Кс. Яўген Эйсмант SAC: «Татуіроўка можа адчыніць фортку злому духу» | Друк |
Усяго патроху
09.03.2016 00:00

Апошнім часам нават у хрысціянскім асяроддзі сустракаюцца самыя розныя меркаванні адносна таго, можна рабіць тату або не. Каб крыху разабрацца ў гэтай тэме, мы паразмаўлялі з кс. Яўгенам Эйсмантам SAC — святаром, які праводзіць заступніцкія малітвы і малітвы вызвалення ад уплыву зла.

— Ксёндз Яўген, як Касцёл ставіцца да татуявання?

— Можна адказаць словамі Святога Пісання. У 19-м раздзеле Кнігі Левіт Бог сказаў ерузалемскаму народу: «Не рабіце нарэзы на целе вашым у знак жалобы па памерлых і не наколвайце надпісы на скуры вашай. Я — Пан!»

Таксама ў Апакаліпсісе святога Яна мы знойдзем падобныя словы: «Калі нехта пакланяецца зверу і вобразу ягонаму і прымае кляймо яго на чало сваё ці на руку сваю, сам таксама нап'ецца віна лютасці Божай» (Ап 14, 9).

Мы ніколі не ведаем, што азначае тая або іншая татуіроўка. Пад відам прыгожых, простых татуіровак можа хавацца пэўны патаемны сэнс, пэўная філасофія. Нават калі мы несвядома робім тату, яна можа быць нагодай, каб мы адчынілі фортку злому духу.

— У Кнізе Левіт сказана не наносіць тату на знак жалобы па памерлых. Сёння ж у большасці выпадкаў моладзь робіць наколкі толькі «дзеля прыгажосці». Ці будуць яны несці духоўную небяспеку ў такім выпадку?

— Так, калі мы несвядома штосьці робім, мы ўсё роўна адкрываем фортку злому духу. У маёй практыцы быў адзін выпадак, калі дзяўчына для прыгажосці зрабіла на плячы татуіроўку матыля. Потым дзесьці праз месяц, можа, болей, яна стала залежнай ад сексу.

Яна шукала ў кожным прадмеце або чалавеку спосаб задавальнення сваіх сексуальных патрэб. Не ведаючы, што з гэтым рабіць, гэтая дзяўчына прыйшла да святара і папрасіла аб заступніцкай малітве.

У той час я яшчэ быў дыяканам, і гэты святар узяў мяне на дапамогу, каб таксама маліцца за яе. Дзяўчына распавяла нам сваю гісторыю (гісторыю з тату — Рэд.). І калі мы пасля пачалі ў гэтай гісторыі разбірацца, аказалася, што ў Егіпце такі самы матылёк азначаў багіню сексу.

Атрымліваецца, што гэтая дзяўчына, не ведаючы, зрабіла такую татуіроўку і тым самым адчыніла фортку злому духу.

Потым яна падчас малітвы адраклася ад усяго гэтага і стала вольнай. Пасля таксама вывела гэтую татуіроўку.

— А ці можна рабіць тату з выявай крыжа або розных святых?

— Аднойчы я дапамагаў маліцца аднаму экзарцысту. Да яго на малітву прыйшоў чалавек, у якога была татуіроўка ружанца на руцэ, і падчас малітвы гэтая частка цела пачала пячы.

Потым аказалася, што гэты чалавек стаў зняволены злым духам праз гэтую выяву ружанца. Здавалася б, ружанец — гэта святы сімвал, але тым не менш ён стаў прычынай зняволення чалавека. Гэта не было апантанне, але пэўнае знявольванне.

Таму, калі з’яўляюцца такія пытанні, я заўсёды ўзгадваю гэты момант са сваёй практыкі. Бог сам кажа: «Не рабіце ніякіх малюнкаў на сваім целе, бо яно з’яўляецца святыняй Святога Духа». Мы ведаем, што ў святынях мы маркерамі не пішам. Таксама і з целам.

Нашым упрыгожваннем можа быць крыжык, медалік... І няма патрэбы наносіць штосьці на сваё цела. Гэта часцей за ўсё імкненне звярнуць на сябе ўвагу іншых людзей. А патрэба гэтай увагі можа быць вынікам пэўнай сямейнай псіхалагічнай праблемы. Што датычыць надпісаў, якія некаторыя наносяць, то асобныя літары могуць таксама азначаць пэўныя сімвалы.

 

Што б мы ні хацелі ўчыніць, заўсёды патрэбна задаваць пытанне: навошта? Хтосьці робіць тату для прыгажосці або для таго, каб заглушыць у сабе пэўныя праблемы. Але, сапраўды, гэта не з’яўляецца патрэбным для збаўлення.

Лепш павесіць сабе крыжык, або паехаць у санктуарый памаліцца, ці набыць абраз. Я не бачу рацыянальных прычын, каб наносіць штосьці на сваё цела.

— Вядома, што хрысціяне-копты наносяць сабе тату з выявай крыжа, каб у выпадку смерці ад рук ісламістаў быць пахаванымі па-хрысціянску. Як ставіцца да гэтага прыкладу татуявання?

— Гэта выпадак інкультурацыі. Касцёл не змяняе культуры, толькі стараецца ўвайсці ў культуру таго народа, які спакон веку жыў на пэўнай тэрыторыі. Калі святары прыязджаюць у Афрыку, то бачаць, што там ёсць пэўная традыцыя. І яны не могуць адразу адмяніць тыя абрады, якія існавалі тут стагоддзямі. Вядома, напрыклад, што ў 30 працэнтаў насельніцтва Еўропы ёсць тату.

Але нам не трэба гнацца ў гэтым плане за Еўропай, таму што там таксама ёсць дэмаралізацыя і секулярызм. Нашыя людзі заўсёды імкнуцца за імі, бяруць таксама штосьці з Усходу. Але навошта?

Але не будзем дэманізаваць усё, бо ёсць такая спакуса ва ўсім бачыць зло. Калі тату робіцца з мэтай распазнання, і спрадвеку было так, у гэтым выпадку яна не ўплывае на духоўнасць чалавека.

Аднак тату не з’яўляецца элементам нашай культуры. Элементам нашай культуры з’яўляецца чалавечнасць, маральнасць і, калі паглядзець на мінулае нашага краю, то мы ўбачым, што раней людзі не рабілі татуіровак.

Татуіроўка з выявай крыжа на руцэ маленькай копцкай дзяўчынкі, фота Б. Арманж, Associated Press  

— Можа, гэта рэзкае пытанне, але тату — гэта грэх?

— Цяжка мне адказаць, ці з’яўляецца тату грахом. Мы не можам сказаць, напрыклад, што грахом з’яўляецца чытанне кніг пра Гары Потэра, але мы ведаем, што ў гэтай кнізе ёсць закрытыя абрады чараў, што чалавек, чытаючы гэта, можа стаць часткова зняволеным.

Таксама слуханне музыкі тэхна. Гэта не грэх. Але, калі доўга слухаць такую музыку або ўдзельнічаць у тэхна-канцэртах, якія з’яўляюцца духоўным прысвячэннем злу, можна таксама зняволіцца.

Пра такую з’яву ёсць сведчанне Леха Докавіча, свецкага чалавека з Польшчы, які распавядае пра моманты знявольвання праз музыку тэхна. Не з’яўляецца грахом проста паслухаць музыку, але нельга ўваходзіць у гэта глыбока.

Гэта ж адносіцца і да татуіровак. Мы можам, не ведаючы сэнсу тату, адкрыць магчымасць злому мець на нас сваю пячатку.

— А што рабіць чалавеку, які ўжо зрабіў сабе татуіроўку і не ведаў пра духоўную небяспеку, якую яна можа несці?

— У гэтай сітуацыі патрэбна звярнуцца да святара-харызматыка і папрасіць аб заступніцкай малітве. Але я паўтараю, што не трэба занадта ўсё дэманізаваць і казаць, што вакол адно зло.

Вакол нас ёсць Бог, і калі чалавек нават аступіўся, гэта не значыць, што ён поўнасцю пакараны. Каб Бог хацеў спаслаць на зямлю пакаранне, то Ён паслаў бы карніка, а Ён паслаў Адкупіцеля. Таму ў нас заўсёды ёсць магчымасць вярнуцца да Бога — прыйсці, папрасіць аб малітве і выйсці з граху.

Гутарыла Марына Валасар

 
© 2003-2024 Catholic.by