння матэрыяльных патрэб Таварыства Езуса, ім быў перададзеня маёнтак Ліпск, з шасцю вёскамі з поўным вызваленнем ад усіх падаткаў. У 1591 годзе князь па жаданню сваёй жонкі Эльжбеты Эўфіміі (з роду Вішнявецкіх) заснаваў кляштар бэнэдыкцінак, аддаўшы яму набыты ў слуцкіх князёў Алелькавічаў фальварак Гавязна з вёскамі Ахрэмавічы, Вязавец, Зарэчча, Петухоўшчына, а таксама 11 моргаў зямлі ў паўднёва-ўсходняй частцы горада і 9 тысяч злотых на пабудову кляштара. У 1598 годзе ён, выконваючы апошнюю волю спачылай княгіні, заснаваў кляштар бернардзінцаў.
Адразу па прыездзе ў Нясвіж езуіты пачалі будаваць новы мураваны касцёл. Спачатку святыню будавалі па плане, які меў форму роўнабаковага грэчаскага крыжа. Але ў 1586 годзе часткова ўзведзены мураваны касцёл быў зруйнаваны, бо яго памер і стыль не адпавядалі новым задумам князя Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. На яго месцы пачалі ўзвадзіць новы мураваны касцёл.

За аснову праекта архітэктар езуіт Джавані Марыя Бернардоні ўзяў планіроўку касцёла Іль Джэзу ў Рыме. Ён меў форму лацінскага крыжа (выцягнутага адным канцом) з вялікім купалам у цэнтры. У выніку Нясвіжскі касцёл прыкладна ў тры разы выглядае меншым за італьянскі прататып.

Будаўніцтва сённяшняй святыні доўжылася з 1587 па 1593 гады і быў кансэкраваны ў 1601 годзе папскім нунцыям Клаўдзіем Рангоні пад тытулам Божага Цела (аб чым нам да сённяшняга дня сведчыць табліца над дзвярамі закрыстыі). Па кутах фасада святыні былі размешчаны драўляныя фігуры св. Мікалая і св. Крыштафа ў гонар фундатара касцёла Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. У верхніх нішах фасада былі размешчаны гіпсавыя статуі св. Ігнацыя Лаёлы і св. Францішка Ксаверыя (двух найвялікшых езуіцкіх святых і фундатараў ордэна).

У 1586—99 гады на тэрыторыі побач з касцёлам былі ўзведзены мураваныя будынкі калегіума езуітаў. У навах размясціліся шэсць бакавых алтароў. Дакладна вядома, што адзін з іх належыў студэнцкай кангрэгацыі пад назвай Найсвяцейшай Марыі Панны Анёльскай.

У 1750 годзе езуіты ў ваколіцах Нясвіжа на гары Святога Міхала пабудавалі капліцу і там размесцілі абраз Маці Божай Анёльскай, бо кангрэгацыя студэнтаў заснаваная ў 1588 годзе разраслася і налічвала на той момант 120 чалавек. З гэтага часу гара атрымала сваю другую назву — Анёльскай. Тытульная прыналежнасць астатніх бочных алтароў часоў езуітаў застаецца невядомай, але і яны, напэўна, належылі да існаваўшых у Нясвіжы кангрэгацый, такіх як: кангрэгацыя мяшчан (з 1595 года), кангрэгацыя Божага Цела дакладна вядома ад 1621 года і брацтва Міласэрнасці заснаванае каля 1590 года. Існаваўшую практыку напэўна ёсць сэнс узнавіць. А ўвогуле да нясвіжскіх езуітаў належылі місіі: у Белай, Бабруйску, Капыле, Крывошыне, Ліпску, Мікалаеве, Мінску, Навагрудку, Слоніме і Ужанцы.

У 1617 годзе ў нашым касцёле, пад час паходу войска на Маскву, па запрашэнні Яна Юрыя Радзівіла маліўся будучы кароль (а тады каралевіч) Уладыслаў IV. Дарэчы, нясвіжскі музей-запаведнік нядаўна набыў юбілейны медаль XVII стагоддзя, у гонар узяцця войскамі Рэчы Паспалітай Смаленска.

У кастрычніку і лістападзе 1625 года ў Нясвіжы адбыўся вялікі мор, ад якога загінула больш 50 жыхароў горада. Ацалелыя гараджане ў знак падзякі Пану Богу за вызваленне ад гэтай кары ў 1626 годзе ў новым горадзе пабудавалі новую капліцу, апеку над якой узялі айцы езуіты. А ў 1627 годзе Таварыства Езуса адкрыла ў Нясвіжы аптэку.

У 1640 годзе горад велічна святкаваў 100 годдзе існавання Таварыства Езуса ў межах паўсюднага Касцёла, калі Папа Рымскі Павел ІІІ зацвердзіў статут св. Ігнацыю Лаёле. Па вуліцах прайшлі працэсіі, былі выстаўлена сімволіка ордэна і Радзівілаў, партрэты князя Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Школьная моладзь выконвала пад музыку трыумфальныя гімны. У памяць гэтай падзеі Аляксандр Людвік Радзівіл падарыў касцёлу да алтара залатое сэрца.

У першай палове XVII стагоддзя Рэч Паспалітая перажыла шэраг жудасных і разбуральных войнаў, у час якіх вельмі моцна пацярпеў і Нясвіж, а краіна вымушана была страціць Смаленскае ваяводства, тэрыторыя якой з большага супадала з тэрыторыяй Смаленскай дыяцэзіяй, якая фармальна працягвала існаваць да 1798 года. Таму ўзнікла праблема часовага, як тады лічылі, размяшчэння смаленскіх дамініканаў. У 1672 годзе падчашы смаленскі Браніслаў Баканоўскі, падтрыманы князем Міхалам Казімірам Радзівілам, пабудаваў дамініканам кляштар, а 26 жніўня 1680 года мураваны каксцёл быў асвечаны пад тытулам Святога Яна Хрысціцеля.

У пачатку XVIII стагоддзя з падтрымкай князя Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі, пачалася рэканструкцыя храма, быў павялічаны фізічны і візуальны аб’ёмы касцёла Божага Цела. Першую задачу выканалі дзякуючы пашырэнню бакавых нефаў і ўключэння ў асноўны інтэр’ер адкрытых тады ж капліц Святых Пятра і Андрэя (пазней Святога Станіслава і Найсвяцейшай Тройцы). Пасля сцены і своды храма былі пакрытыя роспісам, які імітаваў сыходзячую ў верх прастору, такім чынам была створана ілюзія аб’ёмнага інтэр’еру.

У 1747 годзе каля касцёла была пабудавана мураваная капліца (архітэктар М. Пэдэці), якая да сённяшняга часу разам са званіцай дадае сіметрыю архітэктурнаму ансамблю касцёла.

З 1623 па 1630 гг. св. Андрэй Баболя быў рэктарам мясцовага калегіума (каледжа).

Ад 1584 года, часу прыйсця ў Нясвіж езуітаў і да роспуску ордэна ў 1773 годзе, Таварыству Езуса належалі вялікія зямельныя ўладанні, якія яны атрымалі ад князёў Радзівілаў з вёскамі  Рудаўка, Навасёлкі і Амлынцы. Грашовыя паступленні езуітаў увесь час таксама павялічваліся. У 1603 годзе яны складалі 1600 злотых, у 1639–6000 злотых, у 1705–5069 злотых, 1749–5569 злотых. За гэтыя грошы манахі езуіты збудавалі і ўтрымлівалі сам касцёл, школу на 100 чалавек, пры насельніцтве горада 3,5 тысяч жыхароў, калегіум, канвікт, бурсу, бібліятэку, друкарню, архіў, аптэку і шпіталь.

Пасля скасавання ордэна езуітаў Папам Рымскім Кліментам XIV у 1773 годзе, касцёл Божага Цела ў Нясвіжы распараджэннем Віленскага біскупа Ігнацыя Якуба Масальскага быў аб’яўлены парафіяльным і фарным (галоўным касцёлам горада), а ўсе ўстановы якімі апекаваліся езуіты перайшлі да ордэна дамініканаў.

Пасля знікнення ў Нясвіжы езуітаў, праз 20 год з карты Еўропы знікла і дзяржава Рэч Паспалітая, а тэрыторыя Беларусі апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Чарговы ўдар па горадзе нанесла вайна 1812 года, калі князь Дамінік Радзівіл спадзеючыся на адраджэнне Напалеонам Рэчы Паспалітай за свае грошы сфармаваў полк уланаў і да самай сваёй гібелі ў 1813 годзе ваяваў на баку французаў.

