Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда

Мінскі архікатэдральны касцёл, 11 лютага 2016 г.

 

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. “Аздараўленне хворых” – так мы звяртаемся да Маці Божай у Ларэтанскай літаніі. Так мы праслаўляем Марыю, бо збаўчай моцай свайго Сына Яна можа вылечыць нас ад хваробы цела і душы. Менавіта таму ў свеце ёсць вельмі шмат прысвечаных Ёй цудоўных месцаў – санктуарыяў. Адно з іх – гэта ўсім добра вядомы Люрд.

Гісторыя гэтага найбольш славутага ў свеце санктуарыя Божай Маці пачала пісацца ў 1858 г. У тыя часы гэта была невялікая, нікому не вядомая, бедная мясціна.

Але Бог выбраў яе, каб праз Марыю паказаць сваю веліч і моц. Праз чатыры гады пасля аб’яўлення благаслаўлёным Папам Піем IX дагмату аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі Яна сама пацвердзіла яго ў сваіх аб’яўленнях, кажучы, што з’яўляецца Беззаганным Зачаццем.

2. Галоўнай пратаганісткай тых падзей стала 14-гадовая дзяўчынка Бернардэта Субіру, дачка беднага млынара. Менавіта ёй ажно 18 разоў аб’яўлялася Марыя на працягу паўгода. Першае аб’яўленне мела месца 11 лютага, а апошняе – 16 ліпеня 1858 г. Усе яны адбыліся ў ваколіцах так званага Масабейскага грота. Марыя была ў белым адзенні і з ружанцам у руках. Праз Бернардэту яна заклікала чалавецтва да малітвы і навяртання,  а таксама выказала пажаданне, каб у гэтым месцы быў пабудаваны касцёл і каб сюды працэсійна прыходзілі людзі са сваімі святарамі.

25 лютага 1858 г. падчас аб’яўленняў сабраныя ўбачылі, што Бернардэта стала на калені, пацалавала зямлю і накіравалася ў бок ракі. “Што яна робіць?” – пыталіся ўсе. Потым Бернардэта пайшла ў бок грота і рукамі зрабіла невялікае паглыбленне, у якім з’явілася вада. “Зачарпні далонямі вады, напіся і абмыйся”, – пачула Бернардэта з вуснаў Марыі.

3. З таго часу мільёны людзей кожны год прыбываюць на гэтае святое месца. Вада з Люрдскай крыніцы мае характар знаку. Не яна аздараўляе, але Бог прадстаўніцтвам Марыі дзейнічае ў чалавеку, які з верай і надзеяй абмываецца ў гэтай вадзе. Церпячыя з верай і надзеяй прымаюць сакрамэнт намашчэння хворых. Многія з іх атрымліваюць ласку аздараўлення, а многія – ласку навяртання.

4. Люрд – гэта найбольш вядомае ў свеце месца цудаў. Першы з іх адбыўся падчас трывання аб’яўленняў. Луіс Бурыцье (Louis Bouriette) 20 гадоў не бачыў на правае вока. Калі яго ўнучка прынесла яму вады з Люрдскай крыніцы і ён абмыў ёй сваё вока, то сталася незвычайнае: ён зноў пачаў бачыць. Гэта быў першы зацверджаны Касцёлам цуд, які меў месца ў Люрдзе. Усяго за ўвесь час існавання Люрдскага санктуарыя Касцёл прызнаў каля 70 цудаў.

У Люрдзе адбываюцца не толькі цуды аздараўлення чалавека, але таксама і цуды навяртання. У Рыме існуе вельмі вядомы шпіталь, які называецца “Клініка Джэмэлі”. У ёй шмат разоў лячыўся Папа Ян Павел II. Гісторыя гэтага шпіталя звязана з навяртаннем Агостыно Джэмэлі, які быў няверуючым, але ў Люрдзе спазнаў ласку навяртання. У знак удзячнасці Богу ён пабудаваў клініку, якую потым назвалі яго іменем.

Вельмі вялікае ўражанне выклікаюць пілігрымкі хворых, якія прыбываюць цэлымі цягнікамі ў Люрд. Дзевяць шпіталяў Люрда штогод прымаюць каля 70 тысяч хворых. Прыкмета Люрда – гэта мільёны пілігрымаў, якія маюць хваробы душы і цела і прыбываюць туды з надзеяй на аздараўленне цела і душы.     

5. У 1992 г. Папа Ян Павел II устанавіў Сусветны дзень хворых і прызначыў яго на 11 лютага. У гэтым годзе ён адзначаецца ўжо ў 24-ы раз. Устанаўленне гэтага дня – заклік да Касцёла прысвяціць адзін дзень у год спецыяльнай малітве ў інтэнцыі хворых і ацаніць іх ролю ў свеце. Кожная хвароба – гэта нясенне крыжа Езуса Хрыста. Гэта таксама досвед таго, што хворы становіцца залежным ад іншага чалавека. На хваробу нельга глядзець як на Божую кару, бо яна можа стаць шляхам пошуку Бога і навяртання.

Сусветны дзень хворых нагадвае нам аб малітве ў іх інтэнцыях і абавязку апекі над імі, а таксама адпаведных адносін да іх.

Кожны год Рымскі Пантыфік накіроўвае да Касцёла і ўсіх людзей добрай волі спецыяльнае пасланне на Сусветны дзень хворых. У гэтым годзе яго тэма ўзята з евангельскага аповеду пра цуд перамянення вады ў віно падчас вяселля ў Кане Галілейскай: “Даверыцца Міласэрнаму Езусу як Марыя: “Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа””.

У ім Папа Францішак падкрэслівае, што гэта яшчэ адна нагода быць разам з хворымі і церпячымі, а таксама з тымі, хто імі апякуецца. Пантыфік нагадвае, што хвароба нярэдка выклікае крызіс чалавечай экзістэнцыі і нясе з сабой многія пытанні. Гэта можа ператварыцца ў бунт: “Чаму мяне гэта напаткала?” Можа нават весці да роспачы, да пераканання, што ўсё страчана і жыццё не мае сэнсу.

У такой сітуацыі, піша Папа, вера пастаўлена на выпрабаванне і адначасова аб’яўляе сваю цудоўную моц, бо з’яўляецца ключом, які дазваляе адчыніць глыбокі сэнс хваробы як блізкасці з церпячым Хрыстом. І гэты ключ у нашы рукі ўкладвае Марыя, падобна як дала яго ўдзельнікам вяселля ў Кане Галілейскай, у цэнтры якой быў міласэрны Езус. Ён не адмовіў просьбе сваёй Маці і сёння таксама не адмаўляе.

6. У клопаце Марыі праяўляецца чуласць Бога як адказ на Яе просьбу. І сёння, калі мы не ведаем, як знайсці дарогу да Міласэрнага Езуса, нам неабходна звярнуцца да Марыі.

У евангельскім аповедзе пра цуд у Кане Галілейскай прысутнічаюць таксама слугі, да якіх Марыя звяртаецца за словамі: “Учыніце тое, што Мой Сын вам скажа”. Гэты голас Марыі гучыць і сёння. Калі мы, як слугі Бога, будзем чыніць тое, што Хрыстус нам кажа, то Ён будзе перамяняць ваду нашага жыцця ў добрае і каштоўнае віно новага жыцця ў надзеі.

7. Адной з хранічных хвароб сучаснага хрысціянства з’яўляецца яго падзел. Езус заклікае да адзінства хрысціян, бо існуючыя падзелы – гэта не што іншае, як скандал. Падзеленыя, мы не даём добрага прыкладу свету. А Езус кажа: будзьце адзінымі, каб свет паверыў. Таму адзінства хрысціян – гэта ўмова таго, каб свет прыйшоў да веры.

Заўтра ў Гаване на Кубе адбудзецца першая ў гісторыі сустрэча паміж Рымскім Папам і Маскоўскім Патрыярхам. Сустракаюцца Папа Францішак і Патрыярх Кірыл. Яны, як слугі Хрыста, ідуць за Яго голасам, які кліча да еднасці, каб вылечыць свет ад летаргічнай хваробы абыякавасці да веры, каб хворы свет стаўся духоўна здаровым, каб хрысціяне розных канфесій былі сведкамі Евангелля.

Давяраючы сябе, нашых хворых і тых, хто імі апякуецца, Маці Божай Люрдскай, якая з’яўляецца аздараўленнем хворых, даверым Ёй таксама і гэтую сустрэчу, каб яна прынесла як мага больш плёнаў і каб дзякуючы ёй Хрыстус учыніў цуд збліжэння нашых Цэркваў і цуд духоўнага аздараўлення сучаснага свету. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі