Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас аплаткавай св. Імшы для дзяцей

Не размінуцца з сэнсам Божага Нараджэння

Глыбокапаважаныя дзеці, дарагія браты і сёстры!

1. Як штогод у перыяд Раства Хрыстовага традыцыйна мы сустракаемся ў гасціннай парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў мінскай Серабранцы на аплатку з дзецьмі. Мы ўсе чакаем святаў Божага Нараджэння і адзначаем іх праз увесь перыяд Раства Хрыстовага. Аднак дзеці, відаць, больш чым хтосьці іншы, любяць гэтыя святы.

Евангелле распавядае як Марыя ў Бэтлеемскай стайні нарадзіла Езуса, спавіла Яго ў пялюшкі і паклала ў простыя яслі, з якіх карміліся хатнія жывёлы. Такім чынам нябачны Бог стаў бачным у гэтым малым бездапаможным дзіцяці. Вядома, што дзеці любяць дзяцей. Нават не будучы знаёмымі, яны хутка знаходзяць агульную мову і становяцца сябрамі. Таму дзеці вельмі ахвотна ідуць да ясляў, каб радавацца ўсяму таму, што яны там бачаць.

2. Вельмі часта мы больш увагі звяртаем на знешні аспект святаў, а не на духоўны. Што нам найбольш падабаецца ў святкаванні Божага Нараджэння? Ёлка з мігаючымі агеньчыкамі і іншымі ўпрыгажэннямі? Прыгожы спеў калядак? Цукеркі, якія часам вісяць на ёлцы і якія дзеці часта з’ядаюць і потым вешаюць на ёй пустыя абгорткі? А, можа, вельмі пахучыя прысмакі? Для некаторых свята Божага Нараджэння асацыюецца з наведваннем гасцей і сяброў. Для многіх людзей, а асабліва дзяцей, святы Божага Нараджэння — гэта падарункі, якія мы атрымліваем ці дорым іншым, але перадусім тыя, якія атрымліваем.

Але ці не забываем мы такім чынам пра штосьці? Ці не забываемся пра народжанага Езуса? На жаль, захапляючыся падарункамі і прыгажосцю ёлкі, мы размінаемся з самым важным, а менавіта з прышэсцем у свет Божага Сына. А значыць, што размінаемся з сэнсам Божага Нараджэння.

3. Тут дарэчы будзе ўспомніць гісторыю пра аднаго хлопчыка, які вельмі хацеў пайсці ў цырк. Аднойчы ён шпацыраў па вуліцы горада і нечакана ўбачыў абвестку, што ў горад прыехаў цырк. Білет дзецям каштуе 1 рубель. Хлопчык хуценька пабег дамоў і папрасіў у таты 1 рубель, каб у наступную суботу схадзіць у цырк. Тата яму сказаў, што калі ён будзе добра сябе весці і выканае сумленна ўсе свае заданні, то зможа схадзіць у цырк.

Прыйшла субота. Тата быў задаволены паводзінамі свайго сына і даў яму 1 рубель. Хлопчык хуценька пабег у горад, перапоўнены хваляваннем пра тое, як ён будзе назіраць за прыручанымі дзікімі жывёламі, дзівіцца выступленнямі цыркавых майстроў і іншымі прадстаўленнямі, якія будуць праходзіць у цырку. Прыбыўшы ў пазначаны раён горада вельмі рана, ён быў у першых шэрагах і меў выдатную магчымасць назіраць, як цырк праходзіць па галоўнай вуліцы горада. Хлопчык быў у захапленні, калі жывёлы і цыркавыя артысты маршыравалі побач.

У канцы калоны прайшлі клоўны, за якімі ішоў дырэктар цырка. Калі ён праходзіў побач, хлопчык выбег на вуліцу, працягнуў яму аднарублёвую купюру і сказаў: «Якое прыгожае прадстаўленне» і пайшоў дамоў. Хлопчык так ніколі і не даведаўся, што гэта не было выступленне цырку, а толькі парад.

4. Калі і мы не будзем асцярожнымі, то можам паўтарыць тую ж самую памылку, якую зрабіў хлопчык. Божае Нараджэнне — гэта не маскарад, а прышэсце Збаўцы ў свет. Мы можам захапляцца прыгажосцю ёлкі, дэкарацыямі і падарункамі, але ў той жа час размінуцца з рэальным значэннем Божага Нараджэння — прышэсцем у свет Збаўцы Езуса Хрыста.

Дарагія дзеці! Радуючыся святам Божага Нараджэння, папросім у Маленькага Езуса ласкі, каб нас цешыла не толькі знешняе святкаванне, прыгажосць ясляў, фігур Езуса, Марыі, Юзафа, анёлаў, пастушкоў, трох каралёў і свойскіх жывёл, але радаваліся і таму, што сам Бог прыйшоў да нас, каб быць з намі і дапамагаць нам жыць гэтай праўдай праз малітву, добрыя ўчынкі і любоў да бліжняга. Амэн.

Мінск, Серабранка, 7 студзеня 2017 г.

Адноўлена 07.01.2017 15:29
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

27.02 10:43Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікі пост 2017
26.02 13:41Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VIII Звычайную нядзелю, Год А
20.02 08:58Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VII Звычайную нядзелю, Год А
12.02 13:50Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VI Звычайную нядзелю, Год А
01.02 13:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Імшы ў Дзень кансэкраванага жыцця
30.01 12:42Казанне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра ва ўрачыстасць св. Яна Боско ў Мінску
29.01 21:11Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ў мінскай парафіі ў Сухараве 29 студзеня
19.01 11:39Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў межах пастырскай сустрэчы ў Мінску
08.01 16:05Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас аплаткавай св. Імшы для дзяцей
08.01 12:39Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Хрост Пана падчас аплаткавай св. Імшы для чыгуначнікаў