Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас пастырскай сустрэчы святароў у Мінску

Мінская архікатэдра, 21 снежня

Дарагія святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Праз чатыры дні ўрачыстасць Божага Нараджэння, калі мы ізноў будзем услухоўвацца ў голас анёла, які абвясціў бэтлеемскім пастушкам радасную вестку пра нараджэнне доўгачаканага Збаўцы. Сёння мы можам толькі ўявіць сабе, як гэты анёл спяшаўся, каб не спазніцца ў Бэтлеем і абвясціць спаўненне прароцтва аб нараджэнні нашчадка караля Давіда.

Доўгачаканы Месія прынёс у наш свет святло Божага права любові, святло прабачэння і ласкі. Папа Бэнэдыкт XVI вучыць, што ў літургіі Касцёла, у яго малітве і ў супольнасці вернікаў мы зведваем бязмежную любоў Бога, адчуваем яго прысутнасць і вучымся распазнаваць Яго ў нашай штодзённасці.

З прысутнасці Бога ў нашым жыцці нараджаецца любоў да іншых людзей, бо калі мы любім Бога, то павінны любіць і бліжняга, які, таксама як і кожны з нас, створаны на вобраз і падабенства Божае.

2. У Адвэнце мы разважаем пра падрыхтоўку дарогі прыходзячаму Збаўцу ў вобразе чалавека і пра тую любоў, якая прывяла Бога на зямлю. Бо Бог так палюбіў чалавека, што паслаў свайго адзінароднага Сына, каб Ён збавіў яго і пры тым збавіў смерцю крыжовай.

Таму таямніца Богаўцелаўлення — гэта таямніца цуду Божай любові, на якую вернікі павінны адказаць падобнай любоўю. Але найперш гэта павінны ўчыніць святары і кансэкраваныя асобы. Мы павінны быць тымі, хто, зведаўшы любоў Бога, будзе сведчыць пра яе людзям і вучыць іх так любіць.

Каб так сталася, мы самі павінны быць у сталым кантакце з Богам. Калі гэтага не будзе, то і ў іншым чалавеку мы не распазнаем Божага вобразу. Калі мы, як духоўныя асобы, не звяртаем належнай увагі на другога чалавека, а з’яўляемся толькі аўтаматам да выконвання сакральных паслуг, то нават не гледзячы на тое, што самі молімся і выконваем свае абавязкі, нашы адносіны з Богам будуць халоднымі. Толькі служэнне бліжняму адкрывае нашы вочы на Божую любоў адносна нас.

3. Трагедыя святарскага служэння, калі нясуць яго толькі фармальна. Людзі гэта вельмі хутка заўважаюць. У гэтым крыецца адказ на пытанне, чаму да аднаго святара людзі хіляцца, а іншага пазбягаюць. Мы ўзяты з людзей і для служэння людзям пастаўлены. Святы Айцец Францішак вельмі трапна кажа аб тым, што святары павінны ведаць «пах» сваіх вернікаў, каб ім верна служыць. А як будуць ведаць, калі бракуе часу і сэрца для іх?

Уцелаўленне Божага Сына з’яўляецца добрым прыкладам для наследавання. Бог не пагардзіў стаць чалавекам. Ён не пагардзіў нарадзіцца не ў клініцы, а ў простай бэтлеемскай стайні, дзе побач былі не ўрачы і мядсёстры, а жывёлы. Ён не пагарджаў сустракацца з грэшнікамі і людзьмі, якія знаходзіліся на перыферыі жыцця. Ён прайшоў праз жыццё, чынячы людзям дабро.

4. Разважаючы над таямніцай прышэсця Божага Сына ў наш свет, які ва ўсім, акрамя граху, стаў падобным да чалавека, мы павінны спытаць сябе: а як ёсць з намі? Ці адкрытыя мы на іншых людзей? Ці сапраўды любім іх? Ці спяшаемся да іх з дапамогай?

У перыяд Нараджэння Хрыстовага мы традыцыйна калядуем, гэта значыць наведваем сем’і. Гэтая вельмі важная душпастырская практыка павінна падтрымлівацца і развівацца, бо толькі ў блізкім кантакце з людзьмі мы зможам лепш іх пазнаць, толькі тады мы будзем ведаць іх «пах», праблемы і жыццёвую сітуацыю, каб дапамагчы ім ісці шляхам збаўлення.

Гэта і будзе знакам праяўлення любові да бліжняга, да якой заклікаюць сённяшнія чытанні. Знак любові па прыкладу Хрыста.

Аднойчы святар падчас калядных наведванняў быў здзіўлены тым, што на сцяне памяшкання не было крыжа. Гаспадары, каб выправіць нязручную сітуацыю, сказалі, што крыж ёсць, але ён вісіць за дзвярыма. На што святар адказаў: крыж павінен быць не за дзвярыма, а ў сэрцы.

Няхай жа апошнія дні падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння стануць часам адкрыцця дзвярэй нашых сэрцаў на прыходзячага Збаўцу. А самі святы Нараджэння Хрыстовага, якія чакаюць нас наперадзе, не будуць толькі звычайнай і сухой літургічнай цэлебрацыяй, а стануць яшчэ адным крокам нашага духоўнага ўдасканальвання, асабліва ў ажыццяўленні закону любові да Бога і бліжняга. Амэн.

Адноўлена 21.12.2016 15:06
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

19.01 11:39Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў межах пастырскай сустрэчы ў Мінску
08.01 16:05Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас аплаткавай св. Імшы для дзяцей
08.01 12:39Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Хрост Пана падчас аплаткавай св. Імшы для чыгуначнікаў
07.01 12:14Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас аплаткавай св. Імшы для дзяцей
06.01 19:58Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана
03.01 19:24Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў мінскай архікатэдры 3 студзеня
01.01 03:08Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча пачас св. Імшы ў вігілію Новага 2017 года
30.12 21:28Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы для сем’яў ва ўрачыстасць Святой Сям’і
27.12 17:35Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на свята св. Яна, евангеліста
26.12 19:15Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на свята св. Стэфана, дыякана і мучаніка