Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамiлiя Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас набажэнства для паляўнiчых i рыбакоў

Ракаў, 31 кастрычнiка 2015 г.

Дарагiя браты i сёстры, прыхiльнiкi палявання i рыбалоўства!

Чарговы раз мы збiраемся з нагоды свята св. Губерта, вашага нябеснага апекуна. На гэты раз месцам сустрэчы абраны Ракаў, мястэчка сярод лясоў з велiчным касцёлам i царквой.

Распачаўся паляўнiчы сезон i неабходна падыйсцi да справы палявання з пункту гледжання нашых адносiн да прыроды, на якой паляўнiчыя i рыбакi праводзяць шмат часу i якая таксама прамаўляе сваёй прыгажосцю, гармонiяй i закладзеным у ёй Творцам парадкам, якi сучасны чалавек акрэслiвае словам “экалогiя”. Нярэдка паляўнiчыя цi рыбакi праводзяць цэлыя днi ў лесе або над ракой i пры гэтым нiчога не ўпалююць i не зловяць. Цi варта тады займацца паляваннем i лоўляй рыбы? Калi задаеш такое пытанне паляўнiчаму цi рыбаку, то ён найчасцей адказвае, што яго паляўнiчае цi рыбацкае хоббi накiравана найперш на адпачынак i захапленне прыродай.

Мудры Саламон кажа, што “Дух Пана напаўняе свет”. З гiсторыi чалавецтва мы ведаем, што язычнiкi абагаўлялi прыроду i малiлiся да дрэваў, вады, ветру i г.д. Яны чынiлi так, бо не ведалi сапраўднага Бога. Напэўна, i мы, калi б не пазналi Бога, паступалi бы падобна. Прызнаемся ў тым, што прырода, зоркі, якія свецяць на небе, прыгажосць палёў, гор, лясоў, рэк i азёр захапляе нас i накiроўвае да iншай, незямной рэчаiснасцi.

Нездарма св. Тамаш Аквінскi выкарыстоўваў iснуючы ў прыродзе парадак i яе прыгажосць як адзiн з доказаў iснавання Бога. Нам неабходна час ад часу выйсцi з пагружанага ў клопаты, поўнага гоману i мiтусні свету i пайсцi на прыроду, каб там зведаць прысутнасць Бога.

Адзiн смешны аповед расказвае аб тым, як атэiст паляваў на лася. Ён доўга чакаў у засадзе. I вось нарэшце з лесу выйшаў велiзарны i прыгожы лось кiлаграмаў на 300. “О Божа!” - усклiкнуў паляўнiчы. Тады з неба раздаўся голас Бога: “А Я думаў, што ты не верыш у Мяне”. Паляўнiчы ж на гэта адказаў: “Да сённяшняга дня я таксама не верыў, што могуць быць такія вялiкiя ласi”.

Евангелле, якое мы пачулi, распавядае пра дыялог памiж Езусам i багатым маладым чалавекам, якi хацеў быць дасканалым. Што яму параiў Хрыстус? Iдзi, прадай сваё багацце i раздай бедным, тады будзеш мець скарб у небе, бо дзе тваё багацце, там i тваё сэрца (пар. Лк 12, 33-34). Многiя з нас памятаюць, як у дзяцінстве мы гулялi ў пошук скарбу. Часта iм была вельмi простая i зусiм не каштоўная рэч. Але галоўным быў сам працэс, можна сказаць, паляванне на скарб.

Паляванне на багацце часта становiцца мэтай жыцця чалавека i яго жыццёвым крэда. Усiм нам вядома яшчэ з дзiцячых гадоў байка пра так званы “Востраў скарбаў”. Мы яе чыталi i перачытвалi, ёю захаплялiся i марылі там апынуцца. Зусiм нядаўна ў Польшчы пачалi гаварыць, што знайшлi месца, дзе пад зямлёй у вялiкiм тунэлi знаходзiцца схаваны немцамi яшчэ падчас Другой сусветнай вайны так званы “залаты цягнiк”. І адразу ў гэтым раёне з’явiлася мноства ахвотных пажывiцца, так што трэба было нават паслаць войска з мэтай вартаваць гэтае месца.

У той жа час Езус кажа нам шукаць духоўнага багацця, быць яго паляўнiчымi. Гэтага багацця нiхто не скрадзе i ні моль, ні iржа не з’есць. Гуляць у гульнi з мэтай знайсцi схаваны скарб або чытаць кнiгi пра пiратаў цi астравы скарбаў, безумоўна, рэч прыемная i захапляючая. Але будаваць скарб у небе, выкарыстоўваючы тэрмiналогiю паляўнiчых - паляваць на яго, гэта ўжо больш сур’ёзная справа, ад якой залежыць наша вечнасць. Таму ў нашым жыццi, якое ў пэўным сэнсе з’яўляецца паляваннем, неабходна быць разважлiвым, каб не было як у наступным смешным аповедзе. Адзiн чалавек наведаў свайго сябра ў шпiталi, якi быў моцна  паранены, рукi i ногi якога былi ў гiпсе. “Што з табой сталася?” - спытаў чалавек. – “Быў на паляваннi ў афрыканскiх джунглях. Нечакана ўбачыў змяю, якая называецца мумба i мае жоўтыя i чорныя палоскі на спiне. Паводле iнструкцыi я схапiў яе адной рукой за хвост, а другой за галаву”. – “Ну i што?” – “Што? Нiчога. Гэта была не змяя, а тыгр”.

Сёння, падчас гэтага набажэнства для паляўнiчых i рыбакоў, задумаемся над мэтай нашага жыцця, каб мэтай палявання цi лоўлi рыбы было не iмкненне ўзбагацiцца любым коштам, нават парушаючы правiлы палявання, але каб, лепш пазнаючы прыроду i iснуючую ў ёй гармонiю, прыйсцi да пазнання Бога. Няхай у гэтым нам дапаможа нябесны апякун паляўнiчых святы Губерт. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі