Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч: «У выступленнях брацкіх дэлегацый на Сінодзе яшчэ раз праявiўся прынцып “еднасць у разнароднасцi”»
Інтэрв'ю
17.10.2015 17:22

Ранiцай 16 кастрычнiка на Сiнодзе Біскупаў на тэму сям’і, які праходзіць у Ватыкане з 4 па 25 кастрычніка, выступiлi прадстаўнiкi iншых хрысцiянскiх супольнасцяў i свецкiя аўдытары. Catholic.by звярнуўся да Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які ўдзельнічае ў Сінодзе, з просьбай пракаментаваць гэтую падзею.

— Ваша Эксцэленцыя, якое значэнне мае ўдзел у Сiнодзе каталiцкiх бiскупаў дэлегатаў брацкiх хрысцiянскiх Цэркваў i супольнасцяў?

— Удзел у працы Сiнода Бiскупаў дэлегатаў iншых хрысцiянскiх супольнасцяў — гэта добрая традыцыя. Адметнасцю сучаснага свету з'яўляецца глабалiзацыя. Падобная глабалiзацыя павiнна быць i ў вырашэннi маральных праблем сучаснасцi i адказу на выклiкi часу. Хаця памiж рознымi канфесiямi i iснуюць адрозненні, але ўсе яны заклапочаны маральным становiшчам сучаснага свету i гэта iх аб'ядноўвае. Таму iх удзел у Сiнодзе спрыяе развiццю экуменiчнага дыялогу i робiць хрысцiянскi свет больш моцным i салiдарным.

Праблема сям'i, якая перажывае нябачны дагэтуль крызiс, — гэта праблема не толькi Каталiцкага Касцёла, але i iншых канфесiй i ўсяго свету. Таму вельмi важнымi з'яўляюцца погляды хрысцiян iншых канфесiй на гэтую праблему, асаблiва Праваслаўных Цэркваў, сямейная дактрына якiх блiзкая да каталiцкай.



 

— Дэлегацыi якiх Цэркваў i хрысцiянскiх супольнасцяў прымаюць удзел у Сiнодзе?

— Усяго ў Сiнодзе прымаюць yдзел брацкiя дэлегаты наступных Цэркваў i супольнасцяў: Праваслаўныя Цэрквы Маскоўскага, Канстанцiнопальскага i Сербскага Патрыярхатаў, Сiра-Праваслаўнага Патрыярхату Антыёхii i ўсяго Усходу, Праваслаўных Цэркваў Румынii i Албанii, Копцкай Праваслаўнай Царквы Александрыi, Лютэранскай, Метадысцкай, Баптысцкай, Евангельска-Лютэранскай, Англiканскай супольнасцяў i Царквы вучняў Хрыста, а таксама Экуменiчнай Рады Цэркваў.

— Як яны ацанiлi магчымасць удзелу ў Сiнодзе?


— Усе яны былi вельмi ўдзячны за магчымасць прыняць удзел у Сiнодзе. Гэта стала для iх знакам iмкнення да адзiнства, лепшага пазнання адзiн аднаго, магчымасцю лепш пазнаць Каталiцкi Касцёл, яго вучэнне аб сям'i i падыход да вырашэння яе праблем, а таксама магчымасцю прадстаўлення свайго погляду на крызiс сям'i i яго вырашэнне.

— З якiмi думкамi яны выступалi i якiя праблемы ўздымалi?

— Выступленнi ўсiх брацкiх дэлегатаў паказалi iх вялiкую заклапочанасць сiтуацыяй сям'i. Яны падкрэслiвалi, што перад католiкамi i iншымi хрысцiянамi шмат выклiкаў, але таксама ёсць i шмат супольных магчымасцяў.

Як i католiкi, яны падкрэслiвалi значэнне Святога Пiсання i сумеснай малiтвы ў фармацыi да сямейнага жыцця i ў жыццi сям'i, а таксама неабходнасць фармацыi моладзi на духоўных каштоўнасцях. Таму галоўнай задачай усiх хрысцiяскiх канфесiй з'яўляецца новая евангелiзацыя, бо так шмат маладых людзей, не ведаючы Божага права, iмкнецца забароненае Божым правам зрабiць дазволеным. У той жа час сям'я павiнна несцi ў свет радасць Евангелля.

Брацкiя дэлегаты з вялiкай увагай паставілiся да заклапочанасцi Каталiцкага Касцёла пытаннем святой Камунii для тых, хто развёўся і ўступіў у новы сужэнскi саюз. Пры гэтым яны ўказвалi на неабходнасць большага ўжывання прынцыпу мiласэрнасцi. Эўхарыстыя — гэта лекі для параненых, i таму гэтыя лекі павiнны выкарыстоўвацца як мага шырэй. Яны таксама ўказвалi на неабходнасць духоўнага спадарожнiчання маладым людзям падчас iх падрыхтоўкi да сакрамэнту сужэнства i ў першыя гады сямейнага жыцця, каб выключыць магчымыя праблемы, у тым лiку найбольш трагiчную, якой з'яўляецца растучая колькасць разводаў з усiмi вынікаючымi з гэтага негатыўнымi наступствамі.

Брацкiя дэлегаты падкрэслiвалi і тое, што змешаныя сем'i з'яўляюцца новай магчымасцю сумесна сведчыць хрысцiянскія каштоўнасцi. Пры гэтым яны адзначалi, што неабходна iмкнуцца да iнтэркамунii. Колькасць змешаных сем'яў павялiчваецца, i iх члены, якія належаць да розных хрысцiянскiх супольнасцяў, хочуць прымаць Камунiю ў супольнасцях, да якiх паводле хросту не належаць.

Па словах брацкiх дэлегатаў, у сучасным свеце востра стаiць праблема развiцця i падтрымкi хрысцiянскiх школ, як месца не толькi добрай адукацыi, але i выхавання на базе хрысцiянскiх каштоўнасцяў.

Чырвонай лiнiяй выступленяў брацкiх дэлегатаў было сцверджанне, што таго, што нас аб'ядноўвае больш, чым таго, што раздзяляе. Таму неабходна канкрэтнае супрацоўнiцтва з мэтай вырашэння праблем сям’i i адказу на выклiкi часу.

— Якую выснову можна зрабiць з выступленняў брацкiх дэлегацый?

— Галоўная выснова ў тым, што дактрынальныя i гiстарычныя рознiцы памiж рознымi канфесiямi не з'яўляюцца перашкодай у пошуку шляхоў аздараўлення сям'i. Такiм чынам яшчэ раз праявiўся прынцып «еднасць у разнароднасцi» — у гэтым выпадку ў абароне сям'i як падмурку кожнага грамадства, яго радасцi i надзеi.



 

— А што можна сказаць пра выступленнi аўдытараў?

— На кожным Сiнодзе выступаюць свецкiя асобы. На гэты раз гэта былi сем'i i спецыялiсты. Мне шмат разоў даводзілася iх слухаць. Але ўпершыню я жыву ў адным доме са свецкімi аўдытарамi, у Мiжнародным цэнтры мiсiянерскай анiмацыi, якi знаходзiцца на тэрыторыi Папскага ўнiверсiтэта Урбанiянум. I мне давялося бачыць, як яны рыхтавалiся да сваiх выступленняў, кажучы: нам трэба прамаўляць перад Святым Айцом. I трэба сказаць, што яны справiлiся з гэтым заданнем вельмi добра. Яны сталiся прапагандыстамi гэтага дня i сваiмi сведчаннямi ўнеслi свежасць у працу Сiнода. Біскупам, якія выказвалі свае, нярэдка палярныя, думкi, было чаму павучыцца. Свецкiя прадстаўнiкi хочуць мець i бачыць нармальныя сем'i, дзе пануе супольная любоў, разуменне, дзе прыходзяць на свет дзецi i дзе яны выхоўваюцца. Трэба было бачыць iх твары i чуць сведчаннi, як яны дзякуючы сакрамэнту пакаяння, супольнай малiтве i Эўхарыстыi былi здольнымi перамагчы цяжкасцi i захаваць сям'ю.

Iх сведчаннi дапамаглi зразумець прыгажосць сям'i i па-новаму ацанiць праблемы, з якiмi яна спатыкаецца. Асаблiвую ўвагу аўдытары звярнулi на падрыхтоўку да сужэнства, выхаванне дзяцей i ролю старэйшых людзей у сям'i. Не абышлі яны ўвагай і неабходнасць лепшай фармацыi святароў у галiне пастырства сем’яў, разважалi аб насiллi ў сем'ях, надзеях i праблемах змешаных сем'яў i асаблiвай ролi жанчын у сям'i. Зыходзячы з таго, што сям'я з'яўляецца галоўнай клеткай кожнай супольнасцi, аўдытары сцвярджалi, што якой будзе сям'я, такiм будзе i грамадства.

— Дзякуем за адказы на пытаннi i жадаем поспеху ў працах Сiнода!

(DN), (AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.