Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў мінскай архікатэдры 3 студзеня

Убачылі ўсе збаўленне Бога нашага

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

 

Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальму сённяшняй св. Імшы вельмі добра перадае атмасферу перыяду Раства Хрыстовага, калі мы разважаем пра праўду нашай веры аб Богаўцелаўленні. Сапраўды ў Езусе, Імя Якога сёння ўспамінае Каталіцкі Касцёл, людзі ўбачылі збаўленне, якім Бог нас абдараваў.

1. На авансцэне сённяшніх імшальных чытанняў знаходзяцца два Яны — св. Ян Хрысціцель і св. Ян апостал.

У сённяшнім Евангеллі св. Ян Хрысціцель прадстаўляе сваім двум вучням Езуса. Гэта быў кульмінацыйны момант яго місіі. Ён быў пакліканы Богам падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Пану, што і ўчыніў. Але акрамя гэтага, ён яшчэ паказаў Езуса людзям над берагамі Ярдана, дзе ўдзяляў хрост, і  таксама паказаў Яго сваіх двум вучням, пра што нагадвае сённяшняе Евангелле. Яно таксама прадстаўляе св. Яна Хрысціцеля як вельмі пакорнага, які не шукаў сваёй славы, але славы Збаўцы.

2. Вельмі прыгожа на гэту тэму разважае св. Аўгусцін. Ён звяртае сваю ўвагу на кантраст паміж Езусам і Янам. Аўгусцін падкрэслівае пакорлівасць Яна, які называў сябе голасам таго, хто клікаў у пустыні. Менавіта таму ён кажа, што св. Ян Хрысціцель — гэта голас, а Езус — гэта Слова, якое было ад пачатку. Ян — гэта голас, які быў чутны толькі праз нейкі час, а Хрыстус — гэта Слова, якое жыве вечна.

Калі адымем слова, то чым будзе голас? Голас без слова трапляе да вуха, але не будуе сэрца. Голас служыць для пераказу слова і яго значэння, пасля чаго знікае. Калі слова дасягае нас, то ці не здаецца нам, што голас кажа: «Я павінен памяншацца, а слова ўзрастаць?» Менавіта такім і быў св. Ян Хрысціцель, які казаў пра сябе, што яму трэба памяншацца, а Езусу ўзрастаць.

3. Вядома, што голас і слова цесна звязаны паміж сабой. Менавіта таму многія людзі ўспрымалі св. Яна Хрысцыіцеля як Збаўцу, якога чакалі. Але Ян выразна сказаў, што пасля яго ідзе мацнейшы, якому ён не годны нават развязаць шнуркі на яго абутку. У сваёй пакорлівасці Ян разумеў, што быў толькі голасам, які сведчыць пра Хрыста, або лямпай, якая сведчыць пра вечнае святло, якім ёсць Хрыстус. Ён добра разумеў, што яго голасу ніхто не будзе слухаць, калі гэта будзе голас ганарлівага чалавека. Ён таксама разумеў, што лямпу, якой ён з’яўляўся, можа загасіць вецер ганарлівасці і таму заставаўся пакорным.

Святы Ян Хрысціцель таксама адрозніваўся высакароднасцю духа. Будучы вельмі харызматычным чалавекам, ён, як магніт, прыцягаў людзей да сябе. У выніку чаго, за ім ішлі не толькі масы людзей, у яго таксама былі свае вучні. Тым не менш, у сённяшнім Евангеллі мы бачым, як ён пасылае дваіх з іх ад сябе да таго, каго называе Баранкам Божым. Дзякуючы гэтаму з Янавых вучняў яны сталі Езусавымі.
Адгукнуўшыся на запрашэнне Яна ісці насустрач Езусу, яны потым пазітыўна адказваюць на запрашэнне Езуса прыйсці і паглядзець, дзе Ён жыве, каб застацца з Ім. Святы Ян Хрысціцель не належаў да групы вучняў Хрыста, але заклікаў сваіх вучняў ісці да таго, Які мог ім даць больш чым ён сам. У гэтым заключаецца яго веліч, бо ён разумеў, што сапраўдным настаўнікам з’яўляецца Хрыстус.

Дзеянне св. Яна Хрысціцеля адносна сваіх вучняў з’яўляецца прыкладам дасканалай любові да іх. Ён не зайздросціць ім, бо ведае, што калі яны пойдуць да Езуса, то Ён узбагаціць іх сваёй ласкай, чаго Ян не мог ім даць.

Самы дасканалы акт любові да іншага чалавека праяўляецца толькі ў дапамозе яму прыйсці да Бога. Менавіта гэта і ўчыніў св. Ян Хрысціцель, які даў сваім вучням магчымасць пайсці да Езуса.

Усе мы праз сакрамэнт хросту былі інкарпараваны ў Хрыста. Але ці заўсёды застаёмся вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню, якое заключаецца не толькі ў захаванні Божага права, але таксама і ў дапамозе іншым пазнаць Хрыста? Для гэтага неабходна кожны дзень прыкладам свайго жыцця пацвярджаць наша пакліканне і даваць асабісты адказ на заклік Хрыста прыйсці да Яго, каб заставацца з Ім і па прыкладзе св. Яна Хрысціцеля паказваць Яго іншым.

Сённяшняе першае чытанне, узятае з Першага паслання св. Яна апостала, паказвае Хрыста як справядлівага, свабоднага ад граху, падданага Божай волі, які з’яўляецца прыкладам для наследавання. Таму вернік, які жыве справядліва і з’яўляецца Божым дзіцём, не павінен грашыць. Быццё дзіцём Божым — гэта быццё новым стварэннем, пакліканым да ідэнтыфікацыі з Хрыстом.

Свет, які не прымае Бога, паддаецца ўплывам злога духа. У той сам час, хто прымае Бога, чэрпае з яго моц супрацьстаяць злу з мэтай яго перамагчы.  Таму мы, як хрысціяне, не маем права ігнараваць Бога. Мы ведаем, што з’яўляемся схільнымі да зла і грэшнымі.

Бязмежная любоў Бога не звальняе нас ад небяспекі граху. Чалавек змушаны да выбару паміж дабром і злом. Бог не можа нас збавіць без нас, кажа св. Аўгусцін. І толькі Езус падтрымлівае нас і ачышчае нашы душы ад граху. Яго сёння праз прызму стагоддзяў паказвае нам св. Ян Хрысціцель. Пойдзем Яму насустрач, а Ён адорыць нас збаўчай ласкай, каб і мы ўбачылі збаўленне Бога і ім жылі. Амэн.

Мінская катэдра, 3 студзеня 2017

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

19.01 11:39Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў межах пастырскай сустрэчы ў Мінску
08.01 16:05Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас аплаткавай св. Імшы для дзяцей
08.01 12:39Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Хрост Пана падчас аплаткавай св. Імшы для чыгуначнікаў
07.01 12:14Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас аплаткавай св. Імшы для дзяцей
06.01 19:58Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана
03.01 19:24Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў мінскай архікатэдры 3 студзеня
01.01 03:08Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча пачас св. Імшы ў вігілію Новага 2017 года
30.12 21:28Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы для сем’яў ва ўрачыстасць Святой Сям’і
27.12 17:35Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на свята св. Яна, евангеліста
26.12 19:15Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на свята св. Стэфана, дыякана і мучаніка