Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Інтэрв’ю з маці, што стала вучаніцаю сына: Ірына Жарнасек
Інтэрв'ю
15.10.2013 15:42

У Дзень маці, 14 кастрычніка, рэдакцыю «Pro Christo» наведала Ірына  Жарнасек. Маці двух сыноў, аднагo дзіцячага часопіса і шматлікай колькасці твораў, у якія яна старалася ўкласці ўсё тое, што падказвала яе хрысціянскае сэрца і беларуская душа.

Вядомая хрысціянская пісьменніца адказала на некалькі пытанняў.

 

Што для Вас значыць «быць маці» і «быць маці святара»? Ці ёсць розніца?

— Фактычна, вялікай розніцы ў гэтым не можа быць. Па-першае, маці пачынаецца тады, калі яна нараджае дзіця. І дрэнная тая маці, калі яна бачыць нейкую розніцу паміж адным, другім дзіцём, трэцім ці пятым. Маці мае такое пакліканне – любіць сваё дзіця, гэта яе галоўнае пакліканне. Я не ведаю, ці добраю я была маці ў гэтым плане, ці ўмела я любіць. Калі казаць наконт святарства сына, то хто ж думаў наконт гэтага, калі яму быў год, два, тры, — хто думаў, кім ён будзе. Галоўны мой клопат быў, каб ён быў здаровы. Тое ж самае я думала пра другога сына, які не стаў святаром.
Іншая рэч, што кожная маці павінна любіць сваё дзіця, а кожная маці-хрысціянка мае абавязак перад Богам, каб яе дзеці ведалі Хрыста. Гэтыя ж веды яны збіраюцца ў штодзённых справах шляхам сведчання.

— А што для Вас значыць сведчыць пра Хрыста перад дзецьмі?

— Усё вельмі проста. Проста, бо я сама жыла Хрыстом, верыла. Калі ж гэта паказное, то дзецям гэта ўсё будзе нудотна. Шчыра кажучы, я не ставіла тады нейкіх грандыёзных планаў. Для мяне важна было жыць сумленна, як я гэта разумею, як мяне выхоўвалі бацькі. Дзякуй Богу, бо гэта яны перадалі мне веру, якая з’яўляецца натуральнай. Зразумела, што ў хрушчоўскія часы яе не атрымлівалася так практыкаваць, але затое гэта быў натуральны працэс. Сваім дзецям нейкіх асаблівых, задуманых прыкладаў веры я не давала. Тады яшчэ толькі першыя крокі рабіліся ў накірунку стварэння парафіі. У Полацку і Наваполацку не было касцёла, я іх хрысціла ў сваім родным у Задарожжы, дзе старэйшы, Аляксандр, прымаў першую святую Камунію. Калі ж адбываліся першыя крокі ў закладанні парафіі ў Полацку, яны проста бачылі, што для мяне гэта было важна. Я ездзіла на сустрэчы, дзе б яны ні праходзілі: на вуліцы дык на вуліцы, пад дажджом дык пад дажджом, каля Сафійскага сабора дык каля Сафійскага. Аляксандр і Вітаўт гэта памятаюць, мы прыходзілі на гэта, месціліся ў арэндаваных памяшканнях, там, дзе нас не вельмі і любілі. Але мае сыны і я праз гэта спакойна прайшлі. Напрыклад, калі нам трэба было даязджаць да Полацка з суседняга Наваполацка, а гэта якраз былі крызісныя 90-ыя гады, і нам трэба было ехаць у цэнтр горада, бо там, дзе трэба было выходзіць — на вызначаным месцы для парафіі, у будынку старога кінатэатра, — там аўтобус не спыняўся. Мы ехалі ў цэнтр, а вярталіся пешшу. Мая сяброўка не магла даць веры, што мы так рабілі. Так, сапраўды, але мне дзіўна было, што ў гэтым можна сумнявацца. Для мяне і для сыноў гэта была натуральная патрэба.

— Ці якім-небудзь чынам на ваш творчы шлях паўплывала пакліканне да святарства сына?

— Ведаеце,  яшчэ далёка да таго, як ён сказаў пра пакліканне, у мяне з’явіўся твор, якраз яму і прысвечаны. Так і называўся — “Ліст да сына”. На пачатку апавядання стаялі літары “А.Ж.”, на той час у мяне быў адзін сын, ён меў 5 гадоў. У творы не было размовы пра хрысціянскасць, гэта быў толькі пачатак змен — 1986 год. Але там прысутнічала пытанне асноў маралі, якія, па сутнасці, выбудоўваюцца з хрысціянства.

Якім чынам рэагавала матчына сэрца на словы пра выбар служыць Богу і людзям?

— Спачатку мой сын хацеў быць мастаком, скончыў мастацкую школу, і хацеў паступаць далей, але я пабаялася яго адпускаць з горада ў іншы далёкі горад. Сказала, каб пачакаў ды вызначыўся. У тое ж лета ён схадзіў у пілігрымку ў Будслаў і сказаў: “А ведаеш, мама, я ўсё ж такі пайду ў семінарыю”. Успрыняла гэта спакойненька і адказала: мастаком пабыў, пабудзь ксяндзом. Мы пасмяяліся. Памятаю добра той момант, мы тады былі ў вёсцы, прыехалі да маіх бацькоў. Але, як аказалася, гэта не жарт. Час праходзіў, а ён ставіўся да гэтага ўсё больш сур’ёзна. Тады я пачала маліцца ў гэтай інтэнцыі.

 
Прыгадваецца момант з Вашай кнігі “Будзь воля Твая”, калі апісваецца момант першых крокаў і разваг Юрыя Кашыры, ці  было штосьці спісана з жыцця сына?

— Не, гэта з большага была творчая фантазія, я разважала над лёсамі росіцкіх святароў, але, натуральна, тэма паклікання для мяне была важная. У мяне былі сябры, якія ішлі, старэйшыя і малодшыя. Таму я гэтай тэмай жыла. Хіба што, калі казаць пра майго сына і тую кнігу, то я больш думала пра яго, калі пісала пра келіх, келіх горычы, які падае часам Пан Бог святарам, хрысціянам. Пра тое, наколькі важна яго прыняць. Цікава, што потым, калі на адной прэзентацыі гэтай кнігі мой сын казаў казанне і пачаў чытаць урывак, то я прысела ў лаўцы ад напружання. Хаця ж калі пісала, то  яму пра гэта не казала.

Ірына Францаўна, што б сказалі той маці, сын ці дачка якой збіраецца прысвяціць сваё жыццё Богу?

— Ні ў якім разе не перашкаджаць. Не штурхаць адначасна, бо часам бываюць і такія крайнасці ў “пабожнай мамкі”. Трэба глыбока жыць з дзіцём. Не думаю, што шчаслівыя тыя дзеці, якія паслухалі бацькоў і збочылі з гэтай дарогі. Я ведаю такія прыклады. Калі ж чалавек распазнаў, што гэта не яго шлях, што таксама здараецца, гэта павінна ўспрымацца як звычайны факт. Ведаеце, у мяне была сяброўка, сведка росіцкай трагедыі, сястра Ядвіга Віршута. Калі Аляксандр ішоў у семінарыю, яна падаравала яму ружанец і сказала: “Калі будзеш добрым святаром – ідзі, і вось табе мая памятка, а калі абы-якім,  то лепш заставайся ў свеце.” І я так згодная з гэтымі простымі словамі, бо Хрысту павінна належаць лепшае. І калі ісці, то не для таго, каб шукаць спосабу сябе самарэалізаваць, але каб служыць. Служэнне – гэта вырачэнне самога сябе. Я думаю, што менавіта на такім шляху мой сын.

— Што Вы, як маці, сказалі б таму чалавеку, які б збіраўся ісці служыць Богу?

— Тое, што калісьці сказала майму сыну с. Ядвіга, а таксама дадала, каб гэты чалавек адказаў на пытанне: «Чаго шукаеш?» Калі найперш шукаеш Хрыста, прагнеш абвяшчаць Евангелля, то зрабі ўсё магчымае, не адступайся. Але перад гэтым трэба дакладна вызначыцца ў тым, што ты хочаш несці слова Божае, бо толькі такі чалавек, вызначаны, будзе прамаўляць да сэрца. І я згаджаюся з Папам Францішкам у тым, што чалавек, які ідзе служыць Богу, не ідзе ў кантору, не можа быць з посным тварам і такім чынам гаварыць пра Хрыста. Ты павінен быць тым, які бачыць перспектывы ў сваім жыцці,  не проста абвяшчае хрысціянства, але жыве ім. А жыць па-хрысціянску – гэта радыкальная рэч. Калі няма радыкальнасці, праўдзівасці, то няма і любові і ўспрыняцця Божай любові, якое адбываецца праз стасункі з іншымі.

— Ці адчуваеце асаблівае стаўленне тых людзей, якія разам з вамі належаць да парафіі, для якіх Вы не проста жанчына-маці, не проста пісьменніца, але жанчына-маці святара?

— Напачатку мяне многія не зразумелі. Напрыклад, казалі: няхай бы стаў урачом, няўжо не быў здольны вучыцца. Некаторыя былі ў шоку, але былі многія, якія падтрымлівалі. Адна жанчына, як толькі даведалася, сказала, што будзе кожны дзень маліцца адной таямніцай ружанца.
Усё залежыць ад таго, наколькі людзі разумеюць важнасць святарскага шчасця. Гэта калісьці раней, магчыма, “мамкі ксяндзоў” былі ў асаблівай пашане і з прывілеямі (усміхаецца).
Але мне вельмі прыемна, калі нехта прыйдзе да мяне і скажа: «чуў казанне Вашага сына, яно закранула», але гэта выглядае не як камплімент, бо хрысціянства — гэта не «кампліментшчына». Хтосьці кажа, што дапамаглі рэкалекцыі, і тады я проста дзякую Богу, што Ён можа гаварыць праз майго сына.

— У чым Вашае «матчына шчасце»?

—Хрысціянства можа павярнуць усё нечаканым бокам. Калі раслі мае дзеці, то я думала, што павінна перадаць ім свой вопыт, але зараз я адчуваю, што адбываецца адваротны працэс – я сама сталася вучаніцаю свайго сына. І калі ёсць гэтае самае вялікае матчына шчасце – для мяне гэта магчымасць вучыцца ў сына. Таму я з радасцю ўдзельнічаю ў рэкалекцыях, вінаградніках, якія праводзіць мой сын. У свой час у мяне напісаўся вось такі верш, якраз з назваю «Шчасце»:

Надзеі такой не мела,
не было ў мяне й спадзявання,
не магла падумаць нават,
што мець буду шчасце —
быць паслухмянаю
ды ўдзячнаю,
з раскрытым
наросхрыст сэрцам
вучаніцаю
свайго сына.
( са зборн. «Шукаю Цябе»)

Вам шмат пытанняў задаюць пра старэйшага сына Аляксандра, ды менш пра малодшага Вітаўта. Ён не хацеў пайсці па слядах брата?

— Калі Аляксандр пайшоў, то вясковая бабуля запытала ў майго малодшага сына, ці ён не збіраецца, на што той адказаў: «Дык а род Жарнасекаў звядзецца!» Таму ён з клопатам пра наш род абраў пакліканне сямейнага жыцця, за гэта я таксама ўдзячная Богу і вельмі шчаслівая.

Гутарыла Аксана Ючкавіч

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.