Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці: быць прадстаўніком Папы ў гэтай краіне – вялікі прывілей
Інтэрв'ю
14.02.2014 13:24

"Быць прадстаўніком Папы ў гэтай краіне – вялікі прывілей. Бо глыбокая любоў да Папы, якая каштавала жыцця многім людзям у часы пераследу, у момант стварэння ўмоваў большай свабоды і цяпер жыве ў верніках ва ўсёй поўні, свежасці і ва ўсім сваім эмацыйным запале”, - адзначыў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Іерарх адказаў на некалькі пытанняў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

- Ваша Эксцэленцыя, што Вы лічыце сваім прыярытэтам у служэнні ў Беларусі?

- Вельмі складана казаць аб прыярытэтах, таму што ў такой цікавай, багатай і нават непрадказальнай краіне прыярытэты прыходзяць самі. Як ведаеце, заданне Нунцыя датычыць як адносінаў з каталіцкай супольнасцю, так і прадстаўніцтва перад беларускай дзяржавай і іншымі інстытутамі, такімі, як Праваслаўная Царква або культурныя ўстановы. Я павінен сказаць, што цікавасць беларускага боку да Каталіцкага Касцёла вялікая. А таму колькасць абавязкаў палітычнага, дыпламатычнага, культурнага характару не меншая за тыя, якія датычаць служэння Каталіцкаму Касцёлу ў розных парафіях, падчас розных святаў, вялікіх цэлебрацый, а таксама больш звыклых, штодзённых сустрэч. Таму складана казаць пра загадзя вызначаныя прыярытэты. Прыярытэты вызначаюцца асобамі і гістарычнымі момантамі.

- Што мае першаснае значэнне ў Вашай місіі дыпламата ў Беларусі?

- Добра вядома, што Апостальская Сталіца жадае бачыць Беларусь краінай, якую ўсе бакі разглядаюць і ўспрымаюць як роўнага партнёра. А значыць, без любых формаў ізаляцыі, маргіналізацыі, байкатавання. Гэта прадугледжвае пастаяннае будаванне мастоў, сувязяў, адносін з рознымі структурамі Каталіцкага Касцёла ў свеце ва ўсёй яго нацыянальнай і культурнай разнастайнасці. Датычыць гэта і дапамогі, каб Беларусь магла развівацца ў накірунку гэтай адкрытасці, неабходнай для кожнай краіны. Каб магла развівацца ў вымярэнні правоў чалавека; у спакойнай эканамічнай будучыні, не адмаўляючыся ад каштоўнасці сацыяльнай салідарнасці, характэрнай для гэтай краіны, якая не кінулася з галавой у рукі дзікага капіталізму; у павазе да правоў чалавека, якія ўсё больш неабходныя для росту грамадскай супольнасці. Каб краіна магла развівацца ў тым тэмпе і такім спосабам, які адпавядае культуры і чуласці беларускага народа, а не планам і календарам, вызначаным кімсьці па-за межамі Беларусі.

- Наколькі глыбока прадстаўнік Папы можа ўдзельнічаць у грамадскім жыцці краіны, у якой нясе служэнне?

- Я павінен сказаць, што папскі прадстаўнік актыўна прысутны ў жыцці краіны – прысутны ва ўсе моманты, вельмі добра прымаецца і з ім шмат кансультуюцца. Гэта я кажу з вялікім асабістым задавальненнем як святар адносна таго, што датычыць духоўнага аспекту, і як дыпламат адносна таго, што датычыць аспекту дыпламатычнага. Прысутнасць Нунцыя ўнутры дыпламатычнага свету, як і ў адносінах са светам палітыкі, уяўляе сабой цікавы элемент, да якога многія звяртаюцца. А для гэтага цудоўнага Касцёла прысутнасць Нунцыя выражаецца ў пастаяннай сувязі з народам, глыбока веруючым, глыбока блізкім да рэлігійнага светаўспрыняцця і вельмі блізкім да Папы. Такім чынам, быць прадстаўніком Папы ў гэтай краіне – вялікі прывілей. Бо глыбокая любоў да Папы, якая каштавала жыцця многім людзям у часы пераследу, у момант стварэння ўмоваў большай свабоды і цяпер жыве ў верніках ва ўсёй поўні, свежасці і ва ўсім сваім эмацыйным запале.

Мне здаецца, гэта фундаментальныя элементы, якія я ўбачыў за два з паловай гады працы. І за гэты час я не магу сказаць нічога іншага, акрамя маёй падзякі Богу і Папу. Падзякі за магчымасць перажыць кантакт з рэальнасцю, як касцёльнай, так і чалавечай, якую, на жаль, ведаюць нямногія. Яна несправядліва невядомая. Бо калі б была вядомай, магла б дазволіць не толькі беларусам адчуваць сябе больш ацэненымі, але і свету і Паўсюднаму Касцёлу атрымаць моцны, важны і спецыфічны ўклад, які б прынёс багацце, ацэненае паўсюдна.

- Якія рысы Пантыфікату Святога Айца Францішка, на Ваш погляд, паўплываюць на дыпламатыю Апостальскай Сталіцы?

- Канешне, новы Папа мае свой асаблівы стыль. Папа Францішак – гэта чалавек Евангелля, адкрытасці, дыялогу, чалавек бедных, чалавек сацыяльнай справядлівасці. Гэта чалавек вельмі ўважлівы да стварэння супольнасцяў не фальшывых, не тэатральных, а тых, якія адпавядаюць сапраўднай прыродзе чалавека: быць свабодным перад сабой, свабодным ад уласных страхаў і страхаў, выкліканых звонку, – каб дазволіць чалавечай асобе заквітнець ва ўсёй яе поўні, паводле Божага вобразу. Натуральна, такі ж накірунак мае моцнае адлюстраванне і ў Беларусі, дзе народ чакае магчымасці перажываць увесь свой досвед веры ў поўні, свабодзе, большым спакоі. Да гэтага мы пастаянна імкнёмся, спрабуючы весці няспынны дыялог з уладамі, адказнымі з палітычнага пункту гледжання за спрыянне такому развіццю.

- Якія, на Ваш погляд, важныя падзеі адбыліся ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі ў 2013 годзе? Як яны могуць паўплываць на далейшы духоўны рост і развіццё Касцёла?

- На дадзены момант, апошняй самай важнай падзеяй стала прызначэнне Святым Айцом трох новых біскупаў. Трэба было прадставіць Пантыфіку ўсе элементы для выбару. Гаворка ішла пра важнае і неабходнае рашэнне: даць Беларусі больш шырокае біскупскае прадстаўніцтва, якое б адпавядала асаблівай ролі, якую Каталіцкі Касцёл мае ў гэтай краіне. Каталіцкі Касцёл у Беларусі – гэта не “Касцёл прыезджых” – асоб, якія прыбылі звонку. Гэта Касцёл, які нарадзіўся тут і меў тут свае карані заўсёды. Гаворка ідзе пра дастаткова рэдкі выпадак сярод былых савецкіх краін.

Такім чынам, прыярытэтам было даць пастыраў, якія б маглі ўмацаваць працу тых, хто дагэтуль нёс служэнне ў якасці біскупаў, і дапамагчы ім зрабіць Касцёл больш жывым, больш плённым, больш прысутным ва ўсіх яго формах пасля гадоў свабоднай дзейнасці, якія насталі пасля абмежаванняў, што існавалі ў савецкую эпоху.

- СМІ шмат разоў паведамлялі аб падрыхтоўцы пагаднення паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь. На якім этапе знаходзіцца праца над пагадненнем?

- Праца над магчымым пагадненнем паміж Рэспублікай Беларусь і Апостальскай Сталіцай – гэта падзея, якая, канешне, мае вялікае значэнне. Яно датычыць нормаў, звязаных са штодзённым жыццём Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Гаворка ідзе пра доўгі працэс, нялёгкі. І гэта звязана з існуючай розніцай канцэпцый і паняццяў у акрэсленні адносін паміж дзяржавай і Касцёлам. І да гэтага варта паставіцца з разуменнем, бо гаворка ідзе пра дастаткова новую праблематыку для Беларусі, улічваючы мінулае, калі, канешне, не магло мець месца пагадненне паміж Каталіцкім Касцёлам і ўрадам, – у часы Савецкага Саюза. Таму не трэба здзіўляцца, што заданне такога кшталту патрабуе шмат часу і пастаяннага аналізу.

- Якія фактары, на Вашу думку, садзейнічаюць, а якія перашкаджаюць новай евангелізацыі ў Беларусі?

- Для Касцёла прыярытэтам з’яўляецца абвяшчэнне Езуса Хрыста і Яго Евангелля. Беларусь – гэта зямля са старажытнай хрысціянскай традыцыяй. Таму тут не ідзе гаворка пра першую евангелізацыю, а пра тое, каб прынесці евангелізацыю туды, дзе атэістычная ідэалогія знішчыла ці намагалася знішчыць прысутнасць хрысціянскай веры, выстаўляючы яе як недарэчнасць. Гэты працэс нялёгкі, таму што тут было не проста “забыццё” аб хрысціянстве, але актыўная і сістэматычная палітыка адчужэння рэлігіі, непрыняцця цноты, каштоўнасці, значэння рэлігіі. Прапаганда гэтага кшталту заклала карані ў частцы насельніцтва краіны, якая часткова не ведае рэлігіі, і таму, калі цікавіцца, то задае пытанні менавіта з нуля.

Такім чынам, спрыянне працэсу знаёмства з хрысціянствам, у нашым выпадку з каталіцкай традыцыяй, у выпадку праваслаўных, натуральна, з праваслаўнай традыцыяй, патрабуе доўгай працы. Менавіта ў святле гэтай евангелізацыі Папа вырашыў умацаваць прысутнасць біскупаў, павялічыўшы іх колькасць і дадаўшы больш маладых асоб, якія, канешне, могуць узяць на сябе гэтую цяжкую і складаную дзейнасць.

- Як Вы ацэньваеце сітуацыю з духавенствам у Беларусі?

- З вялікім задавальненнем мы канстатуем, што Беларусь, якая ў перыяд пасля падзення камунізму і Савецкага Саюза мела велізарную патрэбу ў святарах з замежжа, сёння знаходзіцца ў іншай сітуацыі. Нягледзячы на патрэбу ў дапамозе звонку – таму што тут шмат вернікаў, – працягвае расці колькасць мясцовых беларускіх святароў. Гэта нас вельмі задавальняе. Задавальняе біскупаў, Апостальскую Сталіцу, таму што кожны народ мае права мець святароў уласнай культуры, мовы, светаўспрыняцця.

Мы будзем рабіць усё, каб выхаванне святароў магло адпавядаць гэтым патрабаванням, каб кандыдаты да святарства, семінарысты маглі мець глыбокае выхаванне, укаранёнае, непавярхоўнае. І над гэтым працуем шмат, нават праз некаторыя вельмі амбіцыёзныя праекты, якімі падзяліліся з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Гэта дазволіць мець беларускае каталіцкае духавенства, выхаванае і падрыхтаванае ва ўласнай культуры і таксама ў культуры агульнай. Таму што калі мы хочам мець Касцёл, які не будзе ізаляваным і заключаным у гета, то маем патрэбу, канешне, у глыбокім знаёмстве з уласнай беларускай ідэнтычнасцю, але таксама ў знаёмстве агульным і шырокім – з культурай, якой яна разумеецца ў заходнім свеце, у Еўропе, а таксама ў рускім свеце, усходнім, калі можна назваць гэтыя часткі Усходам і Захадам. Розныя культуры ўнеслі свой багаты ўклад у спецыфічную гісторыю гэтай краіны. Такім чынам, гаворка ідзе пра асобаў, здольных быць сапраўднымі каталіцкімі святарамі – суразмоўцамі з паўсюднай, а не толькі мясцовай культурай.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.