Пасля заканчэння вайны ў былых будынках езуіцкага калегіума з невялікімі перапынкамі, на доўгія 150 год размясціліся ўсходнія войскі, задачай якіх з’яўлялася забяспечванне пераўтварэння Нясвіжа ў ціхі сельскагаспадарчы гарадок. У самім горадзе спачатку было ліквідавана магдэбургскае права, а ў 1836 годзе будынак ратушы быў пазбаўлены сваёй вежы. А пасля падаўлення паўстання 1863-64 гадоў праз горад у 1871 годзе не прайшла чыгунка, што пазбавіла горад традыцыйных прыбыткаў ад гандлю і змяніла ўсю сістэму шляхоў зносін у краі.

У 1864 годзе быў закрыты кляштар бэрнардзінцаў, у 1873 годзе кляштар дамініканаў, а ў 1875 годзе і кляўзуровы кляштар сясцёр бэнэдыкцінак. Дарэчы, у гэты сумны перыяд былі закрытыя царскім урадам усе кляштары на Беларусі.

У адказ на такія гвалтоўныя меры царскага рэжыму, у 1866 годзе адбыўся разрыў дыпламатычных стасункаў паміж Расійскай імперыяй і Ватыканам. Пантыфікі бласлаўлёны Пій ІХ, Леў ХІІІ і св. Пій Х патрабавалі ад царскага ўрада спынення дэпартацыі з тэрыторыі Беларусі ў Сібір духоўных асобаў, аднаўленне грэка-каталіцкіх структур, вяртанне касцёлу канфіскаваных святыняў і дазвол на бесперашкоднае функцыянаванне ў межах імперыі каталіцкім святарам.

На момант фактычнага скасавання каталіцкіх структур горада ў Нясвіжы ў фарным касцёле Божага Цела працавалі канонік Магілёўскай капітулы ксёндз Вінцэнт Вейтка і а. Людвік Кулакоўскі, якія акрамя самой парафіі абслугоўвалі капліцы ў новым горадзе і Слуцкую браму. У дамініканскім кляштары настаяцелем быў а. Дамінік Пісарскі з 10 манахамі і 8 паслушнікамі. У сясцёр бэнэдыкцінак духоўнікам працаваў а. Мельхіёр Васілеўскі.

У 1869 годзе была ліквідавана Мінская дыяцэзія: яе тэрыторыю далучылі спачатку да Віленскай, а ў 1883 годзе да Магілёўскай архідыяцэзіі. Рэзідэнцыя арцібіскупаў магілёўскіх знаходзілася ў Санкт-Пецярбургу. Існаваўшыя абмежаванні з боку ўлад не дазвалялі арцыпастырам выконваць свае кананічныя абавязкі па наведванню падначаленых ім парафій.

За ўвесь час знаходжання Нясвіжа ў складзе Расійскай імперыі, адбылася толькі адна апостальская візітацыя. Калі 17 верасня 1910 года ўвесь горад вітаў Дапаможнага біскупа Магілёўскага Яна Цэпляка, на лёс якога выпала кіраваць мітраполіяй у час рэвалюцыі. Яго Эксцэленцыя Ян Цэпляк у Нясвіжы ўдзяліў абрад канфірмацыя 987 вернікам парафіі і ваколіц. Дарэчы, Нясвіж стаў апошнім беларускім горадам, які наведаў пастыр у сваім жыцці.

Нягледзячы на тое, што праграма візітацыі была зацвержана ў тагачасным Міністэрстве ўнутраных спраў, а да самога біскупа былі прыстаўлены служкі міністэрства, ураднік Мамантаў з Мінска даслаў ад тагачаснага старшыні Савета Міністраў і Міністра ўнутраных спраў Сталыпіна загад вярнуцца ў Пецярбург. Прычынай такой заклапочанасці з боку ўрада заключалася ў тым, што Яго Эксцэленцыю ў кожным паселішчы сустракалі шматтысячныя натоўпы вернікаў.

Уся тэрыторыя Беларусі складалася з Магілёўскай архідыяцэзіі і Віленскай дыяцэзіі. Дарэчы, Віленскі біскуп і апошні Мітрапаліт Магілёўскі Эдвард фон дэр Роп і дэпутат Дзяржаўнай думы ад горада Вільні, да самай рэвалюцыі загадам Сталыпіна быў пазбаўлены магчымасці выконваць свае пастырскія абавязкі і адпраўлены ў ссылку, якая працягвалася дзясяць год да самай рэвалюцыі.

Сітуацыя пачала змяняцца ў лепшы бок толькі пасля 1917 года, калі Часовы ўрад даў згоду на аднаўленне Мінскай дыяцэзіі, біскупам якой быў прызначаны Зыгмунт Лазінскі. Так сталася, што з 1925 па 1932 гады ён быў першым біскупам новаўтворанай Пінскай дыяцэзіі, у склад якой уваходзіў і Нясвіж. Аднак наперадзе яшчэ было шмат гора. Два гады з 1915 па 1917, Нясвіж з’яўляўся прыфрантавым горадам, жыхары якога неслі на сабе ўвесь цяжар пастояў войска лагераў бежанцаў.

У гэты цяжкі час парафія прыняла актыўны ўдзел у падзеях Першай сусветнай вайны, шмат несвяжан былі забраныя ў войска, жыхары перажылі некалькі хваляў рэквізіцый сваёй маёмасці на патрэбы войска. Але нягледзячы ні на што парафія адгукнулася на заклік Святога Айца Бэнэдыкта XV аб малітве ў інтэнцыі міра і спакою ў свеце, аб дапамозе ахвярам вайны. Намаганнямі вернікаў быў створаны камітэт па дапамозе бежанцам, якія атрымоўвалі ад касцёла харч, вопратку і дах над галавой.

Наступныя часы да 1921 года адзначыліся падзеямі савецка-польскай вайны, якія на лёсе гараджан адбіліся крывавымі рубцамі. У 1919 годзе парафіяне актыўна падтрымалі гарадское паўстанне супраць бязбожных ордаў з усходу, якое было жорстка падаўлена. Сканчэнне ваеннага ліхалецця і падпісанне Рыжскага міру супала яшчэ з адной вялікай падзеяй — абвяшчэнне Папам Бэнэдыктам XV свята Хрыста Валадара Сусвету. Гэта быў сваечасовы крок святога пасада ў падтрымку манархічных настрояў у свеце. У час, калі разваліліся тры імперыі, праваслаўная Расія, пратэстанцкая Нямеччына і каталіцкая Аўстра-Венгрыя. На іх руінах з’явілася шэраг новых дзяржаў. Польская дзяржава, у склад якой уваходзіў і Нясвіж, хоць і стала рэспублікай, але арыстакратычны прынцып фармавання мясцовай улады захаваўся. Нясвіж у гэтым сэнсе быў класічным узорам, калі жыццё горада падпарадкоўвалася тром маральным аўтарытэтам: паўсюднаму касцёлу — князям Радзівілам і Хрысту Валадару Сусвету. Дарэчы да 1939 года, гэтае свята парафіянамі было вельмі шанаваным як і ўрачыстасць Божага Цела.

У 1925 годзе біскуп Зыгмунт Лазінскі утварыў Нясвіжскі дэканат. У ваколіцах горада паўсталі новыя парафіі і былі пабудаваныя новыя касцёлы ў Сейлавічах, Гарадзеі і Снове, жыхары якіх да гэтага адносіліся да нясвіжскай парафіі Божага Цела. Быў адроджаны кляштар сясцёр бэнэдыкцінак, якія прыехалі ў Нясвіж з Кракава. Да 1939 года парафія дынамічна развівалася і расла. Жыццё касцёла адчувалася фактычна ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. У 1934 годзе парафіянаў налічвалася 3 176 чалавек, пры насельніцтве горада ў 7 608 чалавек, 3 381 чалавек адносілі сябе да яўрэяў. Такім чынам доля каталіцкага насельніцтва горада ў міжваенным Нсвіжы складала 40 %. Уплыў касцёла адчуваўся ва ўсім, у сістэме адукацыі: у гарадскіх школах і гімназіі імя Уладыслава Сыракомлі выкладаўся Закон Божы.

У раскватэраваным у горадзе 27-м уланскім палку былі свае ваенныя капеланы, якія ўскосна мелі дачыненне і да парафіі Божага Цела. Асноўныя каталіцкія святы ў польскай дзяржаве адзначаліся як святочныя дні. Нявырашанай заставалася ў парафіі толькі адна праблема — нацыянальная, калі католікі беларусы былі пазбаўлены права маліцца на роднай мове, бо чытанні, казанні і ўся літургія адбывалася на польскай мове. Дзейнасць парафіі датавалася з польскага бюджэту, а сама парафія валодала ў горадзе шэрагам будынкаў якія здаваліся ў арэнду.

