Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Імшы ў Дзень кансэкраванага жыцця

 Глыбокапаважаныя законнікі і законніцы, браты і сёстры!

1. Паводле распачатай св. Янам Паўлам II традыцыі, 2 лютага, у свята Ахвяравання Езуса ў Ерузалемскай святыні, Каталіцкі Касцёл адзначае Дзень малітваў у інтэнцыі кансэкраванага жыцця. З пастаральнага пункту гледжання ў гэтым годзе ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ён адзначаецца 1 лютага.

Немагчыма сабе ўявіць развіццё Каталіцкага Касцёла на нашых землях без удзелу ў ім прадстаўнікоў кансэкраванага жыцця. Менавіта манаскія супольнасці былі аднымі з першых, хто распачаў евангелізацыю гэтых земляў.

Жыццё не шкадавала выпрабаванняў як Касцёлу, так і манаскім супольнасцям. Гісторыя кансэкраванага жыцця ў Беларусі пазначана перыядамі як бурнага развіцця, так і прыніжэнняў, і ганенняў, асабліва ў ХХ стагоддзі, калі атэістычны рэжым імкнуўся з коранем вырваць рэлігію з душаў людзей. Дастаткова толькі ўспомніць, што ўсе кляштары былі ліквідаваны, а само манаскае жыццё перайшло ў падполле. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, яно хоць і было моцна аслаблена, аднак захавалася, таму што залежыць не столькі ад выключна чалавечых высілкаў, колькі ад дзеяння Святога Духа.

Свабода веравызнання, атрыманая чвэрць стагоддзя таму, і адраджэнне касцёльных структур сталі пачаткам адраджэння кансэкраванага жыцця ў нашай краіне, дзе сёння дзейнічае па 25 мужчынскіх і жаночых манаскіх кангрэгацый. З кожным годам павялічваецца колькасць святароў законнікаў, што дае манаскім супольнасцям новыя магчымасці для выканання сваёй місіі і далейшага развіцця. З 2014 г. існуе Аб’яднанне вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў у Беларусі. Гэта ўсё нагадвае пра дынамізм развіцця кансэкраванага жыцця ў нашай краіне.

Сёння Мінска-Магілёўскі Касцёл дзякуе вам, дарагія сёстры і айцы, за вашае ахвярнае служэнне, без якога немагчыма было б мець тое, што мы маем. Мы таксама просім у Бога благаслаўлення вам на далейшае служэнне.

2. Евангелле на свята ахвяравання Езуса ў Ерузалемскай святыні вучыць аб тым, што калі жыццё з’яўляецца Божым дарам, то яно, у сваю чаргу, таксама павінна быць ахвяравана на справу служэння Богу. У гэтым духу Марыя з Юзафам прыносяць Немаўлятка Езуса ў Ерузалемскую святыню, дзе іх сустракае старац Сімяон і прарочыца Ганна, якія чакалі прышэсця ў свет Збаўцы. Узрадаваны Сімяон бярэ на свае рукі Езуса і кажа, што Ён будзе святлом на асвячэнне язычнікаў, славай Ізраэля і знакам сапраціўлення.

Адным з найбольш вядомых твораў славутага італьянскага мастака Караваджа з’яўляецца абраз «Вячэра ў Эмаўсе», на якім вельмі выдатна прадстаўлены кантраст паміж святлом і цемрай. Такі кантраст мы заўважаем на старонках Святога Пісання, дзе прысутнасць Бога ўваходзіць у грахоўную цемру і дазваляе больш ясна ўбачыць, куды мы ідзём. Нагадвае нам пра гэта і сцэна ахвяравання Езуса ў Ерузалемскай святыні, калі старац Сімяон назваў Яго святлом на асвятленне язычнікаў і славай Выбранага Народа. Такім святлом і славай нашага народа павінны быць і кансэкраваныя асобы.

Калі на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя пасля доўгага перыяду ганенняў на вуліцах нашых гарадоў і вёсак з’явіліся законныя сёстры і святары, то на іх глядзелі як быццам на нейкае незямное святло. Пра іх гаварылі паўсюль, яны былі знакам новых, прадказаных 100 гадоў таму Марыяй у Фаціме, часоў.

Кансэкраванае жыццё таксама з’яўляецца знакам супрацьстаяння, асабліва ў наш час маральнага рэлятывізму і секулярызму.
Дзякуючы евангельскім парадам чысціні, беднасці і паслухмянасці, мужчыны і жанчыны прысвячаюць сябе выключнаму служэнню Богу і Касцёлу, што супярэчыць агульным тэндэнцыям сучаснага свету. Сёння людзі схільныя бачыць цноты чысціні, беднасці і паслухмянасці як нешта негатыўнае, што робіць жыццё мужчыны і жанчыны няпоўным.

У той самы час евангельскія парады не абкрадаюць чалавека, але робяць яго больш вольным у служэнні Богу і людзям. Евангельскі багаты чалавек не ўмеў адмовіцца ад свайго багацця і адышоў ад Езуса са смуткам. Кансэкраванае жыццё ўкаранёна ў цалкам прысвечанай Богу любові, якая ўключае ў сябе ахвяру, і таму з’яўляецца выклікам для свету.

3. Усе мы добра ведаем адказ прарока Ісаі на пытанне Бога, каго адправіць ад Яго імя: «Вось я, Пане, пашлі мяне». Напэўна, у сучасным свеце яны гучаць як нейкі дысананс. У культуры тых часоў існавала тэндэнцыя глядзець на пажыццёвыя абавязацельствы калі не з негатывам, то прынамсі з падазрэннем. Гэта датычыць як сужэнства, так і святарства, і кансэкраванага жыцця. Тым не менш, хоць жыццё і змяняецца, але абавязкі застаюцца і даюць новую надзею.

Пакліканне — гэта дар Пана, які паглядзеў на нас і паклікаў пайсці за Ім. Але гэта таксама і адказнасць за наша чалавечае, духоўнае, інтэлектуальнае і пастырскае развіццё, што патрабуе жыць паводле логікі Евангелля і не паддавацца ўплывам гэтага свету, як сказаў папа Францішак 28 студзеня гэтага года падчас пленарнага пасяджэння Кангрэгацыі Інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця.

Святы Ян Павел II вучыў, што кансэкраванае жыццё не з'яўляецца чымсьці ізаляваным і маргінальным, а рэальнасцю, якая ўплывае на ўвесь Касцёл і яго місію ў свеце. Касцёл па сваёй прыродзе з’яўляецца місійным і яго заданне —  зрабіць Хрыста прысутным у свеце. У рэалізацыі гэтага плану асаблівая роля належыць кансэкраваным асобам.

4. Завяршыўся Год кансэкраванага жыцця. Завяршыўся таксама і Юбілейны Год Божай Міласэрнасці. Але не перастаюць быць актуальнымі ініцыятывы  Святога Айца Францішка, таксама адносна кансэкраванага жыцця і яго ролі ў духоўным адраджэнні і інтэнсіфікацыі жыцця Касцёла.

Папа заклікае законнікаў і законніц заўсёды імкнуцца да жывога Бога і абуджаць Яго ў сэрцах людзей. Ён заклікае іх праз прызму веры бачыць Бога ў шматвобразнай палітры сучаснага свету і дапамагаць людзям знайсці напрамак і сэнс свайго жыцця. Ён таксама заклікае манаскія супольнасці да сталага чування і распазнавання знакаў прысутнасці Бога ў нашым жыцці з мэтай несці Яго людзям, каб жыць радасцю Евангелля і свяціць яе святлом у цемры сучаснага свету.

На гэтым шляху няхай вам будуць дапамогай пратаганісты свята ахвяравання Пана — старац Сімяон і прарочыца Ганна. Яны да сваёй старасці служылі Богу і верылі ў Яго абяцанне, што сваімі вачыма ўбачаць Збаўцу.

5. Дарагія кансэкраваныя асобы!

У гэтым годзе мы адзначаем Юбілей 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, якія ў цемру ганенняў і пераследу ўнеслі святло надзеі.
Сёння мы ізноў знаходзімся ў духоўным змроку сучаснага свету. У ім пануе матэрыяльны атэізм, які ў цэнтр ставіць не маральныя, а матэрыяльныя каштоўнасці. Ён не ўспрымае няўдачнікаў і спіхвае іх на перыферыю жыцця.

Такі свет чакае надзеі і святла Евангелля. Будзьце ім! Будзьце радасцю і славай нашага народу і дайце яму новую надзею, якая ў Хрысце. Амэн.

Мінская архікатэдра, 1 лютага 2017 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

17.04 09:08Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас рэзурэкцыйнай св. Імшы
16.04 10:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Імшы на радыё ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана
14.04 20:04Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікую пятніцу
14.04 15:31Гамілія Святога Айца Францішка падчас Імшы Хрызма ў Ватыкане
14.04 10:00Слова біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на Вялікі чацвер 2017
13.04 22:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ў Вялікі чацвер падчас св. Імшы Вячэры Пана ў мінскай архікатэдры
13.04 15:35Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да святароў на Вялікі чацвер
12.04 20:14Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў Вялікую сераду ў парафіі Св. Роха ў Мінску
10.04 11:16Казанне Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра ў Пальмовую нядзелю ў Мінску
10.04 10:56Казанне Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас Велікапоснага чування моладзі ў Мінску