Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Не шукайце кампрамісаў паміж верай і выклікамі часу» - інтэрв'ю Мітрапаліта Кандрусевіча газеце "Беларускі Час"
Інтэрв'ю
09.07.2009 14:39
У першую чаргу чалавек павінен задумацца аб тым, што Бог паслаў на Зямлю свайго Сына. І не проста так. Бог ведаў, што пасылае Яго на смерць, што Ён прыйдзе да сваіх, а свае яго не прымуць. Бог настолькі палюбіў чалавека, што аддаў на пакуты сваё дзіця... Я гавару пра гэта таму, што на такую любоў мы павінны адказваць любоўю. Таму варта задумацца аб словах Хрыста аб тым, што той, хто любіць свайго бліжняга, той любіць і Яго, бо Ён ёсць у кожным чалавеку. Неабходна памятаць і аб сутнасці Божага Нараджэння: да нас прыйшоў Бог не нейкі там далёкі, суровы, каторы толькі ўвесь час карае (такі Бог быў прадстаўлены ў старым запавеце), а Бог, які любіць кожнага з нас. Ён прыйшоў з чалавечым тварам, з чалавечым сэрцам. Варта задумацца аб тым, што Бог прыходзіць да нас кожны дзень, кожную гадзіну: праз малітвы, праз Касцёл і асабліва праз сакрамэнты і еўхарыстыю. У гэтым свяце – пацалунак Бога, пасланы чалавеку.

– Ваша Эксцэленцыя, сучасны свет такі, што часта людзі ператвараюць Нараджэнне Хрыстова ў просты... выхадны. Падкажыце, калі ласка, нашым чытачам, як трэба правесці свята. Дзе вернік павінен сустракаць Нараджэнне Хрыстова: у храме ці дома, сярод родных і блізкіх?

– Наша памылка ў тым, што мы часта клапоцімся аб знешніх формах свята. Усе бегаюць па магазінах, шукаюць ёлкі, падарункі, бо так заведзена: свята ёсць свята, асабліва ў нас, ва Усходняй Еўропе. Але сэнс Божага Нараджэння ў тым, каб Бог нарадзіўся ў нашых душах. Менавіта да гэтага мы рыхтуемся падчас Адвэнту. У Бібліі шмат гаворыцца пра гэта. Напрыклад, Іаан Хрысціцель кажа: “Падрыхтуйце дарогу Пану”. Калі правесці паралелі з сучаснасцю, зразумела, што па дрэннай дарозе далёка не паедзеш – машыну сапсуеш. Так і з дарогай жыцця. Прыход Бога да нас залежыць ад якасці шляхоў, якія мы Яму падрыхтавалі. Адзін мастак намаляваў Хрыста, які стаіць ля зачыненых дзвярэй і стукаецца ў іх. Сын, які стаў першым гледачом твора, заўважыў недакладнасць. “Бацька, – кажа ён мастаку, – недакладная работа: у дзвярах няма ручкі. Як жа Хрыстос іх адчыніць?” Але бацька адказаў: “Гэтыя дзверы, сыне, можна адчыніць толькі знутры”... Зразумейце, што ніхто, акрамя нас саміх, дзверы для Бога не адчыніць. Падчас Божага Нараджэння гэта павінны зрабіць усе.

А святочных традыцый існуе шмат. Усё пачынаецца ад вігілійнай вячэры. На стале па традыцыi 12 страў – што сімвалізуе 12 апосталаў, якія звычайна збіраліся з Езусам за адным сталом. Неабходна, каб гаспадар дому прачытаў урывак з Евангелля, а потым усе члены сям’і падзяліліся аплаткамi, выказваючы свае пажаданні адзін аднаму. Потым распачынаецца вячэра, пасля якой усе ідуць у касцёл на святочную літургію. І зноў-такі: не толькі таму, што там прыгожа, шмат спяваюць і ёсць святар або біскуп... А таму, што сапраўды вераць у тое, што адбылося той далёкай вiфлеемскай ноччу, і ўсім сэрцам жадаюць падзякаваць за гэта Богу. Павінна быць унутранае перажыванне свята. Пасля літургіі, узмоцненыя духоўна, людзі вяртаюцца дадому, свята працягваецца.

– А што рабіць, калі ў адной сям’і – і католікі, і праваслаўныя? Для многаканфесіянальнай Беларусі такая сітуацыя не з’яўляецца рэдкасцю.

– Сапраўды, у мяне шмат пытаюцца пра гэта. Адкажу вельмі моцнымі словамі Папы Бенедыкта XVI. Кажучы аб такіх сем’ях, ён назваў іх “лабараторыяй” адзінства хрысціян... Я таксама лічу, што трэба шанаваць погляды кожнага члена сям’i. І праваслаўныя, і католікі вераць у аднаго Бога, маюць аднолькавыя таінствы. Дарэчы, наконт гэтага ў мяне ёсць добры прыклад. Нядаўна ў Маскве адбыўся шлюб дзяўчыны са знакамітага роду Галіцыных і сына аднаго дыпламата-католіка. Шлюб яны бралі ў праваслаўнай царкве, а потым прыехалі на імшу ў каталіцкі храм. Дзяўчына ведала ўсе малітвы, нягледзячы на тое, што была праваслаўнай. А падчас святой камуніі з пашанай пацалавала келіх з найсвяцейшай крывёй Хрыста. І менавіта тады я адчуў, што меў на ўвазе Папа, кажучы пра сям’ю як “лабараторыю” адзінства.

– Як вы ставіцеся да пераходу вернікаў з адной веры ці веравызнання ў іншыя?

– Гэта выбар чалавека. Я толькі дадам, што ніколі не займаўся празелітызмам, не займаюся і займацца не буду. У нас з прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх канфесій, асабліва праваслаўнай,

адзіная задача: супрацьстаяць негатыўным выклікам часу: сёлета мы актыўна супрацоўнічалі ў некаторых сферах.

– Наконт выклікаў часу. Нараджэнне Хрыстова – вельмі добры момант, каб увогуле перагледзець свае ўзаемаадносіны з верай. 70 год атэізму прывялі да таго, што сёння чалавеку цяжка аднесці сябе да сапраўднага верніка з пункту гледжання царкоўных канонаў. З аднаго боку, мы жывем у эпоху ўседазволенасці, а з другога – мараль, як вы ўжо казалі, не змяняецца. Ці магчыма сучаснаму чалавеку вылучыць кампраміс паміж рэлігійнай мараллю, сумленнем і мараллю свецкай?

– Ведаеце, кампрамісы – гэта не толькi справа наступстваў эпохі атэізму. Краіны з даўнім капіталістычным ладам перажываюць такое ж. Але нават у часы атэізму людзі не ішлі на маральныя кампрамісы. Памятаю, у юнацтве, калі я вучыўся у Ленінградзе, мне заўсёды дасылалі з дому аплатак. Я ішоў у адзіны на той час касцёл, дзяліўся з людзьмі… А сённяшні чалавек у эпоху рэлігійнай свабоды жыве так, быццам бы Бога зусім не было… Сем’і распадаюцца, моладзь лічыць сябе вольнай ад маралі. Нават такія адмысловыя рэчы, як нядзельная святая імша, змяняюцца шматгадзінным хаджэннем па супермаркетах. Сёння народ хварэе на духоўны скляроз, ён часта не хоча успрымаць Божых запаведзяў, ён духоўна касцянее. Так, цяпер другія часы, сёння людзі азіраюцца на іншых, бяруць з іх прыклад. Такі спосаб мыслення вельмі часта вядзе да маральнага рэлятывізму: быццам усё ў свеце змяняецца, значыць, змяняюцца і маральныя нормы. Людзі думаюць, што Божы закон абмяжоўвае іх сучасную абсалютную свабоду. Але ўявіце сабе скрыжаванне на дарозе: там стаіць светафор, і мала каму прыйдзе ў галаву пераходзіць ажыўленую магістраль на чырвоны свет толькі таму, што так яму хочацца. У свеце існуюць матэрыяльныя канстанты, якія застаюцца нязменнымі. Калі б хтосьці паспрабаваў гэта зрабіць, свет пацярпеў бы катастрофу. Тое ж датычыцца і духоўнага свету. Прынцыпы евангельскай маралі нязменныя. Божыя запаведзі застаюцца тымі ж: “Не крадзі, не забі” і г.д. Таму вывад адзін: не можа быць ніякага кампрамісу, не трэба яго шукаць. Трэба знайсці сілы, каб супрацьстаяць негатыўным выклікам і праз усе складанасці, спакусы намагацца выконваць Божы закон.

– На якія справы перш за ўсё вы звернеце ўвагу на пасадзе арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага? Напрыклад, у адным інтэрв’ю вы зазначылі, што збіраецеся актывізаваць выдавецкую дзейнасць, прычым на беларускай мове.

– Так, літаратуры трэба выдаваць больш. На сённяшні час няма нават беларускамоўнага варыянта дакументаў II Ватыканскага сабору, а з яго правядзення прайшло амаль 40 год.

Лічу, што сёння на Беларусі недастаткова пакліканняў, нягледзячы на тое, што каля 400 святароў, працуючых у краіне, 50% – мясцовыя. Трэба імкнуцца, каб як мага больш суайчыннікаў змаглі пачуць голас Божага паклікання.

– Ваша Эксцэленцыя, вы нарадзіліся ў набожнай сям’і. Якія самыя светлыя дзіцячыя ўспаміны аб Нараджэнні Хрыстовым?

– О-о... Тады быў пост не такі, як сёння. Памятаю, што набегаемся з сястрой, як і ўсе дзеці, і вельмі хочам пачаставацца ласункамі: “Ну, калі ўжо свята наступіць? Ну, калі ўжо тая зорка ўзыдзе?! (смяецца.) Памятаю ёлкі ў касцёле апоўначы, агні, хваляванне, цяпло на душы... Цукерак было няшмат, мы з сястрой усе з’ядалі, а на ёлцы адныя паперкі заставаліся... Свята было сямейнае, але ў той жа час мы ўсе ведалі і адчувалі, што ў доме прысутнічае Бог.

– Што вы пажадаеце нашым чытачам напярэдадні свята?

– Ад усяго сэрца віншую ўсіх чытачоў выдання “Беларускi Час”, вернiкаў іншых хрысціянскіх канфесій і асабліва праваслаўных хрысціян. Як вядома, нашыя праваслаўныя браты праз некалькі дзён таксама святкуюць Нараджэнне Хрыстова. Тым не менш розніца календароў не з’яўляецца розніцай сэнсу гэтага свята. Жадаю, каб да кожнага з нас прыйшоў Бог, каб узмацнілася духоўнае жыццё, каб мы былі моцныя ў нялёгкія часы, не шукалі кампрамісаў паміж выклікамі нашага часу і прынцыпамі веры. Жадаю, каб спакой, які прынёс з сабой Ісус Хрыстос у Віфлеем, быў у вашых сем’ях, а праз вас – ва ўсёй нашай супольнасці. Радасці, шчасця, Божага благаслаўлення на свята Божага Нараджэння і Новы год.

Гутарыла Алена АРЛОВА
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.