Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ў Вялікі чацвер падчас св. Імшы Вячэры Пана ў мінскай архікатэдры

Дарагія браты і сёстры!

1. У цэнтры плошчы св. Пятра ў Рыме знаходзіцца велічны абеліск, які называюць егіпецкім. Яму ўжо каля чатырох з паловай тысяч гадоў. Першапачаткова ён знаходзіўся ў святыні сонца ў г. Геліаполіс у Егіпце. Але ў часы імператара Калігулы ў 37 г. быў перавезены ў Рым і ўстаноўлены ў цэнтры рымскага цырка Нэрана, які знаходзіўся на Ватыканскім узгор’і.

У гэтым цырку быў замучаны св. Пётр і таму магчыма, што абеліск быў апошняй зямной рэччу, якую бачылі вочы святога. У 1586 г. абеліск быў перанесены на плошчу святога Пятра.

На верхавіне абеліска раней знаходзіўся залаты шар, які прадстаўляў сонца. Цяпер там крыж. На п’едэстале абеліску знаходзіцца надпіс па-лацінску: «Christus vincit, Christus regnat, Christus imperat» («Хрыстус перамагае, Хрыстус валадарыць, Хрыстус загадвае»). Ён нагадвае пра перамогу Езуса, якая была дасягнута дзякуючы Яго крыжу.

2. Набажэнства Апошняй Вячэры прадстаўляе нам Езуса, які прыходзіць на спатканне з намі як Баранак Божы і слуга. Гэта той Езус, які становіцца на калені перад апосталамі і абмывае ім ногі. У пыльным клімаце Палесціны абмыванне ног было агульнапрынятым звычаем. Аднак гэта была праца слугі, але ніколі гэтага не рабіў гаспадар дому.

У жэсце Езуса мы бачым нешта зусім іншае, не звычайнае для культуры таго часу. Езус, які называў сябе настаўнікам, займае месца слугі і абмывае ногі сваім вучням. Гэта быў той момант, калі прывычны свет перавярнуўся з ног на галаву і быццам усе абеліскі свету пападалі са сваіх п’едэсталаў.

У другім чытанні на Пальмовую нядзелю мы пачулі словы св. апостала Паўла, што Езус, будучы Богам, не палічыў патрэбным быць нароўні з Богам, але выракся самога сябе, прыняўшы ролю слугі. Набажэнства Апошняй Вячэры паглыбляе наша разуменне гэтай таямніцы самаадрачэння Езуса і заклікае нас да яе прыняцця ў жорсткай рэальнасці нашага штодзённага жыцця.

3. Але Езус на гэтым не спыняецца. Пасля абмыцця ног апосталам, Ён прамаўляе словы, якіх ніхто і ніколі перад гэтым не чуў. Ён праламляе хлеб, дае апосталам і кажа: «Гэта Маё Цела, бярыце і ешце». Езус не кажа «Гэта сімвал Майго Цела» або «Гэта падабенства да Майго Цела». Але станоўча сцвярджае: «Гэта Маё Цела». Далей Ён бярэ келіх з віном і прамаўляе не менш дзіўныя словы: «Гэта Мая Кроў, бярыце і піце». Больш таго, Ён кажа ім рабіць так на яго памяць.

Такім чынам, Езус, які абмыў ногі апосталам, сябе самога цяпер аддае ў іх рукі. Ці гэта небяспечна, аддаць сябе ў рукі іншага чалавека? Падзеі Вялікай пятніцы гэта пацвердзілі. Рукі габрэяў — з габрэйскага асяроддзя паходзіў і Езус —прыбілі яго цела да крыжа. Так павінна было адбыцца, бо такі быў Божы план збаўлення чалавека.

Калі абмыванне ног апосталам было вельмі вымоўным сімвалам, то ўстанаўленне Эўхарыстыі стала рэальнай прысутнасцю Езуса сярод нас. Сёння мы таксама адзначаем устанаўленне сакрамэнту святарства. Дзякуючы святару, сам Хрыстус як ахвяра і Збаўца знаходзіцца ў алтара і дае нам Хлеб вечнага жыцця.

