Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы адведзін фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі ў Вілейцы

13 мая

ПАЧУЙМА ЗАКЛІК МАРЫІ ДА МАЛІТВЫ

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Роўна 100 гадоў таму, калі атэістычны рэжым імкнуўся на Усход, на другім канцы Еўропы ў Партугаліі ў далёкай Фаціме тром пастушкам, якія ўвайшлі ў гісторыю пад партугальскім словам пасторінос, аб’явілася Марыя. Яна як наша духоўная Маці прадбачыла ўсе цяжкасці, з якімі сутыкнуцца народы Усходу, у тым ліку і Беларусь, і імкнулася ўчыніць усё магчымае, каб мы іх пазбеглі.

У сваіх аб’яўленнях Марыя паказала фацімскім дзецям жахі пекла, прадказала завяршэнне Першай сусветнай вайны і распачацце Другой, больш жудаснай, і пераслед веры. Каб пазбегнуць гэтых няшчасцяў Марыя заклікала да навяртання і малітвы. Як Божая пасланніца яна добра ведала, што людзі яе не паслухаюць і іх напаткаюць няшчасці, пра якія яна казала дзецям.

У той жа час, яна не пакінула нас без надзеі. Яна сказала, што яе Беззаганнае Сэрца затрыумфуе і Расія навернецца. Гэтыя словы Марыі адносяцца і да Беларусі. Найперш таму, што ў той час тэрыторыя нашай краіны належала да Расійскай імперыі. Далей, як кажа фацімская візіянерка с. Люцыя, слова Расія трэба разумець як увесь свет, бо грэх не мае нацыянальнасці.

2. Прадказанне Марыі збылося. Найперш, бальшавіцкая рэвалюцыя 1917 г. прынесла нябачныя ганенні на веру, у тым ліку і на Касцёл. Кажучы чыста па-людску, здавалася, што са смерцю апошняга святара Касцёл перастане існаваць. Аднак Бог яшчэ раз паказаў, што Ён, а не хтосьці іншы з’яўляецца Валадаром гісторыі, і мы вярнуліся на шлях навяртання.

Сацыяльна-палітычныя перамены канца 80-х і пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя кардынальна змянілі сітуацыю Касцёла ў нашай краіне і мы атрымалі значна больш магчымасцяў практыкаваць сваю веру. Гэта вялікі дар і адначасова заданне — выкарыстоўваць дадзеныя нам магчымасці ўзрастання ў веры і хрысціянскім сведчанні.

3. Ужо сем месяцаў працягваецца перэгрынацыя асвячанай у Фаціме ў капліцы аб’яўленняў фігуры Маці Божай Фацімскай. Час перэгрынацыі прызначаны для больш глыбокага пазнання фацімскіх аб’яўленняў і засяроджання над тым, як іх уцелавіць у жыццё ў наш час адыходу ад Бога і веры. Сёння і мы павінны ўслухацца ў яе словы з Фацімы: «Я прыйшла папярэдзіць чалавецтва, каб яно змяніла сваё жыццё і не засмучала Бога цяжкімі грахамі. Няхай людзі штодзённа моляцца Ружанец і пакутуюць за грахі».

Гэта фацімскі запавет Марыі. Яго выканалі фацімскія пастушкі. Як вядома, сёння папа Францішак падчас свайго пастырскага візіту ў Фаціму кананізаваў фацімскіх візіянераў Францішка і Жасінту. Святы Ян Павел II падчас іх беатыфікацыі ў 2000 г. казаў, што іх святасць не з’яўляецца плёнам фацімскіх аб’яўленняў, але плёнам іх адказу на просьбы Марыі. Калі б яны абыякава аднесліся да аб’яўленняў, то пра іх сёння ніхто не ўспамінаў бы. У той жа час сёння іх імёны — ужо як святых — на вуснах усяго свету.

4. У Апостальскім пасланні на распачацце трэцяга тысячагоддзя «Уваходзячы ў новае тысячагоддзе» св. Ян Павел II казаў, што ў галаве вугла ўсіх пастырскіх праграм павінна быць імкненне да святасці. Гэтыя словы Папы, які ўвёў Касцёл у трэцяе тысячагоддзе, выводзяцца з закліку Збаўцы быць дасканалымі, як наш нябесны Айцец дасканалы.

Таму заклік Марыі маліцца і навяртацца, і асабліва маліцца святы Ружанец, з’яўляюцца актуальнымі і для нас, людзей ужо XXI стагоддзя.

Паглядзім на сучасны свет, паглядзім на наш парафіяльны падворак, столькі заклікаў да навяртання і малітвы, у тым ліку ружанцовай, а з адказам складваецца па-рознаму.

Успомнім яшчэ нядаўнія мінулыя часы. Калі не было святароў і калі касцёлы былі зачыненыя. Дзякуючы чаму ў тыя цяжкія часы ганенняў вера не толькі захавалася, але і была перададзена маладому пакаленню? Адказ адзін: дзякуючы малітве Ружанца, літаніям і народнай пабожнасці.

5. У наш час, на жаль, гэтая практыка занядбоўваецца. Мы не маем часу ўдзельнічаць у нядзельнай і святочнай Імшах, не маем часу прымаць удзел у іншых набажэнствах, не маем часу штодзённа маліцца.  Але малітва — гэта размова чалавека з Богам. Паглядзім, як доўга могуць прабываць на размове закаханыя. Яны не адчуваюць часу і не стамляюцца. Калі мы кажам, што любім Бога, то і ў адносінах з Ім павінны паступаць падобным чынам.

Для функцыянавання нашага арганізму патрэбна паветра. Такім духоўным паветрам з’яўляецца малітва. Без яе мы духоўна задыхаемся.

Колькі часу мы бессэнсоўна губляем на абгаворы, плёткі, крытыканства, прагляд не заўсёды маральных тэлепраграм або сядзім у інтэрнэце. Іх праграмы часта нішчаць нашу ўражлівасць на свет духа, адбіраюць ахвоту да малітвы і накіроўваюць нашы думкі на духоўнае бездарожжа. Нельга быць маральна абыякавымі да таго, якую літаратуру мы чытаем ці якія фільмы глядзім. Нездарма прыказка кажа: з кім павядзешся, ад таго і набярэшся.

А колькі часу трацім, ходзячы па магазінах. Усё больш папулярнай становіцца рэклама: I love shopping — «Я люблю хадзіць за пакупкамі». Магазіны, стадыёны і канцэртныя залы становяцца «новымі касцёламі», дзе можна знайсці амаль усё, але толькі не Бога. Святы Ян Павел II кажа, што малітва не з’яўляецца праблемай часу, — гэта праблема сэрца. Таму мы не можам апраўдвацца, што не молімся, бо не маем дастаткова часу. Трэба ясна сказаць, што мы проста не хочам маліцца.

6. Адзін святар раздаў людзям па пяць ілюстрацый на тэму малітвы з пытаннем: «Ці маеш час на малітву?» На першай было напісана: «Я яшчэ замалады, каб думаць пра Бога». На другой: «Я настолькі шчаслівы, што не маю патрэбы думаць пра Бога». На трэцяй: «Я вельмі заняты, таму не маю часу думаць пра Бога». На чацвёртай: «Я вельмі стомлены, каб думаць пра Бога». І нарэшце, на пятай: «Ужо позна, каб думаць пра Бога».

У такім выпадку нашай малітвай стане малітва нашых блізкіх, якія памоляцца пры нашай магіле, бо мы былі замаладыя, зашчаслівыя, моцна занятыя і моцна змучаныя. Пасля смерці ў нас будзе многа часу — уся вечнасць. Але тады наша асабістая малітва нічога не дасць, бо час заслугі перад Богам завершыцца.

Людзі кажуць: калі нехта мяне любіць, то, напэўна, прыйдзе, патэлефануе і прысвеціць мне час. Калі мы любім Божую Маці, якая заклікае нас да малітвы і навяртання, то не забудзем прыйсці да яе на малітве, каб стаўся цуд нашага духоўнага навяртання і каб мы сталі новымі і на духоўных каштоўнасцях будавалі новую Беларусь. Амэн.

Адноўлена 12.05.2017 15:40
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі