Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Балгарскія вакацыі: праз Ледзі Гагу да Хрыста
Інтэрв'ю
14.08.2014 10:29

Падчас летняга адпачынку карэспандэнт Catholic.by пазнаёміўся з айцамі капуцынамі, якія служаць у балгарскім прыморскім горадзе Бургас. Пра рэлігійную сітуацыю ў Балгарыі і асаблівасці “курортнага” душпастырства распавядае пробашч рыма-каталіцкай парафіі Маці Божай у Бургасе айцец Яраслаў Бабік OFMCap.


– З аднаго боку Балгарыя не з'яўляецца для нас краінай невядомай ці экзатычнай — штосьці ведаем з гісторыі, штосьці ў якасці турыстаў, — але вельмі мала вядома пра рэлігійную сітуацыю ў Балгарыі, хіба толькі што большасць вернікаў праваслаўныя. Балгары ўвогуле рэлігійная нацыя?

– Можна сказаць, што балгары народ рэлігійны ў тым сэнсе, што маюць усведамленне, што існуе вышэйшая сіла, але пытанне — у чым бачыць гэтую сілу, дзе і якім чынам яе шукаць. Часта гэтая сіла шукаецца ў шчасці, здароўі, розных зямных справах. Разам з тым балгарам уласціва так бы мовіць “традыцыйнае” рэлігійнае пачуццё. Праваслаўная Царква ў Балгарыі, да якой належыць амаль 80% насельніцтва, якраз з’яўляецца Царквой вельмі традыцыйнай, звязанай з рознымі культамі, звычаямі, традыцыямі. Але калі вера павінна адбівацца на штодзённым жыцці, гэта значыць калі выбары, учынкі павінны быць звязаны з Евангеллем, з тым, у што верыш, то, на жаль, трэба прызнаць, што балгарскае грамадства хутчэй атэістычнае.

Шкада, што так сталася. Хрысціянства на нашых тэрыторыях мае вельмі багатую гісторыю, Царква тут калісьці была вельмі моцнай. Сёлета адзначаем 1150 гадоў з таго часу, як прота-балгары прынялі хрысціянства, якое прыйшло да нас з Грэцыі. Мы знаходзімся недалёка ад старажытнага Канстанцінопаля, цяпер Стамбула, які на працягу стагоддзяў вызначаў развіццё хрысціянства ва ўсходняй традыцыі. У першай палове IV ст. у горадзе Сердзіка (сённяшняя Сафія) адбыўся мясцовы Сабор, які, хоць і не быў Сусветным, але меў важнае значэнне. Таксама наша зямля нарадзіла шмат пакутнікаў за веру, а мы павінны разумець, што чалавек не аддае сваё жыццё за невядома што, а толькі за тое, у чым моцна перакананы.

Аднак шмат шкоды нанесла турэцкае іга ў часы Асманскай імперыі. У навейшай гісторыі Балгарыі вельмі жорстка вера знішчалася Савецкім Саюзам, можа, нават больш жорстка, чым у ім самім. У выніку балгарскае грамадства хаця і можна назваць у пэўным сэнсе рэлігійным, аднак гэтая рэлігійнасць часцей за ўсё не накіравана да Бога.

– Якое месца ў гэтым грамадстве займае Каталіцкі Касцёл? Ці чутны яго голас?

– Каталіцкі Касцёл у Балгарыі вельмі малы. Афіцыйна ў нас толькі 70 тысяч вернікаў – гэта 1% усяго насельніцтва. У нас тры дыяцэзіі – дзве рыма-каталіцкія і адна грэка-каталіцкая, у цэлым каля 50 святароў. Праца канцэнтруецца ў служэнні ў касцёле, у катэхізацыі, арганізацыі душпастырскіх груп, моладзевых сустрэч і г.д.

Гэты год праходзіць пад дэвізам “Сям’і – так!”. Мы праводзім сустрэчы, на якіх распавядаем пра пазіцыю Касцёла адносна сям’і, размаўляем пра любоў, закаханасць, сексуальнасць, сужэнства, тлумачым, чаму Касцёл супраць абортаў, in vitro. На гэтых сустрэчах збіраецца няшмат людзей, але тыя, хто прыходзіць, потым нясуць пасланне Касцёла далей іншым.

– Быць католікам у Балгарыі – значыць быць белай варонай?

– Менавіта так, белай варонай! І не толькі таму, што католікаў меншасць. Нават тое, што католік мае абавязак кожную нядзелю прымаць удзел у святой Імшы, што для католікаў з'яўляюцца непрымальнымі разводы і да таго падобныя рэчы, ужо робіць нас непадобнымі да іншых.

– Як можна ахарактарызаваць адносіны Касцёла з дамінуючай канфесіяй?

– Яны вызначаюцца тым, што да нас ставяцца як да секты.

– Гэта на афіцыйным узроўні, а на бытавым?

– Ніякіх праблем. Ведаю толькі два выпадкі, калі ў змешаных сем’ях муж не дазваляў жонцы наведваць касцёл, але гэта выключэнні. Насамрэч шмат праваслаўных прыходзіць у касцёл і актыўна ўдзельнічае ў яго жыцці. Яны дапамагаюць у падрыхтоўцы розных мерапрыемстваў, удзельнічаюць у літургіі, у якасці лектараў чытаюць літургічныя чытанні. Яны не збіраюцца пераходзіць у каталіцтва, і мы не прымушаем іх да гэтага. Яны проста хочуць мець сувязь з Каталіцкім Касцёлам, і мы дазваляем ім знайсці ў Касцёле сваё месца. 

– Ці магчыма намаляваць партрэт тыповага балгарскага католіка, вызначыць нейкія характэрныя рысы? Ён атрымаў веру ад бацькоў і дзядоў ці гэта неафіт, які прыйшоў у Касцёл праз свядомы выбар? Ён этнічны балгарын ці, можа, належыць да нейкай дыяспары?

– Такі партрэт намаляваць немагчыма. Кожны чалавек унікальны, у кожнага свой шлях да Бога. Так, ёсць тыя, якія выхаваны ў каталіцтве, ёсць і тыя, што прыйшлі да веры нядаўна.

Часам здараюцца неверагодныя рэчы. Аднойчы ў касцёл прыйшоў малады чалавек і заявіў, што хоча стаць католікам. Дагэтуль ніколі ў касцёле не быў, ніводнага разу набажэнствы не наведваў, і выглядала так, быццам ён проста ішоў па вуліцы, убачыў адчыненыя дзверы касцёла і нешта стрэліла ў галаву – “хачу быць католікам”! Падчас размовы паступова стала высвятляцца, што ўсё ж ёсць прычына. Аказваецца, хлопец з’яўляецца фанатам адной поп-зоркі і нядаўна даведаўся, што яна каталічка. І таму вырашыў таксама стаць католікам. Смешна? Яшчэ больш будзеце смяяцца, калі даведаецеся, хто гэтая зорка. Хто б мог падумаць, што Ледзі Гага можа прывесці да Касцёла! За пару гадоў у хлопца Ледзі Гага выветрылася з галавы, а Пан Езус застаўся.

Дарэчы, гэты прыклад засцерагае нас, святароў, ад пыхі. Аказваецца, Бог можа паклікаць чалавека нават праз Ледзі Гагу, а нам часамі застаецца толькі адчыніць дзверы святыні, ветліва ўсміхнуцца, не адштурхнуць.


– Якія асаблівасці “курортнага” душпастырства?

– Бургас не зусім курортны горад, але ён знаходзіцца паміж буйнымі курортамі – з аднаго боку Нэсэбр і Сонечны Бераг, з іншага Сазопал. У летні перыяд колькасць вернікаў, якія прыходзяць на Імшу ў наш касцёл, павялічваецца ў дзясяткі разоў. Акрамя святых Імшаў у нашым касцёле, мы служым нядзельную Імшу ў Нэсэбры і Сазопале спецыяльна для турыстаў, хаця ў гэтых курортах месца для малітвы знайсці было вельмі няпроста.

Але мы не абмяжоўваемся толькі тым, каб цэлебраваць Імшу для турыстаў і ўдзяляць ім сакрамэнты. Мы таксама займаемся шматлікімі бытавымі справамі, здавалася б, вельмі далёкімі ад рэлігіі. Камусьці трэба дапамагчы вырашыць справы ў консульстве, камусьці знайсці ўрача альбо, як сёння, параіць аўтасэрвіс, каб адрамантаваць аўтамабіль. Бывае і такое, што чалавек памірае падчас адпачынку, і тады трэба дапамагчы родным арганізаваць перавоз цела памерлага на радзіму. Людзі часта не ведаюць, куды звяртацца, і звяртаюцца па дапамогу ў касцёл. Нездарма адной з рысаў капуцынскай духоўнасці з’яўляецца братэрства. Таму мы і дапамагаем людзям не толькі ў духоўных, але і ў самых розных справах.


– Калі я першы раз трапіў у ваш парафіяльны касцёл, амаль адразу пры ўваходзе звярнуў увагу на раздрукоўкі літургічных чытанняў на сённяшні дзень на розных мовах і кароткія разважанні над імі. Натуральна, мала хто з замежных турыстаў разумее па-балгарску, і ці істотна, калі вернік чагосьці не зразумее?

– Божае слова вельмі важнае, бо вера нараджаецца са слухання. Калі падчас Імшы хтосьці не разумее прынамсі, што кажа Евангелле, то цяжка сказаць, наколькі ў дадзены момант яго вера адбудоўваецца. Таму мы клапоцімся аб тым, каб замежныя вернікі мелі магчымасць як мага больш свядома ўдзельнічаць у святой Імшы.


– Яшчэ адна рэч, якая мяне прыемна здзівіла, – гэта запрашэнне да ўсіх вернікаў на каву пасля Імшы. Адкуль увогуле з’явілася такая ідэя?

– Сам Езус Хрыстус еў і піў са сваімі вучнямі і падчас пасілкаў размаўляў з імі. Першыя хрысціяне таксама збіраліся разам на агапах, таму тут няма нічога новага. Нам, людзям з розных краін, важна адчуваць між сабой адзінства. Спачатку гэтае адзінства ўзнікае падчас Эўхарыстыі, а потым яно мае свой працяг у звычайных абставінах. Бывае так, што людзі адпачываюць у адным гатэлі, час ад часу бачаць адзін аднаго на пляжы, але застаюцца незнаёмымі, а тут яны сустракаюцца і высвятляецца, што ў іх ёсць нешта агульнае, і пры тым вельмі важнае, – гэта іх вера.


– Для мяне пэўным знакам стала тое, што кава бясплатная. Не таму, што я “халяўшчык” ці ў мяне зусім няма грошай. Проста адразу зразумела, што тут дзейнічаюць не справы бізнесу, а штосьці зусім іншае...

– Вядома, грошы заўсёды патрэбныя на розныя справы. Лічу, аднак, што ўсё павінна стаяць на сваім месцы. Перакананы, інвеставаць трэба перадусім у людзей. Пару пачак кавы, цукру, печыва – гэта амаль ніякая інвестыцыя, але вельмі важная. Мэта не ў тым, каб адчуць смак кавы, а з тым, каб адчуць смак сяброўства, братэрства, адзінства. Мэта ў тым, каб быць разам, а кава з’яўляецца толькі нагодай.

– Сапраўды, гэтая еднасць і атмасфера сяброўства ў вас адчуваецца. Вельмі прыемна, дзякуй Вам!

– А я праз Вас хачу запрасіць беларускіх католікаў. Прыязджайце ў Балгарыю. У нас ёсць сонца, ёсць мора і ёсць айцы капуцыны, якія вам будуць рады.


Размаўляў Віталій Палінеўскі
Фота Віталія Палінеўскага і з архіва парафіі

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.