Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч: трэба размаўляць і весці дыялог. Інтэрв’ю Сatholic.by
Інтэрв'ю
14.07.2009 13:37
Каталіцкая супольнасць Беларусі вельмі занепакоена тым, што святары і законныя сёстры з Гродзенскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі не атрымалі ад Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў дазволу на рэлігійную дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь. Па нашай просьбе Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адказаў на некалькі пытанняў, якія непакояць нашых наведвальнікаў.

— Шаноўны Эксцэленцыя, на днях мы атрымалі інфармацыю, што тры святары з Гродзенскай дыяцэзіі, адзін святар і тры сястры з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі не атрымалі рэгістрацыі для далейшай рэлігійнай дзейнасці ў Беларусі. Гэта справа непакоіць вернікаў, яны звяртаюцца на Сatholic.by з пытаннямі. Як вы можаце пракаментаваць гэтыя падзеі?


— Як біскуп я павінен клапаціцца пра тое, каб нашы вернікі мелі дастаткова святароў, законнікаў і законніц, таксама як і рэлігійнай літаратуры, касцёлаў і г. д. У нашай краіне ёсць пакліканні, але неабходны час, каб падрыхтаваць сваіх святароў. На сённяшні дзень адна трэцяя частка святароў з-за мяжы, дзве трэція — свае святары. Сёння 260 святароў маюць беларускае грамадзянства, а 20 гадоў таму іх было ўсяго каля 40. Таму дынаміка ёсць, але патрэбны час. Я ніколі не ставіў перад сабою мэту, каб былі толькі замежныя святары. Зусім не. Мяне клапоціць тое, хто будзе спавядаць, хто будзе катэхізаваць. Калі прыходзіць час святаў, святар не мае дастаткова часу для вернікаў, бо вымушаны ехаць у іншыя парафіі. Няма сясцёр, якія б маглі катэхізаваць. Мы клапоцімся аб тым, каб падрыхтаваць дзяцей, падрыхтаваць моладзь да жыцця, каб малады чалавек увайшоў у жыццё са сталымі духоўнымі і маральнымі каштоўнасцямі. Але калі не будзе каму навучыць, малады чалавек пойдзе ў жыццё без важнага стрыжня, які ўтвараюць гэтыя каштоўнасці.

Яшчэ адна праблема, з якой мы сустракаемся, — хуткае распаўсюджванне сектаў. Калі не будзе нас, на наша месца прыйдуць секты. Таму я вельмі засмучаны тым, што святароў і сясцёр законных становіцца менш. Гэта справа духоўнага адраджэння ўсяго народа і яго будучыні. Нельга будаваць сваю будучыню толькі на матэрыяльных каштоўнасцях. Мы ведаем, што цяпер ва ўсім свеце пануе фінансавы крызіс. Бэнэдыкт XVI недарма гаворыць, што тыя, якія мелі намер будаваць будучыню толькі на матэрыяльных каштоўнасцях, як паказаў фінансавы крызіс, будавалі яе на пяску. Важна, каб у нашай краіне будучыня будавалася на фундаменце духоўных каштоўнасцяў, якія нясуць менавіта святары і законніцы.

— Ваша Эксцэленцыя, ці былі Вы нейкім чынам папярэджаны, што гэтыя святары і законныя сёстры не атрымаюць дазволу на рэлігійную дзейнасць, ці гэтая вестка была нечаканай для Вас?

— Афіцыйнага паведамлення я не атрымаў. На мінулым тыдні я быў у Італіі. Многія журналісты, якія ведаюць мяне, пачалі пытацца адносна праблемаў у Гродне і прычын адказу святарам ў рэгістрацыі. Распавялі мне, што ходзяць чуткі аб тым, што з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі таксама не ўсе атрымаюць дазвол. Затым я знайшоў інфармацыю пра гэта ў Інтэрнэце.

— Не раз падкрэслівалася, што кантакты Каталіцкага Касцёла з дзяржавай, перш за ўсё ў вырашэнні духоўных пытанняў і іншых пытанняў сучаснасці, павінны адбывацца на ўзроўні партнёрства.

— Я на гэта разлічваю і спадзяюся.

— Шаноўны ксёндз арцыбіскуп, Вы не адчуваеце, што такія інцыдэнты, як адказ у дазволе працягваць рэлігійную дзейнасць святарам і сёстрам законным, сталі ўжо пэўнай тэндэнцыяй?

— Як я прачытаў у Інтэрнэце, прычынаю таго, што святарам з Гродна адмовілі прадоўжыць візы, было няведанне беларускай мовы. Адносна святара і законных сясцёр з маёй архідыяцэзіі гэтае пытанне не стаіць, бо я ведаю, што ўсе яны добра размаўляюць на беларускай мове.

Адносна сясцёр кажуць, што парафіі, у якіх яны працуюць, невялікія, і там не патрэбна іх дапамога. Мяне гэта здзіўляе, бо 7 снежня я быў у Свіры (адна з сясцёр у Свіры не атрымала дазволу на рэлігійную дзейнасць — Рэд.) і бачыў, колькі там было людзей. Усе яны не змясціліся б у мінскай архікатэдры. Там вельмі вялікі касцёл, аднак, людзі стаялі таксама на вуліцы. Напэўна, калі прыязджае біскуп, больш прыходзіць людзей, але не настолькі, каб сказаць, што іх там мала. Я спрабую яшчэ гаварыць з уладамі на гэтую тэму. Таксама няма выразнай прычыны ў тым, што святару не далі дазволу. У тых дакументах, якія я атрымаў, не называецца канкрэтнай прычыны.

— Ваша Эксцэленцыя, скажыце, калі ласка, якімі Вы бачыце перспектывы ўзаемадзеяння з прадстаўнікамі ўлады, якія адказваюць за рэлігійныя справы, за кантакты з Каталіцкім Касцёлам? Якім чынам трэба будаваць гэтыя адносіны?

— Трэба размаўляць і весці дыялог. Толькі праз дыялог можна нечага дасягнуць. Вядома, тыя святары, законнікі і законніцы, якія прыязджаюць з-за мяжы, павінны добра ведаць культуру, павінны вывучыць беларускую мову, гэта безумоўна.

— Дзякую за размову.

Размаўляў кс. Аляксандр Амяльчэня
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.