Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас раратняй св. Імшы ў мінскай архікатэдры

Рыхтавацца да Божага Нараджэння разам з Марыяй

29 лістапада 2016 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, прыхільнікі Найсвяцейшай Панны Марыі.

1. Гэтай Эўхарыстычнай літургіяй мы распачынаем Рараты ў мінскай архікатэдры. Рараты — гэта Марыйнае набажэнства, якое традыцыйна цэлебруецца ў Адвэнце, звычайна раніцай, калі яшчэ цёмна. Мы спяшаемся на гэтае набажэнства са свечкамі і ліхтарыкамі, што асабліва падабаецца дзецям.

Марыя ў гісторыі Збаўлення прадстаўляецца як ранішняя Зорка. Яе з’яўленне на небасхіле азначае, што неўзабаве ўзыйдзе сонца і распачнецца новы дзень.

2. Доўгія тысячагоддзі чалавецтва пасля граху Адама і Евы жыло нібы ў грахоўным тунэлі. Нашым першым бацькам, якія зграшылі, Бог паабяцаў, што спашле Збаўцу. Гэта азначае, што тунэль калісьці завершыцца, і чалавецтва, якое знаходзіцца ў ім, выйдзе з духоўнай цемры ў святло жыцця ў Божай ласцы.

Прарокі прадказвалі, што Збаўца народзіцца з Дзевы. Таму прыйсце ў свет Марыі стала знакам таго, што завяршаецца першы гістарычны Адвэнт і ў духоўным свеце пакрысе становіцца святлей.

Свечка — гэта сімвал Хрыста. Раратнія набажэнствы са свечкамі акурат і адлюстроўваюць праўду пра тое, што дзякуючы Марыі ў свеце заззяла святло вечнай праўды, бо яна нарадзіла Збаўцу.

3. Папа Бэнэдыкт XVI кажа, што адзначаць Адвэнт, азначае станавіцца падобным да Марыі і вучыцца ад яе згоды з Божай воляй, разам з ёю прамаўляючы словы нашай згоды: «Божа, няхай будзе воля Твая». Пры гэтым папа Ратцынгер падкрэслівае, што Марыйнае «так» з’яўляецца заўсёды новым і актуальным, бо новымі з’яўляюцца выклікі часу, якія патрабуюць новага нараджэння Езуса сваёй ласкай у нашых сэрцах, каб адказаць на іх згодна з Божай воляй. Такім чынам, беручы прыклад з Марыі, мы ствараем новую поўню часу, у якую ўваходзіць Хрыстус.

Адвэнт таксама з’яўляецца Марыйным часам у шматлікіх яго праяўленнях. Так, падчас Адвэнту 8 снежня мы адзначаем урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, 10 снежня — успамін Божай Маці Ларэтанскай, 12 — успамін Божай Маці Гвадэлупскай, апякункі Амерыкі. А таксама кожны дзень Адвэнту мы павінны перажываць з Марыяй, як з той, якая рыхтавалася да нараджэння Збаўцы.

У апостальскім пасланні аб ружанцовым набажэнстве «Культ святога Ружанца» св. Ян Павел II піша, што сярод стварэнняў ніхто не ведае Хрыста лепш за Марыю, і ніхто лепш за Марыю не можа ўвесці нас у глыбокае пазнанне таямніцы Яго нараджэння.

Таму неймаверна ўявіць перажыванне Адвэнту без Марыі, бо ў гэты час яна вядзе нас да Езуса. Нездарма св. Маці Тэрэза з Калькуты кажа, што без Марыі няма Езуса.

4. Разважаючы пра Марыю, Багародзіцу, мы разважаем пра тое, што стварэнне нараджае свайго Стварыцеля. Ці не выклікае ў нас здзіўлення той факт, што Нябесны Айцец у таямніцы Богаўцелаўлення даручыў Дзеве з Назарэта свайго Сына? Калі мы сур’ёзна задумаемся над таямніцай Богаўцелаўлення, то згодзімся з гэтым.

Чалавек сам сябе не мог збавіць. Гэта мог учыніць толькі Бог. А паколькі грэх прыйшоў у свет праз чалавека, то праз Богачалавека Езуса Хрыста магло прыйсці Збаўленне. І ў гэтым працэсе Марыя адыграла ключавую ролю. Задумаемся толькі над тым фактам, што збаўленне чалавека ўсемагутны Бог абумовіў згодай чалавека. І гэтым чалавекам была Марыя.

Усё гэта нагадвае аб тым, што Адвэнт з’яўляецца найбольш адпаведным часам для таго, каб вучыцца пакоры, каб, будучы натхнёнымі Марыяй, мы згаджаліся з Божай воляй, паўтараючы яе «так». Тады Езус сваёй ласкай будзе нараджацца ў нашых душах.

5. Мы адказныя не толькі за сваё асабістае збаўленне, але і за збаўленне свету, асабліва тых, хто знаходзіцца побач з намі. Марыйнае «так» і адвэнтавы час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння нагадваюць нам аб тым, што найбольш каштоўным падарункам, які мы можам даць іншаму чалавеку на надыходзячыя святы, з’яўляецца падарунак без цэнніка. Гэтым падарункам з’яўляецца любоў да іншага чалавека па прыкладу любові Бога да ўсяго чалавецтва і любоў, якой Марыя ахінае нас.

Няхай жа раратнія набажэнствы, прысвечаныя ўшанаванню Марыі, натхняюць нас, каб на ўзор Марыі прымаць Божае слова, згаджацца з ім і з любоўю несці яго ў сучасны свет, каб той паверыў і стаў Бэтлеемам нашага часу. Амэн.

Адноўлена 28.11.2016 18:07
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

08.01 16:05Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас аплаткавай св. Імшы для дзяцей
08.01 12:39Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Хрост Пана падчас аплаткавай св. Імшы для чыгуначнікаў
07.01 12:14Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас аплаткавай св. Імшы для дзяцей
06.01 19:58Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана
03.01 19:24Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў мінскай архікатэдры 3 студзеня
01.01 03:08Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча пачас св. Імшы ў вігілію Новага 2017 года
30.12 21:28Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы для сем’яў ва ўрачыстасць Святой Сям’і
27.12 17:35Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на свята св. Яна, евангеліста
26.12 19:15Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на свята св. Стэфана, дыякана і мучаніка
25.12 08:40Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас радыё-Імшы ва ўрачыстасць Божага Нараджэння