Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Аляксандра Кашкевіча ў межах урачыстасцяў у гонар Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў

Браслаў, 20 жніўня 2016 г.

Ваша Эксцэленцыя, найдастойнейшы біскуп Алег, пастыр тутэйшай Віцебскай дыяцэзіі і “гаспадар” сённяшніх урачыстасцяў,
Вашы Эксцэленцыі, найдастойнейшыя біскупы, якія прыбылі да браслаўскай Валадаркі азёраў з іншых дыяцэзій і з-за мяжы,
Шаноўныя айцы сальватарыяне на чале з кусташам айцом Станіславам, якія так рупліва апякуецеся гэтым святым месцам і так старанна пашыраеце культ Маці Божай Браслаўскай,
Шаноўныя браты ў святарстве і законныя айцы ў харызматах сваіх заснавальнікаў,
Дарагія дыяканы і семінарысты,
Шаноўныя сёстры законныя,
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія парафіяне з Браслава і пілігрымы, якія прыбылі з розных бакоў Віцебшчыны і не толькі, каб ушанаваць гэтую славутую ласкамі выяву Марыі.

Сёння мы стаім, сабраныя пры алтары Пана, у асаблівым месцы. Гэтае месца дарагое кожнаму з нас, дарагое вернаму люду Браслаўшчыны і аддаленых ваколіц, дарагое таксама тым, якія па волі лёсу апынуліся ў далёкім свеце, але ў чыіх сэрцах засталася любоў і прывязанасць да сваіх родных старонак.

У гэтым асаблівым месцы, асвечаным верай і малітвай, цярпеннем і ахвярай нашых продкаў, мы ўшаноўваем Марыю як Валадарку азёраў. Як жа моцна гэты тытул падкрэслівае сувязь Маці Божай і Яе славутага ласкамі абраза з браслаўскай зямлёй — краінай прыгожых азёраў! Як жа моцна ён выражае мудрасць вернага люду і яго глыбокую, непарушную веру, што Марыя як Маці заўсёды блізкая да нас — сваіх дзяцей! Як жа выразна гэты тытул кажа нам думаць аб жаданні Марыі ўвайсці ў рэчаіснасць нашага жыцця — увайсці па-мацярынску, з бязмежнай любоўю, з чулай абачлівасцю і з сапраўдным клопатам!

Марыя блізкая да нас, бо такое заданне Маці. А Марыю даў нам за Маці сам Хрыстус Пан, калі з вышыні крыжа на Галгоце аддаў Ёй у апеку апостала Яна, а ў яго асобе даверыў Марыі кожнага чалавека. Пан Езус пакінуў нам Марыю як найкаштоўнейшы дар, бо ведаў, як моцна Маці нам патрэбна.

Таму сёння няхай нашы сэрцы будуць поўныя ўдзячнасці за гэты цудоўны дар — за дар Марыі як нашай Маці.

Існуе адна прыгожая сярэднявечная легенда аб каралі, у якога была толькі адна дачка. Паколькі яна павінна была атрымаць у спадчыну ўсё каралеўства, для караля было вельмі важна, каб ёй дастаўся самы лепшы муж. Кароль абвясціў, што кандыдат на гэтае месца павінен прынесці пярліны, лепшыя за тыя найпрыгажэйшыя, якія былі ў жонкі караля.

Кавалеры ішлі натоўпам, але ніхто не прынёс прыгажэйшых і большых пярлін. Тады кароль, які страціў цярплівасць з-за колькасці гэтых смельчакоў, выдаў распараджэнне, што той, хто аб’явіць сябе кандыдатам, але не выканае адпаведнай умовы, будзе пакараны. Паломніцтвы маладых людзей у каралеўскі палац адразу спыніліся.

Праз нейкі час у горад прыехаў іншаземны рыцар. Паколькі ён быў смелы, разумны і разважлівы, то вельмі спадабаўся каралю. Калі кароль даведаўся, што рыцар мае намер прыняць удзел у конкурсе і прасіць рукі прынцэсы, рашуча адмаўляў яму. Ён не хацеў, каб рыцар быў асуджаны на смерць. Той, аднак, не жадаў адступаць. Ён папрасіў даць яму тры дні, а пасля гэтага часу вярнуўся і прывёз з сабой старую, маршчыністую жанчыну, сівую, як голуб. З любоўю і павагай ён узяў яе за руку, падышоў да караля і прадставіў яе: “Вось мая найдаражэйшая, найпрыгажэйшая пярліна. Гэта мая маці”. Кароль быў вельмі ўзрушаны, бо ўзгадаў сваю, ужо памерлую маці, і дазволіў рыцару ажаніцца з прынцэсай, а разам з ёю аддаў яму ўсё сваё каралеўства.

Дарагія браты і сёстры!

У сэрцы кожнага чалавека маці займае асаблівае месца. Мы добра ведаем, што няма ў свеце большай, больш ахвярнай, адданай і безумоўнай любові, чым любоў маці. Кожнае марыйнае свята, таксама і сённяшняе, — гэта напамін для нас, што ў асобе Найсвяцейшай Панны Марыі мы маем сваю нябесную Маці. Да гэтай Маці мы прыходзім, да Яе гарнемся, Ёй давяраем нашы праблемы і клопаты. Але ад Яе можам і павінны таксама вучыцца.

Магчыма, не адзін з вас скажа ў гэтую хвіліну ў сваім сэрцы: “Чаму мы можам ад Яе навучыцца, калі ў Евангеллі Марыя амаль нічога не гаворыць? Марыя ж не чыніла цудаў, не прамаўляла да натоўпу, не мела пры сабе групы вучняў…”

Гэта праўда. Аднак жа ад Марыі мы можам многаму навучыцца. Евангелле даносіць да нас толькі некалькі словаў Марыі. Але якія гэта словы! Які сэнс, якая вера, якая моц духу ў гэтых словах Найсвяцейшай Маці!

Сённяшняе Евангелле паказвае нам Марыю ў сцэне звеставання. Калі арханёл Габрыэль паведамляе Марыі, якія планы адносна Яе мае Пан Бог, то ў адказ чуе пакорнае fiat – „няхай мне станецца”. Гэтае fiat Марыі — прыгожае вызнанне веры, сведчанне бязмежнага, дзіцячага даверу Пану Богу, а таксама выраз гатоўнасці служэння. Невыпадкова Марыя ў дыялогу з анёлам называе сябе слугой Панскай. Заўважым: Марыя не нявольніца, але слуга. Нявольніца робіць тое, да чаго змушана, супраць уласнай волі. Слуга ж служыць свядомым і вольным чынам. Служыць, бо хоча.

Ад самой хвіліны звеставання, калі Марыя сказала Пану Богу сваё fiat, усё Яе жыццё стала верным, пакорным, даверлівым служэннем Богу і Яго Сыну, Езусу Хрысту. Нягледзячы на вялікае і прыгожае пасланніцтва, якое Пан Бог даверыў Марыі, Яе жыццё не было высцелена ружамі. Цярпенне не было Ёй чужым. Аднак з вуснаў Марыі мы не чуем ніводнага слова скаргі, наракання, жалю да сябе ці бунту супраць Бога. Прамоўленае адзін раз fiat стала як быццам праграмай Яе жыцця. Яна стала вернай слугой Панскай да самага канца.

Дарагія браты і сёстры!

Сёння мы прыходзім да Марыі, бо жадаем вучыцца ад Яе. Жадаем Яе наследаваць у нашым жыцці. Як жа нам патрэбна сёння такая моцная вера і давер Пану Богу.

Давер Пану патрэбны нам асабліва ў хвіліны выпрабавання, калі нам цяжка, калі нас прыгнятаюць праблемы і цярпенні, калі адчуваем сябе бездапаможнымі і самотнымі, калі, згінаючыся пад цяжарам нашага крыжа, пытаемся па-чалавечы: “Для чаго Пан Бог даў яго нам?” і не можам знайсці адказу. У такія хвіліны прыгадаем сабе fiat Марыі і будзем паўтараць разам з Ёю: “Пане Божа, няхай мне станецца паводле Твайго слова”. Тады, напэўна, адчуем палёгку і суцяшэнне, а ў нашых сэрцах паселіцца супакой і дзіцячы давер.

Але не толькі церпячыя і няшчасныя павінны вучыцца ад Марыі даверу і вернасці Пану Богу. Таксама і дабрабыт, супакой, бяспека могуць аддаляць чалавека ад Бога, часта нават больш, чым цярпенне і няшчасце. Чалавек, які жыве бесклапотна і шчасліва, таксама адкрыты на спакусу адвярнуцца ад Пана Бога, бо нярэдка забывае, што менавіта Богу павінен быць удзячны за ўсё, чым з’яўляецца і што мае. Гэта вельмі выразна відаць у жыцці як асобных людзей, так і цэлых грамадстваў.

Таму сёння мы прыходзім да Марыі, скіроўваем да Яе нашы даверлівыя позіркі і молім, каб выпрошвала для нас у свайго Сына ласку моцнай веры. Нарэшце, уся гісторыя славутага ласкамі абраза Маці Божай Браслаўскай — гэта таксама гісторыя веры мясцовага люду. Больш за пяць стагоддзяў люд Браслава і ваколіц верна трывае пры Хрысце і Марыі. Трывае, нягледзячы на бурлівую гісторыю гэтых земляў, нягледзячы на ўціскі і пераслед, якія зноў і зноў выстаўлялі веру хрысціян на сур’ёзнае выпрабаванне. Таму верым, што і далей Марыя будзе нас ахінаць плашчом сваёй апекі.

Даверым сёння Найсвяцейшай Маці ў гэтым славутым ласкамі абразе нас саміх, нашы сем’і і наша грамадства. Няхай святло веры будзе нам правадніком на ўсіх шляхах жыцця.

Даверым Марыі нашых дзяцей і моладзь. Няхай новыя пакаленні хрысціян, якія пасля нас прыйдуць, захаваюць і памножаць скарб веры, які атрымалі пасля сваіх продкаў. Няхай яны ўласным жыццём дапісваюць чарговыя раздзелы ў кнізе гісторыі веры на браслаўскай зямлі.

У свята Марыі, Валадаркі Браслаўскіх азёраў і ўсяго свету, з нашых вуснаў і сэрцаў няхай плывуць да неба словы гарачай, даверлівай просьбы. Няхай Найсвяцейшая Маці — наша нябесная Маці — вядзе нас і ўсіх людзей добрай волі да свайго Сына, Езуса Хрыста, нашага Пана, адзінага Збаўцы свету.

Амэн.

Адноўлена 20.08.2016 15:52
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі