Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Жодзіне з нагоды 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. У Каталіцкім Касцёле традыцыйна субота прысвячаецца Марыі. Гэта дзень, у які мы асаблівым чынам праслаўляем Багародзіцу. Так супала, што ў сённяшнюю суботу 13 мая ў Жодзіне ў парафіі Божай Маці Фацімскай мы духоўна яднаемся з папам Францішкам, які знаходзіцца ў Фаціме, і ўрачыста адзначаем Юбілей 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў.

Яны, прадказваючы гісторыю развіцця свету, асабліва Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, упісаліся ў яе залатымі літарамі і працягваюць быць такімі, бо гэтыя папераджальныя для ўсіх нас аб’яўленні працягваюць быць актуальнымі і ў наш час.

З перспектывы ХХ стагоддзя трэба сказаць, што фацімскія аб’яўленні з’яўляюцца самым вялікім дарам, які Бог даў чалавецтву і таксама нашаму народу ў мінулым стагоддзі для сучаснасці.

100 гадоў таму трывала жудасная Першая сусветная вайна з яе трагічнымі наступствамі. Набіраў сілу атэізм, які імкнуўся знішчыць духоўны падмурак хрысціянскай цывілізацыі. У такой складанай і нават трагічнай сітуацыі Святы Айцец Бэнэдыкт XV шмат разоў заклікаў да мірнага вырашэння канфлікту. У сувязі з гэтым ён у апублікаваным 5 мая 1917 г. пастырскім пасланні заклікаў свет да малітвы ў інтэнцыі міру на зямлі.

Праз восем дзён пасля гэтага Марыя аб’явілася фацімскім дзецям Францішку, Жасінце і Люцыі. Таму фацімскія аб’яўленні можна лічыць непасрэдным адказам Бога на заклік Папы. Тады, у апошні дзень актавы малітвы аб міры, як быццам раскрыліся нябёсы і на зямлю сышла Божая Маці, каб паказаць шлях да сапраўднага міру — духоўнага і вонкавага. Таму можна сказаць, што фацімскія аб’яўленні — гэта сустрэча неба з зямлёй. Марыя прадстаўляе неба, а фацімскімя дзеці — зямлю.

2. Сутнасць фацімскіх аб’яўленняў заключаецца ў закліку да малітвы і навяртання, як умовы для дасягнення міру. Калі людзі будуць маліцца і навяртацца, то ўсё будзе добра і настане мір, а калі не, то чалавецтва будуць чакаць вялікія праблемы і цяжкасці. І, як вядома, так і адбылося.

Аднак, папярэджваючы пра ўсе няшчасці, Марыя таксама не пакінула нас без надзеі на дасягненне міру і навяртанне, для ажыццяўлення якой Папа павінен быў прысвяціць Расію яе Беззаганнаму Сэрцу.  

Так і адбылося. У Расіі выбухнула Кастрычніцкая рэвалюцыя, якая прынесла нябачаныя дагэтуль беды народам Усходняй і Цэнтральнай Еўропы і таксама негатыўна ўплывала на ўвесь свет, распаўсюджваючы на яго вірус атэізму. Ганенні на Касцёл былі такімі моцнымі і небяспечнымі, што здавалася, быццам са смерцю апошняга святара ён перастане існаваць.

Горад Жодзіна быў вядомы найперш сваім гігантам — заводам БЕЛАЗ. Але хто ведаў пра тое, што тут ёсць католікі? Яны былі, але як быццам у падполлі, не маглі яўна выказваць сваю веру. І толькі сацыяльна-палітычныя перамены канца 80-х і пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя прынеслі свабоду веравызнання, якой мы цяпер карыстаемся.

Беларусь — гэта Белая Русь, іншымі словамі чыстая, святая краіна. І сімвалічна, што менавіта ў ёй, у Віскулях у Белавежскай пушчы 8 снежня 1991 г. ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі быў падпісаны акт аб распадзе СССР. Менавіта той гістарычны дзень даў пачатак пераходу ад палітыкі ваюючага атэізму да свабоды веравызнання.

3. Атрыманая свабода з’яўляецца дарам і адначасова заданнем і выклікам, на які не так лёгка адказаць, асабліва ў час, калі свет жыве так, быццам Бога няма. Тэндэнцыі сучаснага свету далёкія ад духоўных. Яны канцэнтруюць сваю ўвагу на матэрыяльных каштоўнасцях, прыемнасцях, задавальненнях і г.д. Аб гэтым сведчыць заняпад маральнасці, крызіс сям’і, непавага да Божага дару жыцця, карупцыя і многае іншае.

Гэта вынік таго, што сваю будучыню сучасны свет будуе не на моцным падмурку Евангелля і таму ён нестабільны. У такім свеце мы павінны разам з Езусам казаць «так» або «не». Іншага нам, хрысціянам, не дадзена. Усё іншае — гэта здрада прынцыпам хрысціянства. Адмаўленне ад хрысціянскіх каранёў — гэта Чарнобыль нашай хрысціянскай культуры і спадчыны. Ён больш небяспечны чым іншыя праблемы і крызісы, такія як фінансавы, эканамічны, сацыяльна-палітычны і г.д. Сёння наш абавязак — берагчы і развіваць далей духоўную спадчыну нашых продкаў, якія заўсёды баранілі крыж і веру, нават знаходзячыся ў катакомбах атэізму.

4. Каб будаваць жыццё на падмурку Евангелля, неабходна найперш маліцца. На жаль, сучасны свет перажывае вялікі крызіс малітвы. Калі людзі перастаюць маліцца, пачынаюцца праблемы. Гэта знак заняпаду веры, бо малітва з’яўляецца першым яе праяўленнем. Хто сапраўды верыць, той і моліцца. Калі нехта кажа, што з’яўляецца веруючым, але ў той жа час не моліцца, то гэта нагадвае аб тым, што яго вера не жывая, а дэкаратыўная.

Прыклад малітвы пакінуў нам Езус, які часта маліўся сам і з апосталамі. Ён навучыў нас малітве «Ойча наш». Прыклад малітвы пакінула нам і Марыя. Мы сустракаем яе на малітве ў Назарэце, падчас адведзінаў дому Альжбеты і Захарыя, потым на Галгоце і ў Вячэрніку, дзе разам з апосталамі чакала спаслання Духа Святога.

Падчас аб’яўленняў у Фаціме Марыя прасіла аб малітве, асабліве малітве святога Ружанца, якая павінна была стаць зброяй супраць бязвер’я. І Ружанец стаў такой зброяй для нашых продкаў. Дзякуючы яму яны не толькі самі захавалі веру, але і перадалі яе маладым пакаленням. Малітва змяняе чалавека, а ён, змяняючыся, змяняе свет, бо свет бачыцца такім, якім з’яўляемся мы.

5. Іншым важным пасланнем Фацімы з’яўлецца заклік Марыі да навяртання. Езус збавіў нас сваёй крыжовай смерцю. Гэта была яго ахвяра і пакута за нашы грахі. Падобна і мы можам ахвяраваць нашы пакуты ў інтэнцыі іншых. Можа, часам мы скардзімся, што Бог не выслухоўвае нашы малітвы. Перажываем таксама, калі нашы заўвагі адносна выпраўлення жыцця іншых не прыносяць выніку. Можа, тады нам неабходна замяніць нашы словы павучання на ціхую малітву і ахвяраваць нашы цярпенні ў інтэнцыі навяртання іншых людзей?

Адна легенда кажа пра тое, як Бог паслаў анёла з неба на зямлю, каб прынёс адтуль самую прыгожую рэч. Анёл доўга шукаў і прынёс на неба вельмі прыгожую кветку. Бог не быў задаволены да канца і паслаў анёла шукаць далей. Анёл накіраваўся на поле ваенных дзеянняў і прынёс на неба некалькі кропель крыві забітага за свабоду сваёй радзімы жаўнера. Бог ізноў не быў да канца задаволены. Анёл у трэці раз накіраваўся на зямлю. Пасля доўгага пошуку ён убачыў чалавека, які стаяў на каленях перад крыжом і аплакваў свае грахі. Анёл пазбіраў яго слёзы і занёс на неба. Тады Бог сказаў: «Слёзы жальбы і пакуты — гэта самае прыгожае, што ёсць на свеце».

6. Бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог захапляецца навяртаннем грэшніка і яго малітвай. Сітуацыя ў сучасным свеце сведчыць аб тым, што фацімскае пасланне з’яўляецца актуальным і патрабуе нашага адказу. Імя ж адказу — малітва і навяртанне.

Няхай словы Марыі з далёкай і адначасова такой блізкай маральна нам Фацімы: «Я прыйшла з мэтай папярэдзіць людзей, каб змянілі сваё жыццё і не засмучалі Бога сваімі грахамі. Няхай людзі моляцца малітвай Ружанца і пакутуюць за свае грахі» — стануць імператывам нашага жыцця на славу Бога і для нашага збаўлення. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі
13.05 22:50Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы адведзін фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі ў Вілейцы
13.05 13:20Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі ва ўрачыстасць надання касцёлу Маці Божай Фацімскай у Баранавічах тытула санктуарыя
13.05 13:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Жодзіне з нагоды 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
11.05 15:50Гамілія падчас св. Імшы наведвання фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі Cв. Юзафа ў Маладзечне
11.05 11:41Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды 20-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Лагішынскай
07.05 14:12Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на IV Велікодную нядзелю