Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беларускія скаўты з Канады: шляхам да Айчыны Нябеснай, з любоўю да Айчыны зямной
Інтэрв'ю
23.10.2013 10:55

У незнаёмай большасці менчукоў прыгожай форме ідуць па Мінску два чалавекі — дарослы з 11-гадовым хлопцам. Яны заходзяць у Чырвоны касцёл. Пасля Імшы мы знаёмімся з Віктарам Саўрыцкім, скаўтам з Канады, які рэгулярна адведвае Беларусь і гэтым разам прыехаў са сваім сынам Мішам.

Каб дапамагчы дзецям

Віктар пачаў каталіцкае жыццё яшчэ ў Беларусі, дзякуючы сваім бацькам, атрымаў Першую Камунію ў Чырвоным касцёле. Вучыўся ў БДУІР, атрымаў дыплом праграміста ў 1996 годзе. З таго часу і працуе ў гэтай сферы. Ажаніўся ў Канадзе пасля таго, як пераехаў туды ў 1998 годзе, але ягоная жонка таксама з Беларусі.

Пытаюся, як мой суразмоўца даведаўся пра каталіцкі скаўцкі рух.

«Гэта была вельмі цікавая сустрэча. Жонка сказала, што трэба знайсці летнік для Мішы, нашага 10-гадовага сына, і калі мы шукалі, нам не зусім падабалася тое, што яны прапанавалі. І аднойчы яна сказала: «Вось глядзі, ёсць нейкая група скаўтаў. Пойдзем паглядзім, што яны робяць». Перш-наперш трэба дадаць, што ў Канадзе не так шмат каталіцкіх скаўтаў. Я нават не ведаў, што ёсць каталіцкія скаўты ў Канадзе. Ёсць Скаўты Канады, больш секулярная, нерэлігійная група.

І калі я прыйшоў, я вельмі здзівіўся, што яны робяць знак крыжа, прамаўляюць «Ойча наш». Гэта было ў пачатку 2012 года».


 

Я задаю пытанне, як сам Віктар вырашыў ужо ў паважным узроcце, у 39 гадоў, далучыцца да моладзевай арганізацыі.

«Яшчэ да таго я хацеў дапамагаць у шпіталі, але пасля таго, як сустрэўся са скаўтамі, спытаўся ў «Акелы» (так называюць дарослага, які кіруе навучаннем самых малых скаўтаў-ваўчанят), і стаў валанцёрам у скаўтаў, мне спадабалася. Пачаліся скаўцкія прыгоды, пілігрымкі, летнікі. Хлопцы і дзяўчыны часам дапамагаюць бяздомным, раздаюць ежу. Мне здаецца, менавіта такі вось занятак не толькі дае фізічныя здольнасці ці веды аб раслінах і жывёлах, але і магчымасць быць бліжэй да Бога, зразумець, што Ён з табой не толькі ў нядзелю, але ў любы дзень тыдня».

Так Віктар стаў лідарам зграі ваўчанят (у Беларусі гэтая пасада называецца шэф) — пачаў займацца з дзецьмі кожны тыдзень, дапамагаць з арганізацыяй сустрэч і гульняў, размоваў на розныя тэмы.

Мяне зацікавіла, што патрабавалася ад Віктара для таго, каб пачаць займацца з дзецьмі па-скаўцку.

«Перад тым, як стаць лідарам, у мяне спыталі, ці я католік, — бо лідар павінен размаўляць з дзецьмі, быць іх настаўнікам. Я паразмаўляў з «Акелай», засведчыў сваё жаданне. Трэба было таксама здаць дакументы, даведкі розныя — напрыклад, з паліцыі. Вось і ўсё.

Потым у нас яшчэ праходзілі заняткі з новымі лідарамі, калі нам давалі парады, як працаваць з дзецьмі. У нас вельмі моцны, вопытны «Акела».

У нас зараз тры ступені — ваўчаняты, вось мой сын зараз у ваўчанятах. І я займаюся з ваўчанятамі і, думаю, буду займацца з імі доўгі час, бо падрастае другі сын, а старэйшы пойдзе ў скаўты ці, як у нас кажуць, першапраходцы».



 

Пытаюся, як ён ставіцца да скаўцкай формы, бо камусьці яна можна падавацца занадта падобнай да вайсковай.

«Як ксёндз мае сваю асаблівую форму, так і скаўты. Гэта і адказнасць, і годнасць. Я не магу ўявіць, як буду піць ці паліць у гэтай форме, а таксама спадзяюся, што людзі бачаць і думаюць: „Вось тыя хлопцы, якія давалі прысягу быць чыстымі ў думках і ўчынках. Можа, і мне да іх пайсці ці даверыць ім сваіх дзяцей?“»

Што двор, то нораў

У Канадзе каталіцкія скаўты робяць асаблівы акцэнт на працы з ваўчанятамі — самай малодшай групай.

«Нешта прывіць чалавеку лягчэй у раннім узросце, — кажа Віктар. — У нас болей ваўчанят, чым скаўтаў, а ў Беларусі ў гэтай парафіі яны толькі ў мінулым годзе пачаліся, як я зразумеў. У кожнай краіне свае асаблівасці».

Нехрысціянскія і некаталіцкія рэлігійныя супольнасці ў Канадзе больш заўважныя, таму дзеці з самага пачатку вучацца талерантнасці. Гэта добра, кажа мой суразмоўца, але сапраўдная каталіцкая талерантнасць у сферы рэлігіі павінна сумяшчацца з захаваннем сваіх рэлігійных прынцыпаў.

Талерантнасць агрэсіўная, якая патрабуе адмаўлення ад сваёй веры, прызнання, што няма розніцы ў што верыць, — не мае нічога агульнага з сапраўднай любоўю да бліжняга.

Сутыкнуцца з такой агрэсіўнай «талерантнасцю» нядаўна давялося буйнейшым нерэлігійным арганізацыям скаўтаў у Амерыцы. Пад моцным ціскам з боку пэўных колаў грамадства яны здаліся, адмовіліся ад прынцыпаў, каб захаваць спонсараў і выгляд «талерантных». І прайгралі — пачаўся арганізацыйны заняпад, людзі пабеглі ад іх.

«Так, зараз там распачынаюцца вельмі шмат новых груп, бо нерэлігійныя Скаўты Амерыкі і Скаўты Канады дазволілі прадстаўнікам сексуальных меншасцяў не толькі прымаць удзел, але і вучыць дзяцей, што гомасексуалізм — гэта нармальна. Таму парафіі адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з гэтымі арганізацыямі і ідуць да нас».

Нешта большае


Віктар прыязджае ў Беларусь кожны год з 2004 года.

«Вера для мяне — найперш вера маіх бацькоў. Мова і культура таксама перадаюцца нам ад бацькоў, — кажа суразмоўца, закранаючы пытанне суадносінаў любові да Хрыста і любові да свайго народа. — Кажуць, што людзі, якія забыліся на гісторыю свайго народа, будуць кожны раз перажываць тыя ж самыя праблемы. Мова — клей, які звязвае разам культуру і гісторыю нашай нацыі. Гэта вельмі важна, каб дзеці і дарослыя вывучалі беларускую мову і гісторыю».

Ці дапамагаюць скаўты, пакліканыя з малых хлопцаў і дзяўчат, гадаваць свядомых хрысціян і грамадзян, пытаюся я.

«Аднойчы Ян Павел ІІ сказаў, што толькі Езус можа цалкам напоўніць сэрца чалавека, ніякія матэрыяльныя рэчы і з’явы гэтага зрабіць не могуць. І гэта сапраўды так, бо людзі працуюць, зарабляюць, але заўсёды застаецца нешта ў сэрцы, што патрабуе большага. Калі мы памятаем, што Езус — наш найлепшы сябар, з Хрыстом, які можа нам дапамагчы ў кожную хвіліну, мы можам зрабіць усё.

Калі ты з Хрыстом, ты можаш змагацца з усім светам. І гэтая навука дапамагае дзецям гадавацца моцнымі асобамі, якіх не будуць кранаць спакусы гэтага свету, якія будуць ведаць, што добрае, што благое. І праз споведзь, праз сакрамэнты змогуць адрадзіць і захаваць у сабе святло Хрыста».



 

Ведаючы, што ў Чырвоным касцёле з’явіліся каталіцкія скаўты, прашу суразмоўцу сказаць некалькі словаў адносна гэтай ініцыятывы.

«Я ведаю, што ксёндз Міхал Бубен вельмі сур’ёзна ставіцца да скаўтаў, бачыць, што гэта вялікая магчымасць не толькі сустракацца з Богам, але і захаваць гэты вопыт на ўсё жыццё. Я б вельмі хацеў, каб больш святароў падтрымлівалі скаўцкі рух. Мне здаецца, асабліва ў гэтай парафіі пасля такой добрай гаміліі ксяндза Уладзіслава Завальнюка, што католікам трэба найбольш дбаць пра выхаванне дзяцей. Хоць некалькі гадзін бацькі могуць прысвячаць сваім дзецям, для гэтага не патрабуецца так ужо шмат часу. І скаўты, якія ўжо маюць шмат напрацовак і праграм для працы з дзецьмі, могуць вельмі дапамагчы бацькам у гэтай самай адказнай справе».

Гутарыў Алесь Гелагаеў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.