Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас св. Імшы ў студыі «Радыё Марыя»

Мінск, 6 мая

Абвяшчаць Божую праўду

Глыбокапаважныя браты і сёстры, слухачы «Радыё Марыя»!

1. Вось і прыйшоў той доўгачаканы дзень, калі ў Беларусі нарэшце афіцыйна распачынае працу вельмі папулярнае ў Каталіцкім свеце міжнароднае «Радыё Марыя». Сімвалічна, што гэта падзея адбываецца напярэдадні Дня радыё, у Велікодны перыяд, у марыйным месяцы маі, у суботу, калі традыцыйна Касцёл праслаўляе Багародзіцу, і ў 100-годдзе фацімскіх аб’яўленняў Марыі. Менавіта дзякуючы іх ажыццяўленню сёння мы маем гэтую ўнікальную магчымасць — распачынаць дзейнасць гэтага радыё.

Хто з нас яшчэ не так даўно мог падумаць, што сітуацыя з рэлігійнай свабодай зменіцца кардынальным чынам? Здавалася, што са смерцю апошняга святара Касцёл знікне з карты Беларусі. Але Божыя планы — гэта не чалавечыя планы. І не чалавек, а Бог з’яўляецца Валадаром гісторыі.

2. З гэтай нагоды мне ўспамінаюцца словы св. Яна Паўла II, які мне асабіста не аднойчы казаў: «Памятай пра фацімскае прароцтва Марыі, што краіны Усходу навернуцца». Мы з’яўляемся сведкамі і ўдзельнікамі гэтага працэсу. Свабода — гэта вялікі дар, але адначасова і заданне. Гэта таксама выклік, асабліва ў наш час адыходу ад Бога, калі чалавек спадзяецца толькі на сябе, на развіццё навукі і тэхналогіі, і калі секулярныя тэндэнцыі пераважаюць у свеце.

Сто гадоў таму Еўропа была хрысціянскай і ўплыў Евангелля на людзей быў вельмі моцны. Тым не менш, у Расіі адбылася кастрычніцкая рэвалюцыя, якая стала прычынай ганенняў на Касцёл.

Сітуацыя як быццам паўтараецца, бо сучасны свет ізноў варожа ставіцца да Евангелля і ў імя фальшыва зразумелай свабоды свядома адмаўляецца ад маральных каштоўнасцяў. У сувязі з гэтым неабходна заўважыць, што нават найбольш развітая дэмакратыя без духоўных каштоўнасцяў не з’яўляецца задавальняючай і не вядзе да будавання сапраўднага міру і шчасця.

Незахаванне маральнага права прывяло да нябачнага крызісу сям’і, да знікнення пашаны да Божага дару жыцця і маніпуляцыі ім. Тэхнакратычная і ўтылітарная этыка разам з ідэалогіяй спажывецтва сталі дамінаваць у нашым светапоглядзе. Сучасныя СМІ і культура замест таго, каб распаўсюджваць маральныя каштоўнасці, рэкламуюць амаральныя. Гэтыя і іншыя праблемы негатыўна ўплываюць на нашае духоўнае жыццё, і нам пагражае новая антыдухоўная рэвалюцыя.

У выніку гэтага свет знаходзіцца перад новымі духоўнымі выклікамі да такой ступені, што так і хочацца паўтарыць Шэкспіраўсае To be or not to be — «Быць або не быць» — на гэты раз для хрысціянства.

3. 100 гадоў таму з перасцярогай і дапамогай прыйшла Марыя ў сваіх фацімскіх аб’яўленнях.

Хто прыйдзе сёння?

Адказ адзін — Касцёл як вартаўнік маральных каштоўнасцяў, і той, які распаўсюджвае сацыяльнае вучэнне, якое базуецца на прынцыпах Евангелля.

Вялікай дапамогай у ажыццяўленні гэтага плану павінны стаць сродкі сацыяльнай камунікацыі, у тым ліку і «Радыё Марыя».

Пасля спаслання Святога Духа галоўным зместам абвяшчэння апосталаў стала тое, пра што кажа св. апостал Павел у Пасланні да Рымлянаў: «Калі ты вуснамі сваімі будзеш вызнаваць, што Езус ёсць Панам, і ў сэрцы сваім верыць, што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых, будзеш збаўлены” (Рым 10, 9). Аднак, з той прычыны, што «вера ад слухання» (пар. Рым 10, 17), то найбольш важнай справай з’яўляецца поўнае і не ілжывае абвяшчэнне Евангелля. Ад гэтага будзе залежаць наша духоўнае жыццё.

Інаўгурацыя «Радыё Марыя» дае нам новыя перспектывы ў ажыццяўленні гэтага задання, каб да яго слухачоў дайшла праўда пра вечную барацьбу злога духа з чалавекам, пра Марыю, якая з’яўляецца прыкладам слухання і разважання Божага слова, пра бязмежную Божую міласэрнасць, якая дае надзею на перамогу дабра над злом.  

4. У сённяшнюю падзею арганічна ўпісваецца гісторыя прысутнасці радыё ў жыцці Касцёла. 12 лютага 1931 г. з удзелам папы Пія XI адбылася ўрачыстая інаўгурацыя Ватыкангскага радыё. Тады папа сказаў, што ўпершыню ў гісторыі голас Пантыфіка адначасова можна чуць у розных краінах свету.

Гэта быў вельмі цяжкі час для Касцёла. У Савецкім Саюзе панаваў атэізм, а на Захадзе Еўропы ўмацоўваўся нацызм. Абодва рэжымы змагаліся з Богам і годнасцю чалавечай асобы, якая вынікае з праўды аб Стварэнні і Збаўленні. Многія людзі паддаліся іх уплыву да такой ступені, што нават абагаўлялі палітычных лідараў тых сістэмаў.

У такой сітуацыі Ватыканскае радыё стала эфектыўнай зброяй абвяшчэння вечна жывога і дзейснага Божага слова ў час і не ў час (пар. 2 Цім 4, 2). Гэта быў не толькі цуд тэхнікі, але і цуд веры. Старэйшыя вернікі добра памятаюць, як у савецкія часы ўслухоўваліся ў голас Ватыканскага радыё, які з цяжкасцямі прабіваўся праз «славутыя» глушылкі, каб пабудаваць сваю веру і надзею.

Вялікі ўплыў на далейшае развіццё касцёльных сродкаў масавай камунікацыі аказаў Другі Ватыканскі Сабор, які падкрэслівае, што Касцёл мае прыроджанае права карыстацца і валодаць гэтымі сродкамі дзеля абвяшчэння Евангелля, хрысціянскай фармацыі людзей і збаўлення душ (пар. Дэкрэт пра сродкі масавай камунікацыі Inter mirifica, 3).

У апошнія часы ўдзел сродкаў масавай камунікацыі, у тым ліку і радыё, моцна ўпісаўся ў жыццё Касцёла. Гэтаму асабліва спрыяў Пантыфікат святога Яна Паўла II, які быў медыйным папам. Яго лінію працягнулі папы Бэнэдыкт XVI і Францішак.

5.    Сёння нельга ўявіць сабе Касцёл як без сродкаў масавай камунікацыі, так і без «Радыё Марыя», якое было заснавана ў 1983 г. і моцна ўкаранілася ў яго жыццё. Амаль чвэрць стагоддзя існавання гэтага радыё пацвердзілі яго жыццяздольнасць і патрэбнасць. Яно стала найбольш папулярным каталіцкім радыем ў свеце.

Галоўным заданнем Касцёла ў наш час з’яўляецца новая евангелізацыя, гэта азначае абвяшчэнне Евангелля не толькі з амбоны, але і праз выкарыстанне іншых сродкаў, сярод якіх радыё займае асаблівае месца.

Традыцыйна ў праграме «Радыё Марыя» прысутнічае малітва, асабліва ружанцовая, інфармацыя з жыцця Касцёла, свету і грамадства, катэхеза  і духоўныя канферэнцыі, дыскусіі і т.п. Такім чынам «Радыё Марыя» знаходзіцца блізка людзей і дапамагае ім жыць паводле хрысціянскіх каштоўнасцяў, каб Евангелле пранікала ва ўсе сферы грамадскага жыцця. Важнае значэнне ў нашых абставінах таксама займае развіццё міжканфесійнага і міжрэлігійнага дыялогу, чаму павінна спрыяць адкрытасць «Радыё Марыя» на іншыя веравызнанні.

6.    «Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (пар. 1 Кар 9, 16). Няхай гэтыя словы св. апостала Паўла стануць для беларускай праграмы Радыё Марыя натхненнем для ўзбагачэння нашага народа вечна жывым і дзейсным Божым словам ( пар. Гбр 4, 12).

Старэйшыя людзі памятаюць, як у савецкія часы і аж да нядаўна ў кожнай кватэры была так званая радыёкропка, якая працавала ўвесь час. Звычайна гэты радыёпрыёмнік знаходзіўся на кухні, і гаспадыні ведалі ўсё, бо пастаянна слухалі радыё.

Заахвочваю вас, дарагія радыёслухачы, каб «Радыё Марыя», якое афіцыйна распачынае сваю дзейнасць, стала такой духоўнай «радыёкропкай» з мэтай евангелізацыі нашага грамадства і будавання цывілізацыі жыцця і міру.

Радыё Марыя, In nomine Domini — «У імя Пана», у добры шлях і няхай табе благаславіць Бог, а Марыя апякуецца, каб мы, умацаваныя ласкай уваскрослага Пана і поўныя надзеі і даверу Богу, з радасцю ўсклікалі: «Алелюя і наперад!» Амэн.

Адноўлена 06.05.2017 15:14
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі
13.05 22:50Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы адведзін фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі ў Вілейцы
13.05 13:20Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі ва ўрачыстасць надання касцёлу Маці Божай Фацімскай у Баранавічах тытула санктуарыя
13.05 13:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Жодзіне з нагоды 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
11.05 15:50Гамілія падчас св. Імшы наведвання фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі Cв. Юзафа ў Маладзечне
11.05 11:41Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды 20-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Лагішынскай
07.05 14:12Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на IV Велікодную нядзелю