Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў пятніцу Першага тыдня Вялікага посту

Мінская архікатэдра, 10 сакавіка

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Кожны дзень Вялікага посту як часу ласкі і збаўлення Касцёл прапануе нам спецыяльныя чытанні, якія дапамагаюць зразумець сапраўдны яго сэнс. Вельмі часта пост асацыюецца з абмежаваннем ежы.

Гэта праўда, але далёка не адзіная і не самая важная. Можна не есці мяса, але есці рыбу і казаць, што мы захоўваем пост. Але рыба даражэйшая за мяса. Кажучы пра пост неабходна памятаць пра ўтаймаванне нашага цела, пра тое, што мы павінны звяртаць больш увагі на недасканаласці нашага жыцця з мэтай іх выкаранення. Гэта можа быць алкагалізм, наркотыкі, курэнне, камп’ютарная залежнасць, неўмеркаванае спажыванне салодкага і г.д.

2. Аднак галоўным заданнем Вялікага посту з’яўляецца ацэнка нашага маральнага жыцця і выяўленне духоўнай хваробы з мэтай вылечыцца ад яе. Вялікі пост — гэта не толькі і не столькі абмежаванне ў ежы, колькі выпраўленне нашага духоўнага жыцця, адмаўленне ад таго, што трымае нас далёка ад Бога.

У першым чытанні прарок Эзэхіэль вучыць: той, хто адмовіцца ад граху, будзе шчодра ўзнагароджаны Богам, які будзе радавацца яго навяртанню. Бог не радуецца, калі карае чалавека, Ён радуецца, калі чалавек вяртаецца да Яго. Менавіта Бог заклікае чалавека да навяртання.

У той жа час, лёс дабрадзейнага чалавека, які адварочваецца ад Бога, будзе такім жа, як і грэшніка, які не жадае навяртацца. Тут дарога ў двух напрамках. Аднак, дзякуючы бязмежнай Божай міласэрнасці, самы вялікі грэшнік можа стаць святым — гэта галоўнае, пра што мы ўсе павінны памятаць. Нездарма кажуць, што святыя маюць мінулае, а грэшнікі — будучае.

3. Сённяшняе Евангелле вучыць, што не толькі вялікі грэх небяспечны, але і малы. У гэтым крыецца праблема сучаснага чалавека, які страціў пачуццё граху і кажа: я нікога не забіў, нічога не скраў і таму мне няма з чаго спавядацца.

Гэта не так. Напрыклад, усе мы ведаем, што вада ачышчае. Аднак карабель, які ўвесь час знаходзіцца ў вадзе, час ад часу ставяць у так званы сухі док, каб ачысціць яго ад прыліплых водарасцяў, якія перашкаджаюць нармальнаму яго функцыянаванню. Так і малы грэх таксама адлучае нас ад Бога. Неабходна памятаць і пра тое, што шлях ад малога граху да вялікага — вельмі кароткі.

Калі мы кажам, што нікога не забілі, то трэба яшчэ спытаць саміх сябе: ці мы часам не жадалі камусьці смерці, ці не забілі кагосьці сваім словам? Святы Айцец Францішак вельмі часта нагадвае пра тое, што словам таксама можна забіць. Колькі шкоды робяць плёткі? Ці ўсведамляем мы гэта? Асабліва калі распаўсюджваем няспраўджаныя звесткі ў сацыяльных сетках?

Нездарма нашу эпоху ўжо называюць эпохай пост-праўды. Трэба памятаць, што паўтораная шмат разоў няпраўда, пачынае ўспрымацца як праўда. Прыгадаем савецкія часы, калі прапаганда сцвярджала, што ў Савецкім Саюзе існуе свабода веравызнання. І на Захадзе многія гэтаму верылі, у той час як тут людзі цярпелі ад пераследу веры. 

Мы прыходзім у касцёл на малітву, прыступаем да святой Камуніі, але ці жывём мы ў згодзе са сваімі суседзямі, у сем’ях, на працы і г.д. Езус выразна кажа: калі набліжаешся да алтара, найперш прымірыся са сваім бліжнім, а потым прыходзь.

Ніхто і ніколі адразу не стаў дасканалым. Лацінская прымаўка кажа: Per aspera ad astra — праз церні да славы.

У часе Вялікага посту будзем наследаваць церпячага Хрыста, каб адмовіцца ад дрэнных звычак і залежнасцяў. Няхай гэты час стане часам прымірэння з Богам і бліжнімі, часам, які вядзе да славы ўваскрашэння з магілы граху. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

17.04 09:08Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас рэзурэкцыйнай св. Імшы
16.04 10:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Імшы на радыё ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана
14.04 20:04Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікую пятніцу
14.04 15:31Гамілія Святога Айца Францішка падчас Імшы Хрызма ў Ватыкане
14.04 10:00Слова біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на Вялікі чацвер 2017
13.04 22:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ў Вялікі чацвер падчас св. Імшы Вячэры Пана ў мінскай архікатэдры
13.04 15:35Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да святароў на Вялікі чацвер
12.04 20:14Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў Вялікую сераду ў парафіі Св. Роха ў Мінску
10.04 11:16Казанне Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра ў Пальмовую нядзелю ў Мінску
10.04 10:56Казанне Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас Велікапоснага чування моладзі ў Мінску