Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі ва ўрачыстасць надання касцёлу Маці Божай Фацімскай у Баранавічах тытула санктуарыя

Баранавічы, 13 мая

Святыня з тытулам санктуарыя вылучаецца на фоне іншых храмаў. Высокі тытул сведчыць пра тое, што ў гэтым касцёле Богу і яго святым аддаецца асаблівая пашана. У санктуарыях праводзяцца асаблівыя набажэнствы для тых, хто іх наведвае, каб адчуць асаблівую блізкасць Езуса і Яго Маці.

У Баранавічах ужо на працягу больш чым дваццаці гадоў Маці Божая выслухоўвае просьбы вернікаў, выцірае слёзы, дадае сілы і адвагі людзям, якія прыходзяць са сваім болем, людзям адкінутым або з абцяжараным сумленнем. Касцёл, у якім мы сёння збіраемся, — першы на постсавецкай прасторы, пабудаваны і асвячаны пад назвай Маці Божай Фацімскай. Асвяціў гэты касцёл святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк 20 гадоў таму. Таксама гэта першы касцёл у Баранавіцкім раёне, які быў устаноўлены марыйным санктуарыем.

Сёлета Каталіцкі Касцёл ва ўсім свеце адзначае вялікі юбілей — 100-годдзе фацімскіх аб’яўленняў. У Партугаліі, у ваколіцах мястэчка Фаціма, у перыяд з 13 мая па 13 кастрычніка 1917 года Маці Божая аб’яўлялася штомесяц траім пастушкам: дзесяцігадовай Люцыі, дзевяцігадоваму Францішку і сямігадовай Жасінце. Праз размовы з дзецьмі, а таксама праз знакі і звышнатуральныя з’явы Марыя перадала ім пасланне, якое датычала лёсаў Касцёла, свету і ўсяго чалавецтва.

Да найважнейшага зместу фацімскіх аб’яўленняў трэба аднесці заклік да чалавецтва аб неабходнасці навяртання і пакаяння, просьбу аб штодзённай малітве Ружанца, аб заступніцкай малітве за грэшнікаў, спецыяльным набажэнстве да Беззаганнага Сэрца Панны Марыі і прыняцці святой Камуніі ў пяць першых суботаў месяца як перапрашэння за ўласныя грахі і грахі свету.

Маці Божая прадказала таксама хуткае заканчэнне Першай Сусветнай вайны, выбух Другой Сусветнай вайны і звязаныя з гэтым няшчасці: наступленне голаду ў многіх рэгіёнах свету, пакуты многіх народаў, пашырэнне атэізму і памылковых вучэнняў у свеце, распачацце сур’ёзнага пераследу Касцёла і зневажанне асобы Папы. Акрамя таго Марыя прасіла ў Фаціме аб прысвячэнні Расіі свайму Беззаганнаму Сэрцу і прадказала, што, калі Папа здзейсніць гэты акт, Расія навернецца, а свет будзе цешыцца спакоем. 8 снежня 1942 года, у 25-ю гадавіну фацімскіх аб’яўленняў, папа Пій ХІІ прысвяціў прыватным чынам увесь Паўсюдны Касцёл і ўвесь чалавечы род Беззаганнаму Сэрцу Марыі, а таксама звярнуўся да мясцовых Касцёлаў ва ўсім свеце з просьбай аб здзяйсненні таго ж акту.

Распаўюджанню фацімскага паслання паспрыяў таксама Святы Айцец Ян Павел ІІ, на якога ў гадавіну фацімскіх аб’яўленняў 13 мая 1981 года адбыўся замах. Святы Айцец успрыняў сваё цудоўнае аздараўленне як пацвярджэнне сапраўднасці і актуальнасці фацімскага паслання, а таму ў першую гадавіну замаху ён накіраваўся ў Фаціму, каб падзякаваць Марыі за ацаленне жыцця. Там, у Фаціме, Святы Айцец сказаў: «Гэтыя даты сустрэліся такім чынам, што я мусіў адчуць, як цудоўна сюды пакліканы. І вось сёння я прыбываю сюды. Прыбываю для таго, каб у гэтым месцы падзякаваць Божаму Провіду [...] Адна рука нацэльвала зброю, а другая змяніла кірунак кулі».

Ян Павел ІІ падкрэсліў тады «евангельскі сэнс» фацімскага паслання: «Касцёл прыняў пасланне з Фацімы найперш таму, што гэтае пасланне ўтрымлівае праўду і заклік усяго Евангелля — “Кайцеся і верце ў Евангелле” (Mк 1, 15). Гэта першыя словы, якія Месія скіраваў да чалавецтва. Пасланне з Фацімы па сваёй сутнасці з’яўляецца заклікам да навяртання і пакаяння згодна з Евангеллем. Гэты заклік прагучаў на пачатку ХХ стагоддзя і таму быў скіраваны асабліва да людзей гэтага стагоддзя. [...] Заклік, які гучыць у пасланні Марыі з Фацімы, так глыбока ўкаранёны ў Евангеллі і ва ўсёй Традыцыі, што Касцёл адчувае: гэтае пасланне накладвае на яго абавязак — выслухаць яго».

Санктуарый Маці Божай Фацімскай будзе для вернікаў знакам, які нагадвае аб просьбе Марыі, скіраванай праз дзетак, ужо кананізаваных Касцёлам. Тут мы можам сказаць аб прывілеях і абавязках тых, хто наведвае марыйны санктуарый. Святы Касцёл заўважыў Баранавічы як асаблівае месца ў Беларусі, дзе актыўна збіраюцца вернікі, каб ўзносіць да Бога малітвы праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі. Божы Провід так пакіраваў, што па благаслаўленні святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка, стараннямі вернікаў, а таксама айцоў-місіянераў Божага Слова ў гэтым горадзе паўстала святыня ў гонар Маці Божай Фацімскай, якая была асвячана ў 1996 г. з нагоды надыходу 80-ай гадавіны аб’яўленняў. Ад пачатку гэтая марыйная святыня ў Баранавічах збірала вернікаў, а таксама была выбрана як месца сустрэч дэлегатаў Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзіі. З гэтага касцёла штогод выходзіць дыяцэзіяльная пілігрымка да марыйнага санктуарыя ў Будславе. Гэта месца асаблівай сустрэчы вернікаў з Маці Божай падчас фацімскіх марыйных працэсій трынаццатага дня кожнага месяца на працягу года. Пілігрымкі і працэсіі нагадваюць нам, што Марыя вядзе кожнага з нас да Свайго Сына — Езуса Хрыста.

Устанаўленне Дыяцэзіяльнага Санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Баранавічах у 100-ю гадавіну аб’яўленняў — гэта адмысловы знак і сведчанне жывой веры і марыйнай пабожнасці на нашай зямлі. У гісторыі Паўсюднага Касцёла санктуарыі заўсёды звязаны з навяртаннем і паяднаннем, малітвай і пакаяннем. Гэтыя духоўныя практыкі набіраюць асаблівага значэння ў святле паслання Марыі з Фацімы.

Тут, у вашым горадзе, Марыя знайшла годнае месца, каб яе ўшаноўвалі як Божую Маці. Яе санктуарый мае добрую лакалізацыю ў гарадской прасторы. Побач знаходзяцца шматпавярховыя дамы мікрараёна Паўночны, аздараўляльны цэнтр і гандлёвы комплекс. Святыню добра відаць з трасы Брэст — Масква. Яна ўзвышаецца над усім горадам.

Мы сёння дзякуем Богу за тагачаснага пробашча і будаўнічага, які выбіраў гэтае меца — ксяндза Ежы Мазура, цяперашняга біскупа і ардынарыя Элцкай дыяцэзіі ў Польшчы. Таксама дзякуем за тых святароў і кансэкраваных асобаў, якія тут вялі і вядуць душпастырскую дзейнасць, ажыццяўляюць сацыяльнае служэнне на карысць патрабуючым.

Прысутнасць Божай Маці праяўляецца не толькі ў прыгожа выкананых абразах і па-мастацку зробленых фігурах, але перадусім у Яе сардэчным і мацярынскім клопаце аб верніках. Найсвяцейшая Маці прысутнічае там, дзе вернікі штодня ствараюць хрысціянскую супольнасць, угрунтаваную на веры, надзеі і любові. Марыя знаходзіцца разам са сваімі дзецьмі ў іх сем’ях, месцах пражывання, у школах і на прадпрыемствах. Знаходзіцца побач як у радасныя моманты жыцця, так і ў сумныя хвіліны.

Высокі ранг гэтай святыні ўказвае на яе асаблівае значэнне і місію ў рэгіёне. Тут мы вучымся жыць Божым словам так, як Марыя. І жыць не толькі для сябе, але імкнуцца распаўсюджваць веру. Святыня прыцягвае да сябе вернікаў. Бог дае ім тут магчымасць пачуць сваё слова, прычым штодзённа. Тут слова Божае, сказанае з перакананнем, знаходзіць зацікаўленасць у тых, хто перастаў хадзіць у касцёл і нават лічыць сябе няверуючым. Тут чалавек адчувае сябе часткаю супольнасці, а пасля, падмацаваны духоўна, вяртаецца дадому і стараецца ў сваім жыцці практыкаваць першыя і найважнейшыя запаведзі, якія пакінуў нам Езус, — любіць Бога ўсім сэрцам, душой і ўсім сваім розумам, а бліжняга свайго, як самога сябе.

Паколькі гэтая святыня становіцца марыйным санктуарыем, то мы, як дзеці Марыі, павінны аднавіць у сабе вернасць Касцёлу. Нездарма ж мы Марыю называем Маці Касцёла. Няма ў нас большай прычыны для гонару, чым ганарыцца словам Божым, якое годна абвяшчаюць святары, якое вернікі слухаюць і ўводзяць у практыку штодзённага жыцця. Няма лепшай дарогі да святасці, як прабываць разам з Езусам Эўхарыстычным, які знаходзіцца ў гэтай святыні і ўсцяж гатовы адорваць нас сваёю ласкай, каб мы станавіліся ўсё больш веруючымі, будавалі паміж сабою моцныя братэрскія сувязі і салідарнасць. Няма большай радасці, як радасць ад таго, што тут Маці Божая спасылае нам сваё суцяшэнне і дапамогу.

Сённяшняя ўрачыстасць праводзіцца дзеля таго, каб праславіць Бога за дар марыйнага санктуарыя, які будзе выкарыстоўвацца згодна са сваім прызначэннем, каб мацярынскі клапатлівы позірк Божай Маці прабываў на тых, хто пражывае ў гэтым рэгіёне нашай Пінскай дыяцэзіі. Санктуарый будзе заўсёды нагадваць пра фацімскія абяўленні і пра місію Божай Маці ў гісторыі.

Сто гадоў таму Еўропа была хрысціянскай і ўплыў Евангелля на людзей быў вельмі моцны. Тым не менш у Расіі адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, якая стала прычынай ганенняў на Касцёл.

Сітуацыя сёння быццам паўтараецца, бо сучасны свет зноў варожа ставіцца да Евангелля і ў імя фальшыва зразумелай свабоды свядома адмаўляецца ад маральных каштоўнасцяў. У сувязі з гэтым неабходна заўважыць, што нават найбольш развітая дэмакратыя без духоўных каштоўнасцяў не з’яўляецца задавальняючай і не вядзе да будавання сапраўднага міру і шчасця. Незахаванне маральнага права прывяло да нябачнага крызісу сям’і, да знікнення пашаны да Божага дару жыцця і маніпуляцыі ім. Тэхнакратычная і ўтылітарная этыка разам з ідэалогіяй спажывецтва сталі дамінаваць у нашым светапоглядзе. Сучасныя СМІ і культура замест таго, каб распаўсюджваць маральныя каштоўнасці, рэкламуюць амаральныя. Гэтыя і іншыя праблемы негатыўна ўплываюць на нашае духоўнае жыццё, і нам пагражае новая антыдухоўная рэвалюцыя. У выніку гэтага свет знаходзіцца перад новымі духоўнымі выклікамі

Марыя прысутнічае ў штодзённым жыцці вашага рэгіёна, у вашым горадзе і навакольных вёсках. Сваім мацярынскім позіркам Яна заўважае ўсе асаблівасці і дробязі вашага сямейнага жыцця, праблемы асобных людзей і ўсёй грамадскасці. Яна тут прысутнічае, каб слухаць вашыя даверлівыя размовы і малітвы. Яна ведае таксама нашыя грахі, памылкі і зло, якое закрадваецца ў сэрцы і прысутнічае ў сучасным грамадстве. Марыя не судзіць, але чакае, калі мы прыйдзем да Яе і са шчырым сэрцам распачнем з Ёй размову. Маці хоча нам дапамагаць, каб спакой вяртаўся ў нашыя сэрцы.

Разважаючы словы Евангелля пра звеставанне, мы лепей разумеем ролю Марыі ў санктуарыі і ў нашым жыцці. Адразу ж пасля звеставання Марыя не клапоціцца выключна пра сябе, але збіраецца ў дарогу. Як падае Евангелле, яна выбралася і пайшла паспешна ў горы, у горад з пакалення Юды да сваёй сваячкі Альжбеты, якой патрэбна была дапамога.

«Маці Божая ў фацімскім санктуарыі дапамагае святарам выконваць іх асаблівую місію ў Касцёле, вучыць узрастаць у любові да Хрыста», — нагадаў папа Францішак святарам падчас візіту ў Фаціму (Партугалія), дзе сведкамі гэтых цудоўных падзей былі тры мясцовыя пастушкі: Люцыя Душ Сантуш, Францішак і Жасінта Марту. «Сустрэча з Маці Божай стала для іх досведам ласкі, якая зрабіла іх закаханымі ў Езуса. Як пяшчотная і выдатная настаўніца Марыя ўвяла маленькіх сведкаў аб’яўленняў у блізкае знаёмства з трынітарнай Любоўю і прывяла да пазнання Бога як самай цудоўнай рэчаіснасці чалавечага існавання», — сказаў Пантыфік.

Папа Францішак заклікаў святароў разглядаць пазнанне і любоў да Хрыста, як сваю першую і галоўную мэту. Важна імкнуцца заўсёды станавіцца падобнымі на Пана, аж да поўнага ахвяравання саміх сябе. Марыя — гэта «Маці, якая бярэ нас за руку і вучыць узрастаць у Хрыстовай любові і братэрскай еднасці». «Глядзіце на яе і дазваляйце ёй глядзець на вас, бо яна — ваша Маці і моцна вас любіць. Дазваляйце ёй глядзець на вас, каб вучыцца быць пакорнымі, а таксама больш мужнымі ў наследаванні Божага слова», — адзначыў Святы Айцец.

Адносіны з Маці Божай могуць дапамагчы святарам мець добрыя адносіны з Касцёлам. «Неабходна ўмацоўваць сыноўскія адносіны з Маці Божай, бо калі іх не будзе, у сэрцы з’явіцца адчуванне сіроцтва. Святару, які забывае пра Маці, асабліва ў моманты цяжкасцяў, чагосьці не хапае. Ён, нібы сірата, але на самой справе не з’яўляецца такім!» — падкрэсліў Папа пачдас візіту ў Фаціму, дзе ён сёння прабывае.

Мы молімся да Маці Божай, каб Яна навучыла нас верыць, праслаўляць Бога, спадзявацца і любіць Яго, як гэта рабілі сведкі марыйных аб’яўленняў у Фаціме. Аб’яўленні Маці Божай у Фаціме — гэта найважнейшая за апошнія часы інтэрвенцыя з неба, што адбылася ў 1917 годзе. Мінула ўжо 100 гадоў, але святло той падзеі дагэтуль не згасла і не зацямнілася ліхтарамі новых аб’яўленняў. Чым глыбейшы змрок вакол нас, тым яснейшы бляск

абвешчанай у Фаціме таямніцы Беззаганнага Сэрца Марыі.
Дар Фацімскай Маці для гэтага санктуарыя — гэта Яе позірк на ўсю касцёльную супольнасць, на супольнасць свецкіх вернікаў, на ўсю грамадскасць. Яе позірк засяроджваецца на нашых слабых месцах, на сітуацыях, якія здаюцца бязвыхаднымі, на бедах, нястачы, падзелах і дыскрымінацыі. Мацярынскі клопат і любоў пабуджае Марыю паспешна ісці да людзей. Яна робіць гэта з упэўненасцю, што сам Езус дапаможа не толькі ў важных, але нават у самых дробных момантах нашага жыцця.

Сёння мы дзякуем Божаму слову, якое дапамагае нам адпаведна прыняць вялікі гонар — тытул санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Баранавічах. Багатая чалавечнасць Марыі, як і багатая чалавечнасць і духоўнасць вашай супольнасці, з’яднанай у санктуарыі, няхай заўсёды дапамагаюць быць у лучнасці з Богам і мець глыбока сфармаваную чалавечую сталасць. Я веру ў тое, што гэты санктуарый будзе месцам, у якім людзі сустрэнуцца з Божым Сынам і Яго Маці Марыяй. Няхай кожны прыходзіць сюды з даверам, якім адзначаецца той, хто з любоўю адкрывае сваё сэрца Божай Маці і яе Сыну. Веру, што тут у абдымках Божай любові сэрцы вернікаў будуць палаць жаданнем навяртання і кожны адновіць сваю надзею. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі
13.05 22:50Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы адведзін фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі ў Вілейцы
13.05 13:20Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі ва ўрачыстасць надання касцёлу Маці Божай Фацімскай у Баранавічах тытула санктуарыя
13.05 13:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Жодзіне з нагоды 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
11.05 15:50Гамілія падчас св. Імшы наведвання фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі Cв. Юзафа ў Маладзечне
11.05 11:41Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды 20-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Лагішынскай
07.05 14:12Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на IV Велікодную нядзелю