Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы малітоўнай сустрэчы сясцёр законных Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на тэму «Сучасная кансэкраваная жанчына»

Будслаў, 10 верасня 2015 г.

Дарагія сёстры і ўсе прысутныя!

1. Сардэчна вітаю ўсіх вас, сабраных у будслаўскай базыліцы каля нашага нацыянальнага алтара, дзе ля падножжа Божай Маці б’ецца сэрца беларускага Касцёла. Яго рытм вельмі добра адчуваецца падчас штогадовых будслаўскіх урачыстасцяў, калі вернікі, святары і кансэкраваныя асобы з усёй Беларусі і таксама з замежжа прыходзяць сюды, каб набрацца новых духоўных сіл.

Паўсюдны Касцёл перажывае Год кансэкраванага жыцця. Касцёл у Беларусі таксама прымае актыўны ўдзел у ім, каб засяродзіцца над мінулым, сучаснасцю і будучыняй кансэкраванага жыцця ў нашай краіне, да чаго заклікае Папа Францішак (пар. АПГКЖ, I, 1-3).

У межах святкавання Года кансэкраванага жыцця ў Беларусі ўжо адбыўся шэраг сустрэч у маштабе як усёй краіны, так і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Сённяшняя, чарговая, прысвечана сучаснай кансэкраванай жанчыне і адбываецца ў Будславе. Падобна як кожны год сюды прыходзяць тысячы пілігрымаў, каб аднавіць і ўмацаваць сваё духоўнае жыццё, так і вы сёння сабраліся тут, каб яго ўмацаваць па меры выклікаў нашага часу і заданняў, якія стаяць перад вамі на сучасным этапе жыцця і дзейнасці Касцёла ў Беларусі.

2. Адзін аповед распавядае пра тое, як у сям’і памёр муж, і калі адбывалася пахаванне, то труной ударылі ў касяк дзвярэй, і чалавек прабудзіўся. Аказалася, што ён не памёр, а толькі спаў летаргічным сном.

Ад удару чалавек, які, здавалася, памёр, прабудзіўся. Таксама і нам патрэбны нейкі ўдар, страсенне ці ўзрушэнне, каб прабудзіцца, уваскрэснуць і стаць іншымі. Такім ударам і павінен стаць Год кансэкраванага жыцця, падчас якога кансэкраваныя асобы павінны абудзіць свет з духоўнай летаргіі, – як аб гэтым просіць Папа Францішак (пар. АПГКЖ, II, 2).

3. Гэта заданне для ўсіх кансэкраваных асобаў, але асабліва для кансэкраваных жанчын. Кансэкраваная жанчына, будучы законніцай, застаецца жанчынай з яе жаночай псіхікай і чуласцю на патрэбы іншых. Яна лепей за мужчыну чуе сэрцам, прамаўляе духоўнай цеплынёй і дапамагае патрабуючым. Аб гэтым ведалі нават атэісты. Так, напрыклад, былы камуністычны кіраўнік Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі Эрых Хоннэкер лячыўся ў каталіцкіх клініках. Галоўным аргументам для яго было тое, што там служаць законныя сёстры. Менавіта служаць, а не працуюць.

Святы Айцец Францішак кажа, што законныя сёстры з’яўляюцца іконай Касцёла і Марыі. Законніца павінна адзначацца мацярынскай любоўю, бо Касцёл – гэта Маці, а Марыя любіць мацярынскай любоўю. Любоў кансэкраванай асобы павінна адлюстроўваць вернасць, любоў і чуласць Марыі (пар. http://pl.radiovaticana.va/news/2015/05/16/papie%C5%BC_do_os%C3%B3b_konsekrowanych_mi%C5%82o%C5%9B%C4%87_ma_by%C4%87_konkretna/1144639).

Пасля атрымання свабоды веравызнання многія парафіі, якія практычна не існавалі цягам трох пакаленняў, пачалі адраджацца. Практыка паказала, што там, дзе было месца малітвы – касцёл ці хаця б капліца, быў святар і законныя сёстры, – гэтае адраджэнне насіла вельмі дынамічны характар. І ў гэтым працэсе вялікая заслуга законных сясцёр, што асабліва бачна ў Расіі, Беларусі і іншых краінах былога Савецкага Саюза.

4. Як Езус быў знакам прароцтва, так ім ёсць і кожная духоўная асоба. Тэндэнцыі сучаснага свету такія, што Касцёл і вера ў Бога становяцца нямоднымі. Нямоднымі і нават не ўспрымальнымі становяцца святары і асабліва законныя асобы. Сучасны свет не можа зразумець і прыняць абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці. Ён можа нават высмейваць законных асобаў і варожа ставіцца да іх.

У той жа час вядома, што шмат няверуючых і тых, хто варожа ставіўся да Касцёла, менавіта праз любоў да бліжняга з боку законных сясцёр змянілі свае адносіны да католікаў. Многія з нас, напэўна, могуць гэта засведчыць з практыкі нашага штодзённага жыцця.

У працэсе адраджэння веры і будавання іміджу Касцёла вялікая заслуга належыць законным сёстрам, якія сваёй жаночай любоўю, памножанай на ласку кансэкраванага жыцця, перамяняюць свет.

5. Аднак нельга засяроджвацца на дасягнутым. Неабходна глядзець наперад, бо жыццё змяняецца, у ім з’яўляюцца новыя выклікі, на якія неабходна адказваць. І ў гэтым адказе асаблівая роля належыць кансэкраваным асобам, у тым ліку жанчынам.

Мы ўсе жывём і дзейнічаем у канкрэтных абставінах. Таму на сучасную кансэкраваную жанчыну трэба глядзець з пункту гледжання культуры, у якой жыве і дзейнічае Касцёл, і з перспектывы, якую ён накрэслівае кансэкраванаму жыццю.

Святы Ян Павел II любіў казаць, што чалавек ёсць дарогай Касцёла (пар. RH 14). Таму яго дзейнасць ажыццяўляецца праз свядомую і дабравольную дзейнасць паасобных людзей, у тым ліку і кансэкраваных асобаў. У гісторыі Касцёла мы можам знайсці шмат прыкладаў, як святыя сваім гераічным жыццём рэфармавалі Касцёл. Добрым прыкладам могуць служыць св. Францішак і св. Тэрэза з Авілі.

6. Касцёл не з’яўляецца востравам, але жыве ў канкрэтных гістарычна-культурных абставінах, якія ўплываюць на яго дзейнасць і асабліва на абвяшчэнне евангельскіх каштоўнасцяў, што ніколі не змяняюцца. Наш постмадэрністычны свет пазначаны адмаўленнем ад абсалютнай праўды. Калі ў свеце ўсё змяняецца, то можа змяняцца і праўда. Больш за тое, нярэдка можна пачуць, што евангельская праўда абмяжоўвае чалавека і яго знявольвае, а ён хоча быць свабодным. Усё гэта не спрыяе абвяшчэнню і захаванню маральных норм.

Постмадэрнізм выказвае свой супраціў Богу і імкнецца да ўчалавечвання Бога і абагаўлення чалавека, да рэдукцыі боскага ў чалавечае. Гэта вядзе да таго, што трэба выбіраць паміж Богам і чалавекам. Выключэнню Бога з сучаснай культуры таксама спрыяюць тэндэнцыі, у якіх праблема Бога непасрэдна не з’яўляецца. Чалавек можа сам пазнаваць матэрыяльны свет, каб яго змяняць і палепшаць стан свайго жыцця. Гэта так званы пазітывізм, які вядзе да спажывецтва і секулярызму. Такім чынам наступае секулярызацыя культуры, у якой няма месца для Бога. Наступіў разрыў паміж верай і культурай, які праяўляецца ў тым, што людзі называюць сябе веруючымі, але не жывуць паводле яе патрабаванняў.

7. У такіх абставінах неабходна з верай, надзеяй і любоўю вярнуцца да каранёў кансэкраванага жыцця, каб мець перспектыву сваёй місіі ў секулярызаванай культуры сучаснага свету.

Усім вядома, як у гісторыі Касцёла кансэкраванае жыццё ў шматлікасці сваіх харызмаў стала адказам на выклікі часу. Сучасныя выклікі пагражаюць веры і хрысціянству. Таму сучаснаму свету патрэбна праўда аб Богу і чалавеку і аб іх узаемных адносінах. Адсюль у сучаснай культуры, якая не ўспрымае слова, але з’яўляецца адкрытай на мову знакаў, вынікае галоўнае заданне для кансэкраваных асобаў – быць знакам прысутнасці і прымату Бога, найперш праз захоўванне евангельскіх парад – чыстасці, убоства і паслухмянасці.

Таму першым заданнем кансэкраваных асобаў з’яўляецца паказаць людзям тыя вялікія справы, якія Бог чыніць на нашых вачах праз іх. Лепей, чым словамі, яны даюць сведчанне аб гэтых справах прыкладам перамененага жыцця, якое здзіўляе свет.

8. Вядомы французскі навеліст Андрэ Мальро (Andre' Malraux) кажа, што XXI стагоддзе будзе або стагоддзем рэлігійным, або яго зусім не будзе (пар. http://www.opoka.org.pl/biblioteka/I/IR/religijnosc_xx_w.html#). Кансэкраваныя асобы, якія сведчаннем свайго жыцця «нясуць Бога», павінны спрыяць таму, каб ён быў поўны Бога і хрысціянскіх каштоўнасцяў.

Прыкладам усім кансэкраваным асобам, асабліва жаночым, з’яўляецца Марыя, якую мы сёння ўзгадваем паміж святам Яе Нараджэння і святам Яе Імя. Менавіта праз Яе Бог учыніў вялікія рэчы ўсяму чалавецтву (пар. Лк 1, 49), якое чакала збаўлення, і паслаў Збаўцу.

Марыя з’яўляецца ўзнёслым прыкладам дасканалага пасвячэння, якое праяўляецца ў поўнай прыналежнасці Богу і поўным адданні Яму. Выбраная Богам, Яна прыгадвае кансэкраваным асобам аб першынстве Божай ініцыятывы. Прыняўшы Божую волю, Яна становіцца прыкладам прыняцця Божай ласкі праз чалавека. У Ёй кансэкраванае жыццё знаходзіць дасканалы ўзор пасвячэння Айцу, еднасці з Сынам і адданасці Святому Духу. А сувязь з Марыяй з’яўляецца шляхам вернасці адносна атрыманага дару паклікання, дапамогай узрастання ў ім і яго перажывання, – як вучыць св. Ян Павел II у Апостальскай адгартацыі аб кансэкраваным жыцці і яго місіі ў Касцёле і свеце “Vita consecrata” (пар. VC 28).

Прыклад Марыі, як слугі Пана і бліжняга (пар. Лк 1, 38-56), і Яе сведчанне жыцця паводле Божай волі няхай стануць для вас, служачыя на Беларусі сёстры, новым імпульсам да выканання той узнёслай місіі, да якой вас паклікаў Хрыстус. Амэн.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Ян Павел II. Энцыкліка «Redemptor hominis» (RH).
2. Ян Павел II. Апостальская адгартацыя «Vita consecrasta» (VC).
3. Францішак, Апостальскае Пасланне на Год кансэкраванага жыцця (АПГКЖ).
4. http://pl.radiovaticana.va/news/2015/05/16/papie%C5%BC_do_os%C3%B3b_konsekrowanych_mi%C5%82o%C5%9B%C4%87_ma_by%C4%87_konkretna/1144639.

Адноўлена 10.09.2015 16:26
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі