Кс. Юзаф Занеўскі — святар-гісторыя Касцёла ў Беларусі | Друк |
Інтэрв'ю
31.01.2017 16:53

Пробашча маскоўскай катэдры кс. Юзафа Занеўскага SDB некаторыя называюць «Апосталам Масквы». Святар служыць тут ужо 25 гадоў. З «Апосталам Масквы», які мае беларускія карані і належыць да салезіянскага таварыства, размаўляе Віктар Хруль.

Тэкст інтэрв'ю на рускай мове (поўная версія) >>>


Дзяцінства

Будучы святар нарадзіўся ў вёсцы Заневічы, што ў Гродзенскай вобласці. У сям’і Юзаф быў самым малодшым, а сям’я была вялікая: восем дзяцей — пяць сыноў і тры дачкі. Вялікай была і гаспадарка ў бацькоў. Таму хлопец прывык і да працы, і да талакі.

Чатыры класы скончыў у Заневічах, дзевяць — у Ліцвінках, у трох кіламетрах ад хаты. «Бацькі клапаціліся пра тое, каб у нас было дастаткова падручнікаў і сшыткаў. Пасля дзявятага класа я пачаў працаваць у калгасе», — адзначае кс. Юзаф Занеўскі SDB.


«Жаніцьба» як крок да святарства

Брат быў сакрыстыянінам, сам Юзаф з 12 гадоў — міністрантам, стрыечныя сёстры ўступілі ў ордэн назарэтанак і жылі ў Гродне.

«Калі фара Вітаўта была ўзарвана, а кляштар назарэтанак зачынены, сёстры пачалі жыць у прыватных дамах, дзе захоўвалі ўсё, што можна было ўратаваць з кляштара. Тады я ўпершыню адчуў жаданне стаць святаром».

Аднак здзейсніць гэтую мару было няпроста «пры новай уладзе». Большасць святароў ужо пабывалі ў турмах, панавала боязь новых пераследаў.

«Але аднойчы ў 1962 годзе я ўбачыў сон. У сне мая спачылая сястра Тэрэса, якая была напачатку манахіняй у назарэтанак, а пасля закрыцця кляштара выйшла замуж, нарадзіла сына і падчас родаў памерла, расказала мне падрабязна, што трэба зрабіць, каб стаць святаром.

Ідэя спачылай сястры была такая: у Польшчы ёсць далёкія родныя, у іх — дачка Галіна, з ёю можна “распісацца” і да яе пераехаць, а потым “развесціся” і жыць у Польшчы, дзе яшчэ ёсць магчымасці для таго, каб стаць святаром».

Гэтай ідэяй Юзаф падзяліўся з пробашчам, і гэтая «камбінацыя» святару падалася цікавай. «Ён звязаўся з маці Галіны і ўсё ёй патлумачыў. Яна згадзілася, але патрэбна была яшчэ згода самой Галіны».

Нявеста згадзілася. Уся вёска цешылася: «Юзаф ажаніўся!»

Афармленне візы на пастаяннае месца жыхарства ў Польшчы заняло год. «Я пагрузіў у багажны вагон вялікі вясковы “куфар”, новы двухцыліндравы матацыкл Ява і іншыя рэчы — на сталае месца жыхарства сабраўся капітальна — і выехаў з Гродна».

У Беластоку ўладкаваўся на фабрыцы, дзе вырабляліся запчасткі. Потым — афармленне разводу.

«І тут хачу добрым словам узгадаць маю “нявесту” і “жонку” Галіну. Якую ж адвагу трэба было мець маладой дзяўчыне, каб узяць шлюб, загадзя ведаючы, што ён фіктыўны і скончыцца разводам... Бог не пакінуў незаўважанай яе ахвяру: потым яна шчасліва выйшла замуж — сустрэла добрага чалавека, нарадзіла чатырох дзяцей, шчасліва жыве недалёка ад Шчэціна да сёння».


Францішкане, паўліны і, нарэшце — салезіяне

«Я шукаў перш за ўсё святарства, але прыйшоў да яго праз манаства». Пакуль афармляўся развод, быў шэраг беспаспяховых спроб адшукаць сваё месца: сустрэча са святаром у кляштары назарэтанак не адбылася, у Варшаўскай семінарыі «да хлопца з СССР паставіліся насцярожана». Пазней у паўлінаў у Чэнстахове і ў францішканаў у Непакалянаве — тая ж насцярожанасць. «Гэта і не дзіўна — часы былі падазроныя.»

«Я хадзіў па нядзелях у невялікую драўляную капліцу Найсвяцейшага Сэрца Езуса, адкрыў там пробашчу свой намер стаць святаром або законнікам. А ён кажа: “Слухай, тут адзін нядаўна паехаў у Чарвіньск, да салезіянаў, яму спадабалася, і яго там прынялі. З’ездзі, паглядзі”

Я паехаў у першы дзень Божага Нараджэння — дабірацца было цяжка, транспарт не ходзіць, але дабраўся. Мяне сустрэў дырэктар, распытаў, што да чаго, і кажа: “Прыязджай”. Накармілі мяне абедам, далі прытулак на начлег, а нараніцу я паехаў у Беласток. Звольніўся з працы, вярнуўся ў Чарвіньск і застаўся там».


З шафёра — у святары

Як узгадвае юбіляр, тагачасны гродзенскі дэкан а. Міхал Арановіч неаднойчы звяртаўся да кардынала Стэфана Вышынскага: «У Польшчы святароў хапае, а мы ў Гродне задыхаемся, у вас у салезіянаў у кляштары сядзіць хлопец з Гродна — зрабіце што-небудзь, каб ён вярнуўся ўжо святаром».

 

 

Фармацыяй беларускага хлопца заняўся інспектар салезіянаў. «Усё было патаемна. Мяне зрабілі кіроўцам інспектара ўжо ў Лодзі, і мы пачалі сістэматычна займацца».

Аднойчы гарадскія ўлады выклікалі Юзафа разам з інспектарам. Размаўлялі з імі паасобку. Юзафу прапанавалі супрацоўніцтва. Адмовіўся. За гэта ў пашпарце яму перакрэслілі візу і «далі 24 гадзіны, каб пакінуць Польшчу». Дзякуючы сувязям інспектара ў Варшаве, пашпарт з адноўленай візай хлопцу вярнулі і больш не чапалі.

Да 1978 года курсы філасофіі і тэалогіі былі скончаны. Пра ўдзяленне сакрамэнту святарства ведаў толькі інспектар і яго намеснік. «Прэзбітэрскае пасвячэнне я атрымаў з рук сакратара прымаса, біскупа Дамброўскага ў яго прыватнай капліцы ў катэдральным касцёле св. Яна Хрысціцеля, замкнёнага знутры».

У Лодзь Юзаф вярнуўся ўжо святаром, але нікому не мог пра гэта сказаць.

Ніякіх прыміцый... Штодзённыя патаемныя цэлебрацыі св. Імшаў разам з інспектарам у замкнёнай капліцы ў Лодзі...

«Сабраты салезіяне не разумелі, чаму мы замыкаемся, а я імкнуўся хутчэй скончыць справы ў Лодзі, каб маё святарства не стала відочным. У мяне ў пакоі было шмат кветак, я іх раздаваў, і зноў неразуменне: “Чаму Юзаф раздае кветкі? Напэўна, пакідае таварыства, не вытрымаў”».


Таемнае становіцца відавочным

Пасля атрымання сакрамэнту святарства вярнуўся з Лодзі ў Гродна. «Мяне прынялі да сябе жыць дзве сястры — сёстры Лісоўскія, прапісалі, і я ўжо мог уладкоўвацца на працу. Па знаёмству — а тады ў СССР вельмі многае рабілася па знаёмству — уладкаваўся на піўзавод. Трэба было дапамагаць дэкану а. Міхалу Арановічу. Святыня была побач, часта я сыходзіў з працы, каб у касцёле таемна спавядаць, а хлопцы працавалі за мяне і дзялілі мой заробак.

Аднойчы прыходжу на працу — у тым жа 1978 годзе — і адзін хлопец мне кажа: “А я вас ведаю. Я ўчора ў Вас на споведзі быў...”»

Праз колькі дзён бабулі ў горадзе пачалі, бачачы ксяндза Юзафа, шаптацца: вунь, падпольны святар пайшоў. «Пра гэта хутка даведалася мясцовае КДБ. Выклікалі да сябе, пытаюцца: “Чаму ты не сказаў, што ты святар?” Адказваю: “А мяне ніхто не пытаўся. Я вярнуўся дадому, працую — што вы ад мяне хочаце?” “Давай, падпісвай паперы. Атрымаеш парафію, мы тут усім кіруем, усё ўладзім”. Адным словам, як у Евангеллі, калі сатана, спакушаючы Езуса ў пустыні, абяцаў Яму ўсе валадарствы свету, — толькі трэба было пакланіцца. Я не пагадзіўся, сказаў, што не буду падпісваць ніякіх папераў і не буду з імі сустракацца». У адказ — пагрозы...

Аднойчы дэкан выехаў у Польшчу наведаць родных і даручыў маладому святару цэлебрацыю нядзельнай Імшы ў бочным алтары з удзелам «надзейных» парафіянаў. Людзей сабралася вельмі многа. «Я выходжу, паварочваюся ад алтара да людзей, кажу: “Пан з вамі!” — і бачу за калонай абласнога ўпаўнаважанага па справах рэлігій... У тыя часы менавіта ўпаўнаважаны дазваляў або не дазваляў святарам служыць — выдаваў так званую “даведку”». Пазней упаўнаважаны ізноў быў заўважаны сярод «надзейных» вернікаў. «Дзе і як ён хаваўся — ніхто не ведаў, але двойчы мяне бачыў за незаконнай, з яго пункту гледжання, дзейнасцю. Так што маё падпольнае служэнне працягвалася нядоўга».


Гродна, Гервяты, Жупраны...

«Калі дэкан вярнуўся, упаўнаважаны яго выклікае: “Ты чаму дазволіў Занеўскаму служыць у касцёле? Хто табе даў такое права?” “Які Занеўскі! Я нічога не ведаю”. Такія вось тады былі размовы з уладамі».

У той час у Гервятах (Астравецкі раён Гродзенскай вобласці) памёр святар. Парафіяльная супольнасць, дзе было напалову палякаў і літоўцаў, пачала бунтаваць і патрабаваць святара. Улады адразу ўзгадалі пра падпольнага Занеўскага, але дэкан згоды на перавод не даў. Людзі не супакойваліся. «Улады да дэкана: “Давай Занеўскага! Хоць на час, хоць на пару дзён”. Дэкан — а следам за ім і я — згадзіўся».

«А святыня ў Гервятах — вялізная, большая за катэдральны касцёл у Маскве, неагатычная, народу там поўна, святла няма, усё пры свечках... Фактычна гэта была мая першая публічная Імша — да гэтага ж я служыў патаемна». Публічна маліўся цэлую актаву Божага Нараджэння, а потым трэба было вяртацца на піўзавод. Улады бачылі, што вернікі прынялі святара, таму націскалі на дэкана: «Адпусці Занеўскага ў Гервяты». Дэкан згоды не даў, але падапечнаму свайму сказаў: «Давай пачакаем, паглядзім, што далей будзе». Увыніку дэкан пагадзіўся, але параіў кс. Юзафу паставіць уладам умову: калі знойдуць святара з літоўскай мовай, адпусціць ізноў у Гродна.

 


 

Тры гады служэння ў Гервятах

Адносіны з літоўцамі, няглядзячы на няведанне літоўскай мовы, склаліся ў святара добра. «Двойчы ў год у Гервятах мяне штрафавалі за тое, што ў парафіі многа дзяцей... Я ўвогуле з дзецьмі працаваць не баяўся, хоць гэта было забаронена». Потым прыехаў выпускнік Каўнаскай семінарыі, але вернікі свайго святара адпускаць не хацелі — клаліся пад колы, не пускалі. Давялося ад’язджаць патаемна, ноччу...

У выніку каля трох месяцаў без парафіі, пасля — парафія ў Жупранах (суседні Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці). Улады далі згоду, бо, хоць са святарамі не лічыліся, але з людзьмі лічыліся — баяліся масавых хваляванняў.


Дзесяць гадоў у Жупранах

У Жупранах таксама штрафавалі за тое, што ў касцёле было поўна дзяцей і моладзі. Улады праводзілі галасаванне: «Хто за тое, каб пакараць ксяндза Занеўскага штрафам?» Падымалі рукі — галасавалі за. «А дзве жанчыны, якія ў мяне рэгулярна спавядаліся, падымаюць вочы і пытаюцца моўчкі: “Што рабіць? Падымаць руку ці не?” Я ім падміргваю: галасуйце, нічога страшнага мне не зробяць, а вы можаце працу страціць...»

«Раз на год святароў збіралі і прывозілі ў які-небудзь калгас, каб паказаць, як усё добра пры савецкай уладзе. А потым выступаў упаўнаважаны, які рабіў нам вымовы за парушэнні. Звычайна пападала старэйшаму кс. Алаізію з Астраўца, а я заўсёды быў другім па чарзе. І людзі расказвалі мне пра розныя партсходы, дзе выступоўцы, у тым ліку і старшыня калгаса, казалі, што Занеўскага з Жупранаў трэба выдаліць. А мама старшыні была маёй добрай парафіянкай. І я ў яе спытаў, што я такога зрабіў, што яе сын супраць мяне выступаў. Трэба сказаць, што ўсе дзесяць гадоў са старшынёю калгаса ў мяне былі вельмі добрыя адносіны. Мама кажа: “Не ведаю, спытаю”. Выявілася, што яму напісалі прамову і далі паперку, каб ён толькі прачытаў».


У вас — улада, а ў нас — кемлівасць...

Каб выселіць з Жупранаў святара, улады задумалі выкупіць дом, які ён здымаў у мясцовай гаспадыні. Гаспадыня ж мела другі дом, таму ўлады настойвалі, каб яна прадала калгасу той першы, дзе жыў ксёндз. Людзі здагадаліся, што такім чынам у іх хочуць забраць ксяндза і пачалі бунтаваць. Было гэта ў канцы 1980-х.

З дапамогай заслужанай пенсіянеркі, а таксама дзякуючы неабыякавасці мясцовых жыхароў і лесніка ў святара з’явіўся дом побач са святыняй. «Прыкрываў» святара і старшыня калгаса, калі раённае кіраўніцтва даведалася, што ксёндз сабе будуе дом. Справа дайшла да Мінска: сустрэча з упаўнаважаным па справах рэлігій, размова на падвышаных танах...

Потым святар набыў надзел і дом, які пенсіянерка нібыта будавала для сябе. «Гэта каб праз калгас мяне не маглі выгнаць». За гэтую «вынаходлівасць» вымова была і старшыні калгаса, і пенсіянерцы, якая адказала проста: «Патрэбны былі грошы, вось і прадала. Калгас не набыў — набыў святар. Якая мне розніца?»

Пачалася перабудова...

«Аднойчы — ужо падчас перабудовы — я ўбачыў у Гродне ў краме былога намесніка ўпаўнаважанага па справах рэлігій, які быў у мяне на Божае Нараджэнне і на Вялікдзень і звычайна складаў акты пра нашыя парушэнні. Ён сам мяне паклікаў: “Юзаф Іванавіч, як справы?” Я кажу: “Нічога, нармальна, працуем”. Ён не адпускае: “Вось, мы бывалі ў Вас часта, мне вельмі падабалася — так шмат дзяцей было ў святыні...” Тады я ўжо не вытрымаў і спытаў: “А за што Вы мяне так пераследвалі?” “Ну, прабачце, тады нашая праца была такая — трэба было рабіць справаздачы, але мы любілі ў Вас бываць...”»


Нязвыклая свабода

Часы пачалі змяняцца. Скончыліся праверкі, штрафы, больш не было кантролю. З’явілася магчымасць вярнуць святыні.

«У Ашмянах, дзе быў ваенны завод, мы святыню адваявалі — спачатку левы нэф, і ў ім маліліся. Там была шкляная сцяна, і працаўнікі за ёй падчас Імшы, калі ўздымаліся Святыя Дары, станавіліся на калені — большасць жа католікі там. Урэшце аддалі нам касцёл, і мы пачалі рамонт усёй святыні».

«Я ўсюды дапамагаў, бо быў мясцовым. Польскім святарам было складаней размаўляць з уладамі...»

Фота з архіва газеты «Свет Евангелия», 1997

Узгадвае кс. Юзаф і часы, калі папа Ян Павел ІІ прызначыў кс. Тадэвуша Кандрусевіча біскупам. «А з ім мы сустракаліся, калі ён яшчэ быў семінарыстам у Каўнасе».

Тады салезіяне, сабраты кс. Юзафа, прапанавалі новапрызначанаму біскупу, што могуць узяць пад апеку 10 парафій на Гродзеншчыне. На гэта біскуп Тадэвуш адказаў: «Бяры колькі хочаш. Толькі давай мне святароў, працы вельмі шмат».

Так салезіяне адкрылі парафіі ў Смаргоні, Данюшаве, Гальшанах... «А ў 1991 годзе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч паклікаў мяне ў Маскву...

Развітанне з Жупранамі было цяжкім... Удалося ўгаварыць людзей, сказаўшы, што ад’язджаю толькі на год, трэба дапамагчы — а атрымалася 25 гадоў...»


«Аддайце нам святыню!»

Напачатку ў планах быў Саратаў, але арцыбіскуп змяніў рашэнне. «Ён сказаў: “У Беларусі табе ўдавалася неяк вяртаць святыні. Пастаўлю я цябе ў Маскву пробашчам у касцёл на Малой Грузінскай. Можа, яго ўдасца вярнуць”. Я згадзіўся. Было гэта 15 ліпеня 1991 года».

Ксёндз Юзаф узгадвае, што першую святую Імшу тут цэлебраваў кс. Тадэвуш Пікус яшчэ 8 снежня 1990 года. «Ён шмат зрабіў, каб сабраць парафіяльную супольнасць».

Святыню вярталі цяжка. Шмат пісем, сустрэч, перамоваў... Абяцалі, але справа стаяла на месцы. «Мы пачалі часцей маліцца на ганку, хадзіць вакол святыні ў працэсіі, змясцілі вялікі транспарант “Аддайце нам святыню!”. Нават адно прэзбітэрскае пасвячэнне арцыбіскуп Кандрусевіч удзяляў на сходах...»

Потым пачаліся розныя акцыі, католікі хацелі сябе паказаць. «Я трымаўся ў ценю, бо, калі прызджала міліцыя, адразу пыталіся: дзе пробашч? “Не ведаем”, — казалі людзі. І дадавалі, што гэта іх святыня, што яны маюць на яе права... Актыўным быў кс. Казімір Шыдэлка, але ён не быў пробашчам, да яго было менш пытанняў. Даходзіла да сутыкненняў з міліцыяй.

Ужо былі семінарысты. Яны працавалі ў вагончыках пры святынях і дапамагалі нам разібіраць сцены, выносіць станкі, прыбіраць смецце. А сцены былі са шлаку, семінарысты былі чорныя, як качагары... Часы былі напружаныя, але радасныя».

На чацвёртым паверсе ў канферэнц-зале цэлебравалі Імшу. Міліцыя заглядвала, але не перашкаджала, чакала завяршэння Эўхарыстыі. «Потым сказалі, што святыню нам аддадуць, але паступова, прасілі весьці сябе мірна...

Але святыню не аддавалі. Тады мы пасля Імшы на першым паверсе прабілі сцяну і з працэсіяй увайшлі ў іншыя памяшканні. Прыехала шмат міліцыянераў. А дон Бернарда, рэктар семінарыі, запрасіў італьянскае тэлебачанне. Яны знялі, як дона Бернарда штурхалі, білі палкамі. Я пазваніў у польскае пасольства, таму што міліцыянеры затрымалі тады грамадзянаў Польшчы. Шуму было шмат — вакол дэмакратыя, а католікам святыню не аддаюць, іх забіваюць...

 

 

Пасля гэтага інцыдэнту мэр Лужкоў падпісаў дакументы, які пацвярджалі нашыя правы на святыню».


Адценні радасці

Пра што марыць святар у свае 75 гадоў? Ён адкрыты на волю Бога: «Куды накіруюць — там і буду служыць, дапамагаць... Высокіх пасадаў не хачу...»

«Радасці многа. Інтранізацыя біскупа, асвячэнне святыні... Радасна бачыць, як развіваецца  парафія, як прыходзіць усё больш людзей у святыню. У касцёле заўсёды хтосьці ёсць, штогод 100–120 дарослых прымаюць хрост і далучаюцца да Каталіцкага Касцёла. Цешыць, што бацькі, якія гуляюць з дзецьмі на панадворку касцёла, самі зрабілі для іх дзіцячую пляцоўку...

Радасна, калі дзеці заходзяць з цікаўнасці ў святыню і прыводзяць туды бацькоў... У нас многа сем’яў у парафіі, якія Бог паклікаў у святыню праз іх дзяцей. Бабуля, ужо прыкаваная хваробаю да ложка, даведалася, што ўнук стаў католікам, і сама захацела. Адна з манахінь ездзіла да яе дадому рыхтаваць да хросту. Адзін міністрант прывёў бацьку — вядомага вучонага, у святыню, і цяпер уся сям’я ў касцёле кожную нядзелю. Гэта вялікая радасць для мяне».

Размаўляў Віктар Хруль,
фота Вольгі Хруль,
пераклад з рускай і адаптацыя Валянціны Грамыка

 
© 2003-2024 Catholic.by