17 верасня 1939 года адбыўся арышт князёў Радзівілаў і дэпартацыя на ўсход у глыб Расіі шматлікіх нясвіжан, войскі НКУС гналі на станцыю Гарадзея арыштаваных жыхароў горада, сярод якіх былі і нашыя вернікі. У лагеры пад Харкавым загінула шмат афіцэраў 27 уланскага палка. Акрамя страт, панесеных парафіянамі, неабходна сказаць аб разладжванні ўсяго рэлійнага жыцця. Святароў арыштоўваліі растрэльвалі, касцёлы зачынялі і бурылі, а вернікі, што прыходзілі да ацалеўшых касцёлаў ці дапамагалі хаваўшымся святарам, жылі пад пагрозай аб’яўлення сябе ворагамі народа. Усім добра вядома біяграфія шаноўнага кардынала, Яго Эмінэнцыі Казіміра Свёнтэка, які прайшоў за сваю веру праз растрэльныя падвалы і ГУЛАГ НКУС. Але сёння хацелася б звярнуць увагу на посцаць іншага чалавека — Слугі Божага айца Гжэгажа Каласоўскага.

Ксёндз Гжэгаж Каласоўскі нарадзіўся 12 сакавіка 1909 года ў фальварку Гусінец пад Баранавічамі, быў у сям’і трэцім з шасці дзіцём Эвеліны і Вінцэнта Каласоўскіх. Бацькі выхавалі ў ім глыбокую каталіцкую веру і непарушныя маральныя каштоўнасці. Хрост атрымаў у парафіі Перамянення Пана ў Новай Мышы. Чатырохгадовую адукацыю атрымаў у Грудах, а астатнія тры гады навучаўся ў Лясной.

З самага дзяцінства праяўляў цікавасць да касцёльных абрадаў, любіў вырабляць з дрэва крыжыкі, алтарыкі, каплічкі і такім чынам заахвочваў сваіх сяброў да малітвы. Гэта былі першыя знакі яго нялёгкага паклікання.

Пасля заканчэння гімназіі ў Баранавічах два гады працаваў памочнікам каменшчыка падчас будоўлі семінарыі ў Драгічыне над Бугам. У 1934 годзе і да 1939 года вучыўся у Пінскай семінарыі, дзе прыналежыў да семінарыйнага хору. Святарскія пасвячэнні атрымаў 8 красавіка 1939 года ў Пінскай катэдры з рук ардынарыя дыяцэзіі ксяндза біскупа Казіміра Букрабы. Сярод дзевяці кандыдатаў да святарства быў і яго аднакурснік кардынал Казімір Свёнтэк. Прыміцыйную Імшу адправіў 16 красавіка 1939 года ў Навасадах. Наступная эўхарыстыя была адслужана ў падножжы алтара Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні. 25 красавіка 1939 года быў накіраваны ў Нясвіж вікарыем, на дапамогу ксяндзу дэкану Кубіку, у касцёл Божага Цела, дзе ён і застаўся да самой смерці.

Падчас Другой сусветнай вайны трагічна абарвалося жыццё двух з дзевяці святароў-аднакурсеікаў ксяндза Гжэгажа. Ксёндз Адольф Слівінскі, вікарый парафіі ў Стоўбцах, у самым пачатку вайны быў цяжка паранены і неўзабаве памёр, а ксёндз Юзаф Барадзін, разам з пробашчам быў спалены гітлераўцамі ў Налібоках, што непадалёк ад Нясвіжа.

17 верасня 1939 года войскі Чырвонай арміі ўвайшлі ў горад, што рэзка змяніла жыццё і айца Гжэгажа, які толькі распачаў сваю душпастырскую місію служэння людзям. Нягледзячы на небяспеку, кожны дзень дапамагаў пераследаваным матэрыяльна і духоўна. Тайна ўдзяляў сакрамант хросту, сужэнства і падрыхтоўваў дзяцей да першай Камуніі.

Яго асабістыя намаганні дапамаглі выратаваць ад вывазу і знішчэння войскамі НКУС саркафагі Радзівілаў, якія знаходзіліся пад касцёлам. Нягледзячы на пагрозу смерці, ксёндз Гжэгаж Каласоўскі таксама здолеў захаваць ад знішчэння і касцёльныя рэліквіі, літургічныя прылады, звон і арган, якія хацелі пераплавіць на зброю.

Падчас вынішчэння інтэлігенцыі ў Нясвіжы, па плану Гімлера «Лагоднае супакаенне», у канцы чэрвеня 1942 года 80 чалавек трапілі ў вязніцу, сярод якіх былі святары і сёстры законныя, а таксама настаўнікі, студэнты, вучні, працаўнікі польскай адміністрацыі, жаўнеры, рамеснікі і земляробы. Сярод гэтых годных людзей быў і айцец Гжэгаж, але Пан Бог рыхтаваў свайго слугу для іншага. За ксяндза Каласоўскага яго добрым знаёмым панам Русаком, быў унесены вялікі выкуп, што фактычна і выратавала яго ад смерці ў адрозненні ад усіх астатніх, якія былі растраляныя ў ноч з 4 на 5 красавіка 1942 года ў лясным урочышчы «Гайкі», што каля вёсак Еськавічы і Малева, на 11 кіламетры дарогі з Нясвіжа на Сноў. Зараз на гэтым месцы знаходзіцца помнік.

У 1944 годзе падчас франтавых баёў была знішчана верхняя частка купала і цалкам згарэў дах касцёла, але фрэскі засталіся некранутымі. Пасля вайны ксёндз Гжэгаж Каласоўскі разам з вернікамі распачаў адбудову святыні і амаль праз 6 тыдняў праца была завершана.

У 1945 годзе пачалася дэпартацыя, а дакладней перасяленне беларускіх палякаў у Польшчу. Сям’я святара таксама вырашыла выехаць з Беларусі, але сам айцец Гжэгаж вырашыў застацца і далей працаваць у Нясвіжы, хаця ўлады пагрозамі і шантажом намагаліся змусіць яго да выеду ў Польшчу. Рашэнне застацца ён прыняў развітваючыся са сваімі роднымі такімі словамі: «Добры пастыр не пакідае сваіх авечак калі на іх нападаюць воўкі, але бароніць іх. Уцякаюць толькі найміты».

Распачаўшыеся камуністычныя пераследы прымусілі мужнага святара перасяліцца з плябаніі ў гараж, які быў пераабсталяваны пад жыллё. А калі касцёл улада хацела пераўтварыць у музей атэізму, ксёндз Гжэгаж Каласоўскі не толькі не дазволіў ім гэта ажыццявіць, але яшчэ і адрамантаваў святыню. Рупліва працаваў над падрыхтоўкай будучых святароў, сярод патаемных семенарыстаў якога быў і сённяшні Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец ОР.

Ксёндз Гжэгаж Каласоўскі адслужыў бязменна Богу і людзям 52 гады. Цэлебраваў Імшы, спавядаў, наведваў хворых на абшары дзесяці парафій, якія былі пазбаўлены ўладамі пастырскай апекі. Большасць нясвіжскіх парафіянаў прынялі сакрамэнты менавіта з яго рук. У 1990 годзе падчас пабыту ў Ватыкане, атрымаў з рук Яна Паўла ІІ намінацыю прэлата.

Астатнія два гады ксёндз цяжка хварэў і быў паралізаваны. Пры ім заўсёды былі людзі, якія дапамагалі малітвай і ўчынкамі, сярод іх вызначылісяпані Рэгіна і Марыя Рыбалтоўскія. Памёр ксёндз Гжэгаж Каласоўскі 6 снежня 1991 года і быў пахаваны на парафіяльных могілках Нясвіжа.

Сёння мы ганарымся, што ў наш касцёл Божага Цела едуць людзі з усяго свету, ад простых турыстаў і пілігрымаў і да тытулаваных асобаў. Сёння пра нас памятаюць у Ватыкане, усім вядомы прыезд арцыбіскупа Клаўдыё Чэллі, нашы арцыпастыры Тадэвуш Кандрусевіч і Антоній Дзям’янка заўсёды наведваюць нашу парафію, аб ёй рупліва клапоцііцца айцец пробашч Пётр Шарко. У малітоўнай еднасці з намі заўсёды знаходзяцца князі Радзівілы і Таварыства несвяжанаў. Спадзяюся, што мы будзем годнымі такой увагі і апынёмся ў стане пяці мудрых дзеваў, бо не ведаем дакладна ў які дзень і ў чыёй постаці да нас завітае сам Езус Хрыстус да свайго алтара Божага Цела.

Адноўлена 01.07.2011 15:14
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску