Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Алег Буткевіч: “Убогі, Касцёл або чалавек, - які найперш разлічвае на Божую дапамогу і ўмее карыстацца матэрыяльнымі сродкамі”
Інтэрв'ю
29.04.2014 15:50

Словы Папы Францішка пра “Касцёл бедны і для бедных” вынікаюць “з Нагорнага казання Езуса, дзе Ён кажа пра тое, што благаслаўлёныя ўбогія, бо ім належыць Валадарства Нябеснае”; такім чынам “Папа хоча звярнуць увагу ў наш час на тое, што Касцёл не павінен страціць сваёй місіі – весці чалавека да Божага Валадарства”, адзначыў у інтэрв’ю беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Па словах іерарха, “убогасць – гэта стан Касцёла, які не канцэнтруецца ў першую чаргу на матэрыяльным баку жыцця, але ўмела карыстаецца тым, што дае Бог чалавеку ў гэтым свеце”. Публікуем фрагменты інтэрв'ю.

- Калі Вас прызначылі біскупам Віцебскім, у размовах з журналістамі Вы адзначылі, што ў першую чаргу будзеце займацца арганізацыяй дыяцэзіяльнай курыі. І на гэта некаторыя сказалі, што новы біскуп зробіць акцэнт на адміністраванні, на бюракратычным складніку. Ці так гэта?

- Паколькі кожная структура, а Касцёл з’яўляецца структурай, для сваёй працы і жыццяздольнасці патрабуе ўмовы для функцыянавання, то згодна з маім заданнем, якое я бачу, з патрабаваннямі, якія перад мной ставяць час і ўмовы, патрэбна курыя, якая добра функцыянуе. І справа не ў тым, каб займацца нейкімі выключна бюракратычнымі пытаннямі. Гэта перш за ўсё стварэнне той структуры, якая б дапамагла ў нармальнай працы самой дыяцэзіі, у функцыянаванні душпастырства, у вырашэнні тых пытанняў, якія ўзнікаюць. Гэта тыя рэчы, без чаго немагчыма нармальнае развіццё і жыццё, перш за ўсё, святароў, іх праца. І калі ўжо ідзе гаворка пра стварэнне нейкай структуры, курыі, то ў тым сэнсе, каб была такая сістэма, якая дапамагае ў нармальнай працы душпастыра, дыяцэзіі і Касцёла.

- Ёсць малазаўважаны праз СМІ і, магчыма, таксама праз касцёльнае асяроддзе факт: у Віцебскай дыяцэзіі некалькі тыдняў таму паўстала новая структура (новая не толькі на ўзроўні дыяцэзіі, але і Касцёла ў Беларусі) – была створана Эканамічная рада, якая павінна дапамагаць біскупу ў фінансавых аспектах кіравання дыяцэзіяй. Наколькі важная гэтая падзея і ўвогуле эканамічны складнік жыцця Касцёла?

- У кожнай галіне дзейнасці фінансавае пытанне – складанае з аднаго боку, з другога – пытанне, якое патрабуе празрыстасці, каб фінансавыя сродкі, у выпадку Касцёла, прыносілі карысць і спрыялі душпастырскай працы. Эканамічная рада патрэбна, каб пытанні такога кшталту не ўскладаліся на плечы выключна біскупа. Я лічу лагічным крокам стварэнне такой структуры, якая дапамагала б вырашаць фінансавыя пытанні і вырашэнне іх было б празрыстым, зразумелым, лагічным. Як мне падаецца, на дадзеным этапе развіцця Касцёла і нашай дыяцэзіі знешняя дапамога дзеля таго, каб стварыць патрэбныя структуры, базу для дзейнасці Касцёла, напэўна, яшчэ патрэбна. Але я не магу сказаць, што сітуацыя Касцёла ў нас настолькі крытычная, што мы не маглі б карыстацца тым патэнцыялам, які існуе ўнутры яго. Гэта пытанне арганізацыі і пошуку, адкрыцця гэтага патэнцыялу, яго выкарыстання. І таму стварэнне гэтай эканамічнай камісіі – спроба і крок у гэтым накірунку, каб патэнцыял, які існуе ў Касцёле ў Беларусі, нейкім чынам выкарыстоўваць і шукаць нейкія магчымасці для нармальнага функцыянавання Касцёла ў нашай краіне.

- Вельмі цытуюць у апошні час словы Папы Францішка, што нам патрэбны “Касцёл бедны і для бедных”. Ці ўпісваецца гэтая формула ў кантэкст Касцёла ў Беларусі, ці можа яна прыжыцца ў нас?


- Формула Папы вынікае з Нагорнага казання Езуса, дзе Ён кажа пра тое, што благаслаўлёныя ўбогія, бо ім належыць Валадарства Нябеснае. Такім чынам Папа хоча звярнуць увагу ў наш час на тое, што Касцёл не павінен страціць сваёй місіі – весці чалавека да Божага Валадарства. І ў гэтым выпадку матэрыяльныя сродкі Касцёла могуць стаць перашкодай, калі мы зоймемся іх пошукам у якасці мэты. Матэрыяльныя сродкі могуць быць толькі дапамогай для выканання асноўнай місіі Касцёла. І ўбогасць – гэта стан Касцёла, які не канцэнтруецца ў першую чаргу на матэрыяльным баку жыцця, але ўмела карыстаецца тым, што дае Бог чалавеку ў гэтым свеце. Таму ўбогі, Касцёл або чалавек, - гэта той, які ў першую чаргу разлічвае на Божую дапамогу і Провід і ўмее ўласцівым чынам карыстацца матэрыяльнымі сродкамі для выканання свайго задання.

- Эксцэленцыя, вялікі дзякуй за размову. Яна сканцэнтравалася сёння на пытаннях эканамічнага кшталту, але паколькі мы чамусьці часта баімся і нават саромеемся гэтых пытанняў, магчыма, настаў час, каб іх задаць. Таму я Вам вельмі ўдзячны за шчырасць і адкрытаць у размове на гэтую тэму.

Размаўляў кс. Аляксандр Амяльчэня

Цалкам тэкст інтэрв'ю на be.radiovaticana.va

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.