Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы ІІ пленарнага пасяджэння Аб’яднання вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі

Мінск, Серабранка, 30 верасня 2015 г.

Глыбокапаважаныя законнікі і законніцы!

1. Касцёл у Беларусі разам з Паўсюдным Касцёлам адзначае Год кансэкраванага жыцця, якое займае асаблівае месца ў яго жыцці.

50 гадоў таму, 28 кастрычніка 1965 г., Другі Ватыканскі Сабор прыняў Дэкрэт аб аднаўленні кансэкраванага жыцця «Perfectae caritatis», які пачаў новую эру ў яго жыцці. Яно не стаіць на месцы, змяняецца і патрабуе адказу на знакі і выклікі часу. Дэкрэт паказвае, што жыццё паводле евангельскіх радаў з’яўляецца ўваходам на шлях дасканаласці.

Новы час у жыцці і служэнні кансэкраваных асобаў, які пачаўся паўстагоддзя таму, стаў перыядам яго аднаўлення згодна са знакамі часу і яго выклікамі. Ён быў напоўнены дасягненнямі, але таксама і перажываннем цяжкасцяў. І гэта натуральна, бо аднова з’яўляецца пастаянным працэсам. У гэтым працэсе Год кансэкраванага жыцця павінен адыграць сваю ролю, бо гэта час падзякі за мінулае, час разважання аб сучаснасці і час апрацоўкі планаў на будучыню.

Карыстаючыся сённяшняй нагодай, хачу выказаць падзяку ўсім кансэкраваным асобам за іх адданую і ахвярную працу на ніве Касцёла ў Беларусі. Без вас нельга было б уявіць сабе яго адраджэння, станаўлення і развіцця. Тое ж самае трэба сказаць і пра Паўсюдны Касцёл. Нягледзячы на існуючы крызіс пакліканняў да кансэкраванага жыцця, тым не менш у свеце ёсць каля мільёна законнікаў і законніц. Гэта вялікая сіла і яшчэ не да канца раскрыты і выкарыстаны патэнцыял.

2. Шлях на дарогу паклікання да кансэкраванага жыцця з’яўляецца асаблівай ахвярай. І зусім не выпадкова сёння ў гасцях мы знаходзімся ў манаскай супольнасці салезіянаў і гэтая Эўхарыстыя цэлебруецца ў парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціян. Марыя, якая сама была ахвяравана ў Ерузалемскай святыні, на саракавы дзень пасля Нараджэння Езуса ахвяруе Яго  Богу. Менавіта тады прагучалі прарочыя словы старца Сімяона, што нованароджаны Езус прызначаны на падзенне і паўстанне многіх у Ізраэлі, а праз душу Марыі пройдзе меч.

Чалавек, які ахвяруе сябе Богу, павінен лічыцца з тым, што прароцтва Сімяона можа выканацца і ў яго жыцці. У кожным пакліканні да чалавека першым выходзіць Бог і кліча яго. Чалавек жа павінен даць адказ. І гэты адказ з’яўляецца яго асабістым ахвяраваннем Богу.

Так было ў жыцці Абрагама. Неспадзявана да яго, ужо старога, прыйшоў пасланец Божы і сказаў: выйдзі з зямлі, якую Я даў табе; выйдзі і ідзі ў невядомае, бо ты станеш айцом вялікага народу.

Пакліканне з боку Бога заўсёды з’яўляеццца чымсьці неспадзяваным. Яно з’яўляецца Божым дарам і Яго ласкай. З боку чалавека яму павінны спадарожнічаць давер і гатоўнасць скласці з сябе ахвяру з усімі вынікаючымі з гэтага наступствамі.

Трэба адзначыць, што гэта адносіцца не толькі да паклікання да святарства ці кансэкраванага жыцця, але і да кожнага іншага паклікання. Колькі, напрыклад, ахвяры павінны скласці маці і бацька для выхавання дзяцей, а таксама для нармальнага сумеснага жыцця! Калі гэтага няма, то ў сям’і наступае трагедыя.

3. Ахвяра – гэта найперш любоў. Таму, адказваючы на пакліканне да кансэкраванага жыцця, неабходна ўсвядоміць, што трэба будзе быць знакам супрацьстаяння, якім быў і застаецца Хрыстус, а таксама знакам бязмежнай любові Хрыста да Касцёла.

