Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да святароў на Вялікі чацвер

Мінск, 13 красавіка

СВЯТАР — ДОБРЫ ПАСТЫР

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія вернікі!

1. Сёння, у Вялікі чацвер, калі мы засяроджваемся на таямніцы Апошняй Вячэры і ўстанаўлення сакрамэнтаў Эўхарыстыі і святарства, прысвяцім нашыя разважанні паслузе святара як добрага пастыра.

Закранаючы гэтую тэму неабходна звярнуць увагу на словы Езуса: «Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак. А найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх. Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак. Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне, як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца» (Ян 10, 11-12).

Гэтымі словамі Езус, які называе сябе Добрым Пастырам, заклікае таксама нас, святароў, быць падобнымі да Яго. Евангелле сведчыць аб тым, што Езус заўсёды першым выходзіў да людзей са сваёй любоўю і ініцыятывай. Ён палюбіў нас усіх і за нас аддаў сваё жыццё. Паміраючы на дрэве крыжа і потым узносячыся ў неба Ён не пакінуў нас адных, але застаўся з намі ў Святым Пісанні і сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі. Ён таксама заклікае да малітвы аб пакліканні да святарства, бо жніво вялікае, а работнікаў мала (пар. Лк 10, 2).

2. Касцёл жыве моцаю Хрыста праз паслугу святара. Дзякуючы паслузе святара Езус сваёй Боскай сілай падчас Эўхарыстыі перамяняе хлеб і віно ў сваё Цела і Кроў. Ён таксама адпускае грахі ў сакрамэнце пакаяння. Ён дзейнічае ў кожным сакрамэнце і ў кожным з іх асабіста сустракаецца з чалавекам. Ён абвяшчае заўсёды жывое і дзейснае Божае слова (пар. Гбр 4, 12).

Святар як слуга Бога вядзе людзей шляхам збаўлення, калі ад Імя Езуса і Ягонай моцай абвяшчае Божае слова і цэлебруе сакрамэнты. У гэтым служэнні Езус атаясамліваецца са святаром і кажа: «Хто слухае вас, Мяне слухае, а хто вас адкідае, Мяне адкідае» (Лк 10, 16).

Таму вернікі павінны прымаць вучэнне Касцёла, якое ім перадаюць святары. Яны таксама павінны падтрымліваць іх сваёй малітвай і маліцца аб пакліканнях да святарства. Святарства, якое паходзіць ад Бога, — гэта дар і адначасова велізарная адказнасць, якая стаіць перад пакліканым. Таму святарам патрэбна духоўная дапамога. Тут трэба асабліва падзякаваць малітоўнаму руху «Маргарыткі», які моліцца ў інтэнцыі святароў.

3. Святару для належнага выканання свайго задання, падобна як і кожнаму іншаму чалавеку, неабходна навяртанне, якое найперш выражаецца ў вяртанні да першаснай руплівасці. Варта ўспомніць, з якімі інтэнцыямі мы стукалі ў дзверы семінарыі і з якой руплівасцю распачыналі святарскае служэнне. Навяртанне — гэта змена спосабу мыслення і вяртанне да крыніцы, вяртанне да Хрыста і да евангельскага жыцця.

Калі святар у сваім жыцці будзе аўтэнтычна трываць пры Хрысце, тады сапраўды будзе ўмацоўваць вернікаў сваім стаўленнем да выконвання святарскіх абавязкаў. Сучасны свет патрабуе не столькі настаўнікаў, колькі сведкаў Бога.

Калі людзі не бачаць сведчання з боку святара, то не будуць звяртаць увагі на Божае слова і вучэнне Касцёла, якое ён абвяшчае. У гэтым выпадку замест сведчання аб Хрысце святар становіцца прычынай скандалу, што негатыўна ўплывае на вернікаў і можа нават прывесці да страты веры. Такую сітуацыю добра характарызуе руская прыказка: «Каков поп, таков приход». Тамму калі святар наракае на сваіх верных, то гэтым самым дае сведчанне і пра самога сябе. У такім выпадку, наракаючы на вернікаў, святарам неабходна скардзіцца і на саміх сябе.

Каб весці людзей да Бога, трэба іх любіць сапраўднай пастырскай любоўю. Найперш неабходна іх палюбіць такімі, якімі яны ёсць, а толькі потым з любоўю старацца іх змяняць згодна з духам Евангелля. Калі не палюбім бліжняга, то ніколі яго не зменім. Мы павінны прыняць такое стаўленне да вернікаў, каб яны адчувалі сябе ў бяспецы пры сваім пастыры. Перш за ўсё, неабходна іх бараніць ад грахоўнай небяспекі.

4. Ці заўсёды мы як святары ўсведамляем сабе, што злы дух імкнецца знішчыць дабро? Для гэтага ён найперш стараецца знішчыць пастыраў, бо добра ведае: калі ўдарыць у іх і аслабіць, то авечкі разыйдуцца.

Таму сёння, калі зло ўрываецца ў жыццё Касцёла не толькі праз дзверы, але і праз вокны, неабходна будаваць еднасць паміж святарамі і вернікамі, якія замест таго, каб прыслухоўвацца да галасоў тых, хто з'яўляецца ворагам Касцёла або ўносіць у яго замяшанне, няхай слухаюць голас Хрыста, які прамаўляе праз Папу, біскупаў і святароў.

5. Святар перадусім павінен быць чалавекам веры, бо сам верыць у Бога і іншых вядзе да веры ў Яго. У мітусні сучаснага секулярнага свету паўстае пытанне: «Як павінен жыць душпастыр, каб не аслаблі яго вера, руплівасць, любоў і клопат пра вернікаў?»

Для гэтага неабходна звярнуць увагу на пакору, любоў, рэлігійныя практыкі, сведчанне жыцця і пастырскую актыўнасць.

5.1.    Пакора — гэта разуменне таго, што святар з'яўляецца слугой Хрыста. Гэта праўда пра самога сябе, якая кажа, што без Хрыста нічога не зможам зрабіць (пар. Ян 15, 5). Ва ўсіх нашых справах і служэнні Езус павінен быць на першым месцы. Калі Бог на першым месцы, тады ўсё іншае таксама знаходзіцца на адпаведным месцы. Святар сваёй асобай не можа засланяць і тым больш замяняць Хрыста.

5.2.    Любоў. Жыццё і служэнне святара без любові не мае сэнсу. Каб сапраўды любіць, неабходна самому быць чыстым. Наколькі святар жыве духам цэлібату, настолькі ён моцны Богам. Узорам святарскай духоўнай чысціні з'яўляецца Хрыстус. А святарская чысціня з'яўляецца крыніцай пастырскай любові. Вялікай ласкай і мудрасцю з'яўляецца дабравольнае адмаўленне ад сексуальнай любові на карысць шчодрай пастырскай любові. Толькі тады ўся энергія святара будзе прысвечана Богу і вернікам.

5.3.    Рэлігійныя практыкі. Сілай святарскага сведчання з'яўляецца малітва. Хто паважае і любіць іншага чалавека, той часта з ім размаўляе. Падобна і ў адносінах з Богам: хто верыць, паважае і любіць Бога, той часта размаўляе з Ім на малітве. Святар — гэта чалавек малітвы, аднак вельмі часта яна становіцца руцінай і мы, замест таго, каб быць людзьмі малітвы, становімся малітоўнымі аўтаматамі. Таму мы як настаўнікі малітвы павінны разам з апосталамі прасіць: «Пане, навучы нас маліцца» (Лк 11, 1).

5.4.    Сведчанне жыцця. Святар з'яўляецца сведкам Езуса і Яго Евангелля. Сведка — гэта не толькі той, хто распавядае пра евангельскі ідэал, але перадусім яго ўцелаўляе ў жыццё. Гэтае сведчанне павінна праяўляцца ў нашай малітве, спосабе цэлебрацыі Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтаў, і таксама ў паводзінах сярод людзей.

Вялікім сведчаннем святарскай тоеснасці з'яўляецца цэлебрацыя сакрамэнту пакаяння і любоў да канфесіянала, як з аднаго, так і з іншага боку. Гэта азначае, што святар з'яўляецца і спаведніком і пенітэнтам. Каб з любоўю «прымаць справаздачу» іншых перад Богам, неабходна найперш самому «разлічыцца».

Сведчаннем таксама з'яўляецца святарскае ўбранне. Калі жаўнер мае сваю ўніформу, то чаму святар як жаўнер Хрыста не павінен яе мець?

5.5. Пастырская дзейнасць. Моц душпастырства сыходзіць з духоўнай еднасці з Хрыстом. Калі святар сам жыве Хрыстом, то і людзям дае жывога Бога.

Добры пастыр заўсёды знаходзіць час для сваіх авечак. І скандальна выглядае сітуацыя, калі святар мае час на сяброўскія сустрэчы і розныя, зусім не звязаныя з пастырствам, заняткі, а не мае часу на паслугу ў канфесіянале ці на сустрэчы з вернікамі. Галоўным клопатам святара павінна быць збаўленне людзей.  Ён павінен абвяшчаць Божае слова і вучыць у час і не ў час (пар. 2 Цім 4, 2).

6. Праз пастырскую паслугу святара спаўняецца Евангелле. Гэта нялёгкае заданне, асабліва ў наш час, калі хрысціянства стала рэлігіяй, якая найбольш пераследуецца ў свеце. У такой сітуацыі нас павінны падбадзёрваць словы Хрыста з Яго васьмі благаслаўленняў: «Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць, пераследаваць і ўсяляк зласловіць несправядліва за Мяне. Радуйцеся і весяліцеся,бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах» (Мц 5, 11-12).

Мы павінны быць гатовыя да гэтага, бо свет не будзе шкадаваць для нас сваіх абвінавачванняў і злослаўленняў. У такой сітуацыі неабходна памятаць, што з намі Хрыстус, які нас паклікаў да святарства і які нас умацоўвае ў выкананні нашых абавязкаў.

Даверым сябе і нашае служэнне Яму і дазволім, каб Ён нас вёў. Як калісьці Езус тры разы спытаў Пятра ці той Яго любіць (пар. Ян 21, 15-17), таксама Ён сёння пытаецца і нас, ці мы любім Яго, пытаецца, можа, не тры разы, а трыццаць тры, бо сітуацыя і выклікі змяняюцца кожны дзень. Пётр адказаў «так». Падобна і мы павінны адказаць. А той, хто вызнае любоў да Хрыста, павінен падрыхтавацца да наступстваў свайго выбару. Нездарма Езус кажа: «Калі ты быў маладзейшы, то падпярэзваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарэеш, то выцягнеш рукі свае і іншы падпярэжа цябе і павядзе, куды не хочаш» (Ян 21, 18).

7. Дарагія браты ў святарскім служэнні!

Адзначаючы Дзень святара ў Юбілейным годзе 100-годдзя фацімскіх аб'яўленняў, што далі нашаму народу і Касцёлу ў Беларусі новую надзяю, якая ў наш час ажыццяўляецца, даручым сябе і нашае служэнне Марыі — Маці святароў. Няхай яна выпрасіць у свайго Сына Першасвятара патрэбныя нам для плённага служэння ласкі, каб мы сапраўды былі добрымі пастырамі паводле Сэрца Езуса.

На шлях далейшага святарскага служэння прыміце благаслаўленне ў імя Айца, +і Сына і Духа Святога. Амэн.

Адноўлена 13.04.2017 15:37
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі
13.05 22:50Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы адведзін фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі ў Вілейцы
13.05 13:20Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі ва ўрачыстасць надання касцёлу Маці Божай Фацімскай у Баранавічах тытула санктуарыя
13.05 13:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Жодзіне з нагоды 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
11.05 15:50Гамілія падчас св. Імшы наведвання фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі Cв. Юзафа ў Маладзечне
11.05 11:41Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды 20-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Лагішынскай
07.05 14:12Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на IV Велікодную нядзелю