Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч: Касцёл стараецца адказаць на нябачны дасюль крызіс веры
Інтэрв'ю
12.10.2012 12:55

З 7 кастрычніка, ужо амаль тыдзень, Апостальская Сталіца з’яўляецца цэнтрам увагі СМІ. Цікава тое, што і ўдзельнікі Сіноду Біскупаў ставяць у цэнтр сваёй увагі СМІ, якія яны бачаць як інструмент новай евангелізацыі. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у інтэрв’ю для Catholic.by акрэслівае асноўныя пытанні, якія ўздымаюць падчас форуму іерархі Касцёла.

— Ваша Эксцэленцыя, у гэтыя дні Вы прымаеце ўдзел у Сінодзе Біскупаў, які прысвечаны пытанню новай евангелізацыі. Падзяліцеся першымі ўражаннямі ад пачатку працы Сінода.

Гэта ўжо сёмы Сінод Біскупаў, у якім я прымаю ўдзел, так што крыху досведу маю. З фармальнага пункту гледжання гэты Сінод падобны да іншых, аднак у той жа час ён мае больш практычны характар, бо павінен адказаць на найбольш актуальнае пытанне сучаснасці адносна евангелізацыі ў наш час, калі цунамі секулярызму і рэлятывізму нішчыць веру.

Ужо сам Сінод з’яўляецца вялікай ласкай, калі біскупы з усяго свету збіраюцца разам, каб вырашаць найбольш актуальныя праблемы жыцця і дзейнасці Касцёла. У гэтым праяўляецца калегіяльнасць епіскапату на чале з Папам.

Знакавай з’яўляецца і тэма Сіноду: «Новая евангелізацыя для перадачы хрысціянскай веры». Свет перажывае нябачны дасюль крызіс веры, і Касцёл стараецца адказаць на яго. Гэта добра, бо калі Касцёл адчувае хваробу хрысціянства, то стараецца знайсці лек ад яе. Такім чынам, хвароба секулярызму можа мець пазітыўны аспект, бо змушае шукаць выхаду з існуючай сітуацыі, менавіта каб праз новую евангелізацыю адрадзіць веру ў людзей.

Сінод — гэта месца, дзе біскуп мае ўнікальную магчымасць перад Папам і сваімі калегамі прадставіць праблему, таксама зыходзячы з сітуацыі ў яго краіне, і выказацца аб напрамках яе вырашэння.

Сінод — гэта таксама нагода сустрэцца з біскупамі іншых краін і кантынентаў і паслухаць, што яны кажуць адносна ўзнятай праблемы, пераняць іх досвед у евангелізацыі.

Ёсць яшчэ некаторыя адметнасці гэтага Сіноду. На ім прысутнічае найбольшая колькасць удзельнікаў, так што некаторыя гавораць пра яго як пра малы Сабор. Падчас Сіноду распачаўся Год веры, як знакавая падзея, звязана з 50-годдзем распачацця Другога Ватыканскага Сабору і 20-годдзем абнародавання Катэхізісу Каталіцкага Касцёла. Упершыню галоўным дарадчыкам з’яўляецца амерыканскі кардынал арцыбіскуп Вашынгтона Дональд Ульям Вюрл, што нагадвае пра значэнне Касцёла ЗША як у сусветным Касцёле, так і ў новай евангелізацыі.

Вельмі важна тое, што Папа ясна падкрэсліў: евангелізацыя з’яўляецца місіяй Касцёла і Касцёл павінен нанова распаліць агонь евангелізацыі, які ў апошнія часы прытух, каб прывесці людзей да спаткання з Хрыстом.

Услухоўваючыся ў першыя выступленні біскупаў і размовы ў кулуарах, здаецца, што гэта будзе вельмі цікавы і дынамічны Сінод.

— Падчас свайго выступлення на Сінодзе вы зрабілі акцэнт на развіцці мас-медыя ў Беларусі. Што абумовіла выбар Вашай тэмы?

Я глыбока перакананы, што Касцёл, каб быць евангелізацыйным, павінен быць медыйным. Вера ад слухання — навучае св. апостал Павел. А каб слухаць, нехта найперш павінен абвяшчаць. У наш час медыя маюць для гэтага практычна неабмежаваныя магчымасці. Дзякуючы ім з Божым словам можна дайсці да многіх людзей, уключаючы і тых, хто ніколі не чуў пра Бога, і тых, хто ад Яго адыйшоў. Сёння ўжо не дастаткова хрысціць тых, хто навярнуўся, трэба таксама навяртаць ахрышчаных.

Усё гэта не азначае, што я не падымаю іншых тэмаў і праблемаў у свабодных выказваннях і ў так званых «малых групах», якія на самой справе з’яўляюцца моўнымі (я прымаю ўдзел ў працы англамоўнай групы). Там я ўжо выказаўся на тэму сям’і, якая павінна быць хатнім Касцёлам і галоўным евангелізатарам. Я таксама падкрэсліў неабходнасць вяртання хрысціянаў да сваёй хрысціянскай свядомасці, якая страчана, і звярнуў увагу на неабходнасць духоўнай падрыхтоўкі саміх евангелізатараў, каб у іх душах гарэў місійны агонь.

— Як успрынялі Ваш даклад іншыя біскупы?

Праблема мас-медыя ў новай евангелізацыі падымаецца на Сінодзе даволі шырока. Але ў маім выпадку з задавальненнем было прынята паведамленне аб дынамічным развіцці каталіцкіх медыя ў Беларусі, выкарыстоўванні дзяржаўных СМІ і аб заданнях, якія стаяць перад імі. Многія, асабліва лацінаамерыканскія біскупы, павіншавалі — як яны казалі — з паспяховым выступленнем. Большасць падкрэслівала думку, што ў наш час ужо не дастаткова хрысціць тых, хто зведаў навяртанне, але трэба таксама навяртаць ахрышчаных.

— Ваша Эксцэленцыя, мас-медыя — сапраўды добрая прылада для евангелізацыі. Але для таго, каб СМІ здзяйснялі гэтую місію, яны павінны мець дасведчаных журналістаў-евангелізатараў. Якой вы бачыце будучыню беларускіх медыя?

Каталіцкі журналіст у нашыя часы нарастаючага секулярызму павінен адыгрываць ролю лоцмана, заданне якога ў тым, каб бяспечна правесці людзей па ўзбураным акіяне сучаснасці да порту прызначэння, да пазнання праўды Евангелля і да Хрыста — адзінага Збаўцы ва ўсе часы і адзінай надзеі чалавека. Таму неабходна адпаведная як прафесійная, так дактрынальная і духоўная фармацыя журналістаў.

Хацелася б, каб каталіцкія медыя адыгрывалі больш значную ролю ў евангелізацыі нашага народу і ва ўмацаванні яго веры. Нам патрэбны медыя з сапраўды хрысціянскім духам, адкрытыя для ўсіх, якія абвяшчаюць праўду Евангелля і вучэнне Касцёла, бароняць і папулярызуюць хрысціянскія каштоўнасці.

Спадзяюся, што гэтаму будзе спрыяць створаная па выніках І Кангрэсу каталіцкіх медыя ў Беларусі працоўная група па развіцці стратэгіі каталіцкіх медыя.

Выкарыстоўванне медыя ў справе евангелізацыі — гэта знак нашага часу. Менавіта яны з’яўляюцца новым арэапагам і новай амбонай; іх патэнцыял павінен быць выкарыстаны ў поўнай меры, каб дапамагчы чалавеку знайсці Хрыста і жыць Яго праўдай. Яны павінны запаліць у чалавеку полымя надзеі, каб будаваць шчаслівую будучыню, захоўваючы годнасць створанай па вобразу і падабенству Божаму чалавечай асобы. Каб быць сапраўды евангелізацыйным, Касцёл павінен быць медыйным.

Таму ў пастырскіх планах як Канферэнцый біскупаў, так і парафій павінна быць месца каталіцкім медыя, каб хутка і якасна абвяшчаць Евангелле, адказваць на выклікі часу і пытанні, якія сабе задае чалавек і ў якіх выказана занепакоенасць чалавечай асобы, якая шукае сэнс жыцця і надзею.

Медыя могуць надаць Касцёлу новы дынамізм.

— У педагогіцы выкарыстоўваецца так званая дыферэнцыяцыя паводле ўзроўню ведаў. А як у душпастырстве? Ці неабходна для якаснага прапаведавання «ацэнка» веры і ведаў пра тую ж веру?

Адным спосабам Евангелле абвяшчаецца дзецям, іншым — дарослым. Тое ж самае простым людзям і інтэлігенцыі, студэнтам і г.д. Кожная катэгорыя людзей і ступень іх рэлігійнасці патрабуюць свайго канкрэтнага адказу. Удзельнікі Сіноду часта падкрэсліваюць, што  справе новай евангелізацыі неабходна ўлічваць кожную канкрэтную сітуацыю.

У сучаснай культуры, якая абвяшчае смерць Бога, у час нарастаючага секулярызму і маральнага рэлятывізму, калі многія ахрышчаныя страцілі сэнс веры і вядуць жыццё, далёкае ад Хрыста і Яго Евангелля, Касцёл павінен мець такія сродкі масавай камунікацыі, якія будуць спрыяць з’яўленню новай мадэлі сапраўднага евангелізуючага і місійнага Касцёла ў адпаведнасці з выклікамі часу.

— Прайшло ўсяго некалькі дзён працы Сіноду. Яго мэта — даваць адказы на пытанні сучаснасці. Напэўна, некаторыя з праблем ужо накрэслены. Якія гэта праблемы? Ці аднолькавыя выклікі стаяць перад краінамі розных кантынентаў?

Найперш трэба падкрэсліць, што ў розных краінах розныя праблемы, тым больш яны розныя на розных кантынентах. Тут многае залежыць ад гісторыі, традыцый, развіцця, культуры, ступені дзеяння секулярызацыі і г.д

Найчасцей падымаюцца пытанні аб ролі сям’і ў новай евангелізацыі, аб хрысціянскім выхаванні моладзі, каб яна магла спрыяць евангелізацыі, аб евангелізацыйнай ролі пілігрымак і санктуарыяў, аб паглыбленні духоўнасці і адпаведнай выклікам часу падрыхтоўцы евангелізатараў, аб евангелізацыйнай ролі літургіі і медыя, аб нязменным значэнні Божага слова і яго новым абвяшчэнні на зразумелай для сучаснага чалавека мове, аб экуменічным напрамку евангелізацыі і г.д.

— Якія шляхі вырашэння дадзеных праблем бачаць удзельнікі Сіноду?

Найперш гэта адпаведная евангелізатарская і хрысціянская фармацыя чалавека, каб ён добра ведаў, што хоць свет і зменяецца, аднак праўда Божая застаецца нязменнай.

Далей, асаблівая роля належыць свецкім як сведкам хрысціянскага жыцця. Менавіта яны, знаходзячыся ў рэальных абставінах жыцця, павінны стаць галоўнымі дзеючымі асобамі новай евангелізацыі.

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на адпаведную падрыхтоўку катэхізатараў і сталую катэхізацыю людзей ва ўсіх узростах.

Неабходна звярнуць большую ўвагу на катэхетычныя казанні, каб такім чынам прадстаўляць і ўмацоўваць у людзях праўды веры.

Трэба памятаць, што поспех евангелізацыі моцна залежыць і ад таго, ці бярэцца пад увагу культура, у якой яна ажыццяўляецца.

Усе, хто выконвае якія-небудзь функцыі ў Касцёле, і таксама простыя вернікі павінны заставацца вернымі вучэнню Касцёла, прадстаўляць яго іншым і быць яго сведкамі. Неабходна памятаць, што мы павінны прадстаўляць вучэнне Касцёла, а не сваё, што, на жаль, нярэдка здараецца ў сучасным свеце. Евангелле нам дадзена не для таго, каб мы яго змянялі, але каб яно нас змяняла.

Гэта толькі некаторыя думкі па гэтай справе. Трэба пачакаць канца Сіноду, прапаноў Папы і папскай адгартацыі.

— Дзякуем, Ваша Эксцэленцыя, за размову. Плённай працы на Сінодзе! Чакаем і надалей Вашых паведамленняў з працы Сіноду.

(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме