Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на свята св. Яна, евангеліста

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Найперш дазвольце павіншаваць вас са святам Божага Нараджэння і з парафіяльным святам св. Яна, евангеліста. Дзякуючы таямніцы Богаўцелаўлення Бог прыйшоў у наш свет з чалавечым сэрцам і абличчам, стаў нам блізкім і Богам з намі — Эмануэлем.
Святы Божага Нараджэння і св. Яна Евангеліста цесна звязаны паміж сабой. Пра гэта нагадвае не толькі тое, што ў літургічным каляндары іх толькі два дні, але таксама і падзеі гісторыі збаўлення.

Пачатак Евангелля паводле св. Яна акурат і распавядае аб нараджэнні Езуса ў вельмі кароткіх і адначасова значных словах: «Слова сталася цела і пасялілася між намі». Гэтае апісанне з’яўляецца найбольш тэалагічным з усіх іншых апісанняў Нараджэння Збаўцы. Яно прадстаўляе сутнасць праўды пра Уцелаўленне другой асобы Найсвяцейшай Тройцы — Божага Сына. Дзякуючы чаму Бог у чалавечым целе мог прыйсці на нашу зямлю, каб яна стала месцам Яго жыхарства.

2. У Евангеллях святы Ян прадстаўляецца як вучань, якога Езус любіў наймацней. І Ян аказаўся годным гэтай любові, бо толькі ён з усіх апосталаў прыйшоў пад крыж, на якім Езус паміраў за грахі свету. Ян быў таксама першым, хто на вестку Магдалены, што Хрыстус уваскрос, прыбег да пустой магілы Езуса, аб чым нагадвае сённяшняе Евангелле. Ён распазнаў уваскрослага Езуса на беразе возера і паказаў Яго Пятру пасля цудоўнага ўлову рыбы.  

Яго верная любоў да Езуса дазволіла яму распазнаць сапраўднае значэнне пустой магілы перш чым гэта зрабілі іншыя. Ніхто іншы, але толькі ён з гэтай нагоды «ўбачыў і паверыў», паверыў у цуд уваскрасення, які з’яўляецца падмуркам нашай веры. Праз сваю веру св. Ян, евангеліст, стаў тым, хто падбадзёрыў іншых паверыць ва ўваскрасенне Езуса і палюбіць таго, хто за нас аддаў сваё жыццё.

Ведаем, што перад самым Божым Нараджэннем у Берліне здарылася вялікая трагедыя, калі тэрарыст накіраваў аўтамабіль у святочны кірмаш. У выніку загінула шмат людзей, многія былі паранены. Гэта быў польскі аўтамабіль і яго вадзіцель да канца змагаўся з тэрарыстам, каб не дайшло да катастрофы, пакуль сам не загінуў. Сёння гэтага загінутага польскага вадзіцеля заслужана называюць героем, бо, каб не яго супраціў, загінула б значна больш людзей. А так коштам свайго жыцця ён уратаваў многіх.

Езус коштам свайго жыцця збавіў усё чалавецтва, а евангеліст Ян з’яўляецца тым, хто абвяшчае гэтую праўду.

3. Насамрэч Езус любіў усіх апосталаў аднолькава. Яны прадстаўлялі сабой адну групу, і Ён казаў ім: як Айцец палюбіў Яго, таксама і Ён любіць іх.

Падобна і мы, як хрысціяне, з’яўляемся ўмілаванымі вучнямі Хрыста і пакліканы падобнай любоўю і вернасцю нашаму хрысціянскаму пакліканню адказаць на яе. Не дастаткова чыніць тое, што мы павінны чыніць толькі таму, што наказана. Трымацца літары закону — гэта шлях закону Майсея. Як вучні Хрыста мы пакліканы да больш персанальнага спосабу следавання за Хрыстом, да развіцця адносін любові з Ім, наследуючы Яго прыклад і вучэнне. Гэтага можна дасягнуць праз трыванне ў малітве і ўдзел у сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі.

Езус хоча мець доступ да нашых сэрцаў і заклікае да развіцця духоўнага жыцця ў нас. Для многіх з нас Бог застаецца ўтоеным і недасяжным. Але Езус прыйшоў да нас, працягвае прыходзіць кожны дзень і чакае нашага адказу. Мы, падобна як святы евангеліст Ян, пакліканы адказаць Яму і развіваць адносіны з Ім. Калі мы навернемся да Бога ў сваім сэрцы, то Езус будзе ў нас, і мы зможам несці Яго іншым людзям і распазнаваць у іх Хрыста. Такім чынам мы зможам будаваць адзінства вернікаў, каб быць сапраўднымі вучнямі Хрыста, якім быў наш апякун.

4. Традыцыйна ў дзень св. Яна, евангеліста, Касцёл благаслаўляе віно. Гісторыя нагадвае пра тое, што святы евангеліст Ян выпіў атручанае віно, і яно яму не зашкодзіла.

Дзякуй Богу, у наш час Касцёл мае значна больш магчымасцяў для сваёй дзейнасці і развіцця, хоць праблем хапае. Адной з найбольш небяспечных з’яўляецца яд секулярызму, адыходу ад Бога, дэвальвацыі хрысціянскіх каштоўнасцяў і г.д.

Мінулі святы Божага Нараджэння. Падрыхтоўка да іх у Касцёле і само святкаванне насілі найперш духоўны характар. Аднак у той жа час яны мелі і ярка выражаны камерцыйна-забаўляльны характар. Паўсюль адчувалася дамінаванне перадсвяточнага шопінгу. На святочныя дні рэстараны і розныя забаўляльныя ўстановы прапаноўвалі калядныя вечарыны, якія не маюць нічога супольнага з духам свята Божага Нараджэння. Часта там больш валодаў грэх, чым Божая ласка. Забаўляльна-гандлёвыя цэнтры выкарыстоўваюць свята Божага Нараджэння для сваіх мэтаў, каб толькі атрымаць матэрыяльную выгаду, і няма там ніякага духоўнага зместу.

Гэта яўны знак таго, што секулярная мода і заходні стыль святкавання гэтага, так важнага для хрысціянства свята, насамрэч і ў нашай краіне з глыбокімі хрысціянскімі каранямі становіцца так званым зімовым святам. Дзякуючы моцнай веры нашых продкаў, гэтыя карані не здолеў выкарчаваць нават атэістычны рэжым. А як будзе цяпер? Ці мы здольныя выстаяць перад націскам секулярызму, перад духоўным ядам, якім пояць нас сучасныя СМІ, культура, гандаль і г.д.? Ад гэтага будзе залежаць наша будучыня.

5. Святы Яне, евангеліст, ты не здрадзіў Хрысту, не адмовіўся ад Яго нават у самыя крытычныя хвіліны. Ласкава ўзглянь на нас, сабраных у гэты благаслаўлёны час Божага Нараджэння, і выпрасі ў Немаўлятка Езуса патрэбныя нам ласкі для нейтралізацыі духоўнага яду сучаснай культуры, каб мы заўсёды заставаліся вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню і традыцыі нашых продкаў. Амэн.

27 снежня 2016 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

08.01 16:05Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас аплаткавай св. Імшы для дзяцей
08.01 12:39Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Хрост Пана падчас аплаткавай св. Імшы для чыгуначнікаў
07.01 12:14Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас аплаткавай св. Імшы для дзяцей
06.01 19:58Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана
03.01 19:24Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў мінскай архікатэдры 3 студзеня
01.01 03:08Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча пачас св. Імшы ў вігілію Новага 2017 года
30.12 21:28Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы для сем’яў ва ўрачыстасць Святой Сям’і
27.12 17:35Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на свята св. Яна, евангеліста
26.12 19:15Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на свята св. Стэфана, дыякана і мучаніка
25.12 08:40Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас радыё-Імшы ва ўрачыстасць Божага Нараджэння