Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на свята св. Стэфана, дыякана і мучаніка

Мінская архікатэдра, 26 снежня

«У рукі твае, Пане, аддаю я дух мой».

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма сённяшняй св. Імшы ў гонар св. Стэфана вельмі добра характарызуе яго асобу.

Учора Касцёл адзначаў урачыстасць нараджэння для зямлі Божага Сына, сёння адзначае нараджэнне для неба Яго вернага слугі св. дыякана Стэфана. Учора колер літургічнага адзення быў белы, сёння — чырвоны, які сімвалізуе цярпенні і кроў. Чаму так ёсць? Чаму радасць прышэсця Збаўцы ў свет змяняецца на разважанні пра цярпенне?

Адказ просты. Хрысціянства патрабавальнае: гэта не толькі радасць, але і цярпенні, якія, аднак, вядуць да вечнай радасці. Хрыстус сказаў: калі Яго пераследуюць, то і вызнаўцаў Ягоных таксама будуць пераследаваць. Уся гісторыя хрысціянства пацвярджае гэта. І наша краіна яшчэ добра памятае эпоху жорсткага пераследу веры ў часы ваюючага атэізму.

2. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае свята першамучаніка св. Стэфана, дыякана. З Дзеяў Апосталаў вядома, што Апосталы выбралі сем мужчын, якія адзначаліся маральнымі цнотамі, і праз малітву і ўскладанне рук пасвяцілі іх у дыяканы. Галоўным іх заданнем было чыніць справы міласэрнасці і абвяшчаць Божае слова з мэтай распаўсюджвання хрысціянскай веры.

У выкананні гэтага задання св. Стэфан займаў асаблівую пазіцыю. Яго сведчанне і сіла абвяшчэння Божага слова былі такімі моцнымі, што ніхто не мог супрацьстаяць яму. Усё гэта стала прычынай таго, што ён быў укаменаваны, пра што нагадвае сённяшняе першае чытанне.

Пратаганістамі сцэны забойства св. Стэфана з’яўляюцца яго духоўныя супернікі, якія палалі на яго гневам і скрыгаталі ад злосці зубамі. Яны вывелі яго за горад і ўкаменавалі.

Яшчэ адным пратаганістам з’яўляецца сам Стэфан, які бачыў адкрытае неба і прасіў Езуса прыняць яго дух і не лічыць граху тым, хто яго камянуе.

Трэцім пратаганістам з’яўляецца юнак Саўл, які пільнаваў адзенне тых, хто каменаваў Стэфана.

3. Кожны з іх запісаўся ў гісторыю. Супернікі Стэфана засталіся ў ёй як тыя, хто ўзненавідзеў Хрыста. Стэфан — як той, хто па прыкладу Езуса, да канца даверыўся Богу і прасіў Яго аб дараванні грахоў злачынцам. І нарэшце, Саўл, вядомы сваім жорсткім пераследам хрысціянаў, які потым стаў апосталам Хрыста, самым вялікім місіянерам. Напэўна, прыклад мучаніцтва св. дыякана Стэфана моцна паўплываў на рашэнне Саўла пераўтварыцца з ворага Хрыста ў Яго мужнага паслядоўніка і апостала.  

4. Чаму нас, людзей ужо XXI стагоддзя, вучыць сённяшняе свята, якое мы адзначаем на наступны дзень пасля ўрачыстасці Нараджэння Збаўцы? Можна нават паставіць пытанне: што яднае Бэтлеем і Кальварыю? Што яднае месца нараджэння Езуса і месца яго крыжовай смерці? Святы Стэфан, па прыкладу Хрыста, прайшоў сваю Галгофу.

Мэта ўцелаўлення Сына Божага — выбавіць чалавека ад духоўнай смерці, што Езус учыніў дзякуючы пасхальнай таямніцы сваёй смерці і ўваскрасення. Шлях да Яго нябеснай хвалы як Богачалавека вядзе праз цярпенні крыжа. Калі мы жадаем дасягнуць Божага Валадарства, то павінны ўзяць крыж нашага жыцця і ісці за Хрыстом так, як гэта ўчыніў святы Стэфан.

Езус не ўтойваў ад сваіх вучняў, што іх чакае, калі яны будуць ісці за Ім. Гэта зусім не тое, што прапануе свет. Гэта не свецкая слава, якая нясе тое, што маюць славутыя людзі. Наадварот, гэта цярпенні, якія, аднак, вядуць, да вечнай славы.

Падчас Другой Сусветнай вайны пасля паражэння войск саюзнікаў у 1940 г. у Францыі Чэрчыль сказаў, што яго айчыну Англію чакае кроў, цяжкая праца, пот і слёзы. Напэўна, англічане не былі задаволены такой перспектывай, але яна прывяла да канчатковай перамогі.

5. Мы таксама не вельмі ахвотна ўспрымаем заклік Хрыста несці крыж нашага штодзённага жыцця. Але трэба памятаць пра тое, што калі мы будзем несці яго разам з Хрыстом, то ён стане для нас крыжом збаўлення, падобна як стаў для святога Стэфана. Імя Стэфан азначае дыядэму, вянок, карону, якую ён сапраўды атрымаў у Божым Валадарстве.

Пане Езу, Тваё прыйсце ў гэты свет у чалавечым целе з мэтай збавіць нас ад грахоўнага рабства, нясе нам радасць і надзею нават сярод цяжкасцяў і жыццёвых выпрабаванняў, як сказаў папа Францішак падчас сёлетніх святаў Божага Нараджэння. Дапамажы нам, па прыкладу св. Стэфана, дыякана і мучаніка, несці наш штодзённы крыж, умацуй нашу веру, надзею і любоў, дай мужнасць не пахіснуцца, а спаўняць тваю волю. Амэн.

Адноўлена 26.12.2016 16:38
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

10.03 19:11Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў пятніцу Першага тыдня Вялікага посту
01.03 19:30Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Папяльцовую сераду
28.02 16:29Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас пастырскай сустрэчы ў Мінску
27.02 10:43Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікі пост 2017
26.02 13:41Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VIII Звычайную нядзелю, Год А
20.02 08:58Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VII Звычайную нядзелю, Год А
12.02 13:50Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VI Звычайную нядзелю, Год А
01.02 13:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Імшы ў Дзень кансэкраванага жыцця
30.01 12:42Казанне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра ва ўрачыстасць св. Яна Боско ў Мінску
29.01 21:11Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ў мінскай парафіі ў Сухараве 29 студзеня