Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды 20-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Лагішынскай

У месяц асаблівай любові да Божай Маці сёлета, як і ў мінулыя гады, наша Пінская дыяцэзія распачала пілігрымкі. Сёлетняя адметнасць пілігрымак у тым, што мы адзначаем 20-ю гадавіну каранацыі абраза Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішынскім санктуарыі.

Кароны благаславіў тагачасны Папа Рымскі, сёння ўжо святы Ян Павел ІІ. Усклаў іх на абраз кардынал Казімір Свёнтэк. У нашу звычайную штодзённасць летняга перыяду аднаўляем пілігрымкі ў дыяцэзіі. Штодзённасць такая звычайная,  што цяжка знайсці арыгінальныя і новыя словы. Але, можа, гэта шэрае штодзённае жыццё паказвае нам прыгажосць стварэння і заахвочвае да поўні жыцця. І першае, аб чым варта сказаць, — Бог ёсць. І імя Бога на старонках Бібліі Старога Запавету — Той, які Ёсць. Пан Езус у крытычныя моманты вучыў Апосталаў: не бойцеся, Я з вамі! А Марыя заклапочаным у Кане сужонкам кажа: зрабіце так, як скажа вам Сын мой. Каралева Палесся дапамагае нам па-іншаму прыняць рэчаіснасць і нашае пакліканне ў свеце.

Дарагія, такой рэчаіснасці — з Богам — вучыць шлях пілігрыма. Нашае жыццё з’яўляецца доўгім шляхам пілігрыма. На гэтым шляху мы сустракаемся з рознымі выпрабаваннямі.  Аднак Езус заўсёды побач.  Ён кажа нам: не бойцеся, Я з вамі.  І Марыя заўсёды нам кажа: зрабіце ўсё, што Ён вам загадае. Такому стану рэчаў вучыць нас пілігрымка. Вучыць нас веры і адчуванню блізкасці Бога ў нашым штодзённым жыцці.

Дарагія пілігрымы, на гэтым шляху мы вучымся жыць. Жыць па-сапраўднаму і празрыста. Бо ў Богу мы жывём, рухаемся і існуем. Прашу вас пераносіць дынамізм веры з пілігрымкі ў штодзённасць жыцця нашага Партыкулярнага Касцёла, нашай дыяцэзіі.

У гэты санктуарый Каралевы Палесся мы запрошаны на важны духоўны пасілак. Гэта стол Божага Слова і Эўхарыстыі. Тут адчуваем Яго асаблівую прысутнасць. «Я з вамі праз усе дні», — кажа Езус. Наша пакліканне — ісці з Езусам праз усё жыццё.

Сучасны чалавек жыве ў цывілізацыі, дзе пераважае антыхрысціянская культура, якая не спрыяе рэалізацыі паклікання. Жыве ў такой культуры, якая баіцца Хрыста і Яго прысутнасці, а талерантнасць і дэмакратычнасць цэніцца вышэй за праўду і любоў, часам ставіцца нават у месца Бога. Стыль жыцця падштурхоўвае людзей рабіць тое, што з’яўляецца менш цяжкім і патрабавальным, замест таго, каб зрабіць штосьці больш вартаснае. І гэта тая культура, якая не ўплывае на пакліканні.

Сродкі масавай камунікацыі, а часта ў свеце і некаторыя педагогі, выхавацелі засяроджваюць увагу дзяцей і моладзі на тое, каб канцэнтравацца на целе, схільнасцях, здольнасцях, інстынктах, а не на пакліканні. Таму актуальнымі застаюцца для пілігрыма словы Евангелля аб навяртанні і чуйнасці, каб трываць у ласцы святога хросту, памятаючы, што мы — Божыя Дзеці.

Пілігрымка не толькі нагадвае аб прысутнасці Бога сярод нас, але падказвае дарогу нашага жыцця, найбольш для нас аптымальную, евангельскую. Дарогі бываюць кепскія, калі моладзь сама праграмуе іх з дапамогай дэмаралізатараў. Нават некаторыя бацькі баяцца, што, выхоўваючы сваіх дзяцей высакароднымі, такім чынам ствараюць ім небяспеку таго, што ў будучым яны стануць ахвярамі нявыхаваных людзей без хрысціянскіх прынцыпаў.

Дык вось мудрае выхаванне абапіраецца на тым, каб малады чалавек не толькі нікога не пакрыўдзіў, але таксама не дазволіў, каб крыўдзілі яго. У пілігрымцы разважаем над словамі Езуса: «будзьце мудрыя, як вуж, і чыстыя, як голуб». У пілігрымцы да Маці Божай мы вучымся мудрай любові. Падчас пілігрымкі просім аб такой жыццёвай мудрасці для кожнага на сваім шляху, у сваім пакліканні.

Але некаторым, каго Бог кліча да асаблівага служэння ў святарскім і манаскім жыцці, таксама неабходныя мудрасць і разважлівасць. Пакліканне да сужэнства і бацькоўства — гэта рэалізацыя вернай чыстай плоднай і асаблівай любові паміж мужчынам і жанчынай. Пакліканне да святарства і манаства не з’яўляецца ні вышэйшым, ні ніжэйшым у адносінах да сужэнства і сям’і. Яно іншае. Святары і кансэкраваныя асобы свядома адмаўляюцца ад заснавання сужэнства, каб якраз дапамагаць сужэнцам і сем’ям.

Быць святаром — гэта быць пакліканым да духоўнага бацькоўства. На ўзор Бога, які не з’яўляецца ані жанчынай, ані мужчынам, але паўнатой любові. Быць святаром — значыць любіць людзей як родных, любіць бескарысліва.

Разумець усяго чалавека. Клапаціцца пра лёс асоб тут і цяпер, не толькі пра іх лёс у вечнасці. Ратаваць лёс людзей, якія заблукалі ці пакрыўдзіліся. Дапамагаць таксама людзям высакародным, каб і надалей трывалі ў вернасці Богу, Хрысту і Касцёлу. Сутнасць жа манаскага паклікання — гэта не тое, што яны робяць (малітва, медытацыя, праца ў парафіі, катэхізацыя), але тое, кім з’яўляюцца. Гэта тыя асобы, якія адчуваюць асаблівую сувязь з Хрыстом. Гэта той, хто не пазбаўлены сувязі з чалавекам, але ў святле Хрыстовай блізкасці разумее гэтую сувязь больш востра.  Гэта той, хто для свецкіх людзей з’яўляецца знакам і нагадвае аб пакліканні ўсіх да вечнага шчасця і любові.

Невыпадкова ў краінах, дзе змяншаецца колькасць пакліканняў да святарства і манаскага жыцця, усё менш становіцца сужэнстваў. Няма крызісу пакліканняў, а вось крызіс у чалавека, асобы і пакліканага ёсць. І таму сучаснаму свету важна нагадваць, а асабліва гэта павінны ўсвядоміць бацькі дзяцей, што адукацыя, прафесійныя абавязкі, стабільная фінансавая і грамадская  пазіцыя — гэта яшчэ не гарант шчасця. Гэта ўсё другаснае ў адносінах да паклікання. Бо чалавек мае больш велічнае пакліканне.

Бацькі не здольныя добра выхаваць дзяцей, калі будуць кіравацца выключна сваім розумам і сілай. Як бацькам, так і дзецям неабходныя штодзённая малітва, Эўхарыстыя ў нядзелі і святы, рэгулярнае жыццё святымі сакрамэнтамі, фармацыя сумлення 10 Божымі запаведзямі.

Кожнаму з нас неабходна сардэчнае сяброўства з Езусам і Марыяй. І тады мы будзем добрымі апосталамі ў сучасным свеце. Каля абраза Маці Божай Каралевы Палесся памолімся, каб у адносінах да блізкіх асоб і кожнага чалавека, якога сустрэнем, мы былі вернымі сведкамі Божай праўды пра чалавека і Божай любові да чалавека.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі
13.05 22:50Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы адведзін фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі ў Вілейцы
13.05 13:20Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі ва ўрачыстасць надання касцёлу Маці Божай Фацімскай у Баранавічах тытула санктуарыя
13.05 13:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Жодзіне з нагоды 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
11.05 15:50Гамілія падчас св. Імшы наведвання фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі Cв. Юзафа ў Маладзечне
11.05 11:41Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды 20-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Лагішынскай
07.05 14:12Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на IV Велікодную нядзелю