Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэжысёр фільма пра біскупа Баляслава Слосканса: «Гэты фільм быў патрэбны для мяне самой і для нашага латышскага народа»
Інтэрв'ю
20.04.2015 15:06

«Гэты фільм быў патрэбны для мяне самой і для нашага латышскага народа», — сказала Дзітра Смільтэна — кінапрадзюсер дакументальнага фільма «Малітва на крыжы» пра Слугу Божага Баляслава Слосканса, якая была адным з удзельнікаў сімпозіума, прысвечанага памяці гэтага чалавека, што праходзіў з 17 па 19 красавіка ў Мінску.

Прадстаўляем інтэрв’ю з Дзітрай Смільтэна, якая распавяла пра стварэнне фільма і пра тое, якім чынам сам Баляслаў Слосканс змяніў жыццё аўтара фільма.

У 2012 годзе ў Беларусі ўпершыню быў прадстаўлены дакументальны фільм «Малітва на крыжы» падчас Міжнароднага кінафестывалю “Magnificat”. У 2015 годзе фільм прадставілі ў другі раз.

— Чым Вас зацікавіла асоба біскупа Слосканса, што Вы вырашылі зрабіць пра яго фільм?

— Усё было не так проста. У 1990 годзе я пачала працаваць рэдактарам у рэжысёра Гунара Цылінскіса ў Рызе. Мы зрабілі два фільмы і другі павезлі ў Еўропу, дзе паказвалі латышскай дыяспары ў Бельгіі і Германіі. І ў Бельгіі я пазнаёмілася з прафесарам Янісам Еруманісам, які напісаў кнігу пра Баляслава Слоскана. У свой час біскуп Слосканс дапамог Еруманісу падчас яго вучобы ў Лювенскім універсітэце, затым яны пасябравалі, гэта значыць, Еруманіс добра ведаў яго. Прафесар Еруманіс падарыў мне гэту кнігу і сказаў, што было б нядрэнна зрабіць фільм пра біскупа Слосканса. І вось такім чынам я пазнаёмілася з асобаю біскупа Слосканса, бо ў Латвіі тады пра яго нічога не ведалі. Гэта было ў 1991 годзе. Гэта думка мне спадабалася і я прапанавала Гунару Цылінскісу зрабіць фільм пра Баляслава Слосканса. Аднак ён сказаў, што не жадае рабіць рабіць дакументальны фільм, і прапанаваў мне самой зрабіць гэты фільм. Раней я працавала над фільмамі самастойна, але ў дадзеным выпадку неяк не магла асмеліцца. Я думала, што дакрануцца да такой тэмы, да такога чалавека можа толькі чалавек «ачышчаны». На той час у мяне за плячыма быў развод. Я не лічыла сябе маральна годнай, каб зрабіць гэты фільм. Прайшло некалькі гадоў, перш чым я рэалізавала гэту ідэю.

— Вы ж тады адразу прачыталі кнігу? Якое было ад яе ўражанне?

— У біяграфіі Баляслава Слосканса мяне найбольш уразіла, што чалавек, які бачыў столькі зла, сапраўды змог прабачыць. Бо калі чалавек сам церпіць вельмі шмат зла і нянавісці, ён часта застаецца параненым, пакрыўджаным, ён ненавідзіць увесь свет, хоць ён і кажа добрыя словы — у душы ўсё роўна застаецца асадак. А тут я ўбачыла чалавека, які сапраўды змог прабачыць і па-сапраўднаму любіць людзей і гэты свет. Вось гэта мяне тады і ўразіла. Асоба Слосканса і гэта кніга не выходзілі ў мяне з галавы, а ўвесь час пра яго думала. Акрамя таго, ён нарадзіўся ў Латгаліі, адкуль паходзяць мае бабуля і бацька, і таму я адчувала нібыта духоўную роднасць з Баляславам Слоскансам. І ў адзін з дзён я патэлефанавала Еруманісу і сказала, што займуся гэтым фільмам. Гэта было ў 1993 годзе. Грошай тады не было. Я падала заяву ў кінацэнтр, але ў асноўным збірала грошы, «пусціўшы шапку па колу». Тэлефанавала, пісала, угаворвала. Але людзі былі чулыя.

— А людзі, якія давалі грошы на фільм, ведалі, хто такі біскуп Слосканс?

— Не.

— Гэта значыць, што ў Латвіі пра яго нічога не было вядома?

— Так. Звычайным веруючым гэта імя было практычна не вядома. Наша здымачная група ўвесь час распаўсюджвае звесткі пра біскупа Слосканса, дзякуючы нашаму фільму вялікая колькасць людзей даведалася пра яго.

Такім чынам, назбіраўшы грошы, мы стварылі групу і пачалі здымаць. Для першых здымак мы паехалі ў Бельгію, і тады якраз адбылося перазахаванне парэштак біскупа Слосканса. Спачатку мы здымалі старых людзей, якія ведалі яго. Сярод іх быў латыш Казімір Руч, які на працягу 20 гадоў жыў з ім у абацтве, манахіні. Гэта было цікава. А вось здымалі мы доўга. Распачаўшы здымаць у 1993 годзе, мы здымалі з перапынкамі ў 10 гадоў да 2003 года, калі спыніліся, бо скончыліся грошы. Цалкам гэты фільм мы скончылі толькі ў 2008 годзе.

— Што вы адчувалі кожны раз, калі прыязджалі ў тое ці іншае месца, звязанае з жыццём і дзейнасцю Баляслава Слосканса? Ці паўплываў гэты фільм на Вашае жыццё?

— Размаўляючы з людзьмі, якія ведалі біскупа Слосканса, я заўсёды адчувала яго прысутнасць. І калі я гляджу фільм, я кожны раз сустракаюся з ім нанова. Без перабольшвання, я як быццам атрымліваю апраменьванне. Усе, хто бачыў фільм, кажуць, што ад уладыкі Слоскана проста сыходзіць святло. І калі мы хадзілі па месцах, звязаных з яго жыццём: калі я заходзіла ў яго пакой, дзе ён маліўся, бачыла прыступкі, па якіх ён сыходзіў, то мяне агортвала дзіўнае пачуццё. Мне здаецца, што ён стаў маім анёлам, апекуном, не паверыце, але маё жыццё як бы па-іншаму склалася пасля гэтага фільма...

Мы доўга здымалі яго, не раз адздыманыя матэрыялы змяшчалі на паліцу. Такое адчуванне, што як быццам фільм супрацівіўся, не даваўся ў рукі. Я зразумела такую рэч — не я патрэбная для гэтага фільма, а ён мне патрэбны, бо ён працаваў на мяне. Кожнаму чалавеку патрэбна пахвала. А цяпер пасля гэтага фільма я супакоілася, стала больш ураўнаважанай і знешнія падзеі мяне мала датычацца. Я думаю больш пра ўнутранае. Я зараз не зраблю зла іншаму чалавеку. Гэты фільм, гэты чалавек змянілі мяне. Ён вельмі шмат для мяне зрабіў, проста перамяніў мяне.

— Што Вы адчувалі, калі здымалі ў Беларусі — у Магілёве?


— Мы здымалі ў Магілёве, калі касцёл толькі аднаўлялі. Памятаю, я зайшла ў касцёл, а замест алтара... Мне так сумна стала, ён тут фактычна пакінуў сваё сэрца, сваё жыццё. Таму што ён у сваім служэнні тут гатовы на ўсё, нават памерці... Ён жа мог проста паехаць у Латвію і ўсё. І вось усё гэта я адчула, калі ўвайшла ў магілёўскі касцёл. Але ўскалыхнула вось гэта: мы нашлі старэнькага мужчыну, які памятаў Слосканса, і я зразумела, што людзі сапраўды яго любілі. І вось калі я прыехала ў маі 2013 года на канферэнцыю, прысвечаную біскупу, і зноў зайшла ў касцёл — ужо ўзноўлены, прыгожы, у якім было шмат людзей, якія хоць і не ведалі яго асабіста, але прыйшлі на Імшу, якая цэлебравалася за яго, і ўбачыла партрэт біскупа, які стаяў каля алтара, — тады я зразумела, што ён не памёр, не пайшоў. Ён сапраўды прысутны ў гэтым касцёле. Біскуп Слосканс пахаваны ў Аглоне, але там я не адчувала яго прысутнасці, а вось у Магілёве ў мяне было такое адчуванне, што ён не пакінуў Беларусь.

— А на Салаўках якое было адчуванне?

—Там мне здавалася, што я хаджу па касцях, і там было вельмі цяжка. Не фізічна, хоць, напрыклад, дзеля здымак мы і 8 кіламетраў пад дажджом ішлі ці пад гару. Было вельмі цяжка маральна. Адчувалася, што тут пакутвалі людзі. І там адбываліся такія рэчы. Толькі мы прыехалі на востраў Анзер — пайшоў дождж. Мы ехалі ўсёй здымачнай групай, дарогі, канечне ж, там не было. На мне быў светла-карычневы плашч і чырвоны шалік, які ніколі не фарбаваўся. А тут раптам пацёк чырвоны струменьчык...

Нарэшце мы падняліся наверх, да святыні, пачалі здымаць — і раптам камера спынілася. Вы ўяўляеце, што гэта такое — мы прыехалі за тысячу кіламетраў і раптам камера спынілася! Я сяджу, плачу. Рабіць няма чаго, вярнуліся назад. Праз два дні нас павінен быў забраць самалёт. У пошуках камеры я патэлефанавала ў Архангельск на кінастудыю, у іх патрэбнай камеры няма, а тая, што ёсць — занятая.

А потым прыходзіць адзін чалавек, Мікалай, з якім мы там пазнаёміліся, і кажа, у нас ёсць настаўнік фізікі, які добра разбіраецца ў электроніцы, можа, ён дапаможа направіць. Я на гэта: ды што вы кажаце, у нас супертэхніка, што там можа зрабіць настаўнік фізікі на Салаўках? Але аператар з асістэнтам мяне не паслухаліся і пашлі з гэтым Колем да настаўніка, а я ў гэты час ляжала і плакала, нічога больш не жадаючы, а праз дзве гадзіны заляцеў Коля і закрычаў: уставай, фізік камеру направіў. Усё кадры, зробленыя на Салаўках, увайшлі ў фільм, і каб іх не было — фільм шмат бы згубіў. Бо тое, што адчуваеш на Салаўках і асабліва на Анзеры, гэтыя разбураныя цэрквы — усё гэта дапамагае зразумець сутнасць гэтых падзей, жыццё на гэтых астравах.


— Калі адбылася прэм’ера фільма?

— У кінатэатры «Рыга» ў 2008 годзе. Прысутнічаў кардынал, прадстаўнікі ўраду. Фільм атрымаў прызнанне.

— Гэта значыць, Ваш фільм наблізіў асобу біскупа Слосканса шараговым латышам? А зараз, дзякуючы паказам у Магілёве, на фестывалі «Магніфікат», і вось зараз у Мінску — і шараговым беларусам?

— Менавіта так. Бо кіно ж — мастацтва, якое ўражвае найбольш. Кнігу прачытаюць не ўсе, і нават газету не заўсёды. А кіно паглядзяць многія. Фільм ужо неаднаразова паказвалі па тэлебачанні, людзі тэлефанавалі і дзяліліся ўражаннямі, дзякавалі, казалі, што 50 хвілін карціны прайшлі незаўважна. Часам жа рэлігійныя фільмы глядзець складана. Не, казалі людзі, цікава. Зараз ідзе працэс беатыфікацыі біскупа. І цяпер мая мэта жыцця — каб яго назвалі святым.

— Вы моліцеся праз яго заступніцтва?

— Так, малюся. У нас ёсць група з шасці чалавек, мы молімся, просячы біскупа аб заступніцтве. І я не бяру грошы за гэты фільм. Мы зрабілі тысячу дыскаў — я іх аддаю ў падарунак розным людзям, прашу: нясіце і паказвайце далей, каб людзі ведалі пра яго.

І я заўсёды адчуваю прысутнасць біскупа ў сваім жыцці, і калі ў мяне адбываюцца непрыемнасці — адчуваю своеасаблівую «пярынку».

— Вы, напэўна, ўзрадаваліся, што ў Беларусі былі праведзены дні біскупа Баляслава Слосканса і Вы маглі паказаць свой фільм? З якім пачуццём Вы тады і зараз ехалі ў Беларусь?

— Я гэтаму вельмі рада. Яшчэ, ведаеце, — я не бачыла ў Латвіі такога энтузіязму, які я назірала ў Беларусі ў дачыненні да асобы біскупа Слосканса. У Латвіі гэта ўсё адбывалася неяк больш стрымана, ды і асоба біскупа цікавіць толькі вызначаную частку. У Беларусі ж усе, хто пра яго даведваецца, кажуць: так, гэта ж наш. У Магілёве пасля паказу фільма да мяне падыходзілі бабулі, абдымалі мяне і цалавалі, казалі дзякуй за тое, «што распавялі пра нашага чалавека».

Мы нібы сцерлі пыл з гэтага пласту гісторыі, і вось зараз гэта пайшло хваляй.

Гутарыла Кацярына Лаўрыненка

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.