Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Інтэрв’ю з рэктарам Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі кс. Юзафам Станеўскім (2008 г.)
Інтэрв'ю

Летні час складаны для ўсіх абітурыентаў, але калі юнак абраў для сябе незвычайны жыццёвы шлях і вырашыў стаць святаром, то гэтае лета становіцца для яго надзвычай адказным, заключае ў сабе ўвесь будучы лёс. Найчасцей бывае так, што менавіта ў гэты час юнака турбуюць пытанні: што чакае мяне ў семінарыі? ці здолею я вытрываць? як распазнаць сваё пакліканне? Сёння на гэтыя і іншыя пытанні адказвае рэктар Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі кс. Юзаф Станеўскі.


— Ксёндз Юзаф, здаецца, яшчэ зусім нядаўна семінарыя ў Гродне распачала сваю дзейнасць, але хутка ўжо чарговы юбілей?

— У гэтым годзе Гродна святкуе сваё 880-годдзе. Мы з радасцю можам адзначыць, што гэтае свята і для нас з’яўляецца момантам задумы. Семінарыя была заснавана арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам у 1990 годзе, так што сёлета будзе ўжо 19-ы набор. За гады існавання семінарыі больш за 160 святароў атрымалі ў ёй адукацыю, каля 90 з іх цяпер працуюць у Гродзенскай дыяцэзіі, астатнія — у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, у Пінскай і Віцебскай дыяцэзіях Беларусі, а таксама ў Расіі, на Украіне, у Казахстане і іншых краінах.

Колькі кандыдатаў у гэтым годзе маюць шанс на паступленне?

— У мінулым годзе на першы курс паступілі 16 чалавек. Сёлета cемінарыя гатова прыняць 50 кандыдатаў, але, думаю, што гэта не рэальна: усё залежыць не толькі ад нас, людзей, але найперш ад волі Божай. Калі паступяць 15–20 чалавек, для нас гэта будзе вялікая радасць.

— Ці трэба здаваць уступныя экзамены пры паступленні ў семінарыю?

— Так. Семінарыя мае статус вышэйшай навучальнай установы. Праграмма навучання вельмі складаная, таму трэба мець пэўныя веды, каб своечасова і паспяхова вучыцца. Што наконт экзаменаў, нашыя абітурыенты здаюць экзамен у форме тэсціравання, пішуць сачыненне на тэму паклікання да святарства. Тэсты складаюцца з пытанняў адносна асноваў Катэхізіса і вучэння Каталіцкага Касцёла, а таксама Святога Пісання. Абавязкова адбываецца кваліфікацыйная размова членаў экзаменацыйнай камісіі з кандыдатамі. Безумоўна, кандыдат павінен ведаць малітвы.

— Ці кожны юнак можа паступіць у семінарыю? Як праводзіцца адбор кандыдатаў?

— Паступіць можа толькі той, хто пачуў пакліканне і вырашыў прысвяціць сябе, сваё жыццё служэнню Богу і людзям як святар. Кандыдат пры паступленні павінен падаць дакументы, якія будуць сведчыць аб тым, што ён чалавек веруючы, актыўна ўдзельнічае ў жыцці Касцёла, прымае сакрамэнты.

— Напэўна, на пытанне аб пакліканні не так лёгка адказаць, але ўсё ж такі... Як маладому чалавеку распазнаць сваю дарогу ў жыцці, як пачуць пакліканне?

— Сустрэчу з Езусам цяжка растлумачыць. Гэта адбываецца вельмі індывідуальна. Пакліканне трэба разумець літаральна — як Божы заклік, на які ты проста не можаш не адказаць «так». Шмат хто прыходзіць у касцёл, але не многія вырашаюць пайсці ў семінарыю. Здзяйсняецца сказанае: “Шмат пакліканых, але мала выбраных”; у Евангеллі Езус выбраў толькі 12 вучняў. Калі малады чалавек штодзённа моліцца, з асаблівай радасцю удзельнічае ў жыцці Касцёла, прыступае да сакрамэнтаў, і гэта дае яму пачуццё асаблівай ласкі — магчыма, ён пакліканы да святарства. Пакліканне — гэта і вялікі дар, і вялікая таямніца.

— Ці існуюць пэўныя перашкоды ў паступленні ў семінарыю?

— Перашкода — гэта адсутнасць паклікання. Калі ёсць пакліканне, калі ведаеш, чаго хочаш, усялякія перашкоды можна пераадолець.

— У звычайных ВНУ, як лічыцца, галоўнае — перажыць трэці курс. А ў семінарыі, які курс самы цяжкі?

