Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы ў межах адвэнтавага чування моладзі

Мінскі архікатэдральны касцёл, 12 снежня 2015 г.

“Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5, 8).

Глыбокапаважаная моладзь!

1. У праграме падрыхтоўкі да Сусветнага дня моладзі, які будзе мець месца ў наступным годзе ў Кракаве, Святы Айцец Францішак дэвізам сёлетніх разважанняў абраў словы святога Евангелля паводле Мацвея: “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5, 8). Яны паходзяць з вядомага казання Езуса на гары, са славутых васьмі благаслаўленняў, якія з’яўляюцца праграмай хрысціянскага жыцця і дасягнення шчаслівай вечнасці. Гэта духоўны маніфест кожнага хрысціяніна і яго настольная кніга. Нездарма Касцёл ужо дваццаць стагоддзяў звяртаецца да іх і заахвочвае людзей жыць паводле іх.

Чыстае сэрца з’яўляецца ключом да шчаслівага і благаслаўлёнага жыцця. Хто імкнецца ўбачыць у вечнасці Бога, таму патрэбна чыстае сэрца, бо нішто нячыстае не ўвойдзе ў Божае Валадарства.

2. Напэўна, не адзін з нас спытаецца: а што такое чыстае сэрца? Адказ здаецца простым. Яно павінна быць ачышчана ад сваёй сапсаванасці і грэшных учынкаў, бо кожны грэх – гэта нячыстасць.

Нячыстасць часта з’яўляецца вынікам крывадушнасці. Звонку мы можам выглядаць прыгожа, а ў сэрцы – зусім іншыя. Мы гэта добра ведаем са штодзённага жыцця. Ходзім у касцёл, молімся, а ў рэальным жыцці з’яўляемся зусім іншымі, часта жывём горш за язычнікаў і нават у штодзённым жыцці адракаемся сваёй веры. У такім выпадку наша вера – гэта вера напаказ, а не сапраўдная. Езус пра такіх людзей казаў, што яны праслаўляюць Бога вуснамі, а не сэрцам. Гэтыя словы Хрыста – не што іншае, як страла, якой Ён страляе не для таго, каб забіць, але каб абудзіць з грахоўнага летаргічнага сну.

Адзін святар распавядаў наступную гісторыю. Пасля Імшы ў прыгожы сонечны дзень ён пайшоў наведаць свайго сябра. Сябар не рэагаваў на званок, хаця яны дамовіліся аб сустрэчы. Святар знайшоў яго на тэрасе і здалёк убачыў, што яго знаёмы разглядае парнаграфічны часопіс. Убачыўшы святара, ён хуценька схаваў часопіс і ўзяў у рукі Святое Пісанне.

Гэта добры вобраз чалавека з двайным тварам.

Мы часта ў вочы хвалім чалавека, а за вочы ганім. Гэта не што іншае, як іншы вобраз нячыстага сэрца. Чалавека можна падмануць, але Бога ніколі, бо чалавек бачыць тое, што перад яго вачыма, а Бог глядзіць у сэрца.

Нагадваючы аб цноце чыстасці, Езус шмат увагі звяртае на думкі чалавека. Зграшыць можна не толькі ўчынкамі, але і думкамі. Нездарма перад святой Імшой мы кажам, што спавядаемся, што зграшылі не толькі словамі і ўчынкамі, але і думкамі. Бог цікавіцца ачышчэннем не нашага твару, нашых рук і ног, але сэрца.
    
Маючы на ўвазе нязгоднае з Божай воляй сексуальнае жыццё сучаснай моладзі, трэба рашуча сказаць, што гэта грэх супраць цноты чыстасці. На жаль, сучасны свет залівае цунамі неўпарадкаванага сексуальнага жыцця, якое руйнуе жыццё маладога чалавека, яго псіхіку, будучыню і нярэдка становіцца прычынай невылечнай хваробы СНІДу. Сапраўднай любоўю можна любіць толькі адну асобу, з якой хочам злучыць сваё жыццё.
    
Сучасная цывілізацыя смерці прапануе так званую “свабодную любоў”. Гэта не што іншае, як прафанацыя святой каштоўнасці, якой ёсць сапраўдная  любоў, бо разбэшчанасць не з’яўляецца ні любоўю, ні свабодай.

Аднойчы сужэнская пара святкавала залаты юбілей сужэнства і распавядала пра сваё жыццё. Падчас гэтай размовы муж, хвалячы сваю жонку, між іншым сказаў, што найбольш цэніць у ёй захаванне шостай Божай запавязді. Калі яны сябравалі, то ён патрабаваў сексуальнага жыцця з нарачонай, аднак яна сказала рашучае “не”. Гэтая яе пастава змяніла яго і дапамагла ў тым, што яны шчасліва пражылі доўгае сумеснае жыццё.

3. “Як захаваць чысціню сэрца, калі вакол так шмат спакусаў і грэшных прапаноў?” – спытаецца, напэўна, не адзін з нас. Найперш неабходна следаваць вучэнню святога апостала Паўла не ўпадабняцца свету, плысці не па цячэнні, але супраць.

Святы Ян Павел II кажа, што чысціня сэрца – эта Божы дар. Толькі Бог можа ўчыніць яго чыстым. Для гэтага ў яго неабходна дапусціць Бога, каб Ён учыніў у нас чыстае сэрца і аднавіў наш дух, і гэтым самым вёў да новага духоўнага нараджэння. Хрыстус сваім словам і сакрамэнтамі асвятляе нашы сэрцы святлом праўды. Такім чынам Ён фармуе нас да сапраўднай свабоды, якая, у сваю чаргу, вядзе да жыцця згодна з Божай воляй і паслядоўна да адухаўлення чалавека.   

4. Для ажыццяўлення гэтага неабходна дазволіць Езусу ўвасці ў наша сэрца. Евангелле III Нядзелі Адвэнту прадстаўляе адвэнтавага пратаганіста святога Яна Хрысціцеля, які заклікае да падрыхтоўкі дарогі Збаўцу, які прыходзіць. Таму ў Адвэнт неабходна расчысціць усе завалы і заторы, якія знаходзяцца на шляху Езуса да нашага сэрца, і адчыніць Яму нашы дзверы, каб Ён увайшоў і святлом свайго Евангелля асвятліў самыя цёмныя яго куткі, а ласкай – умацаваў.

Ачышчэнне сэрца трывае ўсё жыццё. Гэта працэс нашага духоўнага ўдасканалення. У сакрамэнце хросту мы атрымалі першаснае ачышчэнне, але парушаная першародным грахом чалавечая прырода цягнецца да зла. Чалавек ведае, што такое дабоо, але ў той жа час чыніць зло.

Успомнім наша дзяцінства і тое, як нашы мамы нас мылі. Мы прыходзілі дадому брудныя, бо бегалі па вуліцы, падалі на брудную зямлю, гулялі ў футбол ці іншыя гульні і г.д. Што тады рабіла мама? Мылам і шчоткай нас мыла. Нам было балюча і непрыемна і мы не хацелі, можа, нават крычалі, але яна нас мыла. Наш нябесны Айцец нас таксама мые ў сакрамэнце пакаяння. Гэта таксама нялёгка і нават балюча. Але толькі так мы можам стаць чыстымі.

5. Мы маем патрэбу ў штодзённым ачышчэнні. Толькі такі працэс вядзе да стану чыстага сэрца і да святасці. Чысціня сэрца – гэта Божы дар і адначасова заданне. Таму чалавек павінен пастаянна супрацьстаяць сілам зла, якія адрываюць нас ад Бога. Каб выіграць у гэтай барацьбе, чалавек пастаянна павінен звяртацца да Бога з просьбай аб дапамозе.

Некалькі дзён таму, 8 снежня, у Каталіцкім Касцёле распачаўся Юбілейны Год Міласэрнасці. Падчас яго мы павінны спазнаць ласку навяртання. Божая міласэрнасць бязмежная, і Бог, як міласэрны Айцец, чакае кожнага, каб ачысціць яго сэрца. Святы Айцец Францішак заклікае ўсіх вернікаў карыстацца магчымасцямі Года Міласэрнасці, каб, ачышчаючы свае сэрцы, мы маглі ўзрастаць у веры, надзеі і любові. Ён таксама заклікае нас, каб спазнаўшы Божую міласэрнасць, мы паступалі падобным чынам адносна іншых, даравалі ім іх правіны, дапамагалі духоўна і матэрыяльна. Такім чынам паўстане боска-чалавечая сімфонія любові і міласэрнасці, у якой мае патрэбу сучасны свет, поўны нянавісці, гвалту і злосці.

Папа Францішак кажа, што Юбілейны Год Міласэрнасці будзе часам, спрыяльным для Касцёла, толькі тады, калі мы навучымся выбіраць тое, што падабаецца Богу. А Богу падабаецца міласэрнасць, якая спрыяе будаванню больш чалавечага свету. Гэта асабліва важна ў наш час. Бо калі прабачэнне з’яўляецца рэдкасцю, то вельмі актуальным становіцца заклік да міласэрнасці ў грамадстве, на працы, у сям’і.

6. Дарагая моладзь!

Імкніцеся да чысціні сэрца і захоўвайце яе. Не бойцеся супрацьстаяць спрэчным Божаму закону прапановам. Не дазвольце адабраць Божага дару сапраўднай любові і гэты самым знішчыць вашу будучыню. Не дазвольце быць падманутымі абяцаннямі фальшывага шчасця, за якое трэба будзе дорага заплаціць, можа, коштам зламанага жыцця, а можа, нават і жыццём.

Увесь свет быў шакаваны тэрарыстычнымі актамі ў Парыжы 13 лістапада гг., у якіх загінула каля 130 чалавек. Каля 90 з іх было забіта падчас канцэрту. Гэта вялікая трагедыя, ёй няма апраўдання і трэба маліцца аб ахвярах. Аднак, знамянальна тое, што гэта быў канцэрт сатанісцкай музыкі, падчас якой удзельнікі канцэрту праслаўлялі д’ябла. Гэта ўсё патрабуе адказу на пытанне: мы, як католікі, з кім – з Богам ці з д’яблам? Ад адказу на яго залежыць наша будучыня.

На шляху навяртання і ачышчэння сэрца даверым сябе Марыі. Яна, як Маці міласэрнасці, не пакіне нас, сваіх духоўных дзяцей, сам-насам з нашымі праблемамі, а дапаможа падняцца і паўтарыць словы марнатраўнага сына: “Устану і пайду да майго Айца”. Бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог чакае. Кінемся ў Яго абдымкі і дапаможам іншым гэта ўчыніць, а Ён не адвергне, абдыме і ўчыніць у нас чыстае сэрца, каб мы былі шчаслівымі і ў вечнасці сузіралі Бога тварам у твар. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі