Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Крыстаф Шонбарн: «Беларусь можа адыгрываць ролю пасрэдніка паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой»
Інтэрв'ю
07.07.2016 10:47

Вялікім гонарам і радасцю называе кардынал Крыстаф Шонбарн OP сваю місію папскага пасланніка на ўрачыстасці 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі, якія святкаваліся ў Будславе 1-2 ліпеня.

За час прабывання ў Беларусі аўстрыйскі госць пераадолеў 700 км дарогі, сустракаючыся з беларусамі на самым розным узроўні — прадстаўнікамі ўраду, мясцовай уладай, духавенствам, кансэкраванымі асобамі, вернікамі. Па выніках візіту кардынал даў эксклюзіўнае інтэрв’ю Catholic.by.

«Хрысціянства без яго ўсходняй паловы не будзе поўным»


Падчас сустрэчы з настаяцелям Усіхсвятскай царквы ў Мінску протаіерэем Фёдарам Поўным

— Ваша Эміненцыя, ужо шмат гадоў Вы займаецеся тэмай дыялогу паміж праваслаўнымі і католікамі, у гэтым пытанні Вас можна назваць экспертам. Наколькі гэты дыялог можна назваць удалым і як, па-Вашаму, ён будзе развівацца ў будучыні?

— Падчас сустрэчы з Мітрапалітам Паўлам я падкрэсліў, што адным лёгкім дыхаю па-каталіцку, а другім лёгкім — па-праваслаўнаму. Хрысціянства без сваёй усходняй паловы не будзе поўным. Мы — як два лёгкія.

Папа Ян Павел ІІ заўсёды казаў, што Касцёл павінен дыхаць двума лёгкімі — усходнім і заходнім. Таму для мяне не стаіць пытанне, удалы дыялог ці не, патрэбны ён ці не, для мяне гэты дыялог — само сабой зразумелае.



Мозг чалавека таксама мае два паўшар’і: і можа быць так, што злучэнні паміж левым і правым паўшар’ем недастаткова моцныя. Тады, напрыклад, інтэлектуальнасць будзе вельмі моцная, а эмацыйнасць — вельмі слабая ці наадварот. Тое ж я бачу і паміж хрысціянскімі Цэрквамі. Але адзін без аднаго мы нічога не можам.

Дыялог складаны, але гэта мяне не палохае — цяжкасці ёсць заўсёды.

— У беларускай медыясферы падчас гістарычнай сустрэчы Пантыфіка ў Гаване з надзеяй адзначалі, што Беларусь таксама магла б выступіць пляцоўкай для такой сустрэчы. Якія Вашыя думкі на гэты конт?

— Пра сустрэчу ў Гаване я ведаю не больш, чым з паведамленняў СМІ. Як і не ведаю дэталяў сустрэчы вашага Прэзідэнта з Пантыфікам.

Аднак, мяркуючы па тым, што я ўбачыў тут, Беларусь можа адыгрываць ролю пасрэдніка паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой.
У сённяшніх умовах вырашальным з’яўляецца і той факт, што Беларусь не ўцягнута ў расійска-ўкраінскі канфлікт. І падобная сустрэча на беларускай зямлі магла б паспрыяць вырашэнню гэтага канфлікту.

Але, вядома, сустрэча можа адбыцца толькі тады, калі і іншыя бакі таксама гэтага захочуць.

— Падчас візіту Вы сустракаліся з Міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Якія тэмы падымаліся падчас размовы?

— Я быў вельмі рады пазнаёміцца з вашым міністрам, які ў свой час заканчваў дыпламатычную акадэмію ў Вене і гэтым быў звязаны з Аўстрыяй. Ён вельмі добра размаўляе па-нямецку.

Мы, канешне, гаварылі ў тым ліку і пра апошні візіт беларускага Прэзідэнта ў Ватыкан і яго сустрэчу з Папам Францішкам. Таксама абмяркоўвалі шансы таго, ці магчымым быў бы зваротны візіт — і якія перадумовы павінны для гэтага быць.



Вядома, з аднаго боку гэтага павінен хацець сам Папа Францішак, а па-другое, у краіне для гэтага павінны быць перадумовы. Прыгадвалі мы і сустрэчу Папы Францішка з Патрыярхам Кірылам у Гаване, яе значэнне ў пытанні міру на Блізкім Усходзе і ва Украіне. Мір ва Украіне — яшчэ адна асобная тэма нашай сустрэчы.

Урэшце, мы закраналі і свабоду рэлігіі, права чалавека на свабоду веравызнання. Мы размаўлялі пра мадэль узаемаадносін рэлігіі і дзяржавы ў Аўстрыі, абмяркоўваючы ў гэтым святле свабоду рэлігіі і яе ролю ў дзяржаўнай палітыцы Беларусі. Такімі былі асноўныя пункты сустрэчы.

«Касцёл у Беларусі моцны, але ўсё роўна ён — канфесійная меншасць»



— Вы прабылі ў Беларусі тры дні. Што ўразіла Вас найбольш за гэты час?

— Я ўбачыў вельмі жывы Касцёл. Касцёл, які не спыніўся ў сваім развіцці, залізваючы раны мінулага. Касцёл з маладым тварам, які жыве сённяшнім днём ва ўмовах беларускіх рэалій.

Але мае ўражанні фрагментарныя. Ёсць шмат бакоў і тэм, пра якія я хацеў бы даведацца больш. Напрыклад, я не меў часу пазнаёміцца са студэнтамі ва ўніверсітэтах. Не так шмат даведаўся пра святароў і парафіі ў іх звычайным жыцці. Але мяне ўразілі асобныя моманты, сустрэчы і людзі.

Уразілі шматлікія споведзі за базылікай у Будславе — доўгія чэргі людзей, якія хацелі паспавядацца. Уразіла будслаўская Імша апоўначы — і тыя 30 тысяч чалавек, якія маліліся і спявалі. У Будславе я ўбачыў шмат моладзі.



Не магу не прыгадаць і мемарыяльны комплекс «Трасцянец». Ён мяне вельмі і вельмі крануў. Як і наведванне ў Мінску крыпты Усіхсвяцкай праваслаўнай царквы, у якой знаходзяцца парэшткі ахвяр Трасцянца... Падзеі, якія там адбываліся — гэта вельмі пачварна. Цешыць, што існуе напамін пра гэтыя падзеі — памяць жыве.

А яшчэ мяне вельмі ўразіла падрыхтоўка моладзевага хору на сённяшняй Імшы (гаворка пра Імшу, падчас якой быў асвечаны касцёл Маці Божай Будслаўскай у Мінску — заўв. рэд.). Гэта малады парафіяльны хор, а ўжо такі прафесійны! Гэта было вельмі жвава — з такім энтузіязмам яны музіцыравалі!

— Наколькі іншы Касцёл у Беларусі ў параўнанні з Касцёлам у Аўстрыі?

— Кожная краіна мае сваю гісторыю і сваю рэальнасць. На жаль, у нас няма інтэнсіўнага прамога кантакту паміж нашымі Касцёламі за выключэннем хіба супрацоўніцтва ў праектах «Карытас».

Але я заўважыў, што ў многіх святынях арганы прывезены з Аўстрыі, як і некаторая аздоба ў касцёлах...

Наша гісторыя адрозніваецца: Аўстрыя стагоддзямі была той краінай, дзе моцна адчуваўся ўплыў адной сям’і — Габсбургаў і каталіцкай канфесіі. Канешне, былі і канфлікты, але гэта непараўнальна з Беларуссю, дзе Каталіцкі Касцёл заўсёды знаходзіўся ў канфесійнай меншасці.

Падчас наведвання мядзельскай Кальварыі

Беларусь перажыла шмат геапалітычных змяненняў, і гэта робіць яе сітуацыю ў Каталіцкім Касцёле іншай, чым у нас. У вас моцная каталіцкая дыяспара. Але, нягледзячы на гэта, Касцёл у Беларусі ўсё ж з’яўляецца канфесійнай меншасцю.

— Ці можа гэтая меншасць спадзявацца на папскі візіт?

— Яна павінна спадзявацца (усміхаецца — заўв. рэд.). Надзея ўласціва для нашага жыцця, таму спадзявацца трэба заўсёды. Аднак ацэньваць шансы не так проста, бо ў выпадку з Папам Францішкам ніколі дакладна не ведаеш, што падкажа яму інтуіцыя і Божы Провід.

Гэта можа адбыцца вельмі знянацку. Але можа і не адбыцца...

— Новы Апостальскі Нунцый, прызначаны ў Беларусь, прыбудзе з Аўстрыі. Верагодна, Вы знаёмыя з мансеньёрам Габарам Пінтэрам, які апошнія гады працаваў у Нунцыятуры ў Вене?

— Так, я добра яго ведаю. Каля трох гадоў ён працаваў у нашай Нунцыятуры. І я вельмі рады за яго, што ён атрымае біскупскае пасвячэнне і прыбудзе ў вашу краіну для дыпламатычнай працы.

Кардынал Шонбарн акрапляе людзей асвечанай вадой на мядзельскай Кальварыі

Апошнія месяцы ён вельмі інтэнсіўна рыхтаваўся, шмат чытаючы пра Касцёл у Беларусі і пра саму Беларусь. Мансеньёр Пінтэр мае адкрытае сэрца, і я думаю, ён будзе вельмі добра падтрымліваць рэальнасць Каталіцкага Касцёла ў вашай краіне — ён мае для гэтага ўсе якасці.

— Ваша Эмінэнцыя, Вы прымалі ўдзел у Сінодзе Біскупаў на тэму сям’і і прадстаўлялі грамадскасці Апостальскую адгартацыю «Amoris laetitia». Сярод гарачых тэм гэтага дакумента — пазіцыя ў адносінах да гомасексуалістаў і разведзеных. Часта СМІ спрабуюць спекуляваць на гэтай тэме. Што б Вы маглі сказаць на гэты конт?

— «Amoris laetitia» хоча найперш паказаць, што, дыскутуючы па гэтых пытаннях, варта ўмець па-іншаму паглядзець на праблему. Памятаеце, калі Езус паклікаў Мацвея на мытні і Езус з мытнікамі меў свята. Тады фарысеі сказалі: як можа ён з грэшнікамі сядзець за адным сталом?

Я думаю, што гэта тая ж сітуацыя, што і з «Amoris laetitia». Папа Францішак не кажа, што новы шлюб разведзеных — гэта добра. Пантыфік ніколі не казаў, што развод — не праблема, або што гомасексуальнасць — тое самае, што і гетэрасексуальнасць.



Святы Айцец хоча данесці да нас, што нельга адразу асуджаць чалавека, зусім яго не ведаючы. Кожны з нас найперш чалавек. І гомасексуаліст у першую чаргу такі ж чалавек, як і кожны з нас. Нягледзячы на яго гомасексуальную схільнасць, найперш мы павінны бачыць у ім чалавечае. Гэта вельмі важна.

Няпраўда, што Папа Францішак хоча ў нейкай ступені змяніць вучэнне Касцёла — Пантыфік звяртае ўвагу на тое, як мы абыходзімся з такімі людзьмі, разглядаючы іх толькі пад пэўнай катэгорыяй.
Папа Францішак выступае супраць аднабокага ўспрымання чалавека і хоча запрасіць кожнага цаніць у бліжнім найперш чалавека. Як чалавек з гомасексуальнымі схільнасцямі паводзіць сябе ў працы, які ён у сваёй веры?

Тое ж і з т.зв. «несакрамэнтальнымі саюзамі». Пантыфік кажа: існуе так шмат розных сітуацый, якія мы зусім не можам асуджаць. Што здарылася з гэтым шлюбам, чаму ён разбіты? Даць адказ на гэтыя пытанні не так проста.

Трэба ўглядацца ў чалавека і найперш цаніць яго як чалавека. Не толькі святару, духоўніку, але таксама і свецкаму чалавеку.


Падчас наведвання Чырвонага касцёла ў Мінску

Пытанні ад журналістаў на гэту тэму часам сапраўды набіваюць аскому: журналісты хочуць чуць толькі чорна-белыя адказы. У Апостальскай адгартацыі Пантыфік кажа выразна пра тое, што няма толькі чорнага ці белага — ёсць і іншыя фарбы, у якіх мы павінны разгледзець чалавека.

— Ваша місія пасланніка Папы ў Беларусі завяршаецца. З якімі думкамі Вы пакідаеце Беларусь?

— Я вельмі ўдзячны, што Папа Францішак даверыў мне гэту місію. Для мяне гэта быў вялікі гонар і перад усім вялікая радасць. У Беларусі я перажыў шмат прыгожага. І з сабою бяру шмат удзячнасці.

Кардынал Шонбарн падпісвае дакумент аб асвячэнні касцёла пасля Імшы ў парафіі Маці Божай Будслаўскай

Падчас сустрэч, а таксама на святых Імшах я імкнуўся ўгледзецца ў твары вернікаў. Свядома я вельмі ўважліва ўзіраўся асабліва ў твары пажылых вернікаў, якія перажылі неверагодна цяжкія часы сталінізму, вайны, камуністычнага таталітарызму. Вашы бабулі былі тымі, хто выратаваў веру, і я хачу выказаць ім сваю глыбокую пашану.

Многія з іх спазналі Бога яшчэ ў дзяцінстве і праз часы камунізму пранеслі сваю веру, баронячы яе. І іх вера засталася вельмі шчырай — той, якую яны здабылі ў дзяцінстве. Гэта вельмі ўражвае!

Я сам нарадзіўся ў 1945 годзе і добра памятаю «жалезную заслону» камуністычных краін. Да сёння не магу паверыць, што ўсё гэта ўжо мінула...

Гутарыў Ілья Лапато, фота Віталія Палінеўскага

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.