Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас душпастырскай сустрэчы ў Пінску

Ваша Эксцэленцыя, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, семінарысты, браты і сёстры!

1. З кожным днём мы набліжаемся да радаснага і збаўчага свята Божага Нараджэння, калі ізноў будзем адзначаць таямніцу Богаўцелаўлення. Сакрыты і далёкі, караючы Бог з’явіўся сярод нас з чалавечым сэрцам і тварам, каб назаўсёды быць з намі. Ужо толькі некалькі дзён аддзяляе ад гэтага, найбольш папулярнага свята.

Чытанні, якія Касцёл прадстаўляе нашай увазе падчас Адвэнту і асабліва ў яго апошнія дні, дапамагаюць нам духоўна падрыхтавацца да гэтай падзеі, як з гістарычнага, так і духоўнага пункту гледжання.

2. Учарашняе чытанне на чацвёртую нядзелю Адвэнта распавядае пра пасвячэнне св. Юзафа ў таямніцу Богаўцелаўлення. Юзаф стаў другой пасля Марыі асобай, якой Бог праз свайго анёла аб’явіў аб хуткім прышэсці на свет Збаўцы, Які народзіцца з яго абранніцы Марыі.

Як вядома, св. Юзаф быў заручаны з Марыяй. Яны яшчэ не жылі разам, калі ён заўважыў, што яна цяжарная. Можна зразумець пачуцці «мужа справядлівага», як св. Юзафа называе Евангелле, у той час. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, чаму ён хацеў патаемна пакінуць Марыю. Аднак Божы пасланнік — анёл — перашкодзіў у ажыццяўленні гэтага намеру. Такім чынам Юзаф стаў апекуном і легальным бацькам Збаўцы.      

Гэта гісторыя ў пэўным сэнсе падобна да гісторыі Звеставання. Марыя таксама не ведала, як прыняць праўду аб тым, што Бог выбраў яе, незамужнюю жанчыну, быць Маці Збаўцы. Падобна яна і да сённяшняга евангельскага аповеду аб абвяшчэнні Захарыі радаснай весткі, што ў яго сям’і народзіцца сын, які стане самым вялікім з народжаных на зямлі і будзе тым, каму Бог даверыць заданне падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцу. Розніца толькі ў тым, што Марыя і Юзаф прынялі Божую волю, а Захарыя засумняваўся.


3. Адна легенда распавядае пра тое, што першыя місіянеры ў Мексіцы ўвялі звычай несці кветкі да ясляў Езуса. Аднойчы дарога, якая вяла да ясляў, была запоўнена вялікай колькасцю людзей — мужчынамі, жанчынамі і дзецьмі, якія неслі прыгожыя кветкі Немаўляці Езусу як знак любові да Яго. На абочыне дарогі стаяла малая дзяўчынка і плакала. Місіянер спытаў яе, чаму яна плача. Дзяўчынка адказала, што не мае грошай купіць кветкі Езусу.

Святар сказаў ёй выцерці слёзы, узяць пустазелле, якое расло побач з дарогай, і занесці Езусу. Але ж гэта не кветкі, — адказала дзяўчынка. «Бяры і нясі, бо паслухмянасць з’яўляецца вельмі важнай цнотай», — сказаў святар.

Як кажа легенда, калі дзяўчынка нарвала пустазелля і пайшла ў напрамку ясляў, то яно замянілася ў кветкі надзвычай прыгожага чырвонага колеру. Усе людзі заўважыці, што кветкі гэтай дзяўчынкі былі найбольш прыгожымі.

4. Мы можам параўнаць Марыю і Юзафа да гэтай малой дзяўчынкі, якая сказала святару: «Гэта ж пустазелле, а я хачу кветак». Паслухмянасць Божай волі з пустазелля ўчыніла самыя прыгожыя кветкі. Таксама паслухмянасць Божай волі Марыі і Юзафа стала пачаткам практычнага ажыццяўлення Божага плану збаўлення.

Анёл тлумачыць Марыі, якім чынам яна стане Маці Збаўцы і яна згаджаецца. Таксама анёл тлумачыць Юзафу яго ролю ў гісторыі збаўлення і ён яе прымае. Не так было з Захарыяй з сённяшняга Евангелля. Ён засумняваўся і быў пакараны тым, што застаўся глуханямым да нараджэння св. Яна Хрысціцеля.

5. Кожны з нас у сваім жыцці і служэнні Богу і людзям сустракаецца з сітуацыямі, калі неабходна дзейнічаць, можна сказаць, усляпую, бо неабходна зрабіць выбар «так» ці «не», да канца не ведаючы, што лепш.

Гэты выбар можа закранаць нас прама або ўкосна. Ён можа адносіцца да веры, маральнасці ці справядлівасці. Ці мы павінны ісці за Божым законам, нават калі падаецца, што калі так будзем паступаць, то наша жыццёвая сітуацыя пагоршыцца? Ці мы павінны ісці за вучэннем Касцёла, калі лагічна падаецца, што Касцёл не паспявае адказваць на выклікі часу і яго вучэнне не адпавядае жыццёвай рэальнасці?

і святары заўсёды паслухмяны біскупу, а вернікі — святару, калі ён забараняе чыніць тое, што ім хочацца, не зважаючы на касцёльную дісцыпліну ці маральныя нормы?

І ці не паўтараем мы тады словы мексіканскай дзяўчынкі, што гэта пустазелле, а мы хочам кветак? Напэўна, так.

6. Чаму нас вучыць гісторыя Марыі, Юзафа і Захарыі, ды нават гісторыя маленькай мексіканскай дзяўчыны? Адказ просты: заўсёды неабходна заставацца верным Богу і нашаму пакліканню, не гледзячы на абставіны і пануючыя ў грамадстве тэндэнцыі.

Відавочна, што мудрасць заключаецца ў распазнаванні Божай волі. Гэта не проста, як не проста было Марыі, Юзафу ці Захарыі. Але калі мы робім усё магчымае, добрасумленна прытрымліваемся Божага закону, настаўленняў біскупаў і святароў, то можам быць упэўнены, што выконваем Божую волю. А Бог заўсёды хоча толькі дабра.

Напэўна, гэта не заўсёды лёгка. Пустазелле звычайна не замяняецца ў прыгожыя кветкі. Бедны Юзаф, напэўна, пытаўся ў самога сябе, як Марыя можа нарадзіць Месію? Падобнымі думкамі мучыўся і Захарыя, як у яго сям’і можа нарадзіцца дзіця, калі ён і яго жонка старыя?

Аднак тое, што немагчыма чалавеку, становіцца магчымым Богу. Таму Ён паслылае нам свайго Сына, каб мы паверылі ў Яго і каб Ён перамяніў пустазелле  нашага жыцця ў прыгожыя квітнеючыя кветкі Божай ласкі, гэта азначае з грэшнікаў учыніў святых. Амэн.

Пінская катэдра, 19 снежня 2016 г.


Адноўлена 18.12.2016 23:03
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

20.02 08:58Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VII Звычайную нядзелю, Год А
12.02 13:50Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VI Звычайную нядзелю, Год А
01.02 13:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Імшы ў Дзень кансэкраванага жыцця
30.01 12:42Казанне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра ва ўрачыстасць св. Яна Боско ў Мінску
29.01 21:11Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ў мінскай парафіі ў Сухараве 29 студзеня
19.01 11:39Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў межах пастырскай сустрэчы ў Мінску
08.01 16:05Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас аплаткавай св. Імшы для дзяцей
08.01 12:39Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Хрост Пана падчас аплаткавай св. Імшы для чыгуначнікаў
07.01 12:14Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас аплаткавай св. Імшы для дзяцей
06.01 19:58Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана