Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Казанне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра ва ўрачыстасць св. Яна Боско ў Мінску

28 студзеня, парафія Святога Яна Хрысціцеля (Серабранка)

Паважаныя браты і сёстры,
кожны з нас пакліканы да святасці, да шчаслівага жыцця з Богам. На шляху да неба нам патрэбны арыенціры, якія не дазволяць нам збіцца з дарогі, якія дапамогуць прыйсці да вызначанай мэты. І хоць у кожнага з нас гэты шлях свой асабісты, усё ж у ім можна знайсці шмат агульнага з жыццём іншых людзей, якія ўжо прайшлі гэты шлях. Для мяне такім жыццёвым арыенцірам з’яўляецца святы Ян Боско. Дазвольце мне падзяліцца з вамі некаторымі аспектамі духоўнасці гэтага святога, якія дапамагаюць мне асабіста і, як спадзяюся, могуць быць карыснымі і для вашага духоўнага росту.

Першы аспект, на які я жадаю звярнуць нашую ўвагу — гэта радасць і надзея, якімі падчас зямнога жыцця адзначаўся святы і якіх так часта не хапае ў наш час. Менавіта таму дэвізам майго біскупскага служэння я выбраў выслоўе: «Gaudium et spes» — «Радасць і надзея». Лічу, што гэтыя два словы поўнасцю адлюстроўваюць духоўнасць святога Яна Боско, радаснага святога, святога надзеі. Ксёндз Боско вучыць нас перажываць жыццё як свята і веру як шчасце. Ён вучыў вызваляць энергію дабра, якая ёсць у кожным з нас, нават у самым цяжкім падлетку, накіроўваючы яе на служэнне Богу і бліжнім. Нягледзячы на складаныя ўмовы жыцця, хлопцы з араторыя казалі: «Быць радасным — вось аснова нашай святасці». Свята з’яўляецца добрай магчымасцю для таго, каб навучыцца гэтай радасці. Гэта магчымасць будаваць сяброўскія адносіны, развіваць свае таленты, несці радасць і надзею іншым. Але, каб яно было менавіта такім, неабходна, каб яно мела свае карані ў Богу. Веданне таго, што Бог з намі, напаўняе нас радасцю: мы не самотныя. Нягледзячы на нашы грахі, Ён любіць нас і ратуе нас. Гэта крыніца сапраўднай радасці і надзеі.

Служэнне адзінству Касцёла і любоў да Святога Айца — гэта другі аспект, які захапляе мяне ў жыцці ксяндза Боско. Апостальскі Нунцый, як прадстаўнік Святога Айца, павінен быць чалавекам адзінства, адзінства паміж Касцёлам лакальным і Касцёлам паўсюдным. Сярод кампанентаў духоўнасці Яна Боско знаходзім менавіта такую відавочную любоў да Папы і перакананую адданасць яго навучанню. Асоба Папы для святога з’яўляецца гарантыяй сапраўднасці і аўтэнтычнасці веры, бачным знакам адзінства для ўсяго Касцёла. Ян Боско бачыў у Пантыфіку дзейсную прысутнасць Божага Провіду для служэння, якое Святы Айцец ажыццяўляе, у імя Хрыста Пана на карысць усяго чалавецтва. Таму дастаткова прыгадаць будаўніцтва базылікі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Рыме, калі на просьбу Святога Айца, нягледзячы на свой сталы ўзрост і шматлікія клопаты, ксёндз Боско без развагаў бярэцца за гэтую складаную справу. І як заўсёды, давер Божаму Провіду і любоў да Касцёла не падвялі яго.

Яшчэ адзін аспект жыцця Яна Боско, які робіць яго асабліва блізкім для мяне — гэта яго дыпламатычная дзейнасць. Дзейнасць на розных узроўнях. Гэта дапамога ў перамовах паміж Касцёлам і свецкай уладай у справе прызначэння новых біскупаў, у той самы час, гэта пасрэдніцтва ў падпісанні першых працоўных дамоў паміж працадаўцамі і неадукаванымі маладымі хлопцамі. Некаторыя з вас могуць сказаць: «Добра, Вы, Эксцэленцыя, дыпламат, таму Вам гэта і цікава, а мне гэта навошта?» Кожны з нас павінен быць дыпламатам, калі разумеем, чым з’яўляецца дыпламатыя. Калі жадаеце дасягнуць нейкага станоўчага выніку, неабходна засяродзіць увагу на тым, што нас аб’ядноўвае, а не на тым, што нас падзяляе. Тое, што аб’ядноўвае, дазваляе нам размаўляць, больш за тое, нават супрацоўнічаць, аб’ядноўваць свае намаганні, каб дасягнуць нейкага станоўчага выніку. Таму, чытаючы біяграфію святога Яна Боско, магу з упэўненасцю сказаць, што ён быў дыпламатам ад Бога, і ты, калі сапраўды жадаеш штосьці змяніць у гэтым свеце, можаш і нават павінен яго ў гэтым наследваць.

Святы Ян Боско,
вучы нас быць радаснымі людзьмі, з радасцю выконваць нашыя абавязкі, быць людзьмі, якія ўскладаюць сваю надзею ў Богу, якія заўважаюць Яго любячую прысутнасць у нашым паўсядзённым жыцці;
дапамагай нам будаваць адзінства Касцёла і любіць Святога Айца, нават калі ўсе будуць супраць яго, барані нас ад дэструктыўнай крытыкі, дапамагай памятаць пра яго ў нашых малітвах;
вучы нас быць дыпламатамі ад Бога ў будаванні Божага Валадарства.

Адноўлена 30.01.2017 13:26
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі
13.05 22:50Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы адведзін фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі ў Вілейцы
13.05 13:20Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі ва ўрачыстасць надання касцёлу Маці Божай Фацімскай у Баранавічах тытула санктуарыя
13.05 13:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Жодзіне з нагоды 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
11.05 15:50Гамілія падчас св. Імшы наведвання фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі Cв. Юзафа ў Маладзечне
11.05 11:41Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды 20-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Лагішынскай
07.05 14:12Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на IV Велікодную нядзелю