Давер цэлебрацыі Эўхарыстыі апосталамі і іх пераемнікамі біскупамі, а таксама святарамі вытрымаў выпрабаванне часам. Дзякуючы ім, Хрыстус пад відам хлеба і віна прыходзіць да нас, каб умацоўваць нашы духоўныя сілы.

4. Першае сённяшняе чытанне з Кнігі Зыходу распавядае пра пасхальнага баранка, які быў забіты і з’едзены габрэямі, як падрыхтоўка да іх выхаду з егіпецкага палону. Святы Ян Хрысцыіцель выкарыстаў сімвал баранка на пачатку місіі Езуса Хрыста, калі паказаў яго натоўпу людзей над берагамі ракі Ярдан. Гэта не быў баранак, узяты са шматлікіх статкаў авечак, але прысланы самім Богам. Ён быў дадзены нам, каб прынесці сябе ў ахвяру не для таго, каб падрыхтаваць нас да выхаду з грахоўнай няволі, але каб вывесці з яе.

У гэтым заключаецца сутнасная розніца паміж габрэйскім пасхальным баранкам і Баранкам Божым, які ўзяў на сябе нашы грахі. Гэта той Баранак, які вывеў нас з Егіпту смерці. Ён стаў збаўчай ахвярай, якая, у сваю чаргу, стала святочным Эўхарыстычным пірам, у якім мы ўсе закліканы прымаць удзел.

5. Вядома, што стол аб’ядноўвае нават незнаёмых людзей. Таксама і Эўхарыстычны стол яднае нас з Богам і паміж сабой. Гэтую думку вельмі добра адлюстроўвае лацінскае слова communio — «адзінства». Ад гэтага слова паходзіць слова «Камунія», якую мы прымаем падчас святой Імшы. Таму калі мы прыступаем да Камуніі, то яднаемся з Хрыстом і самі з сабою.

Маючы ўсё гэта на ўвазе, трэба сказаць, што сённяшняе набажэнства скіроўвае наш позірк не толькі да мінулага, да падзей Апошняй Вячэры, якая адбылася 2000 гадоў таму, але і ў будучыню, бо Эўхарыстыя вядзе нас да будучай еднасці з Хрыстом у Божым Валадарстве, да гэтага нябеснага піру, які ніколі не завершыцца.

6. Сёння мы паглыбляемся ў таямніцу Божага Баранка, які абмывае ногі апосталам, а ўстанаўленнем Эўхарыстыі апярэджвае крыжовую ахвяру на Галгоце за нашы грахі, каб сказаць яму нашае «так» і ісці за Ім. Ісці — азначае стаць на калені перад сучасным светам і па прыкладзе Езуса яму служыць.

Абмыванне ног — гэта не інсцэніроўка мінулай гістарычнай падзеі, а ўдзел у збаўчай місіі Хрыста, якую Ён здзейсняе праз свой Касцёл у рэальным свеце.

Ісці за Ім азначае ісці на Кальварыю нашага жыцця, каб памерці для граху з Ім на ёй і потым уваскрэснуць да новага жыцця. Ісці за Ім — азначае прымаць удзел у Эўхарыстыі, якая прыносіць неба на зямлю, а зямлю вядзе да неба.

Мы жывём у свеце, які Бог любіць, не гледзячы на тое, што свет адракаецца ад Яго. Бог і сёння праз Касцёл пасылае свайго Сына ў наш свет. Дзякуючы гэтаму ён адраджаецца нанова.

Няхай тады літургія Апошняй Вячэры дапаможа нам жыць праўдай, што благаслаўлёныя пакліканыя на вячэру Божага Баранка. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі
13.05 22:50Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы адведзін фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі ў Вілейцы
13.05 13:20Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі ва ўрачыстасць надання касцёлу Маці Божай Фацімскай у Баранавічах тытула санктуарыя
13.05 13:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Жодзіне з нагоды 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
11.05 15:50Гамілія падчас св. Імшы наведвання фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі Cв. Юзафа ў Маладзечне
11.05 11:41Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды 20-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Лагішынскай
07.05 14:12Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на IV Велікодную нядзелю