— Самае цяжкае — гэта выбар, але памылкова думаць, што ён робіцца толькі аднойчы. Выбраўшы раз — выбіраеш кожны наступны дзень. Мне здаецца, для семінарыстаў самы цяжкі — другі курс, асабліва яго заканчэнне. Пасля другога курса навучання семінарысты апранаюць духоўнае адзенне — сутаны. Шмат хто ў гэты час задае сабе пытанне: «Ці здолею?» Бо, апрануўшы сутану, семінарыст прадстаўляе ўжо не толькі сябе, але ўсіх, хто носіць сутану. Ён практычна не адрозніваецца ад ксяндза. Не ўсе адважваюцца ўзяць на сябе гэтую адказнасць.

— Ці шмат студэнтаў «адсейваецца» ў працэсе вучобы?

— Разпазнаць сваё месца ў жыцці, вырашыць лёс вельмі складана. Чалавек вольны ў сваім выбары, і кожны семінарыст ведае, што ён сам вырашае, працягваць навучанне ў семінарыі ці не. Пра гэта навучэнцы заўсёды могуць параіцца з духоўным айцом. Ёсць магчымасць узяць акадэмічны адпачынак, падумаць, яшчэ раз усё ўзважыць.

Чым адрозніваецца сённяшні кандыдат ад сваіх папярэднікаў?

— У сучасным свеце чалавеку прыходзіцца вельмі хутка станавіцца дарослым і самастойным. Вось і семінарысты сёння вельмі дынамічныя, імпульсіўныя, хуткія. Але такія ж мэтанакіраваныя ў сваім пошуку.

Ксёндз Юзаф, апішыце, калі ласка, адзін дзень з жыцця семінарыста?

— Як належыць усім хрысціянам, кожны дзень пачынаецца з малітвы. У 7 гадзін раніцы сустракаемся ў капліцы на сумеснай малітве і духоўных разважаннях. Затым — святая Імша. Пасля Эўхарыстыі — сняданне. У 9 гадзін пачынаюцца вучэбныя заняткі. Звычайна іх 5, кожны з якіх працягваецца 45 хвілінаў. Пасля абеда ў семінарыстаў вольны час і самападрыхтоўка. У 21 гадзіну мы зноў збіраемся на духоўныя чытанні і малітву ў капліцы.

— Ці маюць семінарысты права на адпачынак і забавы?

— Так, безумоўна. У вольны час яны маюць магчымасць гуляць у футбол, валейбол. Ёсць так званыя канікулы: адпачынак на Божае Нараджэнне, Вялікдзень і паміж сяместрамі. Традыцыйна перад летняй сесіяй мы разам выпраўляемся на якую-небудзь экскурсію. Ёсць у семінарыі свая музычная група «АVE». Дарэчы, сёлета выйдзе новы дыск з рэлігійнымі спевамі пад назвай «УТРО». Ёсць таксама свой тэатральны гурток, футбольная каманда «Кронан», якая, дарэчы, у мінулым годзе заняла 4-е месца на чэмпіянаце Еўропы сярод духоўных асобаў «Еўракуб». Перад распачаццем посту семінарысты арганізуюць так званы «Вечар радасці»: паказваюць сцэнкі з жыцця семінарыі. Ёсць камп’ютарныя класы, інтэрнет, старонка на сайце дыяцэзіі, якую распрацавалі самі семінарысты.

— Ці ёсць у семінарыі свае традыцыі?

— Наша навучальная ўстанова даволі маладая, векавых традыцый не маем, але імкнёмся ствараць іх самі. Думаю, традыцыйнаю можна ўжо лічыць працу з сіротамі з дзіцячых дамоў Гродзенскага раёна і вобласці. Традыцыйна, пасля атрымання дыяканскіх пасвячэнняў, семінарысты едуць у Вострую Браму, каб падзякаваць Богу і Божай Маці за пакліканне. Традыцыйнымі сталі і рэкалекцыі для мамаў тых, хто вучыцца семінарыі, якія заўсёды праходзяць вельмі цёпла. Мы запрашаем іх на 3 дні, разам молімся, дзелімся ўспамінамі. Для нас гэтыя сустрэчы вельмі важныя. Магчыма, стане традыцыяй на Божае Нараджэнне спяваць калядкі каля гарадской елкі.

— Якія прадметы вывучаюць семінарысты на першым курсе?


— У асноўным, на 1-м курсе прадметы ўступныя: уводзіны ў хрысціянства, уступленне ў духоўнае жыццё, у Святое Пісанне, уводзіны ў філасофію. Вывучаюць мовы, этыку, духоўную музыку.

— Ці шмат моваў павінен засвоіць семінарыст у працэсе навучання?

— Святое Пісанне і дакументы першых вякоў хрысціянства былі напісаны на мове для нас незразумелай. Сёння існуюць іх пераклады, аднак семінарыст павінен ведать лацінскую і грэцкую мовы, умець размаўляць на італьянскай, англійскай, беларускай і польскай мовах.

— Сёння ў семінарыі шмат маладых выкладчыкаў...

— Так, за час дзейнічання семінарыі ўжо 15 нашых выпускнікоў пасля вучобы засталіся працаваць у семінарыі як выкладчыкі. Гэта, безумоўна, вельмі радуе, але для семінарыстаў важная таксама праца са старэйшымі выкладчыкамі, бо ў іх за плячыма шматгадовы вопыт, які часам важнейшы за тэарэтычныя веды. Выкладчыкі старэйшага ўзросту могуць дапамагчы, даць параду. Павінна быць пераемнасць духоўных ведаў. Дадам таксама, што дзякуючы намаганням біскупа Аляксандра Кашкевіча кожны год святары нашай дыяцэзіі накіроўваюцца на вучобу ў розныя універсітэты з мэтай паглыблення сваёй адукацыі.

— Ці дастаткова ў Гродна літаратуры для духоўнай адукацыі?

— Семінарыя мае багатую бібліятэку тэалагічнай літаратуры — больш за 30 тысяч экзэмпляраў. Акрамя таго, мы выпісваем 80 найменаванняў часопісаў і газет. У нашу бібліятэку наведваюцца студэнты іншых ВНУ, прыязджаюць навучэнцы праваслаўных семінарый. Тым не менш, літаратуры ўсе роўна не хапае.

— Хлопцы паступаюць у семінарыю зусім юнымі, і за 6 гадоў павінны стаць святарамі, гэта значыць духоўнымі лідэрамі, настаўнікамі для людзей. Якім чынам адбываецца духоўнае станаўленне?


— На працягу 6 гадоў разам з навучаннем семінарысты праходзяць святарскую фармацыю. Можна сказаць «паглыбляюцца» ў таямніцу святарства. Гэта вельмі важны працэс, і ён праходзіць у некалькі этапаў. Першы — на пачатку 3-га курса, калі семінарыст атрымлівае сутану і ўпершыню яе апранае. На 3-м курсе семінарысты таксама атрымліваюць благаслаўленне біскупа на публічнае чытанне Святога Пісання (так званы лектарат), а на 4-м курсе праходзяць абрад акалітата, пасля чаго могуць дапамагаць святару падчас Імшы ўдзяляць вернікам святую Камунію. За паўгода да дыяканскіх пасвячэнняў семінарысты праходзяць кандыдатуру — публічна заяўляюць пра свой намер прыняць сан святара. Затым пасвячэнне ў дыяканы, а праз паўгода ці больш — прэзбітэрат ці святарскае пасвячэнне.

— Якімі б Вы хацелі бачыць сваіх выхаванцаў?

— У нашай размове вы ўзгадвалі пра духоўнага лідэра. Сённяшні свет, чалавецтва патрабуе пэўнасці, сталасці. Патрабуе Таго, за кім можна ісці, але і ўпэўненасці ў тым, што Ён табе ў цяжкую хвіліну дапаможа. Свет патрабуе Бога. Таму мне хацелася б, каб кожны з навучэнцаў семінарыі меў Бога ў сэрцы, і каб для іншых яны былі крыніцай Божага святла і цеплыні, каб былі людзьмі адказнымі, смелымі. Перад імі стаіць складаная задача: умець для людзей старэйшых быць сынамі, для маладых — братамі, для дзяцей — айцамі. Яны павінны ўмець адчуваць патрэбы людзей: дзе галадаюць — накарміць, дзе смуткуюць — прынесці радасць. Аднак самае галоўнае, каб кожны з іх быў Чалавекам, бо як часам кажуць, «людзей шмат — а Чалавека няма».


Дакументы, неабходныя пры паступленні ў Гродзенскую ВДС:

1.    Заява аб паступленні з матывацыяй рашэння.
2.    Пасведчанне аб сакрамэнце хросту.
3.    Пасведчанне аб сакрамэнце канфірмацыі.
4.    Пасведчанне аб Першай святой Камуніі.
5.    Характарыстыка ад пробашча мясцовай парафіі.
6.    Выпіска з заняткаў па рэлігіі і характарыстыка ад катэхета.
7.    Пасведчанне аб шлюбе бацькоў.
8.    Аўтабіяграфія.
9.    Медыцынская даведка (як для паступлення ў ВНУ).
10.  4 фотаздымкі 3х4.
11.  Копія пашпарта, ваенны білет ці прыпісное пасведчанне.

Дакументы трэба прынесці асабіста ў рэктарат семінарыі ў любы дзень акрамя нядзелі з 9.00 да 18.00. Уступны экзамен адбудзецца 21 ліпеня ў 10.00.

Адрас семінарыі:
230025 Гродна, вул. Парыжскай Камуны, 1
Тэл. 77-02-34
Факс 77-13-53
e-mail: \n Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
Запрашаем таксама юнакоў на рэкалекцыі ў Гродзенскай ВДС.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.