На жаль, сучасны свет забываецца, што заўсёды жывы Хрыстус ёсць галоўным у Касцёле. Усё часцей свет глядзіць на Касцёл як на нейкую арганізацыю, падобную да свецкай, якая займаецца развіццём і прапагандай культуры і дабрачыннасці. Але, калі ў Касцёле на першым месцы не будзе Хрыста, не будзе вертыкальнага складніка, а застанецца толькі гарызантальны, то ён страціць сэнс свайго быцця ў свеце. Ён не будзе сакрамэнтам паўсюднага збаўлення, а стане музеем. А ў музей можна схадзіць раз-другі, але жыць у ім ніхто не хоча і не збіраецца. Такі Касцёл не патрэбны ні свету і ні Хрысту.

Менавіта таму вельмі актуальным з’яўляецца заклік Папы Францішка да кансэкраваных асобаў разбудзіць Касцёл. Нездарма і Ян Павел II казаў, што кансэкраванае жыццё праз практыку евангельскіх радаў павінна даваць сведчанне аб Хрысце, каб сучасны чалавек, бачачы законніка ці законніцу, спытаў сябе: а для чаго яны выбралі такі шлях?

4. Гэта нялёгка. Але мы памятаем евангельскі аповед пра цудоўны ўлоў рыбы. Пётр з іншымі апосталамі лавілі цэлую ноч і нічога не злавілі. Але на слова Хрыста яны закінулі сеткі і злавілі вельмі шмат рыбы. Гэты цуд паказвае, што з Хрыстом варта рызыкнуць. Гэтая думка абавязвае кожнага з нас. І мы павінны даць адказ на фундаментальныя пытанні: ці з’яўляецца Хрыстус рулявым нашага жыцця? Ці не саромеемся мы адплысці на глыбіню нашага паклікання, а можа, толькі плёскаемся на мелізне?

Напэўна, не адзін з нас спытаецца: пра якую глыбіню ідзе гаворка? Адказ просты: неабходна вярнуцца да крыніц, з якіх вырастае наша пакліканне, а менавіта да абяцанняў чыстасці, убоства і паслухмянасці, а таксама да харызмы заснавальнікаў.

5. Сучасны свет, які перад усім накіраваны на «мець», а не «быць», мае патрэбу ў прыкладзе абяцання ўбоства. У свеце, у якім валадарыць ідэя пансексуалізму, вельмі важным з’яўляецца абяцанне чыстасці. Свет, у якім усё больш і больш праяўляецца ідэя абсалютнай свабоды чыніць усё, што хочацца, патрабуе прыкладу абяцання паслухмянасці законным настаяцелям, у чым праяўляецца Божая воля.

А якой важнай з’яўляецца малітва кансэкраваных асобаў! Сучасны чалавек у мітусні штодзённага жыцця кажа, што не мае на яе часу. А ў той жа час кансэкраваныя асобы моляцца, запаўняючы гэты прабел, каб была захавана раўнавага паміж актыўнасцю і малітвай, як у прыкладзе Марыі і Марты.

За ўсё гэта, за катэхетычную і дабрачынную працу і кожную іншую актыўнасць, Касцёл удзячны ўсім вам.

Перад усімі намі, перад Касцёлам у Беларусі, перад кансэкраванымі асобамі і дыяцэзіяльным клірам, перад свецкімі вернікамі стаіць вельмі адказнае заданне: так евангелізаваць, каб збаўляць свет, — як да гэтага заклікае Папа Францішак. Хрыстус памёр на крыжы і ўваскрос не толькі за веруючых у Яго, але за ўсіх.

Няхай жа ІІ пленарнае пасяджэнне Аб’яднання вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі дапаможа глыбей асэнсаваць ролю кансэкраванага жыцця ў канкрэтных умовах Беларусі на сучасным этапе  яго развіцця і выпрацуе неабходныя нормы і планы дзейнасці з мэтай таго, каб самім узрастаць у святасці і весці да гэтага іншых, каб сумесна будаваць Божае Валадарства на нашай зямлі. Амэн.

Адноўлена 30.09.2015 12:36
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі